Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрвень з Быкавым: “Беларусь бязглузда адасобілася ад нармальных эканамічных працэсаў...”


У чэрвені 2002 году Васіль Быкаў у Празе на просьбу Радыё Свабода начытаў кнігу ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, якая неаднаразова гучала на хвалях Свабоды. Сёлета мы падрыхтавалі падарунак нашым слухачам – выдалі дыск з аўдыёзапісамі аўтарскага чытаньня. На ім таксама зьмешчаныя поўныя тэксты мэмуарнай прозы Быкава, а таксама ўсе кнігі, якія выйшлі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21-ае стагодзьдзе”, і ў тым ліку – кніга “Быкаў на Свабодзе”.


“Прыклад Фрэнсыса Фукуямы вельмі паказальны. Хаця сама праца "Канец гісторыі" увогуле цікавая, як і ягоная пазыцыя адносна антыкамуністычных працэсаў у сьвеце. Ён правільна зразумеў найперш антыкамуністычны кірунак сучаснага постсавецкага нацыяналізму, за што ад сваіх апанэнтаў, як вядома, атрымаў азначэньне "апошняга адваката нацыяналізму". Але ягоная спроба прадказаць канец гісторыі -- найперш у сацыяльна-культурніцкім сэнсе, вельмі хутка аказалася памылковая, што да гонару аўтара і было ім прызнана. Гісторыя працягваецца, і гэта правільна, бо ў каторы раз сьведчыць пра элемэнтарныя ісьціны: у наш час нічога прадказаць немагчыма. Мабыць, прышласьць, як і гісторыя, няўлоўная, непрадказальная, мабыць з тае прычыны, што, так бы мовіць, мэтафізычна парадаксальная. Што ж да Беларусі, дык у ёй ўсё зацыклілася на палітычным аспэкце, які зьмярцьвіў усякі эканамічны зрух. Беларусь бязглузда адасобілася ад нармальных эканамічных працэсаў, апынулася ў нейкай посткамуністычнай рэзэрвацыі, бы тая Куба ці Паўночная Карэя”.




Калі вы хочаце атрымаць дыск – пішыце на адрас Свабоды: Менск, 220005, паштовая скрынка 111.

Адрас электроннай пошты: svaboda@rferl.org.

Увесь чэрвень месяц нараджэньня і сьмерці пісьменьніка – штодня на хвалях Свабоды будзе гучаць цытата Васіля Быкава.

***

Гл. таксама:

Быкаў на Свабодзе. — 2005. — 662 с.: іл. — 2-е выд. (PDF)

Чытаем Быкава

Наш Васіль Быкаў. На пытаньні пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніка адказваюць Ірына Міхайлаўна Быкава, ягоныя сябры, блізкія яму асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG