Форум

Вінцук Вячорка

Радыё Свабода
08.07.2008 18:19

У сераду 9 ліпеня а 13 гадзіне адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.
 
Вінцук Вячорка нарадзіўся 7 ліпеня 1961 г.

У 1983 годзе скончыў філялягічны факультэт БДУ, у 1986 асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З 1986 выкладаў у Менскім дзяржаўным пэдагагічным інстытуце (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт). З 1990 працаваў выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі. Намесьнік галоўнага рэдактара часопісу “Спадчына”.

Быў адным з заснавальнікаў “Майстроўні” (1979-1984 ), ініцыятараў стварэньня “Талакі” (1986-1989), з кастрычніка 1988 быў сябрам Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”. Намесьнік Старшыні БНФ (1995-1999, 2007 – г.ч.), з 1999 па 2007 – старшыня БНФ “Адраджэньне” і партыі БНФ (pbnf.org).

Неаднаразова арыштоўваўся і быў асуджаны за ўдзел у масавых акцыях.

Адзін з аўтараў Збору правілаў “Беларускі клясычны правапіс” (2005). Аўтар кнігі “Пра герб і сьцяг” (1993), разам з Пятром Садоўскім укладальнік “Чытанкі для дзіцячага сада” (1990).
 
У інтэрвію Радыё Свабода Вінцук Вячорка сказаў: “Беларускі Народны Фронт мае надзейны крытэр ацэнкі любой падзеі ці зьявы. Гэта - адпаведнасьць беларускім нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам. Так, выбух 4 ліпеня шкодзіць гэтым інтарэсам. Не на карысьць нашым нацыянальным інтарэсам далейшае знаходжаньне А.Лукашэнкі пры ўладзе”.

Гэтая дыскусія закрытая.

Камэнтары 1-20 (з 36)
 
Імя:: Грог
08.07.2008 21:32

Вы можаце ясна і коратка растлумачыць, чаму Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі і чаму ен займае гэтую пасаду да сённяшняга дня.

08.07.2008

Стаў, бо прасавецкаму папулізму ў той момант не было працівагі ў выглядзе масавых нацыянальна-незалежніцкіх настрояў. Былі таксама памылкі незалежніцкіх сілаў (БНФ): недаацанілі небясьпекі, магчыма, няправільна расставілі прыярытэты. Але гэта другасная прычына. Займае, бо нацыя фармуецца павольна. Але фармуецца - насуперак яму.


Імя:: Міхась.
08.07.2008 21:46

Чым бы Вы патлумачылі выказваньне Лукашэнкі ў бок БНФ ў кантэксьце выбуху? Ён выразна спрабіў, хай і нягеглы, камплімэнт БНФу на фоне рэзкай ацэнкі камуністаў-калякінцаў.

08.07.2008

Ото ж нягеглы. "Нават БНФ!" - як бы мы вядомыя пачвары, ад якіх пачуць натуральныя словы спачуваньня - дзіва. Яму трэба было выбудаваць эмацыйныя аргумэнты, але ягоныя слухачы ані не зьдзівіліся б, каб ён прыпісаў Фронту чарговыя дзікунствы. Адначасова з гэтым камплімэнтам ягоныя памагатыя выганяюць з працы фронтаўцаў Меха з Кобрыні й Аўтухова з Гарадка, цкуюць суткамі, выгнаньнем з унівэрсытэтаў з наступным прызывам у войска фронтаўскую моладзь. Цяпер вось ладзяць ператрусы й допыты фронтаўцаў у сувязі з выбухам (Батуеў, Панізоўцаў ды іншыя). Безь ілюзіяў. Што да нашае заявы пасьля выбуху, яе матыў просты. Беларускі народны фронт мае надзейны крытэр ацэнкі любой падзеі ці зьявы. Гэта – адпаведнасьць беларускім нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам. Так, выбух 4 ліпеня шкодзіць гэтым інтарэсам. І не на карысьць нашым нацыянальным інтарэсам далейшае знаходжаньне А.Лукашэнкі пры ўладзе.


Імя:: Б.Р.
08.07.2008 21:57

Ці згодныя Вы з аналітыкамі, якія бачаць у адстаўцы Шэймана ўзмацненьне каманды "младалукашэнкаўцаў" -- сына Лукашэнкі Віктара і ягонай хэўры? І ці не падаецца Вам, што калі ў Шэймана яшчэ былі нейкія нацыянальныя сантымэнты (ўсё ж некалькі гадоў правёў побач з Пазьняком у авальнай залі), дык новыя здадуць нас Расеі на раз-два-тры.

08.07.2008

Ёсьць фота з Прысягі на вернасьць Беларусі 8 верасьня 1992 году, дзе на першым пляне мы з Статкевічам усьміхаемся, а ззаду, у ценю, Шэйман. Што праўда, без усьмешкі. Але я ня веру ў сантымэнты ў гэтых людзей. У прынцыпе любая кліка імкнецца да самадастатковай улады і таму фармальна мае "незалежніцкі" патэнцыял. Аднак у выпадку Беларусі такая, здавалася б, натуральная эвалюцыя клікі надзейна прадухіляецца шчыльнымі эканамічнымі, мэнтальнымі, біяграфічнымі, агентурнымі повязямі ўладных груповак з тымі ці іншымі расейскімі коламі.


Імя:: Лоер
08.07.2008 22:27

Спадар Вінцук, у чым вы бачыце ролю партыі БНФ у сёньняшняй палітычнай сітуацыі? Не сакрэт, што бліжэйшыя парлямэнцкія выбары наўрадці прывядуць да значных зьменаў. Значыць, трэба ўжо вызначацца з пазыцыяй на будучую прэзідэнцкую кампанію. Ці існуе у партыі стратэгія на час пасьля парлямэнцкіх выбараў? Ці будзе вылучацца партыйны прэтэндэнт на прэзідэнцкія выбары?

08.07.2008

Усе ведаюць, што Партыя БНФ здольная быць гадавальнікам (ад слова гадаваць, калі хто падумаў што іншае :)), трамплінам для беспартыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Мы прапаноўвалі ўдзел у кампаніі, а потым вылучалі ў 2001 годзе на ролю адзіных кандыдатаў Сямёна Домаша, у 2005/6 – Аляксандра Мілінкевіча. Досьвед ад супрацы зь імі падчас кампаніі ў асноўным станоўчы, але ж не бракавала і адмоўнага. Галоўная праблема – нетрываласьць любых (няважна, вусных ці пісьмовых) пагадненьняў зь беспартыйнымі прэтэндэнтамі, іх аб'ектыўнае імкненьне скарыстаць патэнцыял БНФ, пры гэтым наколькі мага не беручы на сябе сустрэчных абавязкаў. Таму натуральна, што і на сьнежаньскім зьезьдзе, і на лютаўскім сойме Партыі БНФ было вырашана, што мы надалей будзем вылучаць да прэзыдэнцкіх выбараў свайго, фронтаўскага прэтэндэнта ў кандыдаты (зыходзячы з таго, што будзе вылучэньне адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў, а ў гэтай працэдуры наш прэтэндэнт павінен мець рэальныя шанцы перамагчы). Думаю, што гэта будзе ня сьвежапрыняты ў шэрагі Фронту чалавек, а той, хто мае глыбокія фронтаўскія карані й прызнаецца фронтаўцамі як свой, за якога варта стаяць. Пры гэтым мы зацікаўленыя ў вялікім "конкурсе".


Імя:: Юрась Горад:: Жодзіна
08.07.2008 22:51

На ваш погляд, каму выгадзен гэты выбух?

08.07.2008

Толькі не беларускаму народу й не дэмакратычным сілам. Такія рэчы адкідаюць назад працэс станаўленьня сучаснае адказнае нацыі. На жаль, улада пайшла сьлізкім шляхам выкарыстаньня выбуху для ўзмацненьня палітычнага перасьледу.


Імя:: Alaksiej Горад:: Zodzina
08.07.2008 22:54

Ці не падалося Вам дзіўным, што афіцыйны друк і сам Лукашэнка, адразу пачалі камэнтаваць гэта здарэньне такім чынам, быццам ужо ведаюць тых, хто яго зьдзейсьніў? Але ж у гэты час толькі распачынаўся пошук злачынцаў,зьбіралася інфармацыя ... І як на вашу думку гэта ўсё можа паўплываць на вынікі сьледзтва? Калі адначасна не забывацца, што яно будзе праходзіць на фоне распачатага выбарчага працэсу?

08.07.2008

гл. папярэдні адказ


Імя:: А.
08.07.2008 23:05

Лукашэнка паабяцпў аб'ектыўна разабрацца з прычынай выбуху, а вось жа, пачаліся ператрусы ў кватэрах апазыцыйных актывістаў. Затрыманы КДБ муж Ніны Шыдлоўскай, прэсавага сакратара Казуліна. Шукаюць "апазыцыйны сьлед"?

08.07.2008

гл. папярэдні адказ


Імя:: бацька
08.07.2008 23:07

Ці можна дзе яшчэ набць "Чытанкі для дзіцячага сада" вашага аўтарства?

08.07.2008

Я й Пётра Садоўскі - укладальнікі. Набыць - нідзе, разышлася вельмі хутка. Але ў супрацы з "Бацькаўшчынай" мы перавыдаем "Чытанку" (са зьменамі й дапаўненьнямі). Другое выданьне ўжо здадзенае ў друк (выдавец настаяў, каб наркамаўкай, але пасьля вывесім у Сеціве клясычным правапісам). Бяда ў тым, што скасавалі ўкладзеную намі ж Праграму для садкоў, дзе прадугледжвалася паглыбленьне дзяцей у беларускамоўнае асяродзьдзе. І вярнулі фармальна беларускамоўныя садкі ў атмасфэру моўнае мешаніны. Творы іншаземных аўтараў, якія паводле нашае Праграмы мелі чытаць па-беларуску, цяпер мусяць чытаць па-расейску.


Імя:: цікаўны
08.07.2008 23:45

Дык чаму ўсё ж выключылі з ПБНФ Міхалевіча?

08.07.2008

Фармальныя прычыны шырока асьветленыя. Дзейнасьць Міхалевіча несумяшчальная з прынцыпамі дзейнасьці палітычнае партыі, больш за тое, яна разбурае аснову партыі - ідэйнае й арганізацыйнае адзінства, салідарнасьць, давер. У дадатак магу сказаць, што Міхалевіч вырашыў выпрабаваць цярплівасьць новага старшыні партыі Лявона Баршчэўскага й не выконваў рашэньняў дэманстратыўна. А паколькі Баршчэўскі больш рашучы кіраўнік, чым я, то Міхалевіч урэшце атрымаў заслужаны адказ.


Імя:: AlA
09.07.2008 00:21

Памятаю ў савецкі час тыя, што карысталіся замест чырвонага сьцяга савецкім чырвона-зялёным (вывешвалі яго на балконах у час сьвята) - такім чынам, неяк падсьвядома яны вызначали свой нацыянальны прыарытэт як Беларусы. (бо пра сапраўдную гісторыю Беларусі даведваліся, як пра згубленую ў акіяне Атлянтыду). Сёньня, калі ўлады "трубяць" пра "нацыянальную еднасьць", а самі абвясьцілі па-за законам гістарычна-нацыянальныя сымбалі, ці не падаецца вам, што Беларусь праходзіць сёньня па нейкім зачараваным коле выпрабаваньняў? І так атрымоўваецца, што гэта - неабходны для пераадоленьня постсавецкіх стэрыятыпаў этап, у якім разам з "шклоўскім хлопчыкам Сашам" (заўважце - зусім не Алесем), які "невыпадкова" на той час трапіў у Прэзыдэнты, паступова сталее і набіраецца розуму ўсё грамадзтва?

Ці не падаецца вам, што роля апазыцыі і НАРОДНАГА ФРОНТУ тут зусім відавочная – выхаваўча-асьветная? Гэта не ён Бацька, а НАРОДНЫ ФРОНТ для яго бацька! А ён непаслухмяны й разбэшчаны “народнай мамкаю” пацан, які не вырас яшчэ з уласных дзіцячых штанішак, але хоча ўсіх навучаць і ўсім кіраваць да бязконцасьці … ?!

08.07.2008

І я дзіцём насіў на "Дынама" чырвона-зялёны сьцяг і ня ведаў пра бел-чырвона-белы. Але ня думаю, што цяпер камусьці ўдасца праект падмены сапраўдных нацыянальных каштоўнасьцяў наватворамі без каранёў. Бо праўды пра Беларусь, агалошанай Народным Фронтам яшчэ ў канцы 80-х, ужо не схаваць. Нават Лукашэнка падчас парлямэнцкай кампаніі некалі быў выступаў на фронтаўскім мітынгу ў Магілёве - пад нацыянальнымі сьцягамі. Так, Народны Фронт абавязаны весьці надалей нацыянальна-асьветную працу, асабліва сярод моладзі. Але калі мы хочам зьменаў, ёю нельга абмяжоўвацца. Сотні тысячаў і мільёны чалавек пачуюць нас тады, калі мы пачуем іхныя сацыяльна-эканамічныя праблемы, запрапануем вырашэньне, станем поруч (як у сытуацыі зямельна-жыльлёвых канфліктаў, за якімі стаіць расейскі капітал). Гэта і ёсьць нацыянальна адказная палітыка, а БНФ - палітычная сіла.


Імя:: Ales` Leta
09.07.2008 00:37

Ці лічыце, што ў беларускім грамадзтве сёньня ёсьць такія сілы (кшталту расейскіх нацыстаў – фашыстаў), якія ня могуць прабачыць Лукашэнку нават падобны зялёна-чырвоны беларускі сувэрэнітэт? Чаму “баевікі” гэтых вальготна адчуваючых сябе ў Беларусі радыкальных груповак, што ўчынялі ў розныя гады напады на офісы ПБНФ, ТБМ, Вясны ў Менску … (і нават з ужываньнем зброі, як у Жодзіне) - дагэтуль не знойдзеныя й не прыцягнутыя да адказнасьці!? (Дарэчы, распачатыя крымінальныя справы па гэтых выпадках – даўно замарожаныя.) У чым тут можа быць прычына? Няўжо Шэйман і Нявыглас – тут сапраўды вінаватыя? І ці можна пры гэтым, дзейсным у Беларусі рэжыме, хоць неяк “праветрыць памяшканьне” і разьвеяць гэты абрыдлы ўжо ўсім “фашыстоўскі смрад”?

08.07.2008

Гэта ня сілы (у беларускім грамадзтве няма такіх настрояў, і ўсе спробы стварыць сур'ёзныя палітычныя структуры на гэтай ідэйнай аснове скончыліся правалам), а маленькія групоўкі. Іх даўно б не было, каб органы правапарадку й бясьпекі сапраўды пра нацыянальную бясьпеку дбалі. Яны ж дбаюць пра іншае. Адна з вэрсіяў злачынства 4 ліпеня - тая, пра якую Вы кажаце. Што да шумных адставак - на добры лад, мелі б паляцець з пасадаў усе кіраўнікі сілавых ведамстваў. Калі лятуць ня ўсе, а выбраныя - гэта вайна груповак унутры кіроўнай клікі. Праветрыць беларускі дом мы зможам толькі тады, калі ў яго вернецца свабода. Для мяне незалежнасьць і свабода - узаемаабумоўленыя й узаемазалежныя каштоўнасьці. Несвабодныя не абароняць незалежнасьць.


Імя:: Алесь
09.07.2008 01:14

Спадар Вінцук, патлумачце, калі ласка, як Вы зрабіліся Вінцуком і якое вашае сапраўднае імя?
Чаму Вы абагаўляеце замежныя паездкі і грэбуеце паездкамі па Беларусі, як гэта робіць Мілінкевіч?

08.07.2008

Я не "зрабіўся", гэта беларуская мова так са мною зрабіла. Паводле пашпарту я Валянцін, а ў многіх заходнебеларускіх дыялектах імёны Валенты, Вінцэнты, Вікенці маюць гутарковую форму Вінцук (гл. "Беларускую лінгвістыку", вып. 11). Я ня думаю, што Мілінкевіч абагаўляе замежныя паездкі й грэбуе паездкамі па Беларусі. І я таксама так не раблю. Ён валодае францускай, я - больш-менш - ангельскай, і абавязкова трэба зь першых вуснаў даносіць Эўропе й сьвету пагляд саміх беларусаў на сытуацыю. Што да паездак па Беларусі, бываю ў розных мясцовасьцях даволі часта. Лічу, што ісьці да людзей трэба перадусім у канфліктных сытуацыях (Бяроза, Дружны, Севастопальскі парк, канфлікт на вул. Гамарніка ў Менску).


Імя:: Kol14yn Горад:: Вілейка
09.07.2008 02:16

І якое ўсё-такі вашае самае вялікае дасягненьне ў жыцьці?

08.07.2008

А чаму "ўсё-такі"? Наагул, у глябальным сэнсе - незалежная Беларусь. Гэта няпраўда, калі кажуць, што незалежнасьць сама звалілася нам на галаву. Тысячы людзей яе набліжалі, і ў гэтай супольнай працы ёсьць і мая цаглінка. У пачатку 80-х адзінкі верылі ў канец савецкага камунізму й аднаўленьне незалежнасьці. Я верыў. І з 1979 году пачаў дзейнасьць - з самвыдавецтва й стварэньня арганізацыі. А ў прафэсійным пляне - вядома ж, рэальнае й незваротнае вяртаньне ва ўжытак клясычнага правапісу беларускае мовы.


Імя:: АДС Горад:: Менск
09.07.2008 10:39

Валянцін Рыгоравіч, распавядзіце калі ласка падрабязна, якім чынам Вы збіраецеся ператварыць бліжэйшы "тэхнічны" з'езд Партыі БНФ у справаздачна-выбарчы і вярнуцца на ім да "ўлады"? Гэта праўда, што Баршчэўскі ў бліжэйшы час пойдзе ў адстаўку? Выглядае так, што сваю асноўную задачу - пазбаўленне Вас ад канкурэнта Міхалевіча, ён выканаў.

09.07.2008

Гэта называецца з хворай галавы на здаровую. Зьезд павінен быць абсалютна фармальным, бездакорным з працэдурнага гледзішча, бо адзіная яго мэта - вылучыць паўтузіна кандыдатаў. Усё. А тыя, хто хоча закалотаў і якім напляваць на будучыню БНФ, якраз і спрабуюць зьмяніць яго статус. Што да Баршчэўскага. Ён атрымаў на зьезьдзе 89,4% галасоў - гэта абсалютны давер і вялікі рэсурс легітымнасьці. Сёньня ён - у першай чацьвёрцы дэмакратычных палітыкаў, якія маюць рэйтынг большы за 10%, але пры гэтым адзіны, у каго практычна няма адмоўнага рэйтынгу (у іншых адмоўны зашкальвае за 50%; зьвесткі Gallup). Было б недаравальным марнатраўствам для Партыі БНФ адмовіцца ад гэтага патэнцыялу.


Імя:: saksoniec Горад:: Rzeczpospolita
09.07.2008 10:52

Prosto moja padtrymka Wam i Waszej Partii BNF.

09.07.2008

Дзякую. Разам пераможам


Імя:: БР
09.07.2008 10:57

Уважаемый Валентин Григорьевич!
Отвергаете ли вы В ПРИНЦИПЕ возможность того, что взрыв в Минске мог совершить какой-нибудь ненормальный оппозиционер или вы считаете, что статус оппозиционера автоматически предполагает безгрешность?

Этот же вопрос и про отчисления: считаете ли вы, что оппозиционер может плохо учиться, за что может быть отчислен или вы опять таки считаете, что оппозиционер плохо не может учится в принципе

09.07.2008

Слова "апазыцыянэр" успрымаецца народам адмоўна (таму яго і выкарыстоўвае прапаганда), але азначае таго, хто цывілізавана спрачаецца з урадам (так у Брытаніі). Азначае таго, хто належыць да арганізаванай структуры - партыі. Беларускія дэмакратычныя палітычныя партыі маюць адказнасьць перад сваім народам. Яны ўсьведамляюць, наколькі такія злачынствы шкодзяць і простым людзям, і атмасфэры ў краіне, і шляху Беларусі да свабоды. Калі нехта гэтага не ўсьведамляе - ён проста ненармальны. Кожны можа кепска вучыцца. Але да кожнага павінны стасавацца аднолькавыя правілы. Калі чалавека за нішто (дакладней, за погляды і паводле пляну спэцслужбаў) садзяць падчас сэсіі на 15 сутак, а потым выганяюць за няздачу іспытаў - гэта што?


Імя:: Лабедзька
09.07.2008 11:01

Які кірунак працы вы лічаце ў Фронце наймацнейшым? Чым гэта выклікана? Чаму у партыі столькі камісіяў і ад іх так мала толку?

09.07.2008

Камісіяў сапраўды крыху зашмат. Але, прыкладам, аналітычная камісія на чале зь Пётрам Садоўскім рэальна пераймае інтэлектуальна-аналітычную ініцыятыву ў самых балючых для грамадзтва пытаньнях. Моладзевая камісія (Моладзь БНФ) - хто скажа, што ад іх "мала толку"? Культурніцкая, партыйнага навучаньня, экалягічная камісіі - усе жывыя й бачныя.


Імя:: Ігар
09.07.2008 11:08

Спадар Вячорка, што цяпер адбываецца з Вашым сынам і. калі ведаеце, зь іншымі маладымі апазыянэрамі, якіх забіраюць у войска? Што вядома пра пазыцю ваенкаматаў -- ёсьць нейкі загад усіх браць перад выбарамі?

09.07.2008

Ёсьць сьпіс і ёсьць загад. Сцэнар такі: садзяць на суткі - выкідаюць з унівэрсытэту - забіраюць у войска. Пабор прадоўжаны да канца лета (відаць, не пасьпелі ўсіх, каго трэба, пабраць). Сто разоў пераправяраюць здароўе. Алесь Каліта прайшоў праверку аж тройчы, і трэцяя праверка сказала, што сэрца ў яго здаровае для арміі. Пабачым, што будзе з Франакам, якому пасьля вочнае траўмы зрабілі былі апэрацыю на сятчатцы, што аўтаматычна вядзе да адтэрміноўкі. Суд за аднаўленьне ва ўнівэрсытэце Франак прайграў, бо знаходжаньне ў вязьніцы, аказваецца, не павінна было перашкодзіць яму прыйсьці на іспыт. Ну а культуру беларускае мовы ён, які яшчэ ў ліцэйскія гады публікаваў артыкулы ў "Родным слове", наагул ведае на двойку.


Імя:: Kol14yn
09.07.2008 11:15

Ці праўда, што ў вас ёсьць доказы аб тым, што Міхалевіч супрацоўнічае з КДБ?

09.07.2008

Вельмі абачліва стаўлюся да любых чутак. Я ўжо даў вышэй характарыстыку дзейнасьці Міхалевіча.


Імя:: Аляксандар
09.07.2008 11:18

Паважаны Вінцук, заўсёды з павагай ставіўся і стаўлюся да Вашай дзейнасьці, лічу Вас адной з самых прыстойных асобаў сучаснай Беларусі і жадаю Вам не зьврятаць увагу на рознае зьвяганьне, і працягваць рабіць тое, што Вы робіце і што застанецца ў гісторыі нашай краіны. А як пытаньне -- не маглі б Вы даць, калі ласка, сваё вызначэньне сучаснага беларускага інтэлігента?

09.07.2008

Дзякую за разуменьне. Азначэньне таго, якім павінен быць? Ці якія ёсьць цяперашнія інтэлігенты? Думаю, што такія людзі, як Мікола Бусел з Дубровы Сьветлагорскага раёну, ці Мікалай Юркоў з Дрыбіна, ці Ада Райчонак з Германавічаў - а гэта сельскі настаўнік, былы старшыня калгаса, пэдагог і фэрмэр - увасабляюць галоўную рысу беларускага інтэлігента: адказнасьць перад Бацькаўшчынай, місія, пакліканьне - прытым што кожны зь іх штодня жыве звычайным клопатам простага беларуса.

Камэнтары 1-20 (з 36)