Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXІV. Касынкіна


4 і 5 жніўня ў будынку ДФР Алеся Бяляцкага дапытвалі ў прысутнасьці адваката Зьмітра Лаеўскага
4 і 5 жніўня ў будынку ДФР Алеся Бяляцкага дапытвалі ў прысутнасьці адваката Зьмітра Лаеўскага
Вялікі шэры будынак ДФР, куды прывозілі на допыт Бяляцкага, не дамінуе на вуліцы Петруся Броўкі, але не заўважыць яго нельга. Тыпова казённая пабудова на чатыры паверхі з гладкім фасадам, без прыкметаў архітэктурнай фантазіі і аздабленьняў, але чыстая і дагледжаная, нагадвае казарму. Ніжнія вокны закратаваныя. Пры фасадзе няма ніводнага дрэва. На мапах Менску дом пазначаны як нежылы… Такі дом адразу хочацца хутчэй прамінуць. Зусім побач зь ім разбураецца будынак былога абласнога дзіцячага шпіталя, помнік функцыяналізму 1930–50-х гадоў, на рамонт якога грошай няма.

У будынку ДФР а 23 гадзіне 4 жніўня Алесь быў фармальна ўзяты пад варту. На пастанове пра сваё затрыманьне ён напісаў: «З затрыманьнем ня згодны, вінаватым сябе не лічу».

Першую пасьля затрыманьня ноч Бяляцкі правёў у Савецкім РУУС Менску. У абед 5 жніўня сьледчы ДФР маёр Павал Шабека нават даў яму кароткае спатканьне з жонкай і дазволіў зьесьці прынесеныя ёй бутэрброды. Алесь спытаў у Натальлі, ці папярэдзіла яна ягонага брата Ўладзімера, каб не прыходзіў да іх у госьці, як папярэдне было дамоўлена. Брат Алеся Ўладзімер з жонкай Фарыдою за некалькі дзён перад тым прыехаў у Менск зь Ніжнявартаўску, яны спыніліся ў кватэры сястры Вольгі. На 5 жніўня Алесь быў запрасіўшы іх да сябе ў госьці.
Натальля Пінчук каля будынку ДФР
Натальля Пінчук каля будынку ДФР

Натальля зараз жа патэлефанавала Вользе і сказала, што «госьці адмяняюцца, Алесь арыштаваны». Скасаваны быў ня толькі прыход брата ў госьці, а і ўсе іншыя пляны Алеся. У дзень арышту Бяляцкі рыхтаваўся да выкладаньня ў праваабарончай школе ў беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, празь некалькі дзён яго там чакалі навучэнцы. А яшчэ зьбіраўся адпачыць, упершыню за апошнія тры гады. Былі пляны скарыстаць для адпачынку на Балтыцы цёплае жнівеньскае надвор’е і палітычнае зацішша ў Беларусі, якое нібыта ўсталявалася пасьля рэпрэсіяў, судоў за Плошчу, «маўклівых» акцыяў пратэсту, якія ў тое лета прайшлі па многіх гарадах Беларусі.

Увечары 5 жніўня Натальля яшчэ раз змагла ўбачыць Алеся, калі зноў прыехала да будынку ДФР. Алеся вывелі адтуль, каб адвезьці ў сьледчы ізалятар, на «Валадарку». Натальля змагла аддаць яму перадачу з адзеньнем і ежай, а таксама кнігу Варлама Шаламава «Калымскія апавяданьні». Натальлі падалося, што досьвед Шаламава прыдасца Алесю ў беларускіх турмах.

Перад тым да Натальлі падышла сьледчая ДФР Касынкіна і сказала, што Алесь арыштаваны і будзе зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на Валадарскага. «Я і так усё зразумела», — адказала Натальля.

«Мая справа вас паінфармаваць», — суха сказала Касынкіна.

Наступны раз Натальля пабачыла мужа ў судовай клетцы, а спатканьне атрымала пасьля выраку.

Увечары 5 жніўня Камітэт дзяржаўнага кантролю апублікаваў на сваім сайце «Афіцыйнае паведамленьне для СМІ» пра тое, што грамадзянін Беларусі 1962 году нараджэньня не задэкляраваў звыш 1 мільярда рублёў даходу, атрыманага за мяжой, і супраць яго заведзеная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу. Прозьвішча Алеся не называлася. «У цяперашні час праводзяцца сьледчыя дзеяньні», — так завяршалася паведамленьне.

Тацяна Касынкіна
Тацяна Касынкіна
Сьледзтва ў справе Бяляцкага вяла цэлая сьледчая група ДФР па Менску і Менскай вобласьці ў складзе 4-х чалавек на чале са старшым лейтэнантам Тацянай Касынкінай. У падпарадкаваньні гэтай маладой жанчыны былі сьледчыя — маёр Данііл Пазьняк, маёр Павал Шабека. Звычайна так не бывае, каб лейтэнанты кіравалі маёрамі. Справа ў тым, што, як удалося высьветліць Уладзімеру Лабковічу, сьледчую групу сфармавалі да арышту Алеся, уключылі ў яе гэтых маёраў, але ніхто не хацеў узначальваць групу, таму і прызначылі маладую, амбітную сьледчую.

Чаму для падрыхтоўкі адносна невялікай (6 тамоў) справы Бяляцкага стварылі такую вялікую сьледчую групу? Уладзімер Лабковіч не выключае, што рыхтаваліся да справы ўсёй «Вясны».

Група Касынкінай вяла допыты Бяляцкага і сьведак. Сама Касынкіна паводзілася вельмі актыўна, езьдзіла да праваабаронцаў у іншыя гарады Беларусі, прылюдна давала ўказаньні маёрам, асабіста праводзіла допыт Натальлі Пінчук.

«Яна чалавек заўзяты, бачна, што працавала ахвотна. Натхнёная, як колішняя камсамолка», — згадвае Касынкіну жонка Бяляцкага. 20 верасьня, дапытваючы Натальлю, Касынкіна нават пагражала выгнаць яе адвакатку, калі тая зрабіла заўвагу наконт ходу вядзеньня допыту, парушэньня ёю працэдуры. «Калі вы выганіце адвакатку, то пайду і я», — сказала на гэта Натальля.
Яна чалавек заўзяты, бачна, што працавала ахвотна. Натхнёная, як колішняя камсамолка

Пасьля гэтага допыту Натальля падала Касынкінай заяву на спатканьне з Алесем з нагоды ягонага дня народзінаў 25 верасьня. На разгляд заявы Касынкінай спатрэбілася некалькі хвілін, пасьля чаго яна надрукавала пастанову: «Кіруючыся артыкуламі 36, 137 КПК Рэспублікі Беларусь, адмовіць у задавальненьні заяўленага хадайніцтва Пінчук Н.С.»

На сотні зваротаў людзей аб вызваленьні праваабаронцы пад паручальніцтва Касынкіна гэтаксама адказвала адмоўна.

Упэўненая ў сваіх дзеяньнях сьледчая асабліва не цырымонілася са сьведкамі, зваротамі людзей. За яе плячыма — дзяржаўны рэпрэсіўны апарат, скіраваны супраць тых, каго Лукашэнка раздражнёна называе «пятай калёнай»:

«Якая гэта апазыцыя: сёньня ў СМІ пайшлі прапановы, каб эканамічна задушыць Беларусь. Гэта ворагі народу, гэтая пятая калёна, таму ім усё дрэнна».

У барацьбе супраць ворагаў народу, як і ў сталінскія часы, усе сродкі добрыя. Гэта адносна міліцыянта Лінкуса, які арыштоўваў і запалохваў апазыцыянэраў, а потым зьбіў свайго падначаленага, можна праявіць гуманізм, пакінуць і на час сьледзтва, і пасьля вынясеньня выраку да разгляду касацыйнай скаргі на волі, пад падпіскай аб нявыезьдзе. Бо ён «сацыяльна блізкі» рэжыму. А арыштаваныя апазыцыянэры і праваабаронцы мусяць сядзець за кратамі, — напэўна, такой лёгікай кіравалася і сьледчая Касынкіна.

Але ўдзел сьледчай групы Касынкінай і ДФР у справе Бяляцкага быў сымбалічны, — мяркуе Ўладзімер Лабковіч:

Уладізмер Лабковіч
Уладізмер Лабковіч
«ДФР да таго быў адзіным карным органам, які ня быў заплямлены палітычнымі рэпрэсіямі. Нават Мінабароны „адзначылася“ палітычнымі прызывамі апазыцыянэраў у войска. Відаць, таму ў ДФР ніхто не хацеў брацца за справу Бяляцкага. Вось і знайшлі маладую супрацоўніцу, якая нядаўна зьявілася ў сыстэме ДФР і вырашыла зрабіць сабе на гэтым кар’еру. Яна з той самай хвалі маладых чыноўнікаў лукашэнкаўскага прызыву, гэта мае равесьнікі, мы маглі разам вучыцца… Гэта горшае пакаленьне чыноўнікаў, чым нават савецкае, у пляне беспрынцыповасьці і гатоўнасьці дзеля кар’еры на ўсё».

Да канца 2011 году Тацяна Касынкіна займала пасаду зь вельмі доўгай назвай, але сьціплую — сьледчая Другога сьледчага аддзяленьня Аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня Ўправы Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь па Менскай вобласьці і горадзе Менску.

На пачатку 2012 году Касынкіна зрабіла-такі кар’ерны крок: яе перавялі ў створаны Аляксандрам Лукашэнкам Сьледчы камітэт. Там яна заняла пасаду вядучага інспэктара групы па зваротах грамадзян Сьледчага камітэту па горадзе Менску. Паводле Лабковіча, тым самым Касынкінай аддзячылі, падвысілі на пасадзе. Але разам з тым яе фактычна адхілілі ад рэальных сьледчых дзеяньняў, прызнаўшы такім чынам недастатковую кампэтэнтнасьць, якую яна праявіла ў тым ліку як кіраўніца сьледчай групы ў справе Бяляцкага, — кажа Лабковіч.

Сама Тацяна Касынкіна ў размове са мною адмовілася ацаніць уплыў удзелу ў справе Бяляцкага на свой кар’ерны рост, пераадрасаваўшы пытаньне начальніку аддзелу кадраў. Нейкіх нотак сумневу наконт мэтазгоднасьці свайго ўдзелу ў палітычнай, па сутнасьці, справе супраць праваабаронцы, нейкага жалю, што яе выкарысталі і адхілілі ад іншых эканамічных спраў, з боку Касынкінай я таксама не пачуў. На новым месцы яна размаўляла па-камсамольску бадзёра, упэўнена. Касынкіна далей служыць уладзе, выконвае загады начальства, адмаўляецца ад інтэрвію бяз санкцыі кіраўніка. Яна робіць кар’еру, справа Бяляцкага — адзін зь яе этапаў.

Алесь Бяляцкі ў лісьце з турмы гэтак ацаніў ролю Касынкінай у ягонай справе:

«Мне падаецца, што яна так да канца і не зразумела, чым яна займалася. Хітрыя мужыкі самі не хацелі ўмазвацца ў відавочны гной. Вось і разьмеркавалі справу на маладога працаўніка. Яе прысутнасьць у справе была даволі фармальная. Там шмат ляпаў чыста фармальных, якія проста зьдзіўляюць. Відавочна, што ці то намаганьняў вялікіх яна не прыкладала, ці то ёй проста не хапіла ахайнасьці і прафэсіяналізму».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG