Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам і Пратасенем. Дзень першы

абноўлена

У Кастрычніцкім судзе пачнецца працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Паўлам Вінаградавым, маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам, сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Дзьмітрыем Драздом, так званым «навушнікам» Уладзімерам Хамічэнкам і Андрэем Пратасенем, які ня быў ні ў якой партыі ці руху.

Суды за Плошчу



16:58 Аб’яўлены перапынак у судзе да 10:00 28 красавіка.

16:26 На відэакадрах больш за астатніх зафіксаваны Хамічэнка.

16:15 Паказаньні дае старшы экспэрт УУС Менаблвыканкаму Мікалай Шылко, які ахоўваў грамадзянскі парадак. Сказаў, што хадзіў зь відэакамэрай і фіксаваў, што адбываецца. Сказаў, што ў яго выхапілі і разьбілі відэакамэру. Гэта зрабіў невядомы грамадзянін. На плошчы Незалежнасьці пачаў фіксаваць падзеі не ад самага пачатку. Прызнаў, што бачыў каля Дома ўраду Хамічэнку яшчэ безь ледасека. Бачыў і спадара Дразда. Ён фіксаваў твары тых, хто знаходзіўся ў першых шэрагах. Яго ўдарыў спадар Дрозд. Але ня ён быў першы, ня ён апошні. Але Дразда запомніў па сінім пухавіку і сьцягу на шыі. Дрозд папрасіў прабачэньня ў Аляксандра Шылко за тое, што ўдарыў па камэры.

16:06 З пратаколу допыту вынікае, што Вінаградаў нанёс каля 15 удараў малатком па шклу і па сталах у дзьвярах Дома ўраду. Сказаў, што ў яго выхапілі і разьбілі відэакамэру. Гэта зрабіў невядомы грамадзянін. На плошчы Незалежнасьці пачаў фіксаваць падзеі не ад самага пачатку. Прызнаў, што бачыў каля Дома ўраду Хамічэнку яшчэ без лёдарубу. Бачыў і спадара Дразда. Ён фіксаваў твары тых, хто знаходзіўся ў першых шэрагах. Яго ўдарыў спадар Дрозд. Але ня ён быў першы, ня ён апошні. Але Дразда запомніў па сіняму пухавіку і сьцягу на шыі. Дрозд папрасіў прабачэньня ў Аляксандра Шылко за тое, што ўдарыў па камэры.

15:47 Судзьдзя вельмі павольна чытае тлумачэньні Вінаградава з матэрыялаў справы. Скардзіцца на дрэнны почырк Вінаградава.
Судзьдзя прачытала, што ў Вінаградава быў малаток, які ён узяў на ўсялякі выпадак для самаабароны. Ён хацеў трапіць унутр Дома ўраду. Прызнаўся, што біў шкло. З плошчы сышоў сам.

Судзьдзя чытае вельмі ціха. У новым сучасным будынку суду ўсталяваныя мікрафоны, але яны чамусьці не працуюць.


15:37 Павал Вінаградаў адмовіўся даваць паказаньні.
Судзьдзя пачала зачытваць матэрыялы справы.

15:14 Паказаньні пачаў даваць Алесь Кіркевіч.
Ён быў на плошчы ў якасьці аховы кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага.

Сам ён нічога не штурмаваў. Удары не наносіў, міліцыі спачатку ня бачыў. Абараняючыся, штурхаў нейкага чалавека ў натоўпе.

Каля ганку дома ўраду атрымаў два разы дубінкай па галаве. Заклікаў ісьці ў Дом ураду ня чуў. Ніякіх бутэлек, каністраў, зброі, сякераў ён ня бачыў.

14:33 Пачаўся допыт Зьмітра Дразда.
Ён ведаў, што мітынг не санкцыянаваны.

На плошчу прыйшоў чакаць абвяшчэньня вынікаў выбараў. З Кастрычніцкай натоўп вынес яго на дарогу. Людзі ня ведалі, куды ісьці. Арганізацыі ніякай не было. Дрозд прызнаўся, што ў яго быў мэгафон. У людзей ніякіх прутоў, палак, іншай зброі не было. Ніякіх заклікаў ісьці на штурм ці захоп Дома ўраду не было.

«Калі білі шкло, мы крычалі: „Гэта правакацыя“. Мы зразумелі, што зараз будзе ўжытая сіла. Я ад адчаю стукнуў некалькі разоў па дошках. Шкла там ужо не было. Міліцыянтаў спачатку наагул не было. Толькі супрацоўнікі ДАІ».

На яго думку, у абвінавачаньні няправільна сфармуляваны матыў.

Калі пракурор кінуў рэпліку: «Вынікі выбараў 2006 года вы не аспрэчваеце?», прысутныя пачалі гучна аплядыраваць. Судзьдзя зрабіла заўвагу.

Дрозд абураецца фармулёўкамі. Ён кажа, што далучыўся не да натоўпу, а да беларускага народу. Біў ён па дошках, а не па шклу. Удары па руках міліцыянтам ён не наносіў.

Міліцыянта ён ня біў, а толькі закрываў відэакамэру.

Дрозд аспрэчвае свой удзел у масавых беспарадках. Але прызнае, што нанёс некалькі ўдараў мэгафонам па драўлянаму сталу ў дзьвярах Дома ўраду.

14:01
Пасьля перапынку пачаў даваць паказаньні Ўладзімер Хамічэнка. Ён распавёў, што дайшоў ад Кастрычніцкай плошчы да Чырвонага касьцёла. Ні ў кога ніякіх прыладаў для пагромаў ня бачыў, пачуў звон разьбітага шкла. Падышоў паглядзець бліжэй, было ўжо ўсё разьбіта. Вырваў кавалак вадасьцёкавай трубы, ударыў некалькі разоў па сталу, які зачыняў дзьверы. Прызнаўся, што быў нецьвярозы. Намераў трапіць у Дом ураду ў яго не было. Сам ні па шчытах, ні па міліцыянтах ня біў, ледасека ў яго не было.

Ён настойвае, што шкла ня біў, а біў па агароджы. Пару разоў рукой, пару разоў нагой і пару — плячом. Прызнаўся, што выпіў за вечар чатыры літры піва. На плошчы бачыў мужыка з рыдлёўкай. Фізычнага супраціву міліцыянтам не рабіў, толькі словамі. Дыму, падпалаў на плошчы ня бачыў.

13:00 У судзе аб’яўлены перапынак да 14.00.

Каля будынку суда
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:48 0:00
Наўпроставы лінк


11:58
Паказаньні дае Андрэй Пратасеня. Кажа, што сьвядома прыйшоў на мірную дэманстрацыю на Кастрычніцкую плошчу.

Прызнаў, што выкрыкваў лёзунгі, кандыдатаў ня чуў, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Прызнаў, што пару разоў нанёс удары па шчытах рукой. Ніякіх прыладаў у яго не было. Кажа, што паддаўся ўплыву натоўпу.

Нікога з тых, хто біў шкло ён ня ведаў. Спрабаваў захапіць шчыт. Не было мэты наносіць пашкоджаньні міліцыянтам.

Не памятае, як выхапіў шчыт і куды яго падзеў.

Малаткоў, палак. бутэлек ён ні ў кога, хто быў на плошчы, ня бачыў.Сам ня біў шкло. Кажа, што ўсё адбывалася вельмі хутка. Мэты патрапіць унутр Дома ўраду ў Пратасені не было. Нікога з дэманстрантаў, апроч брата і сваіх сяброў, ён ня ведае.

На яго думку, актыўна дзейнічалі, білі шыбы агулам чалавек дзесяць. Астатнія падтрымлівалі воклічамі, лёзунгамі.

Пратасеня падкрэсьлівае, што іншых фігурантаў справы ўбачыў ўпершыню ў залі суду. Ніякай змовы зь іншымі дэманстрантамі не было. Ён ня бачыў, каб дэманстранты наносілі ўдары па міліцыянтах. Прызнае, што адзін шчыт вырваў. Скардзіцца на кепскі зрок, што многага ня мог убачыць.

11:55 Дрозд, Кіркевіч, Вінаградаў
віну ва ўдзеле ў масавых беспарадках не прызналі. Хамічэнка прызнаў часткова. Пратасеня прызнаў віну цалкам

11:46
Пракурор зачытвае абвінавачаньне, у якім фігуруюць і бутэлькі з запальнай сумесьсю, і палкі з завостранымі канцамі. Ідзе пералік пацярпелых міліцыянтаў. Фігуруюць адны і тыя ж прозьвішчы міліцыянтаў, якія агучвалі і на мінулых судах.

11:40
Хадайніцтвы суд не задаволіў. Другое хадайніцтва — дасьледаваць матэрыялы з камэраў відэаназіраньня ад Кастрычніцкай да плошчы Незалежнасьці. Яго суд таксама адхіліў.

11:39
Пасьля прадстаўленьня абвінавачаных адвакаты выступілі з хадайніцтвамі. Адвакат Дразда Сьвятлана Гарбаток папрасіла запрасіць у якасьці сьведкі Язэпа Янушкевіча. Адвакат Хамічэнкі Мацкевіч папрасіла выклікаць у суд псыхолягаў, якія праводзілі экспэртызу.

11:13 Распачаўся судовы працэс

10:40 У залю суду пачалі запускаць людзей. Заля невялікая, месцаў на
50. Тут амаль у поўным складзе «Малады фронт» разам з Міколам Дземідзенкам, а таксама дыпляматы, сваякі.

Хамічэнку, Дразда, Кіркевіча і Пратасеню абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Вінаградаву, апроч гэтага, інкрымінуюць зьнявагу дзяржаўных сымбаляў.

Андрэй Пратасеня

Андрэй Пратасеня
Нарадзіўся 12 сьнежня 1981 года. Скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэту. Працаваў праграмістам. Сябра АГП.

Быў валантэрам у агітацыйнай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Затрыманы 9 лютага 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 293 крымінальнага кодэкса – “актыўны ўдзел у масавых беспарадках”. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ.

Дзьмітрый Дрозд

Дзьмітрый Дрозд
Нарадзіўся 26 сакавіка 1973 году. Працаваў фатографам, захапляўся навукай, дасьледаваў архівы.

Палітыкай не займаўся.

У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца — кніга «Землеўладальнікі Менскай губерні 1861-1900».

Пад час выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня адбыў 10-суткавы арышт. 1 лютага 2011 года быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па часты 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў
Нарадзіўся 24 красавіка 1988 года ў Менску. Скончыў прафэсійна-тэхнічны ліцэй № 4. Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага педагагічнага ўнівэрсытэту.

Быў актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь». За палітычную дзейнасьць затрымліваўся міліцыяй. У 2008 годзе зьяўляўся фігурантам «справы 14-ці» па артыкуле 342 крымінальнага кодэксу, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны.

Апошнім часам быў актывістам кампаніі «Гавары праўду», сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках). Утрымліваецца пад вартай ў СІЗА № 1 Менска па вуліцы Валадарскага, 2.

Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч
Намесьнік старшыні «Маладога Фронту», кіраўнік яго Гарадзенскай філіі. Яму 21 год. Нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Паступіў на гістарычны факультэт Гарадзенскага ўнівэрсытэта, аднак вырашыў адкласьці вучобу дзеля палітычнай дзейнасьці.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG