Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці былі “прададзенымі” гульні беларускай футбольнай зборнай?


Уладзімер Глод, Менск Праваахоўныя органы Беларусі падалі ў вышук на Валерыя Шанталосава (фота) – былога галкіпера нацыянальнай футбольнай каманды Беларусі. Яго абвінавачваюць у подкупе некаторых гульцоў. Былы брамнік, як лічаць у пракуратуры, забясьпечыў неабходны вынік у двух гульнях адборачнага этапу чэмпіянату Эўропы 2004 году. Неабходны – для буйных гульцоў-махляроў на спартыўным таталізатары.

Кажуць, што шукаць Шанталосава трэба ў Навасібірску, дзе ён трэніруе брамнікаў мясцовага клюбу “Сибирь” зь першай расейскай футбольнай лігі. Але ў “Сибири” цьвердзяць, што сярод супрацоўнікаў клюбу такога чалавека няма.

У.Беражкоў: “Шанталосаў мае некалькі пашпартоў”

Магчыма, Шанталосаў ужо кудысьці зьехаў. Тым больш, што Ўладзімер Беражкоў, галоўны рэдактар беларускай спартовай газэты “Прессбол”, сёньня ў інтэрвію нашаму Радыё сказаў, што ў Шанталосава, наколькі яму вядома, не адзін, а некалькі пашпартоў:

“Ён грамадзянін Беларусі, прапісаны ў Менску. Мае некалькі пашпартоў. Ён уваходзіць у добра арганізаваную групоўку. З адным пашпартам ён выяжджае на Кіпр, з другім – жыве ў Расеі, з трэцім – прыяжджае ў Беларусь”.

Ці ўзялі футбалісты грошы – невядома, але патрэбны вынік быў...

Менавіта з артыкулу “Апэрацыя Крот” Уладзімера Беражкова ў сьнежні 2004 году і пачалася гэтая гісторыя. На падставе аўдыязапісаў размоваў і тэлефонных перамоваў сьцьвярджалася, што матчы каманды Беларусі з Чэхіяй і Малдовай былі дамоўленымі, іншымі словамі, несумленнымі.

У артыкуле пісалася: у спартыўны лягер “Стайкі”, дзе трэніраваліся беларускія футбалісты, прыехаў чалавек, якога газэта назвала “вядомым футбалістам Ш” разам зь “вядомым расейскім спартовым журналістам П”. Яны прапаноўвалі грошы футбалістам, каб тыя прайгралі матчы зь неабходнай розьніцай забітых і прапушчаных мячоў: “мінус 2” супраць чэхаў, і “мінус 1” супраць малдаванаў.

Ці ўзялі грошы футбалісты – невядома, але Чэхіі беларусы прайгралі 1:3, а Малдове – 1:2. Менавіта так, як і было патрэбна.

А.Алейнікаў: “Гэта першая такая судовая справа на тэрыторыі былога СССР”

Артыкул разьбіралі на паседжаньні выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу. А ўсе матэрыялы газэта перадала ў пракуратуру. Падпалкоўнік міліцыі Аляксандар Алейнікаў, які цяпер знаходзіцца на пэнсіі, два гады таму і распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафэсійных спартовых спаборніцтваў і камэрцыйных конкурсаў» Крымінальнага кодэксу. Сёньня ў інтэрвію нашаму Радыё Аляксандар Алейнікаў сказаў:

“Я прыхільнік таго, што, калі ёсьць закон, яго патрэбна выконваць. Гэта ж першая такая судовая справа на тэрыторыі былога СССР. І патрэбна, каб яна дайшла да лягічнага заканчэньня. Яны там назвалі прозьвішча чалавека, якога абвінавачваюць. Я сабе такога не дазволіў”.

Тут патрэбна тлумачэньне. Прозьвішча Шанталосава названае ў газэце «На страже» – афіцыйным органе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Менавіта тут надрукавалі інтэрвію з начальнікам сьледчага ўпраўленьня папярэдняга расьсьледаваньня сталічнай міліцыі Генадзем Казакевічам, які і сказаў, што «вядомы футбаліст Ш» гэта і ёсьць Валер Шанталосаў. Ёсьць падазрэньне, што ён дзейнічаў на карысьць расейскіх махляроў.

“Беларускі футбол не зусім чысты, але ён чысьцейшы за расейскі”

Уладзімер Беражкоў сказаў сёньня Радыё Свабода, што ён вельмі спадзяецца, што гэтая справа дойдзе да суду:

“Калі чалавек будзе асуджаны, нават калі ён не будзе асуджаны, але суд адбудзецца, дык і гэта будзе для нас вялікім-вялікім маральным стымулам для далейшай працы ў жанры журналісцкіх расьсьледваньняў і пошуку вострых тэмаў. Хлопцы адчуюць, што яны працуюць нездарма”.

А ці існуюць дамоўленыя гульні ў беларускім чэмпіянаце? Вось што як адказвае на гэтае пытаньне спартовы журналіст, у мінулым – прэсавы сакратар футбольнага клюбу “Дынама” (Менск) Сяргей Аляхновіч:

“Калі гэтая справа ўзьнікла, дык можна ўявіць сабе, што і беларускі футбол не зусім чысты. Але ён чысьцейшы за расейскі ці нейкія іншыя чэмпіянаты з прычыны таго, што не такія вялікія грошы круцяцца ў нашым футбольным пяршынстве. Я мяркую, што выпадкі такія ёсьць. Але каб іх расшыфраваць, каб выцягнуць крата з-пад зямлі, патрэбна вельмі шмат намаганьняў”.

Пасьля пройгрышу футбольнай зборнай Беларусі Баўгарыі месяц таму (0:2), румынскае выданьне “ProSport” абвінаваціла беларусаў, што за пройгрыш ёй заплаціў бізнэсовец з Ізраілю Міхаіл Чорны – былы грамадзянін СССР. Ён укладаў значныя грошы ў футбол Баўгарыі. Аднак доказаў у румынскага выданьня не было. Каманды Румыніі ды Баўгарыі выступаюць у адной групе зь беларусамі і спаборнічаюць паміж сабою за пуцёўку на фінальную частку чэмпіянату Эўропы.


Судзьдзю НБА падазраюць у гульнях на таталізатары, 25.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG