Позву на судовы працэс рэдактар газэты «Витебский курьер» Алег Баршчэўскі так і не атрымаў: паперу дасталі з паштовай скрыні, калі яго самога не было ў горадзе.
Праваабаронца Павал Левінаў паведаміў гэта ў Першамайскі суд. Бо першапачаткова працэс над Алегам Баршчэўскім быў прызначаны на 1 чэрвеня, але ў той дзень на працы не было судзьдзі. Паводле праваабаронцы, заканадаўства дазваляе перанесьці працэс — калі падсуднаму пра яго не паведамілі належным чынам, у прыватнасьці, не ўручылі позву пад росьпіс.
Але суд усё адно адбыўся — у адсутнасьць Алега Баршчэўскага. Так вырашыў судзьдзя Віктар Калбун, які, дарэчы, сёньня ж судзіў і апазыцыйнага актывіста Сяргея Каваленку.
Штраф памерам 20 базавых велічынь спадар Калбун наклаў на рэдактара «Витебского курьера» за нібыта незаконны распаўсюд гэтай газэты, зарэгістраванай як расейскае пэрыядычнае выданьне. А таксама за іншыя выданьні, знойдзеныя ў аўтамабілі — бо перавозка, паводле беларускага заканадаўства, таксама ўжо лічыцца распаўсюдам.
7 красавіка ў аўтамабілі Алега Баршчэўскага, спыненым на аўтазапраўцы, супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31 асобнік газэты «Витебский курьер», прычым рознага часу выданьня. А таксама некалькі нумароў незарэгістраванай газэты «Наш дом» і брашур, выдадзеных грамадзкай кампаніяй «Наш дом», якой кіруе Вольга Карач, жонка спадара Баршчэўскага.