Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Русский вестник” - варожая для габрэяў газэта”


Грамадзкія актывісты з Гомельшчыны распачалі акцыю, накіраваную на забарону распаўсюджваньня ў Беларусі расейскай газэты “Русский вестник”.



У зваротах да Міністэрства інфармацыі і да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў яны даводзяць, што “выданьне дазваляе сабе выпады і на адрас беларускага габрэйства”. Падрабязнасьці высьвятляў наш карэспандэнт.

Сярод падпісантаў звароту - грамадзкая актывістка з Гомелю Марыя Багдановіч. Яна кажа, што яшчэ раней зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі ў сувязі з артыкулам “Духовные ценности Святой Руси”, надрукаваным у першых двух нумарах “Русского вестника” ў гэтым годзе:

“У сваім звароце я працытавала вытрымкі з публікацыі. Напрыклад, аўтары заклікаюць “не аддаваць Расею на рабунак міжнародным афэрыстам, якія жывуць па законах Талмуду”. Я лічу, што гэта наўпроставая абраза вернікаў, якія вызнаюць юдаізм. Аднак адказ зь міністэрства інфармацыі мяне расчараваў. Паведамілі, што “расейская прэса ў нас вольна распаўсюджваецца і ня трэба мець на гэта дазволу зь беларускага боку”.

Дарадца галоўнага рэдактара газэты “Русский Вестник” Тацяна Аляксеева пераконвае, што выданьне, паводле яе словаў, “добра распаўсюджваецца ў Беларусі і атрымлівае вялікую пошту”:

“Адпраўляем шмат, нашых падпісчыкаў у Менску вельмі багата. Наша газэта - аўтарская. Кампануем яе з таго, што нам дасылаюць і прыносяць. Калі б вы былі ў Маскве і зайшлі да нас, то ўбачылі б гару лістоў”.

У Саюзе беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб'яднаньняў і абшчынаў зьбіраюць архіў з антысэміцкіх артыкулаў маскоўскай газэты. Са словаў старшыні гэтага саюзу Леаніда Левіна, газэта “Русский вестник” - варожая для габрэяў у Беларусі:

“Гэта ня тая газэта, якая адлюстроўвае дух нашай краіны. Я - супраць гэтай газэты. Яна не нясе дабро, яна прыносіць зло. У краіне, якая дэкляруе абарону людзей розных нацыянальнасьцяў, такой газэты быць не павінна”.

Такія ж спадзяваньні маюць і грамадзкія актывісты ў Гомелі. Марыя Багдановіч паведамляе пра зварот да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі:

“Да звароту мы прыклалі матэрыялы гэтай газэты. Таксама цытаты, якія, скажам так, абражаюць людзей розных нацыянальнасьцяў. Калі ж ізноў не атрымаем канкрэтнага адказу, то тады будзем мець падставы зьвярнуцца ў пракуратуру”.

Газэта “Русский вестник” заяўляе сябе як агульнанацыянальнае грамадзка-палітычнае выданьне. Друкуецца яна ад 2001 году, выходзіць адзін раз на тыдзень на 16, а пры неабходнасьці на 24 палосах фармату А3 і, як падкрэсьліваецца, “адлюстроўвае інтарэсы ўсіх рускіх людзей, дзе б яны ні пражывалі”. У прыватнасьці, асноўныя тэмы - армія, казацтва, славянскае братэрства, руская баявая культура, рускія за мяжой, рускія - наўмысна разьдзеленая нацыя і гэтак далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG