Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі правялі эксгумацыю целаў Чаўшэску


Сёньня раніцай адбылася эксгумацыя меркаваных парэшткаў Нікалае Чаўшэску і Ялены Чаўшэску. Эксгумацыя прайшла на просьбу радні расстраляных у 1989 годзе румынскага дыктатара і ягонай жонкі. Родныя расстраляных сумняюцца, што целы Нікалае і Ялены Чаўшэску былі пахаваныя на вайсковых могілках Генча ў Бухарэсьце.

Паводле паведамленьня карэспандэнта агенцтва Associated Press, якому ўдалася пранікнуць на закрытыя на час эксгумацыі могілкі, уся працэдура заняла больш чым дзьве гадзіны. Былі адкапаныя і адкрытыя дамавіны зь целамі, зь якіх патолягаанатамы ўзялі пробы для аналізу ДНК.

Зяць Нікалае і Ялены Чаўшэску, які быў прысутны пры эксгумацыі, сказаў журналістам, што меркаваныя парэшткі Нікалае Чаўшэску захаваліся лепш, чым меркаваныя парэшткі Ялены Чаўшэску.

Паводле экспэртаў, ідэнтыфікацыя ДНК эксгумаваных целаў можа патрываць шэсьць месяцаў.

Эксгумацыя адбылася ў выніку судовай справы, якую ў 2005 годзе ўзбудзілі дзеці Нікалае і Члены Чаўшэску — Зоя Чаўшэску (памерла ў 2006) і Валентын Чаўшэску. Яны паставілі пад сумнеў цьверджаньне Міністэрства абароны Румыніі, што іхнія бацькі былі пахаваныя на могілках Генча.

Нікалае і Ялена Чаўшэску, якія спрабавалі ўцячы з Румыніі перад народным гневам у сьнежні 1989 году, былі схопленыя і 25 сьнежня, пасьля імправізаванага ваеннага суду, расстраляныя. Відэазапіс суду і расстрэлу паказвалі на шмат якіх тэлеканалах сьвету.
XS
SM
MD
LG