Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчукі зьнялі фільм пра Палуту Бадунову


Гомельская маладзёвая краязнаўчая арганізацыя “Талака” прэзэнтавала другі дакумэнтальны відэафільм з цыклу "Невядомыя землякі" – “Палута Бадунова”. Выбітная рэвалюцыянэрка, адна зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, міністарка ў справах сацыяльнай апекі Беларускай Народнай Рэспублікі была ўраджэнкай Гомелю.


“У 1938 годзе Палута Бадунова стала ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў, – кажа кіраўніца “Талакі”, сябра БАЖ Ларыса Шчыракова. – Аднак ні ў родным Гомелі, ні ў Менску няма ёй ні помніка, ні памятнай дошкі. Гомельскія ўлады адмовіліся нават назваць вуліцу ў гонар знакамітай зямлячкі. Таму аматарская стужка – гэта спроба ўшанаваць памяць выбітнай дзеячкі беларускага адраджэньня”.

46-хвілінны фільм зьняты паводле кнігі гомельскай дасьледчыцы Валянціны Лебедзевай “Пуцявінамі змаганьня й пакутаў”. Сама дасьледчыца, аднак, адмовілася ад камэнтароў для фільма.

У стужцы выкарыстаны шматлікія дакумэнты, і найперш успаміны й лісты Палуты да яе сяброў і паплечнікаў – Вацлава Ластоўскага, Клаўдуся Душ-Душэўскага, Тамаша Грыба. Ёсьць у фільме й хранікальныя кадры, зьнятыя ў свой час у Смаленску, Менску, Празе, Бэрліне.

У фільме зьнятыя й гульнёвыя сцэны. У прыватнасьці, сцэна расстрэлу Палуты Бадуновай. У закадравым тэксьце паведамляецца: “Спачатку яе пакаралі 10 гадамі папраўчых лягераў за тое, што яна злосна выказвалася на адрас ВКП(б) і савецкай улады, а потым пачалі другую справу й без усялякай сувязі з папярэднім выракам прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня. Прысуд быў выкананы праз паўгода. Ужо маючы сьмяротны вырак і сур'ёзнае псыхічнае расстройства, Палута прыцягвалася да абвінавачваньня сваіх былых паплечнікаў і нават роднай сястры Марыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG