Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Рэгак: “Кошт шэнгенскіх візаў абмяркоўваць зь Беларусьсю дачасна”


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі (а гэтыя функцыі выконвае славацкая амбасада) заявіла, што зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў залежыць ад агульнага супрацоўніцтва ў палітыцы эўрапейскага добрасуседзтва.

Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валер Варанецкі заявіў у Брусэлі, што “Беларусь выступае за адмену штучных тарыфных абмежаваньняў і за спрашчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам”.

Гэтую заяву для Радыё Свабода пракамэнтаваў часова павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак:

“Эўразьвяз вітае ініцыятывы Беларусі аб пашырэньні супрацоўніцтва. Але пытаньне зьніжэньня кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў зьвязанае з агульным супрацоўніцтвам у палітыцы эўрапейскага добрасуседзтва, бо яно зьяўляецца часткай гэтай палітыкі”.

У гэтым рэчышчы адбываюцца перамовы, да прыкладу, з урадамі Ўкраіны, Малдовы, а таксама Расеі, зь якой у Эўразьвязу асаблівыя ўмовы партнэрства і супрацоўніцтва.

Спадар Рэгак заявіў:

“Таксама і з Расеяй праходзіць шырокі дыялёг ва ўсіх сфэрах інтарэсу двух бакоў. І чакаецца, што грамадзяне Ўкраіны, Расеі ці Малдовы і пасьля пашырэньня Шэнгену будуць плаціць меншы кошт за шэнгенскія візы — 35 эўра.

У Беларусі гэта пытаньне абмяркоўваць насамрэч дачасна. Бо ўрад і хоча далучацца да эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, і ў той самы час працягвае весьці ўнутраную палітыку, якую Эўразьвяз, і ня толькі ён, крытыкуе. Эўразьвяз — гэта супольнасьць каштоўнасьцяў.

І цяпер мне цяжка ўявіць, што пачнуцца перамовы па візах з уладай, якая перасьледуе, затрымлівае сваіх грамадзянаў, абмяжоўвае іх канстытуцыйныя правы, падтрымлівае антыэўрапейскую прапаганду ў дзяржаўных СМІ, не паважае права грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, не вызваляе палітвязьняў і гэтак далей”.

Паводле спадара Рэгака, застаюцца ў сіле дванаццаць прапановаў Эўразьвязу да Беларусі. І афіцыйны Менск мусіць выконваць іх у тым аб’ёме, які б задаволіў Эўразьвяз. Пра ініцыятыву афіцыйнага Менску пачаць перамовы спадар Рэгак сказаў:

“Зрабілі прапанову пачаць перамовы, але толькі, як яны кажуць, у тэхнічным пытаньні візаў. Але візы — гэта не тэхнічнае пытаньне. Гэта частка палітыкі добрасуседзтва. Так што нельга сказаць, што мы пачнем перамовы пра візы, нічога ня робячы ў іншых сфэрах супрацоўніцтва. А супрацоўніцтва — яно двухбаковае”.

У амбасадзе Польшчы ў Беларусі паведамілі, што Польшча пачынае працаваць па правілах шэнгенскага пагадненьня 1 лістапада. Калі сытуацыя не памяняецца, то візы для беларусаў будуць каштаваць 60 эўра.

Прэс-сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўская сказала:

“Рашэньне наконт кошту візаў — гэта не рашэньне Польшчы, а рашэньне Эўразьвязу. Так што размова павінна ісьці з Эўразьвязам”.

• Шэнгенская зона набліжаецца да Беларусі, 21.06.2007

• Пасол Літвы: Беларусі варта пачаць перамовы з Эўразьвязам наконт кошту візаў, 25.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG