Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лепш працуйце, тады і абражаць вас ня будзем!”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак 14 кастрычніка.

У сёньняшніх “Званках на Свабоду” — рэпліка абаронцы Сталіна і Лукашэнкі; назіраньні беларускага патрыёта, які нарадзіўся ў Расеі; дыскусія аб мэтазгоднасьці перапісу насельніцтва; развагі пра стан аўтадарог.

Здараецца, абсалютна натуральнае жаданьне “жыць добра” сярод іншага нараджае ў розных людзей абсалютна розныя палітычныя арыентыры. Слухаем першы званок

Cпадарыня: “Раней са Сталіным (я была маладая) мы ўставалі і клаліся, усё хвалілі... А цяпер, як уключыш вашу Свабоду, — “Гэты Лукаш, Лукаш, гад такі”... Ні ў якой краіне так прэзыдэнта не ганьбяць. Асабліва гэтая Ларыса! Трэба яе прэзыдэнтам выбраць! Такая разумная! Наелася гэтых лукашэнкаўскіх каўбасаў — адчуваецца, здаровая жанчына, крычыць супраць прэзыдэнта! Давайце яе прозьвішча — выбяру ў прэзыдэнты! Бо я хачу жыць добра, я за вас буду галасаваць! Я хачу пажыць добра!..”

Хоча годна жыць і адзін з нашых сталых слухачоў зь Віцебску. Аднак яму ўжо з дакладнасьцю ды наадварот перашкаджаюць якраз тыя самыя палітычныя кіраўнікі, якіх абараняла спадарыня, чый голас толькі прагучаў. Спадар ня менш шчыры й экспрэсіўны:

Cпадар Яцкевіч: “Вось я вам хачу зачытаць пэрл, паслухайце! “Ваша прашэньне паступіла ў адпаведнасьці з пунктам 5 указа Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.10.07 “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і фізычных асобаў” пакінутае бяз разгляду, паколькі ўтрымлівае абразьлівы выраз”. Дык выбачайце, рабіце так, каб мы вас не абражалі! З 2006 года ніхто не вырашае пытаньне! Не вырашае ніхто... Рабіце так, каб мы супраць усяго хвалілі вас ды яшчэ дзякуй казалі, ды кланяліся на кожным кроку!..”

Дыскусійную танальнасьць сёньняшняй перадачы працягваюць водгукі на званок з заклікам паразважаць над тэмай перапісу насельніцтва.

Cпадарыня: “Добры вечар! Маладая жанчына падышла да дзьвярэй: “Паважаныя грамадзяне, гэта перапіс!” Які тут перапіс можа быць? Запішуць беларусаў больш, чым палякаў — гэта перапіс?! Не, нам трэба вярнуць, я ўжо мільёны раз гавару, Пазьняка і Шушкевіча, і тады будзе парадак, а так — не”.

Cпадарыня: “Адносна перапісу насельніцтва маё разважаньне такое: калі па нейкіх жыцьцёвых абставінах прыйшлося чалавеку пакінуць сваю маці і пасьля забыцца пра яе, то гэта ня значыць, што яна перастала быць яго матуляй. Так і з мовай. Калі ты беларус, то нягледзячы на тое, што зь вядомых прычынаў гаворыш па-руску, родная мова твая беларуская. Так, браце, і пішы”.

Хапае энэргетыкі і ў наступным тэлефанаваньні. Слухач падкрэсьліў, што ён нарадзіўся ў Расеі, але тут, у Беларусі, вывучыў беларускую мову і цяпер прынцыпова адстойвае яе

Уладзімер Зьвернік: “Кідаюцца ў вочы памылкі на шыльдах на вуліцах і дарогах. Паміж населенымі пунктамі па дарозе на Маладэчна доўгі час пры ўезьдзе ў вёску можна было прачытаць “Шчэрбіны”, а пры выезьдзе “Шчарбіны”. Дзякуй Богу, нарэшце выправілі. Колькі год таму на знакамітай менскай краме было напісана “Тэхніка ў быту”. Шмат высілкаў давялося мне прыкласьці, каб пераканаць дырэктарку зьмяніць шыльду на “Тэхніка ў быце”. Гэта ёсьць рэцыдыў так званага дзяржаўнага двухмоўя”.

А завяршае сёньняшні агляд аўдыёпошты такі званок:

Спадар: “Цэлы тыдзень чытаю на вашым сайце пра павышэньне мыта на аўто і не магу зразумець — дзе яны будуць езьдзіць? У нас і без таго ўвесь цэнтар забіты, вунь, скразныя коркі!”

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — кіраўнік папулярнага выданьня “Аўтадайджэст” Анатоль Шаўчэнка

Анатоль Шаўчэнка
Якасьць нашых аўтадарог у многіх месцах вельмі нават нядрэнная. Тут ёсьць чаму пазайздросьціць тым жа нашым суседзям. Але не хапае разьвязак, яны плянуюцца, будзе весьціся будаўніцтва. Каб пазбавіцца ад тых самых коркаў. Бо сьвятлафоры ня здольныя разгрузіць вуліцы. Горад негатовы цяпер да сёньняшняга наплыву аўто”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG