Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля дзірачак у гісторыі


На бальконе ў кватэры Освальда
На бальконе ў кватэры Освальда
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Марына выключыла ўсюды сьвятло. Освальд узяў ліхтарык. Яны падышлі да электралічыльніка. Колца круцілася.

– Нашу кватэру праслухоўваюць!

Аднак нават праз тры дзесяцігодзьдзі пры сустрэчы з Мэйлерам Марына не была цалкам упэўненая, чаму Освальд так сказаў. Можа, ён проста забаўляўся, драматызаваў сытуацыю. Насамрэч не была цалкам упэўненая і яна сама. Падазрэньне выклікала шчыліна над лямпай у столі, але яна была так высока, што ніхто туды не зазірнуў.*

Калі дакладна пачалося падслухоўваньне кватэры Освальда, Мэйлеру не сказалі. Першыя расшыфроўкі падслуханых КДБ размоваў, якія атрымаў Мэйлер, датуюцца сярэдзінай ліпеня 1961-га.

У гэтых архіўных дакумэнтах, аформленых паводле стандарту, Освальд менаваўся “Аб’ект: ОЛГ-2658”, пазначалася дата і час назіраньня, напрыклад “Дата: 24 ліпеня 1961” і “Час: 21:20”.

З расшыфроўкі падслухоўваньня КДБ

24.07.61
21:20

Жонка: Алік! Паслухай, я забылася адпрасаваць прасьціны. Алік! Паглядзі, як гараць мае вушы!

(жартуюць і сьмяюцца)

ЛГО: Неблагія песьні сьпяваюць.

Жонка: Праходзіць нейкі фэстываль. Усе едуць у Маскву, і людзі могуць гаварыць, што хочуць. Раней нічога нельга было казаць: ні на вуліцы, ні ў трамваі, ні ў тралейбусе. Калі Сталін быў жывы, у кожным доме быў мікрафон і нічога нельга было казаць. Цяпер іншая рэч.

ЛГО: Так, так, сястра мая.


Наўрад ці магнітафон КДБ быў падключаны да электраправодкі ў кватэры Освальда. Маглі застацца ўключанымі іншыя электрапрылады. Але выснова была слушная.

Абмяркоўваць ад’езд у Амэрыку і справы сваякоў жыхары кватэры пачалі на бальконе; туды ж з цыгарэтай пагаварыць выходзілі асьцярожныя госьці.

Столь у кватэры Освальда
Праз трыццаць гадоў сябар Марыны Аляксандар Піскалёў узгадваў, як аднойчы пасьля вечара ў кватэры Освальдаў ён вярнуўся дадому, а там чакала машына каля пад’езду. Прывезьлі ў жоўты дом з калёнамі, адвялі ў сутарэньне. Яму пракруцілі магнітафонны запіс гутаркі, якая толькі што адбылася, і сказалі быць гатовым падрабязна інфармаваць КДБ. Дахаты ён вяртаўся пешкі. Мэйлер піша, што Піскалёў і яго сябры амаль перасталі сустракацца – бо ўсе патрапілі ў такую сытуацыю і не хацелі даносіць адзін на аднаго.

Мэйлер скардзіцца, што ў расшыфроўках праслухоўваньня, якія яму выбарачна давалі, усё часьцей пачала сустракацца пазнака “неразборліва”, “гучнае радыё”, “не чуваць”. На кухні мікрафоны запісвалі водаправод. Часам Марына сама ня чула Освальда, і тады ён мусіў крычаць, каб перакрыць радыё, уключанае на поўны гук, ці ваду, якая пад напорам біла ў чыгунную кухонную чарупіну.

Мэйлеру патлумачылі, што спачатку праслухоўваньне вялося з кватэры зьверху. Затым з суседняй кватэры была прабітая дзірачка для візуальнага назіраньня.

Сьцяна-перагародка ў кватэры Освальда
Невядома, ці мікрафоны КДБ падхапілі фразу Освальда, калі той у цемры, асьветленай толькі ліхтарыкам, драматычна ўсклікнуў – нас праслухоўваюць!

Калі так, невядома, ці расшыфроўшчык пачуў яе на стужцы.

Калі так, невядома, ці запісаў.

І невядома, што больш пацешыла КДБ – гэтая фраза ці меркаваньне, што пасьля Сталіна падслухоўваць перасталі.

Освальдаў ня толькі падслухоўвалі, за імі ня толькі сачылі на вуліцы, ня толькі іх знаёмых прымушалі інфармаваць пра пачутае, ня толькі іх пошту чыталі – за імі падглядалі.

У дзірачку.

Як з гонарам патлумачыў Мэйлеру генэрал “Ігар”, з выкарыстаньнем найноўшай тэхналёгіі – аптычнага валакна дыямэтрам 1/100 мілімэтра.**

Аптычнае валакно тады толькі зьявілася і не фігуравала нават у фільмах пра Джэймса Бонда. У 1963-м у фільме “З Расеі зь любоўю” герой назірае за падзеямі ў офісе савецкай амбасады з дапамогай пэрыскопа, зьнятага з падлодкі.

У дзірачку глядзелі, як піянэры ў грамадзкай прыбіральні. Нават калі і праз шкло якое.

Свайго ж падводнага флёту ў БССР не было.

------------------------------------------
*Суседзі зьверху, Мая і Сямён Гярцовічы, расказвалі на пачатку 1990-х журналістам, што на некалькі дзён вызвалілі сваю кватэру для КДБ. Мяркуецца, што тады і была ўсталяваная апаратура.

**Савецкі перабежчык палкоўнік КДБ Алег Гардзіеўскі апісвае падобную апэрацыю сачэньня ў Маскве за палкоўнікам ГРУ Алегам Пянькоўскім, што працаваў на брытанцаў і амэрыканцаў, якраз у той самы час, што і за Освальдам у Менску. Жыхароў зьверху выправілі ў адпачынак на мора, прасьвідравалі дзірку ў столі і паставілі камэру памерам з галоўку шпількі, з дапамогай якой пабачылі працу Пянькоўскага з фотаапаратам і шыфрамі. Тут істотна, што запісваць відэа тады яшчэ не маглі, таму назіраньне вялося ў рэжыме рэальнага часу, дзеля чаго сям’ю зьверху і адправілі аж на Чорнае мора. Суседзяў Освальда выселілі толькі на пару дзён.

Чарговы гістарычны абэртон: беларускую вайсковую акругу, від на штаб якой адкрываўся з кватэры Освальда, на пачатку 1960-х узначаліў генэрал Валянцін Пянькоўскі, які, як сьцьвярджаў Алег Пянькоўскі, быў ягоным дзядзькам.




Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG