Форум

Юры Цыбін

Радыё Свабода
19.02.2008 17:51

Юры Цыбін нарадзіўся 25 снежня 1954 г. у Менску. У 1977 скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. У 1981–89 працаваў музычным аглядальнiкам газэты «Знамя юности», у 1986–88 быў адным з арганiзатараў i чальцоў журы Рэспублiканскага фэстывалю папулярнай музыкi ў Наваполацку. Ад 1987 па 1993 – выдавец i галоўны рэдактар часопiсу «Популярная музыка», выдавец музычнай газеты «Сорока».

У 1988–92 быў прадусарам радыёпраекту «Хiт-парад «Беларускай маладзёжнай», арганiзатарам канцэртаў пад гэтай назвай. У 1990 выступiў як заснавальнiк i выдавец паэтычнай сэрыi выдавецтва «Ковчег». У 1992–96 арганiзаваў сэрыю канцэртаў «Рок па вакацыях», музычныя праекты «Будзь разам з намi», «Рок супраць рэвалюцый», канцэрт Данчыка ў Менску, займаўся арганiзацыяй першых паездак беларускiх музыкаў на фэстываль «Басовiшча». Ад 1994 -- заснавальнiк i прадусар штогадовай цырымонii «Рок-каранацыя». Усяго ад 1990 па 2005 выдаў i аказаў падтрымку ў выданьнi больш чым 250 альбомаў з запiсамi беларускiх музыкаў, музычных хрэстаматый, народных казак, радыёпраектаў (у тым ліку, у 2001 годзе, і альбому “Песьняроў” Мулявіна).

Як паэт пiша на расейскай мове, супрацоўнiчае з шэрагам беларускiх i расейскiх кампазытараў i выканаўцаў.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-9 (з 9)
 
Імя:: Ілля
19.02.2008 21:51

Чаму Рок-каранацыя не праводзіцца ў большы залях, чым КЗ "Мінск"?Як вы ставіцеся да таго, что на канцэрт прыходзяць вядомыя палітыкі (напрыклад той жа Мілінкевіч)

19.02.2008

Чаму ў гэтай залі? Таму , што зь імі ўжо адносіны добрыя, нягледзячы ні на што. І ніякія палітычныя фактары не ўплываюць на тое, што мы там праводзім. Гэта з аднаго боку. А з другога --мы не жадаем адмаўляцца ад таго, што ўжо напрацавана. Ну а што да таго што прыходзяцть палітыкі -- дык калі ласка! Хай набываюць білеты, хоць усе!


Імя:: Міхась
20.02.2008 11:58

Усяго ад 1990 па 2005 Юры Цыбін выдаў i аказаў падтрымку ў выданьнi больш чым 250 альбомаў з запiсамi беларускiх музыкаў, музычных хрэстаматый, народных казак, радыёпраектаў (у тым ліку, у 2001 годзе, і альбому “Песьняроў” Мулявіна.). Што з гэтага перавыдаецца і што яшчэ і дзе можна набыць? Поспехаў! З павагай, Міхась

20.02.2008

Зараз мы працуем над новым праектам. Думаю, што гэта будзе адным з найлепшых праектаў музычных у Беларусі -- "Старажытная беларуская музыка". Музыка 16-га, 17-га, 18-га, 19-га і і 20-га стагодзьдзяў. Зараз я пра гэта ўжо магу сказаць. Ну а самыя вядомыя праекты, канешне -- "Песьняры-2001" і "Вясёлы вечар", дзе мы сабралі народную беларускую музыку ў выкананьні эстрадна-фальклёрных калектываў. Набыць гэта можна ў менскіх крамах.


Імя:: Алесь
20.02.2008 12:17

Раскажыце пра свае спатканьні з Мулявіным.

20.02.2008

Ведаеце, гэта вельмі цікава.. Мы зь ім у 2001 годзе езьдзілі ў Маскву, калі прэзэнтавалі апошні ягоны прыжыцьцёвы альбом, які я выдаў. І мяне вельмі ўразіла тое, што было ў Расеі. Калі Мулявін выходзіў на сцэну - уся заля ўставала. Яму ня трэба было сьпяваць, наогул нешта рабіць. Проста выйшаў на сцэну -- і бясконцыя аплядысмэнты. Нават у гардэробе пыталіся ў мяне -- а чаму не прыйшоў Дзямешка на канцэрт? У Маскве ведалі беларусаў. Што да ролі, якую Мулявін адыграў у разьвіцьці беларускай музыкі... Памятаю, калі я яго запрасіў на рок-каранацыю 1998 году, ён без аніякіх пытаньняў прыйшоў і ўручыў карону “Нейра-Дзюбелю”. І яшчэ казаў, што гэта супала з меркаваньнем журы. І Саша Кулінковіч са сьлязьмі на вачах прыгадвае гэта дагэтуль.


Імя:: Алесь
20.02.2008 12:19

Ці Вам не падаецца, што беларускі рок знаходзіца ў рэзэрвацыі, і ягоныя зоркі (Вольскі напрыклад) - вядомыя толькі вузкаму колу нацыянальна сьвядомай молазі. Вядомасьць Вольскага, чый талент бясспрэчны, не параўнаць з вядомасьцю Калдуна ці Падольскай.

20.02.2008

Для мяне існуе рок-н-рол, а папсу я не разумею. Калдун, Падольская -- яны для мяне ўсе на адзін твар. Вось Вольскі для мяне -- гэта музыка нумар адзін. Гэта той талент, якога трэба назваць "народным здабыткам". Той жа Саша Кулінковіч, заслугоўвае такой ацэнкі, той жа Ігар Варашкевіч, Алег Хаменка.... Гэта - "народны здабытак". А пытаньне пра эстраду -- гэта не да мяне, я не разумею гэтага жанру...


Імя:: Мар'я
20.02.2008 12:20

Шаноўны спадар Юрый! Як Вы ставіцеся да сумнавядомага паходу сьпявакоў да Праляскоўскага?

20.02.2008

Па-першае, для мяне гэты "паход" -- не "сумнавядомы". Таму што мы бачым, што атрымоўваецца. Ніхто не забараняе зараз, і дзякуй Богу, выступы гэтывх гуртоў. Яны адбываюцца. Ніхто нічога ад мяне не патрабуе! Вось я сказаў, што бяз гэтых гуртоў ня будзе Рок-каранацыі, і мне адказалі -- добра, хай выступаюць, але ты адказваеш за тое, што там будзе гучаць са сцэны. Ну, я ўсё жыцьцё адказваю на тое, што там гучыць. Таму я не лічу, што гэта "сумнавядомы паход". На Рок-каранацыі будуць выступаць – “НРМ”, “Крама”, “Палац”, “Нейра-дзюбель”, Вайцюшкевіч будзе ў Японіі, зь “Ляпісам” вядзем перамовы. І маладыя каманды – “Тарпач”, “Дзеці дзяцей”... Гэта прарыў у беларускім року, на мой погляд.


Імя:: Снежны Чалавек Горад:: Магілёў
20.02.2008 12:31

Як адрадзіць беларушчыну? Ці трэба гэта наогул рабіць?

20.02.2008

Я , рускі чалавек (як і Мулявін), займаюся адраджэньнем беларускай культуры. Я спадзяюся, што нейкі мой ўнёсак ёсьць, хоць маленькі. Напрыклад, у рок-н-роле. Але ня толькі ў ім. Я і фальклор выдаю, наогул усе музычныя жанры, якія ёсьць у Беларусі, і якія не гучаць зараз у фармаце FM-станцый ці афіцыйных станцый. Але мы гэта выдаем. Наш каталёг -- гэта больш як 200 найменьнікаў толькі беларускай музыкі, ад джазу да акадэмічнай музыкі, таксама аўтарская песьня, аўтэнтычны фальклор... Усё, што ёсьць у музыцы беларускай -- ёсьць у мяне, я спрабую гэта неяк данесьці да людзей.


Імя:: Міхась
20.02.2008 12:49

Ці любіце Вы вандраваць па Беларусі? Што Вас прываблівае ў беларускай гісторыі? Якія мясціны ў Беларусі Вы б хацелі наведаць бліжэйшымі гадамі? У якіх замежных краінах пабывалі і куды яшчэ хацелі бы паехаць?Поспехаў! З павагай, Міхась

20.02.2008

Я нядаўна вярнуўся з Варшавы... Польшча спадабалася. Падабаюцца ўсе краіны.. Але Беларусь -- лепш за усіх краінаў. Хаця ізноў падкрэсьлю, што я -- рускі чалавек, у Расеі мае карані. Але Беларусь палюбіў. Што мяне прываблівае? Нестандартнасьць. Тут перакрыжаваньне культураў, якога нідзе ў сьвеце няма. Глядзіце: польская, літоўская, украінская, яўрэйская... І мы гэта бачым нават у музыцы. І мала таго - вось мы займаемся фэстывалем нацыянальных культураў, і бачым, што ў нас ёсьць калектывы азэрбайджанскія, грузінская, яўрэйскія, польскія. цыганскія.. І гэта вельмі цікавыя калектывы.


Імя:: Рок-аматар
20.02.2008 13:07

Спадар Юры, назавіце пять самых крутых, на Ваш погляд, беларускіх гкртоў. Дзякуй.

20.02.2008

"НРМ", "Нейра Дзюбель", "Крама", на сёньняшні дзень для мяне -- "Тарпач", і, напэўна -- вось такі гурт ёсьць "Пяць дзіез", які ў Расеі ведаюць а ў Беларусі пакуль -- не.


Імя:: Вэб-рэдактар Горад:: Прага
20.02.2008 14:21

Завяршаем онлайн-канфэрэнцыю.

20.02.2008

Шануйце беларускую культуру! У тым ліку і музычную культуру, якая не абмяжоўваецца толькі жанрам рок-н-рол. Ёсьць вельмі цікавыя калектывы фальклорныя, джазавыя. Ёсьць у нас такія цікавыя кампазытары, як Глебаў, Лучанок, Кандрусевіч і іншыя. Гэта трэба слухаць. І хацелася б, каб гэтая музыка гучала ў эфіры беларускага радыё, над чым мы і працуем. А вось апошні праект у нас -- шансон, хачу паказаць, што існуе ў нас ня толькі "блатняк" але і шансон.

Камэнтары 1-9 (з 9)