Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчыну Радзівілаў расьцягваюць на дровы (фота)


Радыё Свабода Сёлетняя зіма, магчыма, апошняя для Палаца Радзівілаў у Клецкім раёне. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры клясыцызму, якому б сьвяткаваць 215 гадоў, расьцягваюць цяпер на дровы. Адначасова вынішчаецца адна са старэйшых на Меншчыне трохкілямэтровая ліпавая алея, што засталася ад радзівілаўскіх часоў.

Былая сядзіба Радзівілаў, што за 10 кілямэтраў ад Клецка, мела спрадвечную назву Радзівілімонты. Новая на яе месцы – Чырвоная зорка – мусіла быць сымбалем сацыялістычных пераўтварэньняў. Палац стаў клюбам, флігель – сьвірнам. Стайню, бровар, адрыну, абору да гумны прыстасавалі пад кансэрвавы завод. У будынку канцылярыі, доме эканома і вартоўні і сёньня жывуць пэнсіянэры. Цяпер тутэйшыя расьцягваюць на дровы астатнюю спадчыну Радзівілаў: перадусім драўляныя сьцены славутага некалі палацу князёў. Гаворыць мясцовы жыхар Іван Новік.

Новік: “Крыўдна, што Палац разбураны. Цяпер у мясцовых уладаў адна задача – як бы хутчэй сьпісаць гэты будынак. Крыўдна, бо захаваўся парк з дрэвамі рэдкіх пародаў. Трэба аднавіць гэты будынак. Вядома, будзе каштаваць нейкія грошы, але гэта ўсё акупіцца”.

Пра мажлівасьць аднаўленьня палацу Радзівілаў запытваю ў дырэктара дзяржаўнай установы “Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Нясьвіж” Валерыя Сталярчука.

Сталярчук: “У Клецкім раёне нічога пра гэта ня чуў”.

Зьвяртаюся ў Менскі аблвыканкам. Нагадваю адказнай супрацоўніцы ўправы культуры Валянціне Макаравай пра разрабаваныя на дровы помнікі са сьпісу тых, што нібыта ахоўваюцца дзяржавай.


Маёнтак Радзівілімонты на Клеччыне быў заснаваны ў 1790-я гады. Князі Радзівілы з дапамогай італьянскага архітэктара К.Спампані пабудавалі новы палац замест спаленага швэдамі ў 1706 года княскага палаца ў Клецку. У 1875 годзе ў сядзібе жыла Марыя з Касьцялянаў, княжна Радзівілаў, якая заснавала парк Радзівілімонты. У другой палове ХІХ стагодзьдзя тут быў створаны буйны палаца-паркавы ансамбаль, які ўключаў: палац, два аднапавярховыя драўляныя флігелі, мураваную браму. Палаца-паркавы ансамбаль Радзівілаў ўнесены ў Сьпіс архітэктурна-гістарычных помнікаў. Ахоўваецца дзяржавай.



Макарава: “Мы ведаем, што існуе такі аб’ект. Пакуль няма ахвотнікаў ім займацца. Там вельмі вялікі аб’ём працы. Цяпер перадусім задача, каб ён не ўяўляў якую-небудзь пагрозу. Уборка тэрыторыі, кансэрвацыя Палаца – вось і усё”.

Яшчэ адна праблема ў Радзівілімонтах. У запаведнай алеі сьпілаваныя 20 дрэў запар. Як высьвятляецца, пра незаконную высечку ня ведае нават начальнік раённай інспэкцыі аховы прыроды Аляксандар Тупальскі.

Тупальскі: “Я праеду, гляну. Адразу яны атрымаюць штраф. Сёньня штрафы вялікія: 290 тысяч рублёў плюс кошт страты”.

Ураджэнец Клеччыны, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Леанід Дзейка гаворыць, чаму тут разбураныя маёнткі і фальваркі “Туча”, “Стралкава”, “Дунайчыцы”, “Янавічы” і “Радзівілімонты”.

Дзейка: “Памятаю ад самага дзяцінства ўсе аб’екты, што зьяўляюцца гістарычнай спадчынай, у тым ліку радзівілаўскай, у Клецкім раёне. Тое, што збудаванае прашчурамі, нішчыцца. Улада махнула на іх рукой. Яна гатовая ўкідваць вялікія грошы, наводзіць зьнешні глянец на гарады, дзе праводзяцца “дажынкі”, дзе ўсё гэта працуе на ідэалёгію, якая вызначае, хто ўсім гэтым клапоціцца, хто гэта робіць”.

Па водле Міністэрства культуры, толькі ў Менскай вобласьці на сёньня маюць патрэбу ў рэстаўрацыі больш як 110 былых палацаў, фальваркаў і гістарычных сядзібаў.

Фота: Былы парадны ўваход

Фота: Ліпавая алея сьпілаваная пад корань
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG