Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "Butterflies" пакуль мала кранулі эўрапейцаў


25 траўня ў Осла стартуе першы паўфінал "Эўрабачаньня-2010". У імпрэзе возьме ўдзел беларускі гурт "3+2". Эўрапейскія музычныя крытыкі пішуць пра свае першыя ўражаньні ад канкурсантаў.

Кампазыцыю "Butterflies" беларускага гурту "3+2" гледачы, журналісты, музычныя крытыкі змаглі пачуць і ўбачыць на некалькіх рэпэтыцыях, у часе беларускага вечару ў эўраклюбе і, зразумела, у інтэрнэце.

Аўтар музыкі — расейскі музыкант і прадусар Максім Фадзееў, вершаў — польская паэтка Малька Чаплін. Акампанаваць беларускаму квінтэту за раялем будзе швэдзкі кампазытар і піяніст Робэрт Уэлс. Дзяўчаты будуць выступаць у бліскучых сукенках, маладыя людзі — у чорных гарнітурах. Пад канец нумару ў дзяўчат зьявяцца матыльковыя крылы.

Букмэкеры прагназуюць, што з гэтай кампазыцыяй беларусы возьмуць 14-е месца.

Ляўрэат "Эўрабачаньня-2009", нарвэскі музыкант беларускага паходжаньня Аляксандар Рыбак выказвае думку, што беларусы выйдуць у фінал конкурсу. Рыбака ўражвае вельмі добрая ангельская мова выканаўцаў. Паводле ягоных словаў, у "Butterflies" ёсьць нават шанцы атрымаць на гэтым пан-эўрапейскім музычным спаборніцтве прызавое месца.

Тым часам маскоўскі музычны крытык Артур Гаспаран лічыць, што прайсьці ў фінал будзе няпроста. Па-першае, кажа ён, на глядацкае галасаваньне будзе ўплываць факт нядаўняга разгону гей-параду ў Менску. Эўропа вельмі чуйна ставіцца да падобных момантаў. Па-другое, Беларусь ня надта інтэграваная ў эўрапейскую шоў-прастору. У творчасьці "3+2" адчуваецца пэўная самадзейнасьць.

У сваю чаргу, нямецкія музычныя аглядальнікі адзначаюць, што тут, у Осла, беларусаў пакуль падводзіў густ. Так, на беларускай вечарыне пасярод шумнай гулянкі чамусьці вырашылі правесьці такую інтымную падзею, як заручыны. А выкананьню конкурснай песьні надалі зашмат драматызму. У выніку ўсё пакуль атрымліваецца на мяжы з кічам.

Тым часам на нямецкіх форумах "Эўрабачаньня" можна прачытаць такія глядацкія водгукі: "Гэта песьня — як прыгожая абалонка, за якой абсалютна нічога няма ўнутры. Ніякіх пачуцьцяў яна не пакідае. На фэстывалі ў Осла прадстаўленыя некалькі такіх песьняў, аднак яны зробленыя кранальна. У беларусаў жа — толькі вонкавыя эфэкты. Вельмі хацеў бы штосьці знайсьці ў нумары ў якасьці доказу, што памыляюся, аднак нічога так і не знайшоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG