Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абараніць гонар і годнасьць бабруйскаму актывісту не ўдалося


Магілёўскі абласны суд адхіліў сёньня касацыйную скаргу Сяргея Еўдакімовіча на вырак Бабруйскага суду, які не задаволіў яго пазоў аб абароне гонару, годнасьці й кампэнсацыі маральнай шкоды.


Нагодай для звароту С.Еўдакімовіча ў суд сталі публікацыі ў дзяржаўнай газэце «Бабруйскае жыццё» ў верасьні 2008 году. Тады актывіст балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Паводле яго, зьняважлівы характар публікацыяў паўплываў на вынікі выбараў.

“Сёньня ў судзе я і адвакат выклалі факты, якія пацьвярджаюць надуманасьць публікацыяў. Рашэньне суда аднак было катэгарычнае. Абласны суд зацьвердзіў вырак Бабруйскага суду. Я шакаваны. Я пайду да канца, бо праўда важней. Можа быць вышэй ёсьць сумленныя судзьдзі. Вырак несправядлівы, я падаў усе доказы сваёй праваты. Адказьнікі сёньня на суд не зьявіліся. Іх пазыцыя не пацьверджаная дакумэнтальна. У верасьні будзе два гады як мы дамагаемся справядлівасьці”, - паведаміў “Свабодзе” пасьля суду Сяргей Еўдакімовіч.

Прэтэнзіі актывіст мае да галоўнага рэдактара бабруйскай раёнкі «Бабруйскае жыццё» Аляксандра Казака, журналістаў гэтага выданьня Аляксандра Гайшуна і Аляксандра Калініна, а таксама Натальлі Смысловай, старшыні раённай арганізацыі «Белая Русь», ды Аляксандра Чарніна, супрацоўніка выканаўчай улады.

З адказьнікаў Сяргей Еўдакімовіч намагаецца спагнаць 25 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, якія зьбіраўся аддаць сіротам.

Сяргей Еўдакімовіч — сябра няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум», а таксама аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу. Актывіст балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. У Бабруйску ён 14 гадоў працуе мэдыкам. Скончыў на «выдатна» тамтэйшую мэдычную вучэльню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG