Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пілігрымка зь Беларусі ў Фаціму


Фаціма — санктуарый у Партугаліі, дзе ў 1917 годзе тром пастушкам аб’явілася Маці Божая. Шлях сюды зь Беларусі пралягае амаль праз усю Эўропу. І яго зусім нядаўна адолелі 37 чалавек з розных гарадоў Беларусі.



Доўжылася пілігрымка 16 дзён. Працягласьць маршруту — 10 тысяч 109 кілямэтраў.

Арганізатары пілігрымкі — айцец Юры Барок і айцец Вячаслаў Барок зь Віцебшчыны — так распрацавалі аўтобусны маршрут, каб беларускія пілігрымы змаглі наведаць таксама найбольш славутыя марыйныя санктуарыі ў Эўропе: Ліхень, Люрд, Ля Салет, Чанстахову. Была магчымасьць пакланіцца рэліквіям апостала Якуба ў Сант’яга дэ Кампастэла — першым месцы пешага супольнага хрысьціянскага пілігрымаваньня ў Эўропе. Таксама пілігрымы адведалі найпрыгажэйшыя катэдральныя саборы ў Парыжы, Барсэлёне і Кёльне.

Партугальская вёска Фаціма вельмі багатая на рэлігійныя і архітэктурныя слыннасьці. Тут цяпер адна з галоўных сьвятыняў сусьветнага каталіцызму. Пачаўшы ў 1928 годзе, тут да 1953-га году ў памяць аб зьяўленьні Багародзіцы збудавалі базыліку. Цяпер тут уражваюць алтары, статуі і маляўнічыя вітражы.

Адзін з найбольш яркіх успамінаў пра Фаціму — крыніца Сэрца Езуса, каля якой шматлікія пілігрымы атрымліваюць Божыя ласкі.

Пілігрымы лічаць абавязковым прайсьці сьцяжынкаю пастушкоў, якія першымі спаткалі Маці Божую. Тут цяпер разьмешчаныя стацыі Крыжовага шляху.

Людзі імкнуцца ў партугальскую Фаціму, каб атрымаць духоўнае аздараўленьне. Просяць яго і для сваіх блізкіх. Шматлікія калекі моляцца тут аб суцяшэньні ў сваім цярпеньні. Штовечар пілігрымы запальваюць зьнічы і зь імі ў руках запаўняюць вялікую плошчу перад базылікай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG