Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кіроўцаў з бел-чырвона-белымі сьцяжкамі зладзяць фотапаляваньне


Першыя 20 добраахвотнікаў бясплатна атрымаюць бел-чырвона-белыя сьцяжкі на машыну. Але на іх зладзяць фотапаляваньне.

Менская «Арт-сядзіба» абвясьціла пра пачатак ініцыятывы «БЧБмабіль»: 20 чалавек, які першымі напішуць на адрас artsiadziba@gmail.com сваё імя і прозьвішча, марку аўто, меркаванае месца паездак і нумар тэлефона, атрымаюць камплект з двух аўтамабільных бел-чырвона-белых сьцяжкоў.

Пасьля таго, як на вуліцах зьявяцца першыя «БЧБмабілі», на іх пачнецца фотапаляваньне: тым, хто сфатаграфуе аўто са сьцяжкамі, выкладзе фота ў сацсетках з хэштэгам #бчбмабіль альбо адашле фота на згаданы вышэй e-mail, атрымае наборы налепак з гербам «Пагоня» і беларускімі арнамэнтамі. Фота таксама можна паказаць асабіста супрацоўнікам «Арт-сядзібы» ў менскім офісе.

Па завяршэньні «паляваньня» «Арт-сядзіба» плянуе наладзіць бясплатнае распаўсюджваньне сьцяжкоў і налепак з нацыянальнай сымболікай, але просіць для гэтага фінансавай падтрымкі — ахвяраваньняў.

Вешаць бел-чырвона-белы сьцяг на машыну бясьпечна?

Як распавядае Свабодзе дырэктар Арт-сядзібы Павал Белавус, акцыя не прымеркаваная да нейкай канкрэтнай даты ці падзеі, гэта «традыцыйная дзейнасьць па папулярызацыі нацыянальных сымбаляў».

У хуткім часе ён абяцае апублікаваць відэа зь першым «БЧБмабілем» на цэнтральным праспэкце Менску, каб паказаць, што «гэта ня страшна»:

«Мы ня ведаем, як да гэтага паставіцца міліцыя, таму і ставім такі экспэрымэнт, — прызнаецца Белавус. — Прынамсі, калі я на сваю машыну павесіў сьцяжкі і паехаў па праспэкце Незалежнасьці, каля плошчы Перамогі кругі накручваў, ніякіх пытаньняў не было, ніхто не спыняў, хаця праяжджалі пост ДАІ.

Ёсьць і наш сябра каманды БЧБмабіляў, які ўжо тыдзень езьдзіць. Праяжджаў не адзін пост ДАІ — яны, канечне, глядзелі са зьдзіўленьнем. А мы якраз хочам, раздаўшы першыя 20 камплектаў бясплатна, знайсьці такіх ахвотных людзей, якія не баяцца.

Бо згодна з правіламі дарожнага руху, сьцягі на машынах не забароненыя. Забаронена наносіць на сам аўтамабіль розныя малюнкі, а наконт сьцягоў забаронаў няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG