Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 красавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.




НАДВОР’Е...


...капрызнае — і сонечна, і месячна, і дажджыста. Тэмпэратура: +2 — +8 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэс-канфэрэнцыя з адхіленым ад улады прэзыдэнтам Кіргізстану Курманбекам Бакіевым у Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску. Пачатак а 12.30.

У галерэі "Ў" вечарына "Польская паэзія ХХ стагодзьдзя" ў рамках Літаратурных чытаньняў з "ПрайдзіСьветам". Пачатак а 19.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У Маскве другі дзень Міжнароднага арктычнага форуму.

Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад у Зімбабвэ.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1616 памёр найвыдатнейшы драматург і паэт сьвету Ўільям Шэксьпір (нар. 1564, магчыма, што таксама 23 красавіка, але напэўна вядомая толькі дата ягонага хросту — 26 красавіка).

У 1858 нарадзіўся нямецкі фізык Макс Плянк, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы (1918), які ў 1900 увёў ключавое для сучаснай фізыкі паняцьце "квант" (пам. 1947).

У 1886 нарадзіўся клясык беларускай літаратуры Зьмітрок Бядуля (пам. 1941).

У 1902 нарадзіўся ісьляндзкі пісьменьнік Хальдар Лякснэс, ляўрэат Нобелеўскай прэміі 1955 году (пам. 1998).

У 1924 году ў мястэчку Друя распачалі сваю працу айцы-марыяне, беларускія каталіцкія сьвятары, якія ўнесьлі вялікі ўклад у нацыянальнае і культурнае адраджэньне Беларусі. Пад іхным уплывам Друя ператварылася ў цэнтар духоўнага жыцьця краю. Двое з друйскіх асьветнікаў абвешчаныя сьвятымі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сусьветны дзень кніг і аўтарскага права.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "10 сутак арышту за ўнітаз Леніну".

ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:


"Навука ня ў змозе разгадаць асноўнай таямніцы прыроды. Гэта таму, што ў канчатковым выніку мы самі зьяўляемся часткай таямніцы, якую спрабуем разгадаць", — Макс Плянк.

"Павольным крокам: заўтра, заўтра, заўтра,
Пляцецца дзень за днём, аж да апошніх
Складоў у кнізе нашага жыцьця.
А нашы "ўчора" асьвятлялі шлях
Вар'ятам к сьмерці. Дык згасай, агарак!
Жыцьцё – блукаючая здань, фігляр,
Што пакрыўляецца крыху на сцэне
І зьнікне назаўсёды; гэта казка,
Расказаная дурнем: многа трэску,
Ды сэнсу мала".


Уільям Шэксьпір, "Макбэт", дзея V, сцэна 5 (пераклад Уладзіміра Шахаўца).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG