Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай прымае, але толькі на свае грошы…»


«Няхай прымае, але толькі на свае грошы…»
Як вы ставіцеся да таго, што Лукашэнка прыняў у Беларусі зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Спадар: «Я разумею Лукашэнку, бо ён даў прытулак такому самаму, як і ён сам. Думаю, што прыйдзе такі час, калі падобнага прытулку будзе шукаць сам Лукашэнка. Ну, ёсьць яшчэ ў сьвеце некалькі краінаў-ізгояў…»

Спадар: «Ды лепш бы гэты ваш Лукашэнка сам зьехаў бы дзе-небудзь ва Ўзбэкістан альбо на Кубу».

Спадарыня: «Ён яго прыняў не як прэзыдэнт, як сам заявіў. А як чалавек чалавека, як талерантны беларус можа прыняць. Ён пашкадаваў яго малых дзетак. Я так зразумела. Да таго ж, ён сказаў, што гэта не супярэчыць нашаму заканадаўству. Ну, раз так — няхай прымае…»

Спадарыня: «Калі гэта яго асабістае запрашэньне, то няхай у сябе яго і прымае. І калі лічыць, што ён яго запрасіў, то няхай гэта будзе за яго ўласныя грошы».

Спадар: «Бакіеў літаральна некалькі хвілінаў таму выступіў са зваротам да кіргіскага народу, што ён не прызнае таго, што адбылося. Атрымоўваецца, што, даючы чалавеку магчымасьць на беларускай зямлі выказвацца пра такія рэчы, мы бярэм на сябе адказнасьць за разгортваньне падзеяў у той краіне. Думаю, большасьць беларусаў не падзяляюць такой адказнасьці. Я таксама».

Спадарыня: «Лукашэнка сказаў, што гэта ягонае асабістае права і асабістае рашэньне. Ну як да гэтага паставіцца? Складана быць у гэтай ролі, я б не хацела і ня ведаю, як трэба правільна паступіць».

Спадар: «Я, да прыкладу, станоўча стаўлюся да гэтага рашэньня. Таму што гэта сяброўская нам краіна і мы маем агульную калектыўную бясьпеку. А так можа атрымацца зь любым прэзыдэнтам. А тое, што там зрабілі гэтую бойню і ўладу ўзялі сілаю — я супраць гэтага».

Спадар: «Я ня ведаю, мне здаецца, у нас і так жывуць усе, хто хоча. Бакіеў таксама чалавек, але вось ня ведаю, што там наконт кіргіскага народу… Але паглядзеўшы, як там пагромы робяць, то гэта не нармальна…»
XS
SM
MD
LG