Форум

Райнэр Лінднэр


27.11.2007

Райнэр Лінднэр – палітоляг, гісторык, Старшыня нямецка-беларускага таварыства, прадстаўнік бэрлінскага фонду “Навука і палітыка”, старшыня Менскага форуму. Днямі адбыўся X Менскі форум -- “Беларусь — эўрапейская нацыя ў працэсе пераменаў: ідэнтычнасьць і супрацоўніцтва ў сфэрах палітыкі, эканомікі, грамадзтва”, з удзелам нямецкіх і беларускіх палітыкаў і палітолягаў. Беларускі бок быў прадстаўлены як уладамі, гэтак і апазыцыяй.

Аўтар кнігі “Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX—XX ст.” (1999 год, Мюнхэн, 2003 год, Менск: Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»), пра якую аўтар рэцэнзіі ў “АРХЭ” пісаў гэтак: “Кнізе Райнэра Лінднэра наканавана доўгае жыцьцё. З выхадам нямецкага выданьня яго аўтар заняў месца аднаго з найбольш аўтарытэтных знаўцаў гісторыі Беларусі на Захадзе. Беларускае выданьне кнігі засьведчыла нашаму грамадзтву інтарэс заходніх гісторыкаў да беларускай мінуўшчыны. Можа, калісь і беларуская ўлада зразумее важнасьць альтруістычнай працы заходніх беларусістаў па рэкляме малавядомай усходнеэўрапейскай краіны і падтрымае яе і словам, і капейкай”.

Ацэньваючы вынікі апошняга, дзясятага Менскага Форуму, Райнэр Лінднэр у інтэрвію Свабодзе сказаў: “Гэты форум зьяўляецца прарывам у тым сэнсе, што і афіцыйныя, і апазыцыйныя прадстаўнікі дыскутавалі і абмяняліся думкамі. Для мяне гэта важна. Сытуацыя спэцыфічная - спаўняецца 10 гадоў рашэньню Эўразьвяза спыніць афіцыйныя ўзаемаадносіны з Беларусьсю на высокім узроўні. Цяпер мы назіраем пэўныя невялікія сыгналы з абодвух бакоў, каб і Беларусь, і Эўразьвяз шукалі магчымасьцяў для новага падыходу. Канешне, з пункту гледжаньня Эўразьвязу на падставе міжнародных стандартаў, якія павінны быць прыняты і Беларусьсю, паколькі Беларусь зьяўляецца сябрам ОБСЕ. Гэтыя ціхія сыгналы пачутыя. Будзем спадзявацца рабіць на гэтай падставе канкрэтныя сумесныя крокі”.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-17 (з 17)
 
Імя:: Ананім
27.11.2007 21:35

Адкажыце шчыра, якой для Вас ўяўляецца Беларусь: гістарычна эўрапэйскай краінай, якая на 200 гадоў трапіла пад уплыў усходняга суседа, ці тэрыторыяй, ў якой не магло і ня можа быць іншага варыянту, як быць і заставацца часткай гэтай самай усходняй і непрыязнай для Эўропы імпэрыі?

28.11.2007

У сваёй кнізе "Гісторыкі і ўлада", якая выйшла на беларускай мове ў 2003 годзе, я падрабязна пра гэта пісаў. Беларусь - адзін з геаграфічных цэнтраў Эўропы (Вы, пэўна, ведаеце,што шмат дзяржаў прэтэндуюць на гэта). Гістарычна Беларусь належала да Сярэдняй Эўропы, як Польшча, Літва, Вялікае Княства Літоўскае. І сапраўды, толькі з канца 18 стагодзьдзя большасьць тэрыторыі апынулася пад уплывам Расеі. Мы ведаем, што беларускія гарады мелі Магдэбурскае права, але былі і іншыя варыянты эўрапейскага ўплыву -- рэлігійныя, культурныя і гэтак далей. З пункту гледжаньня гісторыі і культуры Беларусь, вядома -- частка "старой Эўропы". Вядома, сёньня гэтыя паняцьці такога значэньня ня маюць. У час глябалізацыі істотна, якія магчымасьці ў Беларусі ёсьць ў пляне энэргетычнага транзыту, што Беларусь выйграе пры гэтым. Думаю. што ў гэтым сэнсе Беларусь ёсьць вельмі важнай часткай эўрапейскай інфраструктуры энэргетычнай бясьпекі. І таму пытаньне "Альбо з Расеяй, альбо з Эўропай" -- для мяне гэтае пытаньне ўжо ня мае нейкага асаблівага значэньня. Я выступаю за незалежнасьць Беларусі ў дзяржаўным сэнсе, і за яе незалежнасьць на ўсясьветным рынку, у тым ліку і на рынку энэргетыкі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 08:52

В чем на ваш взгляд главное отличие белорусов от украинцев, и главное отличие от русских ( я имею ввиду ментально) И второй вопрос как вы относитесь к такому политологу как Александр Рар. Большое вам спасибо за укрепление белорусско-германских связей

28.11.2007

Дзякуй, я як кіраўнік Нямецка-беларускага таварыства з задавальненьнем перадам падзяку членам нашага таварыства.

Што тычыцца Аляксандра Рара, мы зь ім тут, у Бэрліне, супрацоўнічаем, і хаця не працуем у адной структуры, але рэгулярна сустракаемся на розных канфэрэнцыях, дыскусіях. Я ведаю, што ў яго вельмі моцныя пазыцыі ў СМІ Расеі, Украіны і Беларусі.

Што да адрозьненьняў беларусаў ад украінцаў і расейцаў... Ведаеце, я не прыхільнік культурна-сацыялягічных спэцыфікацыяў, я б сказаў, што гэта -- самастойныя народы. Вядома, яны ўсе з пункту гледжаньня гісторыі -- частка ўсходнеславянскага сьвету, але ўжо ідзе працэс дыфэрэнцыяцыі. Украінцы, вядома, ужо ў канцы 19 стагодзьдзя мелі заўважальныя адрозьненьні ад Расеі, яны актыўна займаліся нацыянальным будаўніцтвам, у Беларусі гэта здарылася крыху пазьней. Першая гісторыя Беларусі была напісаная ў 1910 годзе, ва Ўкраіне першая гісторыя Ўкраіны -- у канцы ХVIII стагодзьдзя. Ёсьць нейкая розьніца, але з пункту гледжаньня разьвіцьця і украінцы, і беларусы былі народамі на ўскрайку імпэрыі. Таму ёсьць пэўны дэфіцыт элітаў. І гэты дэфіцыт, на мой погляд, у Беларусі і цяпер заўважальны. Але, думаю, гадоў празь дзесяць, калі Беларусі як незалежнай дзяржаве будзе 25 гадоў, будзе бачна, якую важную ролю Беларусь адыгрывае ў Эўропе. Адрозьненьні ад расейцаў таксама нейкія, вядома, ёсьць, але я не хачу штучна канструяваць нейкія супярэчнасьці. Вось таксама паміж французамі і немцамі ёсьць вялікія ці маленькія адрозьненьні. Французаў успрымаюць як больш адкрыты, жыцьцярадасны народ, а нас, немцаў, часам называюць сумнаватымі. Таму гэта больш пытаньне культуралёгіі, а не паліталёгіі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 11:30

Спадар Лінднэр, наколькі рэальнай Вам бачыцца анэксія Беларусі Расеяй?

28.11.2007

Я б сказаў, што "саюзнай дзяржавы" насамрэч не існуе. Пасьля апошніх коштаў на газ эканамічныя ўзаемаадносіны зрабіліся больш рынкавымі. Мы назіраем камэрцыялізацыю расейскай зьнешняй палітыкі, і Беларусь зрабілася апошнім прыкладам. Напэўна, ёсьць прывілеяваныя ўзаемаадносіны ў нейкіх галінах, але мы бачым, што нават для экспарту беларускіх прадуктаў ужо не існуе льготаў на расейскім рынку. Я думаю, што ўжо гадоў празь пяць гэта будуць узаемааадносіны паміж дзьвюма самастойнымі дзяржавамі, як, напрыклад, зь Нямеччынай альбо з Польшчай.


Імя:: Ананім
28.11.2007 11:38

Ці зразумела Эўропа, што лічыць расейскага прэзыдэнта Пуціна прыхільнікам дэмакратыі было трагічнай памылкай?

28.11.2007

Гэта тычыцца, у прынцыпе, палітыкі Нямеччыны. У апошні час у нас ідуць рознагалосьсі. Нядаўна былы канцлер Шрэдэр назваў палітыку канцлера Мэркель у адносінах да Расеі "больш эмацыйнай" і зьвязанай зь біяграфіяй Мэркель, што яна жыла пад уплывам аўтарытарнай дзяржавы, і таму нэгатыўна ставіцца да Расеі. Гэтае выказваньне Шрэдэра вельмі жорстка было скрытыкаванае прадстаўнікамі ХДС. І я згодны з крытыкай, бо, сапраўды, так нельга ацэньваць Мэркель. Яна, у адрозьненьне ад Шрэдэра, імкнецца апэраваць больш аб’ектыўнымі катэгорыямі. У яе адносінах да Расеі прысутнічае і крытыка. Апошнія падзеі ў Расеі, напрыклад, арышты апазыцыйных палітыкаў, пацьвярджаюць слушнасьць пазыцыі канцлера Мэркель. Я б сказаў, што называць Пуціна "чыстым дэмакратам" -- гэта было, сапраўды, ня вельмі аб’ектыўна. Вядома, там ужо адыгрывалі ролю і нейкія асабістыя амбіцыі ці пэрспэктывы Шрэдэра пасьля зыходу з офісу. Гэта была ня самая сьветлая старонка нямецкай дыпляматыі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 12:23

Дзе зараз праходзiць мяжа уздельнiкау сучаснага пакту "Молатава-Рыбентропа" - "Пуцiна-Шродара"?

28.11.2007

Ведаеце, мне параўнаньне здаецца няправільным. Шрэдэр ужо не зьяўляецца дзейным палітыкам, і мне не цікава, чым ён там займаецца. Пакт "Рыбэнтропа-Молатава" быў пактам двух аўтарытарных дыктатарскіх дзеячоў, а ў Расеі цяпер, дзякуй Богу, ня сталінская дыктатура.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:02

Алесь Міхалок Якія могуць быць канкрэтныя крокі?

28.11.2007

Могць быць вельмі канкрэтныя крокі. Напрыклад, вызваленьне палітычных зьняволеных, свабодныя выбары ў будучым годзе. Тады Беларусь увайшла б у праграму "Палітыка эўрапейскага суседзтва". Ужо ідзе дыфэрэнцыяцыя краінаў з пункту гледжаньня ЭЗ. Украіна вельмі шмат фінансаў атрымлівае ад Эўразьвязу, у наступным годзе -- ледзь не паўмільярда даляраў. Малдова таксама атрымлівае, хаця і крыху меней. У фінансавым сэнсе Беларусь магла б выйграць. І грамадзяне таксама -- напрыклад, украінцы за шэнгенскую візу плацяць 35 эўра, а беларусы - 60. І трэці элемэнт -- эканамічныя адносіны, магчымасьці для інвэстыцыяў, прысутнасьці нямецкіх, заходніх фірмаў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер у Беларусі 360 нямецкіх фірмаў, у 80-ці ёсьць прадстаўніцтвы ў Беларусі. Словам, ёсьць шмат магчымасьцяў.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:03

Господин Линднер, президент Лукашенко в интервью газете "Эль Паис" сказал, что "Европа не хочет диалога с Беларусью". Как бы Вы прокомментировали это? Считаете ли, что Лукашенко способен провести демократическую и экономическую трансформацию? Каковы перспективы белорусского политического режима и вообще политической состемы в свете новых отношений между Беларусью и Россией? Спасибо.

28.11.2007

Шкада, што прэзыдэнт не прысутнічаў на Менскім форуме, можа быць, у наступным годзе? Запрашаю яго. Калі б ён прысутнічаў на нашых дыскусіях, ён бы пабачыў, што прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу, нямецкага бундэстагу, у тым ліку і статс-міністар, вельмі пазытыўна ацэньвалі магчымасьці для супрацоўніцтва зь Беларусьсю, калі б у бліжэйшы час зьмяніліся пэўныя палітычныя рамачныя ўмовы. Дарэчы, на форуме мы з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі спадаром Варанецкім і намесьнікам міністра энэргетыкі Таўпінцом, і намесьнікам міністра адукацыі абмеркавалі гэтыя пытаньні. І ад іх таксама былі станоўчыя сыгналы для супрацоўніцтва. На мой погляд, пазыцыя, выказаная ў інтэрвію "Эль Паіс" крыху састарэлая. Магчыма, у бліжэйшы час палепшацца ўзаемаадносіны Эўрапейскага зьвязу і Беларусі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:36

Ці дапускаеце Вы, што ў свой час канцлер ФРГ Шрэдэр далучаўся да міжнароднай падтрымкі Ўладзіміра Пуціна, ведаючы, што будзе аддзячаны? Дзякуй

28.11.2007

Ведаеце, я ўжо ня маю намеру камэнтаваць палітыку былога канцлера. Нямеччына зацікаўленая ў добрых узаемаадносінах з Украінай, Беларусьсю, Малдовай. І я празь некалькі гадзін вылятаю ў Грузію, дзе мы будзем абмяркоўваць пэрспэктывы ўзаемаадносінаў у рэгіёне Чорнага мора. Ёсьць розныя фарматы ўзаемаадносінаў. Напрыклад, прадстаўніца МЗС Беларусі спадарыня Грыцэнка на Менскім форуме ўзгадвала магчымасьці супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі. словам, бінарныя ўзаемаадносіны Нямеччына-Расея не зьяўляюцца адзіным вэктарам нямецкай зьнешняй палітыкі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:38

Вы кажаце пра ціхія сыгналы з боку Беларусі для супрацоўніцтва з эўрапейскімі структурамі. Які з гэтых ціхіх самы моцны? Дзякуй, Агата

28.11.2007

Па-першае, тыя людзі, якія летась не атрымалі беларускіх візаў для ўдзелу ў Менскім форуме, сёлета іх атрымалі і ўдзельнічалі ў працы форуму. Асабіста для мяне гэта было важным сыгналам. Скажам, дэпутат бундэстагу Бэк летась візы ня мела. Ёсьць і іншыя сыгналы. Напрыклад, "Эўрапэйскі марш" і "Сацыяльны марш" хаця і прайшлі ў напружаных сытуацыях, але не былі разагнаныя міліцыяй. Гэта для нашых назіральнікаў зьяўляецца важнымі прыкметамі новага стылю, скажам так. Плюс выступ намесьніка міністра замежных спраў спадара Варанецкага на канфэрэнцыі ў Брусэлі, словы пра гатоўнасьць да дыялёгу, якія раней так гучна не гучалі. Напрыклад, Дзень беларускай эканомікі ў Нямеччыне вельмі пасьпяхова прайшоў, плюс - Дні нямецкай эканомікі ў Беларусі. Ёсьць пэрспэктывы супрацоўніцтва ў розных галінах эканомікі. Я думаю, самае галоўнае цяпер - ісьці далей на гэтым шляху. І на Менскім форуме было таксама збліжэньне -- на розных ўзроўнях былі новыя акцэнты.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:38

Хто Вам асабіста вельмі сымпатычны ў расейскай палітычнай эліце?

28.11.2007

З тых, каго ведаю асабіста -- зь лібэралаў станоўча ацэньваю Ірыну Хакамаду. Нямцоў, вядома, таксама Яўлінскі, Рыжкоў -- вельмі цікавыя фігуры, але, на жаль, яны не для Расеі ў дадзены момант, таму што доступу да СМІ ў іх папросту няма, і яны -- апошнія сымбалі расейскага лібэралізму, а нейкай ролі ў палітычнай прасторы яны не адыгрываюць. З крамлёўскай эліты я таксама зь некаторымі знаёмы, у тым ліку і з прэзыдэнтам. Апошні раз бачыў яго ў Вісбадэне, у Нямеччыне. Але што такое сымпатыя ў палітыцы? Такой катэгорыі ў палітыцы не існуе. Самае важнае ў палітыцы -- гэта прыстойнасьць і пасьлядоўнасьць рашэньняў. Гуманнасьць гэтых рашэньняў. Гэта - самыя галоўныя катэгорыі.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:48

Добры дзень, Райнэр Лінднэр! Скажыце, што ўяўляе сабой нямецка-беларускае таварыства? З кім з беларусаў яно актыўна супрацоўнічае? Ці ёсць ад яго карысць беларусу ў Беларусі?

28.11.2007

Таварыства, якое было заснавана ў 1999 годзе, займаецца паляпшэньнем узаемаадносінаў Беларусі і Нямеччыны. Менскі форум зьяўляецца часткай гэтага Таварыства. 110 членаў Таварыства ёсьць у Нямеччыне. Займаемся палітычнымі і культурнымі мерапрыемствамі, арганізоўваем канфэрэнцыі, у тым ліку эканамічныя. Летась адзначылі 100-годзьдзе "Нашай Нівы" з прысутнасьцю галоўнага рэдактара Андрэя Дынько і паэта Андрэя Хадановіча. Выдалі дыск зь беларускай рок-музыкай. Мы вітаем новы накірунак беларускага кіраўніцтва, каб гурты, такія як "Крама", "НРМ" маглі патрапіць на хвалі беларускага радыё. Гэта важна для моладзі, якая, дарэчы, зьяўляецца вельмі важным адрасатам дзейнасьці нашага Таварыства.


Імя:: Ананім
28.11.2007 13:51

І яшчэ пытанні: Ці любіце Вы вандраваць па Беларусі? Што Вас прываблівае ў беларускай гісторыі? Якія мясціны ў Беларусі Вы б хацелі наведаць бліжэйшымі гадамі? Поспехаў! З павагай

28.11.2007

Я актыўна падарожнічаў па Беларусі, бачыў Мірскі замак, Нясьвіж, Горадню, Берасьце, двойчы быў у Гомлі, добра ведаю Нарач. Вядома, Менск. Ведаеце, чалавек, які напісаў дзьве кнігі па гісторыі Беларусі, быў вымушаны падарожнічаць ня толькі па архівах, а і па самой краіне. Прыяжджаючы ў гэтую краіну з 1988 году, я яе даволі добра ведаю.


Імя:: Ананім
28.11.2007 14:41

Спадар Лінднэр у 2000 годзе ў Нямеччыну была запрошана вялікая група беларускім апазыцыянэраў. Адбыліся сустрэчы ў вярхах у Бундэстагу, з ключавымі палітыкамі і партыямі. Усе нямецкія палітыкі і дзяржаўныя дзеячы ў адзін голас заяўлялі, што "шлях Беларусі да дэмакратыі ляжыць праз Расею, якая на гэтым шляху прасунулася значна наперад". Маўляў, трэба Беларусі станавіцца часткай Расеі, і ўсё будзе добра. Тыя з палітыкаў, якія пярэчылі немцам, адчулі вялікі псіхахалягічны ціск і незадаволенасьць нямцекіх прадстаўнікоў. Скажыце, калі ласка, ці захавалася гэтая канцэпцыя нямецкай палітыкі цяпер? Ці ФРГ зацікаўлена ў ліквідацыі беларускай дзяржавы шляхам уключэньня яе ў Расею? Юрась

28.11.2007

Дзякуй Богу, гэтыя часы мінулі. Цяпер пра гэта ўжо ніхто ня кажа, паколькі сама Расея разьвіваецца ў вельмі небясьпечным накірунку. Напрыклад, вазьміце выказваньне галоўнага ідэоляга "Адзінай Расеі" Абдул-Хакіма Султыгава ў артыкуле пра "фэномэн нацыянальнага лідэра ў Расеі". Гэта не шараговы чалавек, а асоба вельмі ўплывовая ў партыі Пуціна. Ён кажа, што трэба стварыць новую пасаду нацыянальнага лідэра. У апошнія месяцы мы ня ведаем, куды Расея насамрэч ідзе з пункту гледжаньня палітычнай культуры. Таму ніхто не чакае, што Беларусь дэмакратызуецца шляхам збліжэньня з Расеяй. Нямеччына выступае за незалежнасьць Беларусі, і, канешне, за адаптацыю Беларусі да стандартаў дэмакратыі Эўрапэйскага Зьвязу і АБСЭ, сябрам якога Беларусь зьяўляецца.


Імя:: Anatol Starkou Горад:: Brooklyn, USA
10.12.2007 00:29

Вітаю, Радыё СВАБОДА, Першае ўражанне ад новага сайта вельмі прыемнае. Спадзяюся, што да вас у хуткім часе далучыцца вялікая аўдыторыя беларусаў, якім таксама будзе прыемна атрымліваць навіны не толькі з вашага радыёэфіра, а і з вашай вэбстаронкі. Ў добры шлях Радыё СВАБОДА. З павагай, A.S.


Імя:: erroberce
10.12.2007 06:46

hm.. just wanna say thank you


Імя:: int13h
10.12.2007 17:27

Цікава, нешта з форумам? Ці яшчэ двігло сайта не прапрацавалі=)


Імя:: Зорны Шлях
11.12.2007 01:10

Спадар Лінднэр, ці не лічыце Вы, што еўрапейскія краіны (Германія, у прыватнасці) займаюць празмерна памяркоўную пазіцыю ў барацьбе за прасоўванне дэмакратыі ў Беларусі, у адрозненні ад тых жа ЗША.Бо відавочна, што рэжым нездольны да дыялогу.

Камэнтары 1-17 (з 17)