Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Дашкевіч

Субота 25 люты 2017

Архіў

Алег Дашкевіч

Алег Дашкевіч

Інтэрнэт, перадусім спартовы ягоны сэгмэнт, чарговы раз згадвае знакамітую перамогу беларускай зборнай над зорнай швэдзкай камандай у чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці.

Аказваецца, пятнаццаць гадоў мінула ўжо.

Я не вялікі аматар сьвяткаваць колішнія перамогі, але матч Беларусь — Швэцыя ў ноч з 20 на 21 лютага 2002 году, стаіць у маёй памяці асабняком.

Праглядаю галы й найлепшыя моманты гэтай вызначальнай для беларусаў гульні й згадваю сьветлае памяці свайго сябра Юру Бушлякова, зь якім мне пашчасьціла назіраць гэтую хакейную фэерыю.

Глядзець алімпійскі чвэрцьфінал 2002 мы дамовіліся загадзя. Юра затэлефанаваў з Прагі, дзе працаваў на Радыё Свабода, сказаў, што прыедзе й запрасіў у госьці.

Гэта была традыцыя, Юра вяртаўся ў Менск, і калі была нагода паглядзець добрыя спартовыя спаборніцтвы, Лігу чэмпіёнаў альбо які іншы турнір, за ягоным сталом зьбіралася кампанія заўзятараў, дзе апроч галоўнай падзеі заўжды прысутнічала тэма беларускае мовы.

Прыходзілі Валерка Булгакаў, Зьміцер Саўка, Глеб Лабадзенка й іншыя , але ў той вечар перад сталом і тэлевізарам мы былі ўдвох.

Юра любіў і ўмеў ладзіць такія сустрэчы. Стол, як заўжды, быў «пышным».

Гульня пачыналася глыбокім вечарам і мы, памятаючы пра позьні час, спачатку стараліся, каб эмоцыі не выплёскваліся занадта гучна, дый, па шчырасьці, ня дужа верылі, што наша зборная здольная на сюрпрыз.

Усё пачалося, калі Алег Раманаў у меншасьці аднавіў лік пасьля даволі хутка прапушчанай ад швэдаў першай шайбы.

Стала відаць, што беларусы выйшлі не адбыць нумар, што будзе інтрыга, настрой на полі перадаўся й нам.

Прасякнуўшыся напружанай дзеяй на лёдзе, мы нават забылі пра стол.

У Юры была юнацкая мара стаць спартовым камэнтатарам. Я пэўны, што калі б ён сапраўды захацеў, то безумоўна стаў бы ім.

І ў той гульні гэтая ягоная нутраная жарсьць праявілася як ніколі. Бушлякоў выдатна разумеў, што адбываецца на полі і, нягледзячы на высокія эмоцыі, пасьпяваў рабіць вельмі трапныя й тонкія заўвагі.

Беларусы выходзілі наперад, мы нема раўлі, радуючыся забітай шайбе, у пакой залятала Юрава маці спадарыня Элеанора і з застыглым на твары жахам чарговы раз нагадвала, каб мы супакоіліся, бо суседзі выклічуць міліцыю.

Але калі швэды чарговы раз у апошнім пэрыядзе дагналі нашых, зрабіўшы лік 3—3, я сумеўся:

— Усё, казкі не атрымаецца.

Юра маўчаў.

Так бывае, калі нарэшце ўсталёўваецца статус-кво паміж рознымі паводле клясы камандамі, і больш высокая, нарэшце, даціскае дзёрзкага апанэнта.

Але гэта быў беларускі дзень. Юрава маўчаньне аказалася прарочым.

Гол Уладзімера Копаця за пару хвілін да фінальнага сьвістка павергнуў у стан шоку не адно швэдзкага брамніка Томі Сала.

Тая кур'ёзная, але заслужаная шайба на імгненьне зрабіла шчасьлівымі ня толькі нас зь Юрам.

Спадарыня Элеанора ўжо не выходзіла з нашага пакою да фінальнае сырэны, захопленая энэргетыкай таго, што адбывалася ў тэлевізары.

Прасіць нас быць цішэйшымі было дарэмна, бо з-за сьценкі й зь ніжэйшага паверху рэфрэнам гучала — ура!

Калі мы выйшлі на зімовы гаўбец трошкі астыць ад эмоцый, быў ужо добры пачатак 21 лютага, але ў палове вокнаў Юравага дому гарэла сьвятло й на розныя галасы грымела тая самая радасьць перамогі.

Пышны стол, які мы пасьля ў згадках нярэдка называлі «швэдзкім», імкліва пазбаўляўся сваёй пышнасьці пад тосты шалёнай пэрыядычнасьці: за перамогу, за характар, за нашых хакеістаў, за Жыве Беларусь!

Першае, што я ўбачыў, калі, вяртаючыся дадому, выйшаў на начны праспэкт — імклівы палёт з усёй уключанай ілюмінацыяй срэбнага джыпа Honda Pilot, з адкрытых вокнаў якога вецер вырываў вялізны бела-чырвоны-белы сьцяг.

Ёсьць месцы, якія ты згадваеш зь вялікай цеплынёй, бо там панавала такая незвычайная правільная атмасфэра.

Прыкра ад таго, што гэтых месцаў зь цягам часу для цябе становіцца ўсё меней.

Сустрэчы ў Юры Бушлякова былі з гэтага шэрагу, і фінал таго хакейнага матчу 2002 году перадусім для мяне — дадатковая нагода згадаць свайго добрага сябра.

Наша ўзяла!

Алег Дашкевіч

Алег Дашкевіч

Адзін мой сябра, канапны аматар спорту й беларускі патрыёт, гадоў дзесяць таму падзяліўся сваімі марамі наконт нашых спартоўцаў.

Маўляў, вось бы каб хтосьці зь іх пасьля перамогі на якіхсьці буйных спаборніцтвах узяў ды падняў угору ў момант ганараваньня на п'едэстале бела-чырвона-белы сьцяг. Вось быў бы ўчынак.

— Як ты гэта ўяўляеш, — запытаўся я.

Чалавек працуе ў сыстэме дзяржаўнага спорту. Альтэрнатывы ў яго няма. Гэта ягоны хлеб, ягоная спартовая кар'ера, па-за якой ён амаль нічога ня мае, за якой стаяць гады напружанае працы, на якой трымаецца ягоная сям'я. Ён робіць такі яскравы ўчынак, яго пару тыдняў паказваюць усе незалежныя мэдыі. А пасьля?.. Які б ён ні быў фантастычны чэмпіён, пасьля такога ўчынку ён губляе ўсё.

— Так? — пытаюся ў сябра.

— Ну так, але... — сумняецца й ня хоча пагаджацца сябра, шукаючы іншыя аргумэнты. — А раптам усё б атрымалася і ён бы натхніў на перамогу мільёны?

— Ты верыш у раптоўныя перамогі, — у сваю чаргу пытаюся я. Пасьля дадаю: вось ты працуеш на паважную незалежную арганізацыю, атрымліваеш нармальны па нашых мерках заробак, у цябе ёсьць сякая-такая пэўнасьць — чаго спадзявацца й на што разьлічваць.

Але табе далёка ня ўсё падабаецца, што там адбываецца. Ты можаш узяць паходню й яскрава асьвяціць тое, што табе не падабаецца ў тваёй арганізацыі, ведаючы, што вялікая імавернасьць выскачыць са сваёй канторы ў нікуды?

Ты хоць раз рабіў такія яскравыя ўчынкі? Раптам ты б натхніў на перамогу астатніх незадаволеных, — зноў пытаюся я.

Гэтым разам сябра маўчыць. Глядач і ўдзельнік іпастасі розныя.

У кожнага ўчынку свая матывацыя, свой час і свае наступствы. Але адна акалічнасьць вельмі важная — прага перамогі.

Перамогу трэба вытрываць. Пераможцы, асабліва ў нашай рэчаіснасьці й пад нашым сьцягам, людзі адзінкавыя.

Ня вытрымаў, сарваўся, схібіў і ты ўжо па-за гульнёй. Імя такіх шукальнікаў перамогі — легіён.

Нядаўна тай-баксэр Віталь Гуркоў, выйграўшы прэстыжны турнір у Кітаі, зрабіў тое, чаго так прагнуў мой сябра. Пасьля пераможнага фіналу на рынгу падняў над галавой нацыянальны беларускі сьцяг.

Мы памятаем, як чыноўнікі ад спорту ніякавелі ад ягоных згадак пра нацыянальныя сымбалі ў прэсе.

Як хаваліся ў далонькі ад ягонага ўдзелу ў складзе міхалкоўскага Brutto.

Як падступным чынам спрабавалі вывесьці яго са складу нацыянальнай каманды перад чэмпіянатам сьвету ў Швэцыі, дэкляруючы, што ў фэдэрацыі проста няма грошай на ягоную паездку.

Як гэтыя няшчасныя грошы знайшліся адразу пасьля таго, як народ імгненна назьбіраў суму, неабходную для паездкі.

Як, нарэшце, Гуркоў чарговы раз перамог на тым швэдзкім чэмпіянаце.

Жыцьцё нашмат мудрэйшае, чым мы пра яго ўяўляем. Каб быць пераможцам у Беларусі трэба жыць доўга, не здраджваць сваім прынцыпам і быць перакананым у сваёй перамозе.

Сёньня тыя самыя чыноўнікі ласкава запрашаюць Віталя Гуркова ў склад зборнай перад хатнім чэмпіянатам сьвету.

У іх не ўзьнікае ніякіх пытаньняў да Віталя пасьля дэманстрацыі ім нацыянальнага сьцяга на кітайскім рынгу. Зьніклі псыхалягічныя траўмы ад ягонага ўдзелу ў канцэртах Brutto, ужо на беларускіх пляцоўках. Без праблемаў знаходзяцца рэсурсы, што для ягонай падрыхтоўкі да турніру.

Гуркоў не згубіўся б у жыцьці, нават калі б падняў нацыянальны сьцяг дзесяць гадоў таму, але ці мелі б мы гэтую прыўкрасную гісторыю перамогі прыватнага чалавека над сыстэмай? Думаю, не.

Але зараз мы маем гісторыю, якая з поўным правам мае перарасьці ў легенду.

Дзеля таго, каб перамагаць, трэба быць пераможцам.

Шчыра жадаю Гуркову перамогі на хатнім чэмпіянаце сьвету.

Як напісаў Віталь у сваім фэйсбуку — «Наша возьме!»

Возьме, Віталь!

Прынамсі ў гісторыі аднаго прыватнага спартоўца наша ўжо ўзяла.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG