Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірыну Халіп трэці раз дапыталі ў "паляўнічай справе"


Ірын Халіп
Ірын Халіп

Ірына Халіп азнаёмілася з заключэньнем дадатковай экспэртызы, якую прызначаў сьледчы Аляксандар Пусеў. Перад экспэртамі ставілася задача ўзламаць паштовыя скрыні журналісткі і прачытаць усю інфармацыю.


Паводле заключэньня, экспэртам не ўдалося гэтага зрабіць.

"Сьледчы Пусеў сказаў мне, што я ўжо ніколі ня ўбачу свой кампутар, таму што ён прызнаны рэчавым доказам і цяпер знаходзіцца ў матэрыялах крымінальнай справы.

Я спыталася: "Можа, ёсьць нейкі шанец мне яго зноў убачыць?" Ён адказаў, што, магчыма, — не, і заканадаўства гэта дазваляе. Таму што ў кожным з нашых кампутараў ёсьць нейкая інфармацыя, якая цікавіць сьледзтва, але, як мне сказаў сьледчы, нікога з нас ня могуць прызнаць нават падазраванай, і мы сьведкі, бо няма дастатковай інфармацыі", — паведаміла "Свабодзе" Халіп.

На папярэднім допыце сьледчы вярнуў Ірыне Халіп дыскі з фатаздымкамі сына. Гэтым разам ён вярнуў ёй флэш-картку. 19 траўня ў міліцыю выклікалі шэф-рэдактара "Народнай волі" Сьвятлану Калінкіну, журналістку "Народнай волі" Марыну Коктыш і журналістку Натальлю Радзіну.

Журналісткам не вярнулі кампутары, якія забралі падчас ператрусу ў рамках крымінальнай справы, распачатай за паклёп на старшыню Гомельскага ЎКДБ Івана Каржа. Спачатку ім казалі, што будуць правяраць, ці ня з гэтых кампутараў распаўсюджваліся лісты сваякоў пакараных у "паляўнічай справе".

Экспэрты не знайшлі ніякай сувязі з публікацыямі, але зьвярнулі ўвагу на тое, што ключавыя словы, напрыклад — "дыктатура", сустракаліся па некалькі разоў.

Кампутары накіравалі на новую экспэртызу, каб прачытаць ліставаньне журналістак і высьветліць іхнія крыніцы інфармацыі. Гэта пры тым, што журналісткі лічацца ўсяго толькі сьведкамі ў справе.

"Пусеў сказаў: "Вось такія ў нас экспэрты. Ня надта прафэсійныя", – расказвае Ірына Халіп. – Яны шчыра напісалі ў сваім заключэньні, што не змаглі атрымаць доступ да маіх паштовых скрыняў, таму што для гэтага трэба ведаць пароль карыстальніка. Вось такая нечаканасьць.

Я ўвогуле не разумею, навошта працягваць гэтую справу, якая зразумела, што тупіковая. Усе ўжо зразумелі, што нас спыніць немагчыма: ніякія допыты, ніякая адсутнасьць кампутараў не перашкодзяць нам працаваць. Напэўна, сам Пусеў гэтага ня ведае. Ён сам чалавек апошні ў гэтым ланцугу".

БАЖ і міжнародныя арганізацыі патрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед журналістак. Самі ж журналісткі заявілі, што ўлады чыняць ім перашкоды ў прафэсійнай дзейнасьці напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG