Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская рада ў пытаньнях тэлебачаньня супакойвае “5 канал”


Пастанова Акруговага адміністрацыйнага суду Кіева, якой адменена пастанова ад 27 студзеня аб выніках конкурсу на свабодныя частоты, ніякім чынам не пагражае цяперашняму перадаваньню “5 каналу” і ня мае ніякага дачыненьня да працаўладкаваньня работнікаў гэтай тэлерадыёкампаніі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным тлумачэньні Нацыянальнай рады Ўкраіны ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёперадаваньня.

«Ліцэнзіі, што аспрэчваліся ў судзе, ахопліваюць толькі 1 працэнт пакрыцьця, на якім можа ажыцьцяўляць вяшчаньне “5 канал”», – сьцьвярджаецца ў тлумачэньні.

Паводле зьвестак Нацыянальнай рады, агулам “5 канал” мае 7 ліцэнзіяў, якія даюць права эфірнага перадаваньня на 2/3 тэрыторыі Ўкраіны, і дзьве ліцэнзіі спадарожнікавага перадаваньня, што дазваляе каналу ажыцьцяўляць вяшчаньне і ва Ўкраіне, і далёка за яе межамі.

Маючы такую колькасьць ліцэнзіяў, агульнаўкраінскае і сусьветнае пакрыцьцё, канал можа як заўгодна зьмяняць праграмныя канцэпцыі, а Нацрада “пойдзе яму насустрач”, гаворыцца ў заяве.

Учора Акруговы адміністрацыйны суд Кіева задаволіў патрабаваньні групы тэлеканалаў “Інтэр”, які абскарджваў пастанову Нацыянальнай рады ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёперадаваньня ад 27 студзеня мінулага году аб выдзяленьні каналу ТВi і “5 каналу” частот на вяшчаньне.

7 чэрвеня рэдакцыйная рада “5 каналу” зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, у якім прасіла абараніць журналістаў у сытуацыі з судом. На думку калектыву, на працэс уплывае старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны, чалец Найвышэйшай рады юстыцыі Валерый Харашкоўскі, уладальнік мэдыя-холдынгу “UA Inter Media Group”.

Харашкоўскі назваў “непраўдзівымі” вінавачаньні супрацоўнікаў “5 каналу” на яго адрас.
XS
SM
MD
LG