Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш кодэкс

Наш кодэкс

Дакладнасьць

Журналісты РС робяць усё магчымае, каб забясьпечыць дакладнасьць усіх матэрыялаў. Там, дзе наконт важных фактаў можа ўзьнікнуць сумненьне або супярэчлівыя меркаваньні, інфармацыя мусіць грунтавацца як найменей на дзьвюх незалежных адна ад адной крыніцах.

Журналісты РС не перадаюць і не публікуюць матэрыялаў, якія базуюцца на чутках або непацьверджанай інфармацыі.

Фактычныя памылкі выпраўляюцца як найхутчэй.

Бесстароннасьць

Інфармацыя падаецца ў кантэксьце фактаў, якія дапамагаюць разуменьню падзеяў і праблемаў і надаюць яснасьць без перакручваньня і прадузятасьці.

Журналісты падаюць супрацьлеглыя або адрозныя погляды ва ўсіх пытаньнях дакладна і збалянсавана. Калі прадстаўнікі боку, чые погляды важныя для збалянсаванасьці праграмы, адмаўляюцца выказацца для радыё, гэта належыць адзначыць у матэрыяле або артыкуле.

РС не залежыць ад ніякіх палітычных партыяў, кіруючых або апазыцыйных колаў, эмігранцкіх арганізацыяў, камэрцыйных або іншых арганізацыяў са спэцыяльнымі інтарэсамі, рэлігійных установаў, як у межах гэтак і па-за межамі краінаў, на якія скіраванае тэле- і радыёвяшчаньне РС (”Зона вяшчаньня”). РС не падтрымлівае і не прапагандуе ніякія канкрэтныя палітычныя, эканамічныя або рэлігійныя сьветаглядныя пазыцыі.

Усе перадачы і публікацыі павінны ўтрымліваць элемэнты базавай інфармацыі і тлумачэньня, якія дапамогуць аўдыторыі лепш зразумець значэньне і наступствы перадаванай інфармацыі. Журналісты ня могуць выказваць у інфармацыйных матэрыялах свае асабістыя погляды і меркаваньні.

Памяркоўны і паважны тон

Перадачы і публікацыі мусяць заўсёды захоўваць спакойны і памяркоўны тон і дэманстраваць прыклад цывілізаванага і разважлівага дыялёгу і павагі да правоў чалавека. Перадачы і публікацыі не павінны ўтрымліваць абразы па рэлігійных, этнічных, сацыяльна-эканамічных або культурных прыкметах у дачыненьні да любых асобаў або групаў, у іх мусяць вытрымлівацца агульнапрынятыя стандарты этыкету і густу.

Перадачы і публікацыі не павіны ўтрымліваць матэрыялы, якія могуць быць успрынятыя як падбухторваньне або заклік да гвалту. Асьвятленьне канфліктаў або іншых напружаных сытуацыяў мусіць быць збалянсаванае і абапірацца на факты.

Каштоўнасьці і рэдакцыйная палітыка

РС выступае ў падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека агульнапрынятых у дэмакратычных дзяржавах. Аднак РС не павінна прапагандаваць прыняцьце канкрэтных палітычных або заканадаўчых рашэньняў. У праграмах РС ня можа ўтрымлівацца агітацыя за або супраць кандыдатаў на выбарныя або прызначаныя пасады.

РС падтрымлівае права ўсіх народаў на самавызначэньне, як аб гэтым заяўлена ў Заключным акце Хэльсынкскай канфэрэнцыі аб бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе. Аднак у перадачах і публікацыях не павінна ўтрымлівацца прапаганда і падтрымка сэпаратызму і дзяржаўнага расколу.

РС падтрымлівае свабоду падарожжаў і міграцыі для ўсіх асобаў у адпаведнасьці зь міжнародна прызнанымі нормамі. Аднак у перадачах і публікацыях РС не павінна ўтрымлівацца заахвочваньне да ўцёкаў з краіны і эміграцыі.

Этыка

Штатныя супрацоўнікі і пазаштатныя карэспандэнты РС павінны захоўваць найвышэйшыя этычныя стандарты ва ўсіх сваіх учынках, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на пазьбяганьне любога канфлікту інтарэсаў або бачнасьці гэткага канфлікту ў сваіх дачыненьнях з асобамі, групамі, прадстаўнікамі палітычных або камэрцыйных інтарэсаў у межах або па-за межамі Зоны вяшчаньня. Штатныя супрацоўнікі і пазаштатныя карэспандэнты РС ні ў якім разе не павінны злоўжываць сваім публічным статусам або рэпутацыяй РС дзеля сваіх асабістых інтарэсаў або карысьці.

XS
SM
MD
LG