Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: заўзятар зь бел-чырвона-белым сьцягам апраўданы


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

Сёньня судзьдзя Бабруйскага суду Натальля Чарапуха спыніла адміністрацыйную справу супраць актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўгена Васьковіча.

Дзевятнаццацігадовага хлопца міліцыянты вінавацілі ў тым, што ён на матчы юніёрскага першынства па хакеі Беларусь — ЗША "размахваў забароненай сымболікай, крычаў, чым парушаў грамадзкі парадак і спакой грамадзян". Судзьдзя не знайшла ў дзеяньнях актывіста складу правапарушэньня.

Яўгена Васьковіча затрымалі 18 красавіка. Бел-чырвона-белым сьцягам і воклічам "Беларусь, наперад" ён пасьпеў падтрымаць беларускую хакейную дружыну толькі цягам прыблізна дзесяці хвілінаў.

"Падышоў ахоўнік Хуляеў і сказаў прайсьці. Ён мяне перадаваў міліцыянтам-вайскоўцам Сіўкіну Арцёму і Бароніну. Баронін быў капітанам, а Сіўкін — старшым сяржантам. Яны мяне завялі ў пастарунак, дзе зьбілі. Потым склалі пратакол за дробнае хуліганства. Там напісалі, што размахваў забароненай сымболікай, крычаў, буяніў, чым парушаў спакой грамадзян",-- згадвае Яўген Васьковіч.

За свой учынак актывіст да суду адседзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня больш за дванаццаць гадзінаў. На наступны дзень, 19 красавіка, судзьдзя Натальля Чарапуха адклала разгляд справы. Хлопец запатрабаваў адваката. Акрамя таго, у судзьдзі былі прэтэнзіі да міліцыянтаў — адносна складзенага імі пратаколу і адсутнасьці сьведкаў, якія маглі б пацьвердзіць, што Васьковіч парушаў грамадзкі парадак. Міліцыянты праз два тыдні аднаго знайшлі.

"Генадзь Раманавіч Кушнер. Ён даваў супярэчлівыя паказаньні. Казаў, што набыў квіток за сем тысяч, сядзеў у сэктары, дзе квіткі каштуюць сем тысяч, а прынёс квіток за дванаццаць тысяч. Судзьдзя злавалася на міліцыянтаў, на Кушнера за тое, што яе падманваюць".

Натальля Чарапуха камэнтуе судовы працэс нешматслоўна:

"Я прыпыніла вытворчасьць па справе".

Яўген Васьковіч задаволены выракам, аднак заўважае: калі б міліцыянты лепш рыхтавалі матэрыялы да суду, то прысуд быў бы не на ягоную карысьць.

"Усё гэта менавіта з-за бел-чырвона-белага сьцягу. На матчы прысутнічаў спадар Маркачоў — гэта загадчык ідэалягічнага аддзелу Бабруйску. Ён гэта заўважыў і даў такі загад".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG