Форум

Юры Беленькі


24.10.2007 13:00

У сераду, 24 кастрычніка, а 13 гадзіне паводле менскага часу ў Інтэрнэце на вэб-сайце Свабоды адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з выканаўцам абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Юрасём Беленькім.

Нарадзіўся 5 мая 1960 г. у Менску ў сямьі рабочых. Беларус. У 1982 г. закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі па спэцыяльнасьці "фінансы і крэдыт". У 1982-84 гг. працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня міністэрства фінансаў Беларусі. У 1984-86 гг. служыў у арміі. Афіцэр рэзэрва. У 1986-1995 гг. працаваў на прадпрыемствах канцэрна "Амкадор" у Менску: начальнікам фінансавага аддзела завода "Ударнік", намесьнікам генэральнага дырэктара ТАА "Амкадор-Траст". Па накіраваньню прадпрыемства прайшоў курсы навучаньня: ў 1990 г. у Англіі па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 г. - у Нямеччыне па пытаньнях сыстэмных трансфармацыяў эканомікі. Сябра Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" з самага пачатку існаваньня Фронту ў 1988 г. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня і дэпутатам Менскага гарадзкога савета. Працаваў у складзе апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі. Адзін з аўтараў "Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі", распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам. Уваходзіў у склад Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ, у красавіку 1995 г. браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыянаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. З 1995 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам cтаршыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, выканаўцам абавязкаў у Беларусі cтаршыні Фронту і КХП-БНФ.

Паводле ініцыятывы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, у нядзелю 28 кастрычніка мае адбыцца шэцьце і мітынг у Курапатах.

«Курапаты – тое месца, якое дадае нам трываласьці і моцы духоўнай, -- сказаў Юры Беленькі ў інтэрвію Свабодзе. --. Тыя беларусы, якія ганарацца нашай гісторыяй, якія хочуць дабра свайму народу і вераць у ягоную сьветлую будучыню, мусяць прыйсьці на Дзяды і аддаць даніну павагу продкам».

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

 
Імя:: Ананім
23.10.2007 11:07

Гвалтоўная беларусізацыя беларусаў пры дапамозе іх роднай беларускай мовы нанесла толькі шкоду на пачатку дзевяностых ды адштурхнула расейскамоўных беларусаў ад беларувскай справы. А што Вы думаеце на гэты конт?

24.10.2007

Думаю, што Вы міжволі паўтараеце байку, зьляпаную на Лубянцы.

Успомніце, як ва ўмовах адноснай свабоды наперад ірванула беларуская кальтура, тыя ж Раінчык з Ханком стваралі выдатыя творы. Якія выдатныя кніжныя серыі сталі друкавацца, нават стадыён «Дынама» цалкам запоўнены заўзятарамі і расквечаны нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі пад час гульняў нацыянальнай футбольнай зборнай! І ў процівагу -- стан прыдушанасьці беларускага грамадства сёньня.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:08

Ці выступаеце Вы за самастойнасьць праваслаўнай ды каталіцкай цэркваў на Беларусі?

24.10.2007

РПЦ ёсьць структура Лубянкі якая дзейнічае супраць Беларускай Дзяржавы, праводзіць палітыку русыфікацыі і асіміляцыі Беларусы адновяць дзейнасьць сваёй Беларускай аўтакефальнай царквы. Каталіцкая царква у Беларусі праводзіць вельмі важную працу па духоўнаму адраджэньню народа.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:09

Што рабіла ды робіць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя ў справе распаўсюду хрысьціянскае веры ў атэістычным постсавецкім грамадзтве на Беларусі?

24.10.2007

Распаўсюджваньне хрысьціянскае веры -- справа Царквы, а не партыяў. Мы светская партыя, якая мае ідэялогію, пагрунтаваную на хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:16

Ці маеце вы нейкія сувязі з спадаром Эрнстам Сабілам ды ягонай царквой?

24.10.2007

З пастырам Эрнстам Сабілам ў мяне вельмі цёплыя і прыязныя адносіны, Гэты чалавек мусіць служыць беларусам, у першую чаргу маладым, прыкладам мужнасьці і веры. У 18 год гэты чалавек толькі за тое, што любіў Бога і любіў Беларусь, быў асуджаны расейскімі акупантамі да растрэлу. Растрэл замянілі на 25 гадоў лягераў. У расейскіх канцлягерах адпакутаваў 13 гадоў, не скарыўся перад акупантамі, захаваў веру і любоў да Бацькаўшчыны.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:17

Як вы ацэньваеце дзейнасьць ды творчасьць Алеся Пушкіна? Хацелася б пабачыць яго сярод сяброў Кансэрватыўна-Храсьціянскае Партыі.

24.10.2007

Я думаю, што ён мае талент, якому яшчэ належыць раскрыцца. Можа, калі-небудзь Алесь і прыме каштоўнасьці, якія з’ядналі нас.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:20

Як Вы ставіцеся да дзейнасьці спадара Зьміцера Піменава, кіраўніка беларуска-эўрапейскага задзіночаньня ў Бельгіі?

24.10.2007

На жаль, пра ягоную дзейнасьць я маю больш адмоўнай інфармацыі, чым станоўчай.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:23

Ці зьбіраецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ разам сьвяткаваць Каляды? Калі ТАК, то дзе ды калі?

24.10.2007

Калі атрымліваецца знайсьці памяшканьне -- наладзім каляднае сьвята для дзетак. Кантактуйце з намі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:25

Колькі складае зараз партыйны ўнёсак штомесяц для сябраў Вашае Партыі?

24.10.2007

У нас толькі ахвяраваньні.


Імя:: Ананім
23.10.2007 12:00

Якое ваше стауленьне да такіх арганізацый, як "Беларуская партыя свабоды", "Правы Альянс", "Белы Легыен", ці супрацоунічаеце з імі?

24.10.2007

Адмоўнае. Вельмі добра раскрыў сутнасьць гэтых арганізацый Зянон Пазьняк у сваёй працы «Беларуска-расейская вайна».


Імя:: Ананім
23.10.2007 12:34

Скажыце ,спадар Юры,чаму унтры КХП такое варожае стаўленне да ўсіх,хто не член вашай партыі?Чаму вы ніколі не размаўляеце з людзьмі падчас выбарчых кампаній?Прэзідэнтская ня ў лік,бо не можаце сабраць подпісы.Не аднойчы чуў ад сур'ёзных людзей,што КХП як ніводная іншая палітычная арганізацыя нагадвае рэлігійную секту.Мне здаецца,слова "хрысціянская" у назве партыі не зусім адпавядае сутнасці гэтага слова.Прабачце,калі пакрыўдзіў.Андрэй.Мінск.

24.10.2007

З моманту утварэньня Фронту «сур'ёзныя людзі» вядуць жорсткую і сур'ёзную барацьбу супраць арганізацыі, якая ўзьняла сьцяг нацыянальнага Адраджэньня. Адтуль усе гэтыя «штампікі» ды «страшылкі». У 1989 годзе вялікім накладам нават выпусцілі «в помощь агитатору, пропагандисту» кнігу, дзе падрабязна распісывалася, якія антытэзы на прграмныя палажэньні Фронту трэба запускаць, пры гэтым прышпільваючы падобныя ярлычкі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 13:36

День добры шаноуны Пан Юрась Беленьки.Пытання до Пана.1.Можно ли верить тем апазицыйным веларуским палитыкам у которых есть работа,бизнес в россии и сувязи з российской вастью.2.Верит ли Пан,чиченцам которые выехали и выезжают в Еропу,среди них на мой погляд очень много кадыровских трусливых,исламских правокаторов,просто работают на кремль.И на Пана погляд для чего они едут в Еропу.3.Есть ли в Вашей партии мусульманки или бывшие муслманки.4.Почему США не поможет экономичеси и военно братксой для нас Польше,так чтобы Польша стала на уровне з Германией.Ведь сильная Польша может решить очень много восточно Европейских проблем в том числе и нашу Беларускую.З павагай до Пана и КХП БНФ,Николай Саскевич,город Калинковичи-Варшава,Беларусь-Польша.23.10.2007.г.

24.10.2007

Трэба давярацць сумленнным людзям, адказным за свае дзеяньні і словы. Я разумею Ваш скепсіс адносна асобаў, якія маюць сувязі з расейскай уладай. Бо як можна захавацць прыстойнасць і мараль абцяпваючы дзелішкі з глыбока амаральнай супольнасьцю? Расея сёньня накіроўвае вялікія грашовыя рэсурсы і людзей на Захад, для таго, каб там праводзіць палітыку так, як яна гэта разумее. Прыкладна год таму тагачасны расейскі прэмьер Фрадкоў, які сёньня займае пасаду кіраўніка службы зьнешняй выведкі Расеі, у адказ на патрабаваньне міністраў аб дадатковым фінансаваньні сацыяльнай сфэры ў Расеі, у сувязі зь вялікімі дадатковымі паступленьнямі ад продажы нафты і газу, заявіў: «Всё – на внешнее направление». Натуральна, разам з грашовымі патокамі ідуць на Захад і людзі ад гэтай «канторкі». І ня важна, хто яны па нацыянальнасьці, этнічным паходжаньні ці веравызнаньні. У іх – адно вызначэньне – ФСБ.

У складзе нашай партыі - беларусы розных этнічных групаў і розных веравызнаньняў.

Як вядома, ЗША вельмі моцна эканамічна дапамаглі Польшчы ў яе посткамуністычны пэрыяд.


Імя:: Ананім
23.10.2007 15:14

Цяпер у Партыі БНФ адбываецца барацьба за лідэрства - пра намер канкураваць з Вінцуком Вячоркам заявілі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Як вы ацэньваеце гэтыя працэсы? Ці магчымая ратацыя кіраўніцтва ў КХП-БНФ на дэмакратычнай аснове?

24.10.2007

У прагматыкаў працэсы адбываюцца ў іх жа прагматычных межах і ў іх жа прагматычных мэтах. Таму няма аніякага значэньня, хто зь іх возьме верх.

У Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ абраньне кіраўніцтва адбываецца ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі прынцыпамі, якія закладзеныя ў Статут партыі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 17:57

З-за чаго разваліўся пазьнякоўскі Фронт? З-за таго, што дарослым дзядзькам сказалі гуляць у дзіцячыя гульні. Напрыклад, у грамадзянства віртуальнай БНР. Потым былі прэзыдэнцкія выбары 1999 года. Дзядзька Зянон, зь яго прарочым геніем, калі сотні і сотні людзей пацярпелі ад ціску ўладаў, проста ўсіх кінуў. Паступіў, як звычайны правакатар. Сёньняшняя місія вашага КХП, таксама, абсалютна не зразумелая. У выбарах вы не ўдзельнічаеце. Значыць, не ставіце мэтай прыход да ўлады. У вас, як і ў АРЛ, вакол – адны ворагі і агенты КДБ (у Лукі – шпіёны). Не кажыце толькі банальныя словы, што “мы адстойваем незалежнасьць Беларусі”. Лука – таксама за незалежнасьць. Сядзіць Зянон за мяжой, ну і няхай сядзіць! Колькі яшчэ год: 10, 15? Цяпер патрэбен лідэр, які зьбярэ 100 тысячаў і прывядзе на Кастрычніцкі пляц і скажа: “Далоў!”. Зянон не прывядзе, Мілінкевіч не прывядзе, Вячорка і Статкевіч, таксама. Можа Вы гэта зробіце? Уладзімір.

24.10.2007

Прычыны і матывацыі людзей, якія пайшлі на раскол Фронту, дастаткова ясна прадстаўленыя ў адказах на папярэднія пытаньні. Яшчэ раз магу падкрэсьліць, -- Фронт паўстаў як адраджэнцкая арганізацыя, заснаваная на маральных прынцыпах дзейнасьці. У 1999 годзе шэраг асобаў прапанавалі перайсьці на супрацьлеглыя прынцыпы – прагматычныя. Што з гэтага атрымалася – вельмі вобразна вызначыла моладзь, падараваўшы “прагматыкам” савочкі для збору сабачага “дабра” на Бангалёры.


Імя:: Ананім
23.10.2007 18:19

Прывітаньне, паважаны Юры! Цалкам ухваляю ваш дагляд могілак. Але КХП перабольшвае ўплыў агентуры Расеі. Чым КХП дапамог Леаніду Маракову? Ты таксама быў у ліку тых, кто не захацеў слухаць мой прагноз ( які спраўдзіўся ) і маю праграму для двух частак БНФ у 1995г. У праграме для "сектантаў" я прапаноўваў таксама і праграму нядзельных беларускіх школак. Чаму КХП так і не стварыла гэтыя школы? Вы маеце памяшканьне, якое , дарэчы я дамогся, як дэпутат. Твой калега, Валянцін Голубеў, які не захацеў адказваць на маі простыя пытаньня, абвінаваціў мяне у тым, што мяне не падтрымала !? большасьць сябраў БНФ -- а таму я нібы не меў рацыю. Большасьць немцаў падтрымлівала Гітлера, большасьць беларусаў падтрымлівала Лукашэнка. ЦІ большасьць мае рацыю, ці мае рацыю розум? Зычу перамог у змаганьні з дыктатурай, а не дэмакратамі. ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК

24.10.2007

Выдатную школу нам, кіраўнікам Фронту, яго старшыні Пазьняку, намесьнікам Папкову і Беленькаму, сябрам Крыжаноўскаму ды Шуту, даў Вярхоўны Савет. Мы ня толькі дасягнуць Незалежнасьці Беларусі, але і даведаліся пра тыя таемныя мэханізмы, якія схаваныя ад вачэй большасьці грамадзянаў, але дзейнічалі і дзейнічаюць у нашай дзяржаве. Я, па праўдзе сказаць, магу зразумець людзей, якія ня мелі такога аб’ёмнага, глыбокага і прафэсыйнага досьведу аб дзеяньні гэтых мэханізмаў. Мы ж, тыя, хто даведаўся пра іх, гаворым сёньня: структуры расейскіх спэцслужбаў вялі і вядуць сыстэмную, шматаспэктную працу, накіраваную на разбурэньне і беларускай дзяржавы, і на зьнішчэньне беларусаў як нацыі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 19:48

Спадар Юрась, як Вы патлумачыце, чаму Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, якая адмовілася ад усялякіх грантаў і прагматызму, тым ня менш, фактычна, зьяўляецца самай актыўнай апазыцыйнай цяперашняй уладзе партыяй і адзінай паважанай партыяй сярод беларусаў ? Кастусь.

24.10.2007

Мы, ня маючы вяровак ці путаў пад назвай “гранты”, маем – свабоду ў вызначэньні тактыкі і стратэгіі дзеяньня партыі. А дзеяньні сугучна з сумленьнем заўжды нашмат больш эфэктыўныя па сваіх выніках, чым дзеяньні залежных ад чужой волі ды грошай людзей.


Імя:: Ананім
23.10.2007 19:59

šanouny Jury Adamavič! Maju da vas dva pytańni: 1) Ci nia ličycie Vy, što Bielaruski Narodny Front musić stvaryć cieniavy Urad, jak heta bylo raniej? Režym nie trymajecca zaraz stabilna. 2) Ci nia źmienicca palityka Polščy u dačynieńni da Bielarusi paśla pieramohi liberalau na vybarach u Sejm? Dziakuj! Raman

24.10.2007

Першае. Я лічу (і гэта пазыцыя ня толькі мая, гэта ёсьць пазыцыя партыі), што тая каманда прафэсіяналаў, якая ў 1992 годзе стварыла лепшую эканамічную канцэпцыю пад агульным кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, ды іншыя спэцыялісты, пры аднаўленьні ў у краіне беларускай улады, зробяць усё неабходнае для імклівага разьвіцьця як яе эканомікі, так і грамадзтва ў цэлым.

Другое. Польшча – гэта вельмі прыемна канстатаваць – стала на ногі як эўрапэйская дэмакратычная краіна. Вяртаньне ў лона палітыкі расейскай імпэрыі – немагчымае. У Польшчы адбываюцца нармальныя дэмакратычныя працэсы. Я шчыра жадаю польскаму народу дабра і росквіту.


Імя:: Ананім
23.10.2007 20:13

Юры Адамавіч, на Ваш погляд, якая была б сітуацыя ў нашай краіне, калі Прэзыдэнтам Беларусі быў бы Зянон Пазьняк? Валеры і Тацьцянаkandinav55

24.10.2007

Сытуацыя была б наступная. У эканамічным пляне (што прынамсі адзначалі ўсе, і МВФ, і асобныя эканамісты), Беларусь апярэдзіла б іншыя краіны былога СССР у разы. Бо менавіта эканамічная праграма пад рэдакцыяй Зянона Пазьняка, якую я згадваў, улічвала ўсе нашыя перавагі і была накіраваная на максымальную рэалізацыю гэтых перавагаў. У агульнаграмадзкім пляне – мы б мелі эўрапэйскую, дэмакратычную, квітнеючую краіну.


Імя:: Ананім
23.10.2007 20:43

Вы на самой справе лiчаце, што расейская амбасада спецыяльна пабудавана каля дзецячай болнiцы, каб была мажлвасць схавацца "за жывым шчытом беларускiх дзяцей у выпадку авiя ды ракетных ударау", як пiша прапазьнякоускi сайт "Беларускай салiдарнасцi" http://www.bielarus.net/archives/2007/10/08/1304 толькi не трэба доуга распавядаць пра расейскую акупацыю i г.д. Адкажыце проста згодны вы з вышэйапiсанай думкай цi не?

24.10.2007

У водаахоўнай зоне, насуперак усіх дзеючых нормаў, будуецца вялізарны жыльлёва-офісны комплекс. Каля дзіцячай бальніцы. Якая матывацыя? Чаму гэта робіцца? Калі выключыць тую вэрсію, якая была выказаная – мне, сапраўды, цяжка зразумець. Адзінае, што прыходзіць на розум – словы клясыка: “Умом Россию не понять…”. Дарэчы, цікава было б пачуць меркаваньні слухачоў, чаму гэта адбываецца.


Імя:: Ананім
23.10.2007 21:20

Добры дзень. Юры, скажыце, калі ласка, што на сёньня зьяўляецца асноўным накірункам дзейнасьці партыі? Прыбіраньне тэрыторыі ў Курапатах? Чытаньне вершаў ля помнікаў беларускім паэтам? Антыпсэўдаапазыцыйная прапаґанда? Нешта іншае? І ў сувязі з гэтым, што значнае і паказальнае са зробленага за бягучы год вы б вылучылі? Дзякуй, Павел, г. Менск.

24.10.2007

Мне здаецца, я ўжо пра гэта адказаў раней. Магу яшчэ раз падкрэсьліць, што як вельмі пэрспэктыўную на бягучы момант мы разглядаем праграму партыі па змаганьні з асіміляцыяй беларусаў. Зноў паўтаруся – гэта ня толькі нашае вызначэньне, але і многіх людзей, якія не ўваходзяць у склад партыі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 21:36

Вітаю. Сусьветнай практыкай зьяўляецца стварэньне пры партыях моладзевых арганізацыяў. Падчас працы ў якіх маладыя людзі набіраюцца вопыту ў камунікацыях з іншымі групамі, арганізатарскага вопыту і г.д. Натуральна, што моладзі лягчэй асвоіцца ў сваім асяродку, чым адразу існаваць (улівацца) у "дарослую" арганізацыю: тут прычынай і розныя падыходы да вырашэньня пытаньняў, і рознае бачаньне зьяваў і сьвету, пэўная "закасьценеласьць" старога пакаленьня, урэшце канфлікт "айцоў і дзяцей" так бы мовіць. Як праводзіцца моладзевая палітыка ў КХП? Хто з кіраўніцтва адказны за правядзеньне гэта палітыкі ў партыі? Чаму нічога не чуваць пра моладзь КХП? Максім Крук, Берасьце

24.10.2007

Я цалкам згодны з аўтарам пытаньня, зь ягоным вызначэньнем мэханізму ўзаемадачыненьне моладзевых арганізацыяў у палітычных партыяў. Таму арганізацыя ў партыі працы з маладымі людзьмі робіцца прыблізна па такіх жа прынцыпах. Я зьяўляюся адказным за правядзеньне моладзевай палітыкі ў партыі. Спадар Максім, калі хочаце даведацца болей – можам сустрэцца.