Форум

Барыс Пятровіч

Радыё Свабода
18.12.2007

Барыс Пятровіч (Сачанка) нарадзіўся ў 1959 г. у в.Вялікі Бор, што на Гомельшчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэта. Працаваў у "Гомельскай праўдзе", "Звяздзе", "ЛіМе".

Аўтар некалькіх кніг прозы. Ягоны зборнік “Шчасьце БЫЦЬ…”, паводле апытаньня”Нашай Нівы”, названы лепшай кнігай 2004 г.

Адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-18 (з 18)
 
Імя:: трум
18.12.2007 18:10

з вамi адносна недауна была он-лiне, а чаму зноу?

18.12.2007

Ня ведаю. Гэта не мая прыхамаць, гэта ініцыятыва Радыё. Прапанавалі – не адмовіўся. Ідзе падпіска. Яшчэ адна згадка пра “Дзеяслоў” якраз цяпер, спадзяюся, ня будзе лішняй. Бо пастаянна сутыкаюся з тым, што нашыя людзі не цікаўныя і ня ведаюць нават, што “Дзеяслоў” можна выпісаць – пайсьці вось зараз, сёньня, на бліжэйшую пошту і выпісаць… Хоць раз падтрымаць беларускае на справе. І атрымліваць за гэта штодвамесяцы часопіс… у падарунак.


Імя:: Міхась
18.12.2007 18:55

Якімі крытэрыямі вы карыстаецеся, адбіраючы творы для публікацыі ў "Дзеяслове"?

18.12.2007

Для нас галоўнае сам твор, як уласна літаратурны твор. І крытэрыі тут абсалютна вядомыя і даўно вызначаныя ня намі. У чым тут адметнасьць “Дзеяслова”? Мяне часта папракаюць, але я скажу зноў: мы, у адрозьненьне ад выданьняў “холдынгу”, ня дзелім пісьменьнікаў на “сваіх” ды “чужых”. Гэта першае. Па-другое, у нас няма цэнзуры, як такой, мы не друкуем толькі творы антысеміцкага, расісцкага, антычалавечага ўвогуле зьместу. Па-трэцяе, “Дзеяслоў” ня орган нейкага саюзу, ён вольны ў выбары аўтараў і незалежны ад волі зь якога б там ні было “верху”. Памятаю, у “Полымя” прыходзілі аўтары з вершамі, на якіх была рэзалюцыя старшыні СБП: “прашу надрукаваць, як члена саюзу”. І тады ўжо гэткія рэзалюцыі былі сьмешнымі і мы на іх увагі не зьвярталі... Таму, падкрэсьлю, у “Дзеяслове” мы стараемся друкаваць сапраўды лепшае з таго, што да нас трапляе. Так, лепшае. З таго, што прапануюць. Паўтараю, мы выбіраем з таго, што ёсьць. Такая доля любога літаратурнага выданьня. Уласна адбор з гэтага пачынаецца і гэтым заканчваецца: мы цалкам залежым ад нашых аўтараў, ад таго, што яны напісалі. Але калі твор слабы, то ніякі рэдактар яго ня “выцягне”. І тут, як кажуць, няма чаго на люстэрка крыўдаваць, калі… З іншага боку, назавіце за апошнія пяць гадоў, з часу як выходзіць “Дзеяслоў”, што з лепшага было надрукавана ў іншых беларускіх выданьнях, што абмінула “Дзеяслоў”? Найперш у прозе… Я вось так адразу не прыгадаю.


Імя:: B. Сычук Горад:: Менск
18.12.2007 19:40

Дзякуй за тое, што робіце найлепшы часопіс. Зразумела, што вы друкуеце не аўтараў, а творы, зыходзячы з іх якасці. А ўсё ж да каго з аўтараў душа ляжыць? Хто ў нашай літаратуры той, каго можна назваць калі не яе сумленнем, дык хоць бы прыстойным яе прадстаўніком?

18.12.2007

Дзякуй і Вам за добрае слова... Я лічу, што ў літаратуры няма такога панятку, як час. У жывых проста ёсьць фора перад мёртвымі: яны яшчэ могуць нешта зрабіць. У жывых няма толькі апраўданьня іхняму бязьдзеяньню… У астатнім, усе хто пісаў ці піша – сучасьнікі. Таму ня скідваю з рахунку тых, хто нядаўна пайшоў ад нас. І таму ж, зразумела, першым згадваецца Васіль Быкаў... А яшчэ дужа прыемнымі былі сустрэчы і доўгія гутаркі з Іванам Антонавічам Брылём. Вельмі не хапае яго зараз… Ягонай зычлівай усьмешкі, шчырага слова. “Душа ляжыць”, пэўна, да тых, каго часьцей друкуем (тут ужо нам няма апраўданьня і не схавацца мне за агульныя словы: гэта навідавоку – глядзіце нумары): Дранько-Майсюк, Някляеў, Гілевіч, Барадулін, Бураўкін, Мудроў, Казько, Хадановіч, Дубавец, Рублеўскія – Сяргей ды Людміла… ну і гэтак далей… Даруйце, называю імёны так хаатычна, як згадваюцца… Што да сумленнасьці і прыстойнасьці, то – няма прарока ў сваёй Айчыне… Гэта вельмі высокія словы і давайце ўжываць іх ашчадней. Асабліва ў адносінах да жывых.


Імя:: Пятро
18.12.2007 21:23

Назавіце пяць найлепшых пісьменьникаў нашага часу (з жывых)

18.12.2007

Ой, цяжка… Не люблю ніякіх пералікаў. Тым болей – сярод сучасьнікаў. Тым болей – так шмат файных літаратараў з сусьветнае літаратуры, на якіх вырас, адыйшло ў апошнія гады. Лепшых не назаву. Назаву тых, каго чытаю: Бітаў, Павіч, Кундэра, Зюськінд, Эка… Даруйце, так і стукаюцца, просяцца ў пералік, тыя, каго ўжо няма… Яшчэ даруйце, называю не маладых, а тых, хто прайшоў праверку часам… З “модных” сёньня дадаў бы хіба Чака Паланіка, а ўвогуле за “модай” не ганюся і Браўна з Ролінгз лепшымі не лічу. Тым болей Дашкаву з Марынінай. Беларусаў прынцыпова не называю.


Імя:: Снежны Чалавек Горад:: Магiлёў
19.12.2007 02:01

Вы глядзелi БЕЛСАТ? Як вам?

19.12.2007

На жаль, пакуль ня бачыў. Толькі старонку ў інтэрнеце. Але вельмі рады з нагоды выхаду першых перадачаў. Віншую ўсіх, хто спрычыніўся да гэтага. Набывайма “талеркі”!


Імя:: Дзяніс Горад:: Хэрсон
19.12.2007 08:15

Дзень добры! Чаму рэдакцыя часопісу карыстаецца такім крыху нязвычным правапісам? Гэта ўжо не наркамаўка, але яшчэ не тарашкевіца. Чаму так? Ці плянуеце Вы іншыя зьмены, апрача мяккага знаку і канчаткаў -аў ("словаў", "моваў"), -ая ("нашая") ды г.д.? Даруйце за магчымыя памылкі: беларуская мова мне няродная. Мо', таго мяне і цікавыць ейны правапіс (паводле беларускіх рэаліяў: правапіс+граматыка+лексыка). Ці лічыце Вы мэтазгодным зацугляць правапіс з дапамогаю ўраду і парляманту, калі сапраўды беларуская мова ў афіцыйнай сфэры амаль не прысутнічае? Ці гэта ўжо нейкая перакуленая лёгіка, калі спадар Лукашанец абвінавачвае ў моўных праблемах ня ўладу, а прыхільнікаў тарашкевіцы (правапіс Вашага часопісу, як я ведаю, ён таксама лічыць "вельмі дрэнным варыянтам")? Вялікі дзякуй за адказ.

19.12.2007

Дзякуй, вельмі важнае для мяне пытаньне. Асабліва цяпер, калі тыя два-тры выданьні ў Беларусі, што выходзяць не на наркамаўцы, паставілі не перад выбарам нават, а перад фактам. Дзяржава не разумее, што робіць: няма праблемы, бо няма з кім змагацца… Вельмі шкада, што ніхто ў Беларусі так і не зьвярнуў увагі на прапанаваны “Дзеясловам” альтэрнатыўны варыянт правапісу (своеасаблівае уніяцтва), з вяртаньнем хоць бы мяккага знаку. Спадар Лукашанец, па-мойму, проста не трымаў “Дзеяслоў” у руках і ня бачыў нават графічна, як натуральна выглядае мяккі знак у тэксьце і зусім ня “рэжа вока”, як тыя ж ненавісныя шмат каму “глёбусы” ці “клясы”… Дзяржава – зразумела, а вось ад прыхільнікаў тарашкевіцы я не чакаў такой зацятай “прынцыповасьці”. Наступным натуральным крокам для “Дзеяслова” было б пашырэньне ў часопісе правілаў тарашкевіцы. Але не ў нашай сітуацыі. Баюся, што давядзецца наадварот зрабіць крок назад. Ледзь не на кожнай сустрэчы з чытачамі нам задаюць пытаньне пра правапіс. І студэнты, настаўнікі (а іх сярод нашых чытачоў большасьць) настойваюць на ўжываньні “школьнага” правапісу. Так ім будзе лягчэй. Ня будзе блытаніны. Пэўна, з новага году мы на гэта пойдзем. Бо вельмі важна ў нашай сітуацыі проста ня страціць, захаваць часопіс. Я ўпэўнены, будучыня за “дзеясловіцай” і “тарашкевіцай”, але… нам давядзецца адступіць. Думаю, гэта ня будзе вялікай трагедыяй, а мо ніхто нават і не заўважыць таго, як не заўважалі дзеясловіцу, хаця для рэдакцыі гэта быў добры кавалак працы: кожны мяккі знак ставіўся ўручную… Скажу яшчэ, што разумею і падтрымліваю Сяргея Дубаўца, чалавека, які напрыканцы мінулага стагоддзя фактычна адрадзіў тарашкевіцу, аднак цяпер за адзіны правапіс, хай сабе і дзяржаўны.


Імя:: Сяргей Горад:: Вялейка
19.12.2007 10:18

Цi друкуюцца ў вас аўтары з праўладнага саюзу пiсьменьнiкаў?

19.12.2007

З праўладнага... здаецца, ніхто з іх свае творы не прапаноўваў. А вось тыя літаратары, што працуюць у холдынгу ці іншых дзяржаўных выданьнях -- друкуюцца. Хто? Людміла Рублеўская. Андрэй Федарэнка. Алесь Бадак... Хаця вось ён якраз нядаўна і перайшоў у праўладны саюз...


Імя:: Антон Горад:: Узда
19.12.2007 10:24

У якой ступенi вы цiкавiцеся палiтыкай? Хто ваш iдэал сярод беларускiх палiтыкаў - мiнулых або сучасных (калi такi ёсьць)?

19.12.2007

У той ступені, як і любы грамадзянін, якому неабыякавы лёс роднае краіны. Ідэалаў няма... Зрэшты, прыгадаю Зянона Пазьняка канца 80-х. Калі і набліжаўся ў нас хто да таго, што можна назваць ідэалам, дык гэта ён.


Імя:: g
19.12.2007 11:52

Так, пад Каляды, звычайна людзі глядзяць і на мінулы год і на будучы. У мінулым "Дзеяслову" споўнілася 5 гадоў. Ва ўмовах сённешняй Беларусі гэта, як кажуць у пэўных колах - "респект і уважуха". Што было галоўным для Вас асабіста і для часопіса за мінулыя 5 гадоў? Якія літаратурныя справы сталіся найбольш цікавымі ў 2007 годзе для вас, як для пісьменніка і для "Дзеяслова", як адзінага незалежнага форума сённешняй беларускамоўнай літаратуры? І апошняе - якія планы на будучы год? Зноў жа - Вашыя, як пісьменніка, і "Дзеясловаўскія" - як выдання і як выдавецтва, дарэчы, ня трэба забываць і пра "бібліятэчку". Дзякуй за Вашую працу.

19.12.2007

Галоўнае, што мы выстаялі, вытрымалі і наладзілі рэгулярны, падкрэсьліваю, рэгулярны выхад часопіса. Вельмі важна, што для большасьці беларускіх пісьменьнікаў зьявілася незалежнае ад дзяржаўнае цэнзуры выданьне, зьявілася мажлівасьць выказвацца адкрыта і шчыра. 2007 год быў цяжкім і для Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, і для Літфонду, і для "Дзеяслова". Скажам, залю для ўручэньня штогадовых прэміяў "Залаты апостраф" мы знайшлі толькі ў кастрычніку... Пляны... Друкаваць лепшае з сучаснай беларускай літаратуры. У нашым рэдакцыйным "партфэлі" зараз новыя раманы і аповесьці Анатоля Кудраўца, Вольгі Іпатавай, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Генадзя Дзьмітрыва, Надзеі Старавойтавай, Юрыя Станкевіча... ня ведаю нават, як удасца выдаць іх за наступны год... Бо яшчэ -- малая проза, паэзія,эсэістыка, артыкулы па гісторыі, мастацтве, літаратуразнаўству... У бібліятэчцы рыхтуем кнігі Сяргея Прылуцкага, Леаніда Дранько-Майсюка (знакамітую "Цацачную краму цалкам, без купюраў), Ганны Аўчыньнікавай... На асабістыя пляны і працу на сябе часу амаль не застаецца.


Імя:: Зьміцер
19.12.2007 12:59

Як Выставіцеся да закідаў у Ваш адрас Адама Глёбуса? Пэўна, калісьці адмовілі яму ў публікацыі, а ён не забыў )))

19.12.2007

Чуў пра гэта. Ніяк. На жаль, сваёй старонкі ў "жывым часопісе" ня маю, бо няма часу на гэта, а таму і на чужыя не зазіраю. Думаю, і гэтая канфэрэнцыя падорыць. сп. Глобусу ды Квяткоўскаму пару цытатаў, якія яны "жыва абмяркуюць". Адкуль растуць ногі ў крыўды, што пераходзіць у абразы на мой адрас, ня ведаю. Спытайце ў яго самога. Ганарар яму за вершы, скарыстаныя ў кнізе Сяргея Дубаўца, што выйшла ў бібліятэчцы "Дзеяслова", мы з Сяргеем падрыхтавалі: дзесяць беларускіх рублёў у мяне і зараз у кішэні (на жаль, меншай купюры ў нашым ужытку няма, а больш тое не каштуе)... Перадам пры нагодзе. Разам з "падзякай" за шчырую працу на ніве русыфікацыі Беларусі. Калі-небудзь, думаю, гэта заўважаць і ацэняць іншыя.


Імя:: Siargiej
19.12.2007 13:08

Spadar Barys, aposhnim chasam usie zanialisia abmiarkavanniem uchynku nashych muzykau. A vos zha josc fakt atrymannia kvaterau ad ulady sp.Lukashenki siabrami vashaj pismiennickaj arhanizacyji. I, zdajecca mnie, nichto nie admoviusia ad hetaj prapanovy. A ci ustupilisia vy za nashych muzykau?

19.12.2007

Як даўно тое было... Я пра кватэры. І памятаецца. Значыць, не забудзецца і гэты паход. Музыкаў ніколькі не асуджаю. Бо ня бачу нічога добрага ў тым, што іх песьні не гучаць на радыё і тэлевізіі. Калі ім удасца прарвацца ў эфір і пры гэтым ня здрадзіць самім сабе -- буду толькі рады. Хоць мой досьвед працы ў СБП сьведчыць пра адваротнае. Бо да гэтакіх кантактаў ня мы ды музыкі не гатовыя, а ўлада. Бо за дазволам на беларускамоўную музыку, трэба будзе рабіць наступныя крокі: вяртаць мову ў навіны, перадачы, вяртаць нашую сапраўдную гісторыю і нашыя гістарычныя сімвалы -- сьцяг і герб... Гэта непазьбежна паўстане і ўлада тое разумее.


Імя:: Stax
19.12.2007 13:20

Chamu niama fentezi pa-belarusku? Dziakuj.

19.12.2007

Ёсьць. Але настолькі квола, што амаль незаўважна. Мне цікавыя спробы Андрэя Паўлухіна ў гэтым накірунку. А ўвогуле, мне здаецца, прычына ў тым, што няма запатрабаваньня, "масавага" попыту на такую літаратуру, якая ад пачатку мяркуе быць "масавай". Пэўна, аматараў фэнтэзі цалкам задавальняе тое, што ёсьць па-расейску. А ня масавыя беларусы чытаюць сур'ёзную літаратуру. Ці ня так?


Імя:: Дар'я Ліс
19.12.2007 13:38

Спадар Барыс! Поспехаў вам асабіста і часопісу "Дзеяслоў" у годзе наступным! Найлепшыя пажаданні напярэдадні Ражства і Новага года:)

19.12.2007

Дзякуй вялікі шаноўная Дар'я за добрыя пажаданьні. Вам асабіста -- плёну і шчасьця, здароўя і посьпехаў у новым годзе. Мы Вас любім.


Імя:: Рэчыц Горад:: Менск
19.12.2007 14:04

Спадар Пятровіч! Ці верыце Вы ў расейскамоўную літаратуру на Беларусі? Ці можа нарадзіцца ў нас геніальны творца, які будзе пісаць па-руску? Дзякуй!

19.12.2007

Колькі было спробаў, колькі нават маіх аднагодкаў прарываліся ў Маскву, каб прабіцца ў геніі, дзякуючы вялікай рускай мове... І што -- у выніку "пшык". Калі за папярэднія дзьвесьце гадоў суцэльнага панаваньня расейшчыны на Беларусі нічога не зьявілася, дык ці зьявіцца за наступныя (не дай Бог!) дзьвесьце? Вынікі, дарэчы, вы можаце назіраць у сёньняшнім праўладным саюзе, дзе ці ня большасьць -- расейскамоўныя "творцы", і ў якіх сёньня поўная воля і доступ да ўсіх СМІ... Калі ж і народзіцца на Беларусі геній, які будзе пісаць па-расейску, то стане ён здабыткам расейскай культуры, а не беларускай... Як стаў Дастаеўскі. Трэба разумець гэтую розьніцу.


Імя:: l
19.12.2007 14:37

А ці варта ўвогуле падзяляць літаратуру "па моўных прыкметах"?

19.12.2007

Хочацца адразу сказаць -- ня варта. Бо недзе там, глыбока ў душы, я касмапаліт. Але. Але. Але. Навошта тады Бог у Бабілоне перамяшаў мовы... Ёсьць, вядома, на плянэце Зямля адзіная сусьветная агульначалавечая... культура і агульнапрызнаныя творы. Аднак яна, гэтая культура, хочам мы таго ці ня хочам, складаецца з унёскаў асобных нацыяў. І гонар той маленькай нацыі, такой, як беларусы, калі яе геній, напісаўшы твор на роднай мове, стане геніем сусьветным. І так будзе, пакуль будзе падзел на народы і мовы... Бяда, праўда, у тым, што пераклад геніяльнага твору заўсёды прайграе арыгіналу.


Імя:: Sweta-Zinok Горад:: Payday loans
28.12.2007 20:36

Hi. Sorry for my english. Happy New Year!!!!! Good Luck!


Імя:: Мікола
29.12.2007 19:41

Хай радуецца наша палеская зямля,што нарадзіла такіх хлопцаў. Каб ты ведаў,Барыс,як мне заўжды хочацца дамоў!


Імя:: BestOfDedMorozy
01.01.2008 20:47

Желаю Вам успехов, как в работе так и в повседневной жизни! Пусть новый год Вам принесёт намного больше чем уходящий! Побольше Вам улыбок и удачи во всех начинаниях! Всегда Ваш, Дед Мороз!

Камэнтары 1-18 (з 18)