Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 верасьня – пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро


15 верасьня ў Доме правасудзьдзя ў Менску распачнецца працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладам Кавалёвым. Яны зьяўляюцца асноўнымі падазраванымі ў выбуху на станцы мэтро “Кастрычніцкая” 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.

Старшыняваць на судзе будзе першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў.

Бок дзяржаўнага абвінавачаньня будзе прадстаўляць намесьнік Генэральнага пракурора Аляксей Стук.

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)

Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).


Бацька загінулага ў мэтро: Не хачу быць жорсткім нават у адносінах да забойцы


Ад выбуху самаробнага прыстасаваньня на станцыі "Кастрычніцкая" пацярпелі больш за 300 чалавек, паўтара дзясятка памерлі на месцы ці пазьней у шпіталях. Сярод ахвяраў віцебскіх тэрарыстаў быў і 21-гадовы Раман Капцюх — сын заслужанага майстра спорту, прызэра Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату сьвету ў кіданьні дыску Васіля Капцюха.

Вось ужо пяць месяцаў сям'я выбітнага спартоўца ня можа адысьці ад трагедыі, але спадар Капцюх кажа, што дзеля сына мусіць пайсьці на працэс: "Зьбіраюся, канечне. Ёсьць што сказаць. Спэцыяльна не рыхтуюся, бо вельмі складана нават думаць на гэтую тэму. Шчыра кажучы, пакуль нават не ўяўляю, як я змагу ўвогуле туды пайсьці. Невыносна цяжка. Магу сказаць, што баюся, ня дай Божа, стаць жорсткім. Таму што жорсткасьць нараджае жорсткасьць. А я заўсёды верыў, што толькі дабро ўратуе сьвет. І любая прамова, якую я там скажу, яна будзе скіраваная толькі на дабро. Не хачу быць жорсткім нават у адносінах да забойцы…"

Карэспандэнт: "Спачатку меркавалася, што суд над меркаванымі тэрарыстамі пройдзе ў закрытым рэжыме. Ці правільна, што працэс урэшце будзе адкрытым?".

Па цяперашнім курсе яшчэ хопіць, але калі курс падымецца, то трэба будзе зноў прасіць аб дапамозе

"Канечне, правільна. Няхай людзі самі рассудзяць, таму што ўсё гэта… Калі шчыра, ня ведаю, як я заўтра ступлю туды. Цяжка сабе ўяўляю. Яшчэ раз паўтару, што баюся зьяўленьня ўласнай жорсткасьці, бо жорсткасьць цягне за сабой жорсткасьць. І калі мы будзем жорсткімі ў адносінах да людзей, то гэта, зноў жа, будзе працягам жорсткасьці. Я думаю менавіта так, нягледзячы ні на што. Хоць мне і вельмі цяжка".

Адразу пасьля трагедыі ўлады паабяцалі ўсялякую падтрымку пацярпелым і сем'ям загінулых. Але падзеі паказалі, што каб не дапамога неабыякавых людзей, дзяржаўнай дапамогі не хапіла б на самыя элемэнтарныя лекі, ня кажучы пра пратэзы ці складаныя апэрацыі.

Сем'і загінулых атрымалі па 35 мільёнаў рублёў. Пацярпелыя зь калецтвамі пашкоджаньнямі — па 100 базавых велічынь, зь меней цяжкімі — па 50, зь лёгкімі — па 20 базавых лелічыняў. 1 базавая велічыня – 35 тысячаў рублёў.

Агулам матэрыяльная дапамога 313 пацярпелым і сем'ям 15 загінулых зь бюджэту склала 1 мільярд рублёў.

Нашмат больш грошай сабралі звычайныя беларусы — больш за 4,5 мільярда рублёў паступіла на дабрачынныя рахункі Менгарвыканкаму. Максымальная сума дапамогі склала 164,5 мільёна рублёў, столькі атрымалі чатыры чалавекі — інваліды І групы, якія маюць патрэбу ў пратэзаваньні. Астатнюю дапамогу разьмеркавалі наступным чынам: сямейнікам загінулых — па 50 мільёнаў рублёў непаўналетнім дзецям, па 25 мільёнаў — паўналетнім; удаве — 25 мільёнаў, а ўдаве, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку — 50 мільёнаў; 100 мільёнаў — круглай сіраце. Маці загінулых атрымалі па 25 мільёнаў.

26-гадовы мянчук Яраслаў Пясецкі ад выбуху ў мэтро страціў абедзьве нагі, атрымаў апёкі. Каб набыць пратэзы, неабходна некалькі дзясяткаў тысяч эўра. Пасьля сёньняшняга чарговага абвалу рубля невядома, ці хопіць на гэта сродкаў, сабраных усёй грамадой.

"Зараз Яраслаў у Аксакаўшчыне, на рэабілітацыі, але на выходныя ўжо зьбіраецца дадому. Увогуле трэба сказаць, што ён трымаецца, малайцом", – гаворыць Вераніка Пясецкая, сястра Яраслава.

Карэспандэнт: "Дапамогу зь Менгарвыканкаму вам ужо пералічылі. Ці хопіць грошай на пратэзаваньне?".

"Па цяперашнім курсе яшчэ хопіць, але калі курс падымецца, то трэба будзе зноў прасіць аб дапамозе. Але мы заручыліся падтрымкай Чырвонага крыжа, таму, спадзяюся, зробім тое, што трэба. Наколькі мне вядома, наш пратэзны завод замаўляе нямецкія дэталі, зьбірае тут і ставіць".

Карэспандэнт: "На суд зьбіраецеся ісьці?"

"Не, мы ня пойдзем. Мы напісалі адмову. Позва была, але ў прынцыпе сэнсу няма ісьці туды. Калі б наша прысутнасьць што-небудзь вырашала — то так. Але па сутнасьці нічога ўжо ня зьменіцца".

Апроч таго, з ахвяраваных сродкаў пацярпелыя зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі атрымалі па 25 мільёнаў рублёў, зь меней сур'ёзнымі раненьнямі — па 6 мільёнаў 650 тысяч, зь лёгкімі пашкоджаньнямі — па 1 мільёне 50 тысяч. Усяго сродкі дабрачынных ахвяраваньняў меўся атрымаць 331 чалавек, аднак пазьней высьветлілася, што некаторыя былі адбракаваныя з прычыны "лёгкасьці пашкоджаньняў, якія не ўяўляюць пагрозы здароўю".


Сваякі абвінавачаных у тэракце зьбіраюцца на суд


Маці Ўладзіслава Кавалёва па-ранейшаму ня верыць у вінаватасьць сына і вельмі спадзяецца, што на працэс змогуць трапіць незалежныя журналісты. Бацькі галоўнага падазраванага Дзьмітрыя Канавалава кантактаў з прэсай пазьбягаюць, іх увесь час ахоўваюць міліцыянты ў цывільным.

Маці абвінавачанага па справе аб тэракце ў мэтро
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:07 0:00
Наўпроставы лінк


Любоў Кавалёва зьбіраецца стаяць пад дзьвярыма Дома правасудзьдзя, дзе 15 верасьня распачнецца працэс над двума віцебскімі хлопцамі, абвінавачанымі ў арганізацыі тэракту 11 красавіка, яшчэ з самай раніцы. Кавалёвай паведамілі, што трапіць у залю можна будзе толькі паводле "жывой чаргі" і пусьцяць толькі тых, для каго хопіць месца.

У тое, што яе сын датычны да арганізацыі тэракту, яна па-ранейшаму ня верыць, але судовага выраку чакае зь вялікім страхам: "Я ўзрадавалася, калі сказалі, што суд будзе адкрыты. Зьявілася надзея. Але потым пачула, як усё гэта робіцца… Вунь на "Хартыі" выклалі зьвесткі пра нашага судзьдзю, дык я ў жаху!".

Любоў Кавалёва спадзяецца, што ў суд трапяць і незалежныя журналісты: "Зь незалежных газэт каб былі — каб інфармацыя ў прэсе была. Бо ў "Советской Белоруссии" пішуць толькі тое, што трэба ім!"

Маці абвінавачанага Ўладзіслава Кавалёва нядаўна дамаглася спатканьня з сынам. Паводле яе высноваў, ён настроены адстойваць сваю невінаватасьць. Пра гэта ж ён піша і ў апошніх лістах.




Вывелі Дзімку ў масцы, усё панавокал ачапілі
Бацькі Канавалава на кантакт з прэсай ня йдуць, а маральны стан маці, паводле слоў Любові Кавалёвай, надзвычай прыгнечаны: "Гэта проста ня ведаю як жахліва! Я да яе схадзіла на працу, паспрабавала пагаварыць. Мы трошкі паразмаўлялі — яна сказала, што ні лістоў, нічога ад сына не атрымлівае… І больш ня стала размаўляць, сказала, што ёй муж забараняе кантактаваць".

Жыцьцё сям’і Канавалавых праходзіць пад кругласуткавай міліцэйскай вартай. Каля крайняга пад’езду пяціпавярховай хрушчоўкі на вуліцы Рэпіна, дзе яны жывуць, увесь час дзяжурыць міліцэйская машына, прыпаркаваная ітаральна пад вокнамі. Ахова суправаджае Канавалавых на працу і нават выгульваць сабаку.

"Ахова, нават па двое. І без машыны бывала, і пад дажджом. А калі тым нікуды йсьці ня трэба, дык з ахоўнікамі дамовяцца, і тыя самі кудысь сыходзяць. А якое тут было відовішча, калі праводзілі сьледчы экспэрымэнт! Прыехалі тры аўтобусы, аўтазак, ці як ён завецца. Вывелі Дзімку ў масцы, усё панавокал ачапілі, нам туды нельга прайсьці, сюды нельга. Адным словам, пэўны час мы былі ад усяго адрэзаныя", – распавядае сусед Канавалавых.


Выбух у менскім мэтро: фота і відэа “Свабоды”





Выбух на Кастрычніцкай. Ахвяры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00
Наўпроставы лінк


2-я менская бальнiца. Пасьля выбуху
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:34 0:00
Наўпроставы лінк


Акцыя памяці ахвяраў трагедыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG