Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася падрыхтоўка да II Кангрэсу дэмакратычных сілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў зацьвердзіла старшынём аргкамітэту ў падрыхтоўцы чарговага Кангрэсу Аляксандра Бухвостава. Як пачалася падрыхтоўка да Кангрэсу? На гэтую тэму зь лідэрам закрытай Беларускай партыі працы Аляксандрам Бухвоставым гутарыў наш карэспандэнт.

Правядзеньне Кангрэсу заплянавана ў Беларусі на пачатак сакавіка. Дакладную дату мае зацьвердзіць палітычная рада аб’яднаных дэмсілаў. Падрыхтоўка да Кангрэсу зьвязаная зь мясцовымі выбарамі, якія адбудуцца 14 студзеня. Але ўжо вырашана ўва ўсе інфармацыйныя матэрыялы ўключыць лёзунг “Мы вернемся на плошчу Каліноўскага 19 сакавіка 2007 году а 20-й гадзіне”.

Чаму такія вялікія перапынкі, як яны паўплываюць на згуртаванасьць дэмакратычных сілаў?

(Бухвостаў: ) “Я думаю, што гэта пік працы новага аб’яднаньня дэмакратычных сілаў. Мы правядзем Кангрэс, кансалідуем сілы і, натуральна, у нас зьявіцца магчымасьць для рэалізацыі вось гэтага закліку, які падаецца за асноўны. Гэта азначае пераход у актыўную фазу барацьбы з рэжымам”.

Паводле Бухвостава, палітрада можа й наблізіць правядзеньне Кангрэсу. Але мясцовая выбарчая кампанія ідзе ўжо ў двух кірунках. Гэта найперш праца зь людзьмі пад лёзунгам “За свабоду!”, тлумачэньне задач апазыцыі. Адначасова фармуецца склад дэлегатаў Кангрэсу з тых людзей, якія набяруць пэўную колькасьць подпісаў пад агульным пасланьнем апазыцыі альбо падчас вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты ці сябрамі ініцыятыўных групаў і выбаркамаў.

(Бухвостаў: ) “Натуральна, патрабуецца праца для кансалідацыі. Да аб’яднаных дэмсілаў далучаюцца новыя вялікія партыі, такія, як БСДП (Грамада), якую ўзначальвае Аляксандар Казулін. Гэты час павінен быць скарыстаны для абуджэньня. Усё будзе адбывацца згодна з плянам. Кангрэс – гэта ня ўсё, чым займаюцца аб’яднаныя дэмсілы. Але Кангрэс мае стаць кансалідавальным форумам, які зможа разьвіць і прыняць усе вызначаныя праграмы. Яны будуць прынятыя дэмакратычнымі сіламі і будуць рэалізаваныя”.

Паводле Бухвостава, Цэнтральная назіральная камісія неўзабаве зоймецца фармаваньнем складу дэлегатаў Кангрэсу. Некаторыя мэдыі падалі, што яе старшынёй абрана актывістка ПКБ Алена Скрыган. Аднак сама Скрыган заявіла, што вылучэньне адбывалася безь яе ведама. Таму яна пакуль што не прыняла абавязкаў старшыні названай камісіі: вельмі многа цяпер унутрыпартыйнай працы.

Аляксандар Бухвостаў спадзяецца, што падрыхтоўкай другога Кангрэсу зоймуцца людзі, якія рыхтавалі й першы Кангрэс дэмакратычных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG