Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыдлоўскі пра адабраны ў Чэхіі сьцяг: Адчуў сябе як у Беларусі


Аляксей Шыдлоўскі
Аляксей Шыдлоўскі

Былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі расказвае Свабодзе пра інцыдэнт 28 лютага ў Празе на на хакейным матчы КХЛ паміж камандамі «Леў» (Прага) і «Дынама» (Менск), калі ахова спартовай арэны забараніла бел-чырвона-белы сьцяг і зьбіла яго.

Аляксей Шыдлоўскі: Я зь сябрамі, беларусамі і ня толькі (быў хлопец з Нарвэгіі) пайшоў на хакейны матч Кантынэнтальнай Хакейнай Лігі «Дынама» Менск і «Леў» Прага. Вырашылі падтрымаць каманду бел-чырвона-белым сьцягам. Першы пэрыяд прайшоў без ускладненьняў, у другім пэрыядзе падышла ахова арэны і прапанавала сьцяг прыбраць, бо гэта не адпавядае нейкім нормам бясьпекі. Пасьля чаго я папрасіў іх патлумачыць, якім нормам. Паціснулі плячыма і сышлі. У трэцім пэрыядзе яны падышлі зноў і сказалі, што ў мяне ёсьць час прыбраць сьцяг(а ён быў накінуты мне на плечы) альбо сысьці з арэны, альбо яны выкарыстаюць сілу. Яны патлумачылі, што тут знаходзіцца нейкі чыноўнік зь Беларусі і прадстаўнік «Газпрому», які зьяўляецца спонсарам КХЛ і клюба «Леў». Да гэтага яны прыбралі два сьцягі ў фанацкім сэктары «Дынама». Я адмовіўся гэта зрабіць катэгарычна. Тады яны ўзяўшы мяне за рукі і ногі пачалі спрабаваць вынесьці мяне, але я абхапіў крэсла, у іх не атрымалася гэта зрабіць і пасьля пяці хвілін штурханіны ім ўдалося сарваць зь мяне сьцяг і яны ўцяклі. Але пасьля гульні я пайшоў да іх разьбірацца. Яны сказалі, прабач, сябра, гэта такі загад, мы нічога ня можам зрабіць, вярнулі сьцяг і на гэтым канец гісторыі. А пасьля я пайшоў да паліцыі.

Ганна Соўсь: А што сказалі ў паліцыі?

Шыдлоўскі: Паліцыя правяла агляд. У мяне няма зламаных рук-ног, некалькі сінякоў. На крымінал не цягне, магчыма, што гэта адміністрацыйнае правапарушэньне зь іх боку. Паводле паліцыі на тэрыторыі арэны арганізатары мерапрыемства могуць усталёўваць свае правілы. Мне паабяцалі даць адказ на працягу 60 дзён. Зараз яны будуць дапытваць сьведкаў і магчымых ўдзельнікаў правапарушэньняў. Іх асобы будуць высьвятляцца. І таксама будуць даведвацца. хто загадаў прыбраць сьцягі з трыбуны.

Соўсь: Пад час матчу ў ВІП-ложы праўдападобна знаходзіліся прадстаўнікі Беларусі, магчыма амбасады, там вісеў вялікі чырвона-зялёны сьцяг Беларусі. Да яго не было прэтэнзій. Таксама ў фанацкім сэктары вісеў украінскі жоўта-блакітны сьцяг. І да яго не было ніякіх прэтэнзій у аховы. З чым вы зьвязваеце, што менавіта бел-чырвона-белы сьцяг выклікаў такую рэакцыю.

Шыдлоўскі: Яны мне патлумачылі гэта канкрэтным загадам прыбраць бел-чырвона-белыя сьцягі. І там быў плякат у фанатаў з надпісам Крыўя. Гэтую расьцяжку фанаты не аддалі, а бел-чырвоныя сьцягі ў ім таксама сарвалі. Я думаю, што чыноўнікам беларускім не падабалася, што нехта заўзее не пад тымі сьцягамі, пад сьцягамі незалежнай Беларусі. Яны маюць моц і далі загад. Бо ні ўкраінскія, ні чэскія сьцягі, ні зялёна-чырвоны сьцяг яны не чапалі.

Соўсь: Вы заўзелі за беларускія каманды і ў Чэхіі, і ў Беларусі... Ці падобныя паводзіны аховы падчас спаборніцтва?

Шыдлоўскі: Я ўчора адчуў сябе на некаторы час у Беларусі, даўно ня быў дома. Адчуў, што я зноў у Беларусі. Колькі разоў у Менску так раней у мяне адбіралі на матчах бел-чырвона-белыя сьцягі і пасьля вялі ў міліцыю. Тут я ім казаў, што калі я парушаю нешта, хай вядуць мяне да паліцыі. Яны кажуць, што я не парушаў нічога, толькі павінен быў аддаць сьцяг альбо пакінуць арэну...

Аляксей Шыдлоўскі быў адным зь першых рэпрэсаваных за бел-чырвона-белы сьцяг. У жніўні 1997 года ён быў арыштаваны і асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі. Прысуд вынес Менскі абласны суд, які прызнаў Аляксея Шыдлоўскага, разам з іншым маладафронтаўцам, 16-гадовым менчуком Вадзімам Лабковічам, вінаватым у нанясеньні ў Стоўбцах палітычных графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі “Жыве Беларусь”, “Пазьняк — наш прэзыдэнт”, а таксама замянілі чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы і вывесілі ў горадзе каля дзясятка нацыянальных сьцягоў. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства. У 2008 годзе Шыдлоўскі атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі"



Спроба забраць сьцяг
Спроба забраць сьцяг
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG