Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XLVІI. Прысуд


Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

24 лістапада 2011. Прысуд


За суткі да абвяшчэньня прысуду ўжо ніхто не спадзяваўся, што ён будзе мяккі, адно разважалі, колькі «скіне» судзьдзя з таго тэрміну, які запатрабаваў пракурор. Як паказвае досьвед, судзьдзі даюць крыху мякчэйшае пакараньне. Звычайна — на адзін год. Гэта нібыта паказвае, што судзьдзя ўзважвае, шукае зьмякчальныя абставіны. Судзьдзя Бандарэнка «ацаніў» свой гуманізм на паўгода — менавіта на столькі ён скасьціў тэрмін.

4,5 года турмы з канфіскацыяй


Прысуд Бяляцкаму – 4,5 гады турмы. Відэа з залі суду
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:04 0:00
Наўпроставы лінк

24 лістапада, у дзень абвяшчэньня выраку Бяляцкаму, судовая заля была перапоўненая, месцаў усім не хапіла, частка людзей стаяла ў праходах, а частка ў залю ня трапіла ўвогуле. На першым радзе селі родныя Алеся, жонка Натальля і сястра Вольга. Ягоны сын Адам, які зьехаў вучыцца ў Польшчу па праграме імя Каліноўскага, на вырак бацьку прыехаць ня змог. У залю прыйшлі заходнія дыпляматы, беларускія і замежныя праваабаронцы, палітыкі, журналісты. Родныя і знаёмыя віталі Алеся, які чакаў прысуду ў судовай клетцы. Амаль уся заля махала Бяляцкаму рукамі, людзі казалі: «Мы цябе вельмі любім!» Бяляцкі адказваў: «Я вас таксама», у адказ махаў рукою, усьміхаўся. Ён таксама павітаўся і коратка пагутарыў з адвакатам Лаеўскім. Пракурор Сайкоўскі сядзеў на сваім месцы, скрывіўшы вусны і падпіраючы рукою падбародзьдзе.
Алесь Бяляцкі перад прысудам
Алесь Бяляцкі перад прысудам

Судзьдзя Бандарэнка прыйшоў у залю з тэчкай, у якой ляжаў вырак Алесю, і спытаў пра меркаваньне бакоў: чытаць увесь прысуд ці толькі рэзалюцыйную частку?

Алесь Бяляцкі запатрабаваў, каб судзьдзя чытаў увесь прысуд і каб рэзалюцыйную частку яму пераклалі на беларускую мову.

Судзьдзя сустрэў гэтую просьбу выразам незадавальненьня на твары. Паўгадзіны ён зачытваў увесь вырак, часамі зьбіваючыся на скорагаворку. Запавольваў чытаньне толькі на лічбах. З залі патрабавалі, каб судзьдзя чытаў больш выразна, але ён не рэагаваў, сьпяшаўся чытаць далей:
Судзьдзя Бандарэнка чытае вырак Бяляцкаму
Судзьдзя Бандарэнка чытае вырак Бяляцкаму

«Суд лічыць, што магчымае толькі пазбаўленьне волі з канфіскацыяй, і не знаходзіць магчымасьці для больш мяккага пакараньня».

Актывістка «Вясны» Тацяна Равяка дастала нейкім цудам пранесены ёю ў залю плякат з надпісам: «Свабоду Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўніку цэнтра „Вясна“ ў Беларусі» і партрэтам праваабаронцы за кратамі. Ахова ніяк на гэта не зрэагавала. Равяка павярнула плякат, каб яго пабачылі ва ўсіх кутках залі.
Тацяна Равяка з плякатам у судовай залі
Тацяна Равяка з плякатам у судовай залі

Судзьдзя таксама не зьвярнуў на гэта ўвагі і зачытаў вырак:

«Прыгаварыў: Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча прызнаць вінаватым ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў шляхам унясеньня ў дэклярацыю заведама ілжывых сьведчаньняў, што пацягнула за сабой шкоду ў асабліва буйным памеры, і на падставе часткі другой артыкула 243 прызначыць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці».

«Вам зразумелы прысуд?» — спытаў Бандарэнка ў Бяляцкага. Алесь зноў папрасіў перакласьці рэзалюцыйную частку на беларускую мову. «Вырак на беларускай мове вам будзе зачытаны пазьней», — адказаў Бандарэнка, хутка закрыў судовае паседжаньне і праз службовы ўваход выйшаў з памяшканьня.

Заля загула ад абурэньня. «Ганьба!», — першым крыкнуў Алег Воўчак, ягоны вокліч падхапіў Андрэй Пачобут, потым іх падтрымалі іншыя і пачалі скандаваць «Ганьба!» разам. Зьміцер Салаўёў крыкнуў: «Свабоду Бяляцкаму!», пэнсіянэрка, якую я бачыў ці не на ўсіх мітынгах апазыцыі, заклікала: «Свабоду закладнікам рэжыму!» Некаторыя жанчыны заплакалі.

Бяляцкі пасьля прысуду
Бяляцкі пасьля прысуду
Алесь Бяляцкі спакойна ўспрыняў вырак, узмахам рукі з клеткі ён разьвітаўся зь людзьмі, нешта праз краты сказаў родным, але гэтага ўжо было не чуваць у агульным гуле. Пакуль канваіры выводзілі Алеся, ён пасьпеў крыкнуць: «Жыве „Вясна!“»

Людзі адгукнуліся: «Жыве!»

Пракурор Сайкоўскі пасьля вынясеньня прысуду выйшаў праз натоўп людзей, якім не хапіла месца ў залі, не азіраючыся пайшоў на другі паверх. Людзі ўчынілі яму абструкцыю: зьдзекліва пляскалі ў ладкі і «дзякавалі» за працу, крычалі: «Слава герою! Маладзец…»

Калі Алеся вывелі, да ягонай жонкі Натальлі са словамі падтрымкі падышоў часовы павераны ў справах ЗША Майкл Скэнлан, за ім і іншыя дыпляматы. Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас выказаў спачуваньні і словы падтрымкі і даў Натальлі нумар свайго мабільнага тэлефона.
Натальля Пінчук і Майкл Скэнлан
Натальля Пінчук і Майкл Скэнлан

Было бачна, як перажывала Натальля, хоць і казала журналістам, што, зыходзячы з кампаніі ў дзяржаўных СМІ, скіраванай супраць Алеся, прысуд для яе быў чаканы:

«Мы ведалі пра такое магчымае разьвіцьцё падзей яшчэ да арышту Алеся. Гэта быў сьвядомы выбар. Яшчэ недзе за месяц да арышту Алеся мы ўжо рыхтаваліся і сьвядома йшлі на гэта, ведаючы, чым гэта пагражае».

Натальля моцна хвалявалася і шукала адпаведныя словы, калі яе з усіх бакоў абступілі журналісты:

«Зразумела, будзь я адна, у гэтай сытуацыі, з гэтай праблемай было б досыць цяжка. Мяне падтрымлівае тое, што людзі прыходзяць, тэлефануюць, выказваюць словы падтрымкі, і ня толькі словы, а гатовыя дапамагчы ўсім, чым могуць. Гэта, зразумела, дае магчымасьць адчуваць сябе не адзінокай».

Натальля казала журналістам, што спадзяецца на міжнародную падтрымку ў справе вызваленьня Алеся.

У фае судовага памяшканьня актывісты Праваабарончага цэнтру «Вясна» Зьміцер Салаўёў, Марына Статкевіч і Алена Лапцёнак разгарнулі транспарант з надпісам «Вясну не спыніць!»

Людзей у вэстыбюлі было шмат, і міліцыянты не адразу даўмеліся, як адрэагаваць на гэта, аж пакуль фотарэпартэры не пачалі здымаць транспарант. Намесьнік начальніка менскай міліцыі Ігар Яўсееў, які асабіста кіраваў аховай на працэсе, закрычаў на актывістаў:
Палкоўнік Яўсееў вырывае транспарант
Палкоўнік Яўсееў вырывае транспарант

«Ніякіх банэраў! Гэта будынак суду, я вас зараз затрымаю! Хто вам дазволіў тут вешаць банэр?» Зьміцер не пагаджаўся аддаваць транспарант, але Яўсееў яго проста вырваў. Праўда, нікога за гэта не арыштавалі, толькі перапісалі пашпартныя зьвесткі. Палкоўнік Яўсееў, вядомы сваім асабістым удзелам у разгоне апазыцыйных акцыяў у Менску, баяўся, каб і тут не пачаўся мітынг.

Тацяна Равяка пасьля вынясеньня прысуду Бяляцкаму
Тацяна Равяка пасьля вынясеньня прысуду Бяляцкаму
Пазьней Тацяна Равяка распавяла пра свой эмацыйны стан у момант вынясеньня выраку Алесю:

«Мяне душылі сьлёзы, хоць я чалавек не сэнтымэнтальны, вельмі стрыманы, але прысуд Бяляцкаму для мяне стаўся нейкім шокам. Да вечара ў мяне ўжо вочы счырванелі, нос распух… Раўла як бялуга… Нават ня памятаю, што раней было ў мяне нагодай для такіх сьлёз».

Сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна» ў супольнай заяве назвалі прысуд Бяляцкаму расправай:

«Прысуд нашаму калегу — вынік шматгадовай рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў Беларусі ў дачыненьні да праваабарончых арганізацыяў: выпіхваньне з прававога поля праз пазбаўленьне афіцыйнага статусу, адмовы ў рэгістрацыі з надуманых прычын новых аб’яднаньняў, стварэньне перашкодаў і ціск з боку КДБ і іншых спэцслужбаў».


Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG