Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Рады Эўропы хочуць наведаць Белавескую пушчу


У канцы сакавіка 2010 году экспэрты Рады Эўропы ў чарговы раз адклалі падаўжэньне дыплёма РЭ для Белавескай пушчы, бо маюць намер асабіста наведаць нацыянальны парк і пераканацца, "як будзе працаваць плян кіраваньня паркам". Экспэрты РЭ таксама папрасілі беларускі бок даслаць поўную вэрсію пляну.

Беларускі бок не пагадзіўся з рашэньнем экспэртаў РЭ адкласьці падаўжэньне дыплёма. Намесьнік генэральнага дырэктара нацыянальнага парку "Белавеская пушча" па навукова-дасьледчай працы Васіль Арнольбік у інтэрвію БелаПАН заявіў, што варта ня столькі "сьлепа прытрымлівацца рэкамэндацый", колькі адстойваць сваю пазыцыю. На думку беларускіх экспэртаў, плян кіраваньня Белавескай пушчай зьмяшчае ўсё неабходнае для пасьпяховай прыродаахоўнай дзейнасьці, адзначыў намесьнік генэральнага дырэктара нацыянальнага парку.

Праблема падаўжэньня дыплёма існуе ад 2007 году, калі беларускі бок павінен быў прадставіць экспэртам РЭ плян кіраваньня паркам на 10 гадоў — гэта неабходная ўмова для атрыманьня дыплёма. Аднак дакумэнт ня быў падрыхтаваны. Тады беларускі МЗС накіраваў камітэту РЭ ў пытаньнях захаваньня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці ліст, у якім тлумачыліся прычыны затрымкі з падрыхтоўкай пляну. Камітэт узяў пад увагу гэтыя тлумачэньні: разгляд пытаньня быў перанесены на лістапад 2007 году, пасьля — на вясну 2008-га, на сакавік 2009-га і, нарэшце, на сакавік 2010 году.

Камэнтар эколяга Валерыя Дранчука:

Валер Дранчук
"Важная дэталь — падаўжэньне дыплёма вядзецца вельмі доўга. Не таму, што нейкія нагрувашчаныя працэдуры, а толькі таму, што беларускі бок паводзіць сябе абсалютна непрыстойна. Гэта нармальны плян, але ён, па-першае, не выконваецца, а па-другое, абсалютна не паказваецца грамадзтву. Тое, на чым настойвае Рада Эўропы, — не тэхнічнае пытаньне, а нашмат глыбейшае. Адміністрацыя нацыянальнага парку ня ведае, якім чынам выконваць гэты плян. Адна справа — напісаць, а другая справа — дзейнічаць".

Поўная вэрсія пляну да гэтага часу экспэртам РЭ не дасланая.

Дыплём Рады Эўропы — прэстыжная ўзнагарода, якой адзначаюць посьпехі нацыянальных паркаў і запаведнікаў у сфэры аховы прыроды. Белавеская пушча атрымала такі дыплём у 1997 годзе. Цяпер дзеяньне дыплёма РЭ для Белавескай пушчы часова прыпынена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG