Тое, што дазволу або забароны зьняволены палітык і ягоныя сваякі чакаюць ужо другія суткі, віцебскі праваабаронца расцэньвае як "жорсткае і бесчалавечнае стаўленьне да Казуліна, якога знарок прымушаюць цярпець маральныя пакуты".
У лісьце Павал Левінаў спасылаецца на крымінальна-выканаўчы кодэкс, паводле якога асобам, што адбываюць пакараньне ўпершыню й ва ўмовах агульнага рэжыму, могуць быць дазволеныя кароткатэрміновыя выезды за межы папраўчых утановаў на тэрміна да сямі сутак без уліку часу на дарогу. Такі дазвол даецца паводле выключных жыцьцёвых абставінаў, у тым ліку й з прычыны сьмерці блізкіх сваякоў.
Па заканадаўству рашэньне мусіць прымаць начальнік папраўчай установы, узгадніўшы яго з пракуратурай. Між тым начальнік калёніі "Віцьба-3" Віталь Агнісьцікаў цьвердзіць, што ня мае такіх паўнамоцтваў і таму чакае вырашэньня пытаньня з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.
Павал Левінаў патрабуе, каб начальнік калёніі неадкладна прыняў рашэньне пра магчымасьць выезду ў Менск для Аляксандра Казуліна, каб урэшце скончыць беспадстаўныя выпрабаваньні чаканьнем для ягонай сям'і і сяброў.
В.Агнісьцікаў сказаў праваабаронцу, што адкажа на ягоную заяву ў прадугледжаны законам тэрмін, а што да адпачынку Казуліна, то рыхтуе адмову.