Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балет “Легенда пра Ўленшпігеля” сыгралі ў соты раз


Юлія Шарова, Менск Сёньня Беларускі тэатар балету зладзіў соты паказ спэктаклю “Легенда пра Ўленшпігеля”. Гэта адзіны на сёньня тэатральны твор Яўгена Глебава, які мае сцэнічнае жыцьцё ў Беларусі. “Тыль” карыстаецца гэткай самай папулярнасьцю, які і клясычныя балеты, кшталту “Шчаўкунчыка” ці “Баядэркі”. За што беларускія гледачы любяць гэты балет?

Прэм’ера “Легенды пра Ўленшпігеля” Яўгена Глебава, альбо папросту “Тыля”, як часта называюць гэты спэктакль, адбылася ў Менску ў 1973 годзе ў пастаноўцы Атара Дадышкіліяні – гэтак званая першая рэдакцыя балета, які складаўся тады з трох актаў. Пазьней, у 1979 годзе новую пастаноўку на беларускай сцэне зладзіў Валянцін Елізар’еў. У 2004 годзе спэктакль аднавілі і ўдасканалілі.

У 1970-ыя гады правесьці на сцэну “Тыля” было няпроста: кампазытару давялося супрацьстаяць чыноўнікам ад музыкі, якія не разумелі, навошта пісаць балет на такі сюжэт. Дапамаглі толькі добрыя дачыненьні зь Пятром Машэравым, апавядае ўдава кампазытара Ларыса Глебава.

Глебава: “Калі ён толькі распачаў працу над гэтым балетам, усе яму задавалі пытаньне: а чаму ў Беларусі “Тыль”? Але калі тое ж самае пытаньне задаў Пётр Міронавіч Машэраў, да якога Яўген Аляксандравіч прыйшоў, каб папрасіць дазволу на тое, каб пісаць гэты балет і каб зь ім заключылі дамову. Яўген Аляксандравіч сказаў цудоўную фразу: “Бо кожны народ мае такога героя, як Тыль, але ня кожны народ мае Шарля дэ Кастэра, які так пра гэта напісаў”.

Народны артыст Беларусі Юры Траян таньчыў галоўную партыю ў першай вэрсіі спэктаклю ў пары зь вядомай балерынай Людмілай Бржазоўскай, народнай артысткай Беларусі. Аднак цяпер ён прызнаецца, што яму больш даспадобы другая вэрсія. Таму Юры Траян заўсёды з задавальненьнем прыходзіць паглядзець на новых Тыля й Нэле – Дзяніса Клімука й Вольгу Гайко.

Траян: “З майго пункту гледжаньня, гэты спэктакль нашмат цікавейшы. Больш сучасны, больш ляканічны, ярчэйшы. Вельмі моцны спэктакль. Я яго гляджу з задавальненьнем. Раней таньчыў з задавальненьнем, а цяпер гляджу з задавальненьнем”.

У свой час “Тыль” прайшоў шмат у якіх тэатрах былога Савецкага Саюзу, аднак нідзе спэктакль не затрымаўся гэтулькі надоўга, як у Менску. Беларускі балет па матывах раману Шарля Анры дэ Кастэра дагэтуль трымаецца ў рэпэртуары і зьбірае шторазу сама меней дзьве траціны залі. Гэта адзіны тэатральны твор Глебава, які па-ранейшаму граюць на радзіме кампазытара. А вось ідэя аднавіць “Альпійскай баляду” падтрымкі не знайшла.

Дырыгент Вячаслаў Воліч, які ажыцьцяўляў пастаноўку новай вэрсіі спэктаклю, называе партытуру “Ўленшпігеля” вельмі якаснай музыкай. Глебаў быў сапраўдным майстрам аркестравага пісьма й выдатным музычным драматургам. Унівэрсальнасьць ягонага кампазытарскага мысьленьня робіць “Уленшпігеля” зразумелым і папулярным, лічыць Вячаслаў Воліч.

Воліч: “Ён засяродзіў увагу ня толькі на нейкіх мясцовых тэмах, блізкіх кожнаму беларусу, але на тэму ўсясьветнага маштабу, унівэрсальных, якія зразумелыя чалавеку і ў Эўропе, і ў Азіі, і на іншых кантынэнтах. Бо каханьне й воля, свабода – гэта катэгорыі вечныя, безь якіх ніводзін чалавек ня можа існаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG