Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам зноў аддалі радовішча


Сумеснаму беларуска-вэнэсуэльскаму прадпрыемству па здабычы нафты перададзены яшчэ тры нафтавыя радовішчы ў Вэнэсуэле. Як паведамляе тэлеканал ОНТ, такая дамоўленасьць дасягнута 17 жніўня ў часе пасяджэньня ў Мінску сумеснай беларуска-вэнэсуэльскай камісіі высокага ўзроўню.

Пасяджэньне прайшло пад старшынствам памочніка прэзыдэнта Беларусі па асаблівых даручэньнях Віктара Шэймана і віцэ-прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Вэнэсуэла Рамона Карысалеса, - піша БелаПАН.

Калі раней у Вэнэсуэле СП здабывала да 9 тысяч барэляў у дзень, то з 2010 года гэтыя аб'ёмы з перадачай новых радовішчаў павялічацца ўдвая, а ўжо да верасьня агульны аб'ём здабытай нафты можа дасягнуць 1 мільёнаў барэляў.

У ходзе перамоў таксама дасягнута дамоўленасьць аб сумеснай распрацоўцы газавых радовішчаў і аб супрацоўніцтве ў мэталюргічнай галіне.

"Пэрспэктывы ў нас вельмі вялікія, — заявіў Шэйман у эфіры тэлеканала ОНТ. — Мы цяпер выходзім на стварэньне зборачных вытворчасьцяў у Вэнэсуэле трактароў і грузавых аўтамабіляў". Паводле яго слоў, беларуская тэхніка будзе пастаўляцца цераз Вэнэсуэлу таксама ў іншыя краіны Лацінскай Амэрыкі.

Паводле слоў Шэймана, Вэнэсуэла зацікаўлена таксама "ва ўкладаньні вялікіх інвэстыцый у нашы вядучыя прадпрыемствы". Гаворка ідзе, паведаміў памочнік прэзыдэнта, "аб сотнях мільёнаў долараў", якія вэнэсуэльскія партнэры хацелі б укласьці ў эканоміку Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG