Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў сустрэўся з аршанцамі


Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» правёў сустрэчу на аршанскім кірмашы, завітаў у гарвыканкам, сустрэўся з актывістамі кампаніі і наведнікамі музэю Ўладзімера Караткевіча.


А трэцяй дня Ўладзімера Някляева сустракалі каля 50 прадпрымальнікаў, а таксама адміністрацыя кірмашу, якая папярэджвала, што не дазволіць сходаў і мітынгаў. Тым ня менш гутарка адбылася — і аб прадпрымальніцкіх праблемах, і пра агульную сытуацыю ў краіне.

Пазьней спадар Някляеў і мясцовыя актывісты кампаніі «Гавары праўду!» скіраваліся ў гарвыканкам — каб перадаць 900 подпісаў жыхароў мікрараёну «Задняпроўе», якія прасілі ўлады дапамагчы добраўпарадкаваць берагі і рэчышча рэчкі Куцеенкі. Подпісы былі перададзеныя, але з чыноўнікамі пагаварыць не ўдалося: кабінэты былі пустыя, а сакратаркі тлумачылі, што ўсе разьехаліся па неадкладных справах. Затое ў будынку гарвыканкаму Ўладзімера Някляева прычакалі супрацоўнікі мясцовай тэлекампаніі «Скіф». Яго пачалі здымаць і папрасілі адказаць на некалькі пытаньняў: ці мяркуе спадар Някляеў вылучацца на кандыдата ў прэзыдэнты і што ён думае пра магчымасьць вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі.

Каля гадзіны працягвалася сустрэча з актывістамі кампаніі, якія прыехалі ў Воршу з розных гарадоў Віцебшчыны. А потым у музэі Ўладзімера Караткевіча прайшла невялікая паэтычная вечарына. Уладзімер Някляеў чытаў свае вершы і раздаваў аўтографы.

Усе перасоўваньні спадара Някляева па Воршы адсочвала міліцыя і людзі ў цывільным: яны ўвесь час хадзілі сьледам за лідэрам кампаніі «Гавары праўду!» і купкай актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG