Форум

Юры Беленькі


24.10.2007

У сераду, 24 кастрычніка, а 13 гадзіне паводле менскага часу ў Інтэрнэце на вэб-сайце Свабоды адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з выканаўцам абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Юрасём Беленькім.

Нарадзіўся 5 мая 1960 г. у Менску ў сямьі рабочых. Беларус. У 1982 г. закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі па спэцыяльнасьці "фінансы і крэдыт". У 1982-84 гг. працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня міністэрства фінансаў Беларусі. У 1984-86 гг. служыў у арміі. Афіцэр рэзэрва. У 1986-1995 гг. працаваў на прадпрыемствах канцэрна "Амкадор" у Менску: начальнікам фінансавага аддзела завода "Ударнік", намесьнікам генэральнага дырэктара ТАА "Амкадор-Траст". Па накіраваньню прадпрыемства прайшоў курсы навучаньня: ў 1990 г. у Англіі па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 г. - у Нямеччыне па пытаньнях сыстэмных трансфармацыяў эканомікі. Сябра Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" з самага пачатку існаваньня Фронту ў 1988 г. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня і дэпутатам Менскага гарадзкога савета. Працаваў у складзе апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі. Адзін з аўтараў "Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі", распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам. Уваходзіў у склад Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ, у красавіку 1995 г. браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыянаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. З 1995 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам cтаршыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, выканаўцам абавязкаў у Беларусі cтаршыні Фронту і КХП-БНФ.

Паводле ініцыятывы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, у нядзелю 28 кастрычніка мае адбыцца шэцьце і мітынг у Курапатах.

«Курапаты – тое месца, якое дадае нам трываласьці і моцы духоўнай, -- сказаў Юры Беленькі ў інтэрвію Свабодзе. --. Тыя беларусы, якія ганарацца нашай гісторыяй, якія хочуць дабра свайму народу і вераць у ягоную сьветлую будучыню, мусяць прыйсьці на Дзяды і аддаць даніну павагу продкам».

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-20 (з 55)
 
Імя:: Ананім
23.10.2007 02:33

Паважаны, спадар Юрась! Я, сябра Партыі БНФ з 1995 года, толькі таго БНФ які існаваў да 1999 году. Маю пасьведчаньне, падпісанага Зянонам Пазьняком, чым вельмі ганаруся.Але. Мне незразумела чаму старшыны БНФ выкрысліў шмат адданных і сумленных сяброў Форнту ў тым ліку і мяне з маёй жонкай Галінай Арцёменка. Мы шчыра падтрымліваем нацыянальную ідэю і як можам змагаемся за яе тут ў эміграцыі. Мы падзяляем думку аб небяспецы з Ўсходу. Мы вельмі не задаволены дзейнасьцю АДС і В.Вячоркі, ў прыватнасьці. Аднак нам не зразумела чаму мы не патрэбны і З.Пазьняку у справе змаганьня за вольную, квітнеючую Беларусь. На ўсе нашы звароты да яго мы не атрымалі ніводнага адказу.Лічым, што патрэбна аб'яднаць намаганьні нашых палітычных ўцекачоў ў Эўропе. Бо аднымі дэклярацыямі перамогі не атрымаць. Пры жаданьні З Пазьняк ў стане быў гэта зрабіць даўно, аднак відаць гэта яму не патрэбна. Ад гэтага вельмі балюча і крыўдна за нашых землякоў. З павагай. Яўген Мурашка. Нямеччына.

24.10.2007

Спадар Яўген, давайце па-шчырасьці -- Вы выкрэсьлілі з БНФ сябе самі, калі сталі на пазыцыю чужога па духу і сутнасьці Фронту прагматызму абвешчаную тады, ў 1999 годзе сп. Вячоркам ды ягонымі калегамі “прагматыкамі” новай плятформай для БНФ. Памятаеце абяцанкі: “Будуць стаўкі, офісы, кампутары”?” Абяцаюць сур’ёзныя людзі!” І зрабіць для гэтага трэба нейкую дробязь – адхіліць ад старшынства Пазьняка! Калі ж не удалося гэтае рэалізаваць – пайшлі на прамы падлог і хлусьню. Але 30-ці срэбранікаў хапіла толькі на тое для чаго яны прызначаліся – для расколу Фронту, для здрады. Вы не атрымалі таго што Вам абяцалі, вось і крыўдуеце на Вячорку. Але чаго ж Вы чакалі? Прагматызм у палітыцы ( зазірніце ў падручнікі па паліталёгіі) гэта тое што ў побыце называюць звычайным шкурніцтвам.

Сёньня Вы апэлюеце да Зянона Пазьняка, чалавека, які стаіць на плятформе маральнасьці ў палітыцы. Чаму Вы да яго зьвяртайцеся? Вы пераканаліся ў праўдзівасьці ягонай пазыцыі, хочаце далучыцца, як Вы пішаце, да змаганьня за нацыянальную ідэю? Дык рабіце гэта ў адпаведнасьці з гэтай ідэяй ды маральлю, будзьце пасьлядоўны. Публічна распавядзіце пра дзеяньні “прагматыкаў” па развале Фронту, пра сапраўдную, “прагматычную” матывацыю іх дзеяньняў. А найперш, раскрыйце грамадзтву праўду пра мэханізмы правядзеньня ў 1999 годзе правакацыйнай кампаніі арганізаванай В. Ганчаром пад назвай “Альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта”, у якой Вам была адведзеная не апошняя роля. У палітыцы, як прынамсі і ў жыцьці, гэта адзіны шлях каб выходзіць з падобных сытуацый. Інакш Вашыя звароты да старшыні Фронту выглядаюць як няшчырыя і ня маюць даверу.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:26

Як можна называць нашую апазыцыю "так званай", яе найлепшыя прадстаўнікі зьніклі бязь вестак, лідэры і актывімсты сядзяць у турмах,ідуць над міліцэйскія дубінкі на кожнай акцыі, а ваш "лідэр" вырашыў "змагацца" за мяжой, што і робіць апошнія 10 год. А калі вашыя актывісты па вашым жа дадзўеным сабралі 120 тысяч подпісаў за яго рэгістацыю, ён адмовіўся падаваць іх у выбаркамы, бо не хацеў прыяжжаць на Беларусь і ісці на Плошчу 19 сакавіка.

24.10.2007

Вызначэньне “так званая апазыцыя” можна замяніць на паліткарэктнае, з эўрапейскага лексыкону, прынамсі як прапанавала пару гадоў таму адна незалежная газэта вызначэньне “хатняя апазыцыя”, ці меньш паліткарэктнае “прыдворная апызыцыя” , можна шчыра, як вызначыла сябе самое спн. Абрамава “прарасейская апазыцыя”, ці салідна, як прапанаваў сп. Пуцін, “конструктівная оппозіція”. Мне здаецца, больш адпавядае сутнасьці гэтай апазыцыі вызначэньне “прамаскоўская апазыцыя”. Бо кіраўнікі гэтай апазыцыі час ад часу езьдзяцць ў Маскву, праводзяць закрытыя сустрэчы ў СВОПе ( Совет по внешней і оборонной палітіке), пэрыядычна робяць заявы, што калі яны прыйдуць да улады ў Беларусі, то працэс інтэграцыі з Расеяй пойдзе нашмат хутчэй ( сп. Лябедзька ды іншыя). Хаця мае права на жыцьцё і “прыдворная”. У 1999-2000 г.г. спадары Вячорка, Статкевіч, Лебедзька, Хадыка ды іншыя вялі на працягу года сакрэтныя перамовы ў півярні “Ракаўскі бровар” з прадстаўнікамі лукашэнкаўскага рэжыму. Не дзень, не два, не нават месяц, цэлы год! Пра што цэлы год можна было ў таямніцы ад беларускага грамадзтва, як прынамсі, спадары Вячорка і Хадыка і ў таямніцы ад калег па Фронту, дамаўляцца з рэжымам? Пра маршы на Бангалор? Пра супольныя дзеяньні супраць нацыянальна-вызвольнага руху? Пра палітбізнэс? Маўчаць да гэтае пары. Толькі аднойчы сп. Лукашэнка трошачкі прыадчыніў таямніцу, памятаеце ягоны выгук да свайго паплечніка па выбарах 1994 года сп. Лябедзькі : “Ну какой с тебя Толя міністр іностранных дел?”

ФСБ забіла лідэраў нацыянальна-вызвольных рухаў, такіх як Чарнавіл, Гамсахурдзія, Дудаеў... У верасні-кастрычніку 1995 года мы ведалі, што створана спэцпадразьдзяленьне па ліквідацыі Зянона Пазьняка. Па сцэнару забойства лідэра Фронту павінна было быць прадстаўлена як справа рук самых фронтаўцаў “пры непрыгожых абставінах”. Ставілася мэта не толькі забіць старшыню БНФ, але і зганьбіць і яго і Фронт. Дзякаваць Богу, гэтыя пляны праваліліся. А выдатны аналітычны розум сп. Пазьняка ды ягоная воля працуюць на Беларусь. Прынамсі, колькі разоў , ў розных варыяцыях даходзіла інфармацыя пра тое якую злосьць у рэжыму выклікае тая акалічнасьць, што яны ня могуць дастаць Пазьняка.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:26

Шаноўны спадар Беленькі, даўно падтрымліваю палітычныя мэты ды ідэалы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, ды хацеў бы далучыцца да партыі. Якім чынам я магу стаць сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ?

24.10.2007

На нашых сайтах ёсьць Е-мэйлы, скантактуемся.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:28

Колькі сяброў вашай партыі за апошні былі затрыманыы за працу з насельніцтвам(арганізацыя масавых акцый, рапаўсюд улётак)

24.10.2007

Асабіста я апошні раз атрымаў «суткі» з фармулёўкай суда за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы (15 сутак) ў красавіку летась. Разам са мной на нарах на Акрэсьціна ў адной камэры былі два сябра і два прыхільніка нашай партыі. Мы нацэльваем сябраў партыі, асабліва моладзь, на тое каб па-магчымасьці пазьбягаць затрыманьняў, нам патрыбны не затрыманьні а вынікі ад працы. Калі ж сябра Партыі, ці прыхільнік трапляе пад рэпрэсіі, робім усё магчымае, каб абараніць яго. У той жа час мы з вялікай павагай ставімся да людзей, якія выбралі шлях адкрытага самаахвярнага змаганьня. Як прыклад -- мужнае змаганьне светлай памяці Уладзіміра Плешчанкі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:31

Чым Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя зараз займаецца на ніве Адраджэньня? Ці займаецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя беларускімі культурніцкімі суполкамі, якія былі на Беларусі шырока распаўсюджаныя ад пачатку да сярэдзіны дзевяностых. Чаму і куды на Вашую думку яны зьніклі? Няўжо справа Беларускага Адраджэньня ўжо завершаная?

24.10.2007

Уся нашая палітычная дзейнасьць як у вузкім, чыста палітычным рэчышчы, так і ў шырокім яе значэньні накіраваная на Адраджэньне. Беларуская палітыка можа быць эфектыўнай тады, калі ў яе ёсьць беларускае духоўнае і культурніцкае апірышча ў грамадзтве. З другога боку чыста палітычныя мэтады мусяць быць накіраваныя на адраджэньне мовы і культуры. Тут ёсьць рух у двух накірунках Як прыклад, нашая апошняя праграма па барацьбе з гвалтоўнай асіміляцыяй беларусаў, якая атрымала высокую ацэнку сярод адраджэнскіх колаў як ў Беларусі так і ў беларускага замежжа. Што тычыцца культурніцкіх суполак, гэта можа быць адна з формаў беларускай працы, трэба шукаць і новыя эфектыўныя формы, шырокія магчымасьці дзеля гэтага дае інтэрнэт. Канечне справа Беларускага Адраджэньня не завершаная. Трэба салідарна і аддана працаваць дзеля гэтае сьвятое мэты.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:33

Кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі Зянон Пазьняк знаходзіцца зараз за межамі Беларусі. Як гэта ўплывае на магчымасьць кіраваць партыяй? Якія ўладныя суадносіны паміж Зянонам Пазьняком ды яго намесьнікамі на Беларусі?

24.10.2007

Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць эфэктыўна кіраваць партыяй. Зянон Пазьняк абраны старшынём партыі, зьезд абраў двух намесьнікаў старшыні, Сяргея Папкова і Юрыя Беленькага. Па прапанове старшыні Партыі Юры Беленькі зацьвержаны Соймам партыі выканаўцам абавязкаў старшыні Партыі ў Беларусі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:35

Якія, на Вашую думку, вагу ды палітычны ўплыў мае Кансэрватыўна-Хрысьціняская Партыя БНФ на Беларусі? Якія Вы бачыце магчымасьці для пашырэньня ўплыву ды ў якой вобласьці грамадзкага жыцьця?

24.10.2007

Не зусім карэктна даваць ацэнку вагі партыі, адным з кіраўнікоў якой ты зьўляешся. Пашырэньне ўплыву можа адбыцца толькі праз працу, сыстэмную, штодзённую, крапатлівую працу. Пры гэтым трэба мець мужнасьць стаяць на сваім незалежна ад палітычнай каньюктуры, дзеяньняў непрыяцеляў ды спакусам саступіць ад стратэгіі у бок тактыкі. І любіць Беларусь.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:41

Беларускае Адраджэньне магчымае ў выпадку прыходу Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі да ўлады праз інстытуцыянальныя зьмены. Але ж легальны прыход да ўлады немагчымы пад акупацыяй.Беларускае Адраджэньне магчыма фарсіраваць праз сыстэму беларускіх суполак ды распаўсюд беларускасьці, беларускай культуры ды мовы, беларускага нацыяналістычнага сьветапогляду ў грамадзтве.Ці разумее гэта шаноўнае кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі БНФ? Якія крокі Вы зьбіраецеся рабіць у гэтым накірунку?

24.10.2007

Мы разумеем жыцьцёвую неабходнасьць Беларускага Адраджэньня. І робім усё магчымае, што ў нашых сілах. Адным з праграмных накірункаў нашай дзейнасьці ёсьць і палітычная асьвета насельніцтва.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:41

Вы - беларускі нацыяналіст?

24.10.2007

Я беларус з усіх бакоў, і з вонку і з унутры. Я люблю Беларусь і Беларускі Сусьвет. І працую дзеля Беларускай Нацыянальнай Ідэі. Калі гэты вобраз адпавядае Вашаму ўяўленьню хто ёсьць беларускі нацыяналіст, то так.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:42

Як выглядае беларускі нацыяналістычны сьветапогляд у сфэры гісторыі? Якія акцэнты ён ставіць у сфэры беларускае гісторыі?

24.10.2007

Давайце пакінем гістарычны аспэкт прафэсіяналам – беларускім гісторыкам.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:43

Што гаворыць беларускі нацыяналістычны сьветапогляд беларускаму нацыяналісту ў сфэры мовы? Што ён гаворыць пра расейскую мову ды ейны ўплыў?

24.10.2007

Лепш за Дуніна-Марцінкевіча тут не скажаш.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:45

Што Вы мяркуеце пра дзейнасьць беларускіх нацыяналістаў пад нямецкай акупацыяй?

24.10.2007

І пад нямецкай акупацыяй і пад адкрытай расейскай і пад сёньняшняй унутранай расейскай былі і ёсьць шчырыя рупліўцы нівы беларускай , вялікая ім пашана. Можна прывесьці словы Васіля Быкава пра беларускіх настаўнікаў, якія пад нямецкай акупацыяй не дазволілі здурнець цэламу пакаленьню.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:45

Якім чынам мы можам даведацца імёны тых, каго забіла маскоўскае НКВД у Курапатах?

24.10.2007

Усталяваць беларускую уладу ў Беларусі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:46

Чаму, на Вашую думку Лукашэнка лічыць нацыяналізм "страшным злом". Зь якой мэтай ён ілжэ беларускаму народу пра беларускі нацыяналізм?

24.10.2007

Расейскія спэцслужбы прывялі Лукашэнку да улады ў Беларусі. Кліент выконвае волю гаспадароў.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:48

Зь якой мэтай невядомыя правакатары, на вашую думку, псуюць помнік смершаўцу ў Бабры? Няўжо каб кінуць цень на Алеся Пушкіна?

24.10.2007

На жаль я ня курсе гэтых падзеяў. Абавязкова пацікаўлюся, што там адбываецца.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:50

Хто яны, на вашую думку? Тыя, хто паскудзяць крыжы ды помнікі ў Курапатах? Чаму адчуваюць сваю поўную беспакаранасьць пад акупацыйным рэжымам? Няўжо так будзе заўсёды?

24.10.2007

Канечне, заўсёды так ня будзе.Пасьля таго, як беларусы прыбяруць акупацыйны рэжым заказчыкі і выканаўцы вандальскіх акцыяў панясуць адказнасьць ў адпаведнасьці з заканадаўствам Беларускай Дзяржавы.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:55

Як вы ставіцеся да прафанацыйнае дзейнасьці афіцыйнай апазіцыі на чале зь Мілінкевічам ды Калякіным?

24.10.2007

25 сакавіка 2006 года я і быў сьведкам таго, як Мілінкевіч адводзіў людзей з плошчы Каліноўскага. Гэтую сцэну, прынамсі назіралі і журналісты РС спадары Глод і Карбалевіч. Я тады звярнуў іхную ўвагу на дзеяньні “апазыцыянэра” і папрасіў расказаць аб убачаным радыёслухачам. Не расказалі. Тады ўдалося задаць пытаньне сп. Вячорку, што значыць гэты адвод. Атрымаў адказ, маўляў, такое рашэньне напярэдадні прыняў штаб. А ўвогуле свае ацэнкі наконт прамаскоўскай апазыцыі я ўжо выказаў. Пра кіраўніка выбарчага штабу Мілінкевіча, кіраўніка камуністычнай партыі сп. Калякіна, калі нейкая партыя пасьля таго, што вядома пра злачынствы расейскіх камуністаў і нямецкіх фашыстаў, упрымае назоў гэтых злачынных арганізацый, яна прымае на сябе палітычную адказнасьць за гэтыя злачынствы...


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:57

Афіцыйная апазіцыя атрымоўвае на працягу апошніх дзесяці год істотную фінансавую падамогу з замежжа? Ці зрабілі яны хоць нешта для беларускай справы ды Беларускага Адраджэньня на гэтыя грошы?

24.10.2007

На гэтае пытаньне хай яны адкажуць самі.


Імя:: Ананім
23.10.2007 10:59

Калі і дзе можна сустрэцца зь лідарамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі ў Менску? Ці маеце Вы персанальную электронную адрэсу?

24.10.2007

Можна скантактавацца і дамовіцца аб сустрэчы праз электронныя адрэсы указаныя на сайтах. Пакінуў у рэдакцыі РС нумар свайго тэлефону.


Імя:: Ананім
23.10.2007 11:02

Спрабаваў знайсьці Ваш офіс, але на жаль не знайшоў (згодна савецкай традыцыі на дамах проста адсутнічаюць шыльды з назовам вуліцы ды нумарам дома). Ці не маглі б Вы размясьціць на сайце мапу, як знайсьці Ваш офіс?

24.10.2007

Наш офіс па адрасе Варвашэні,8, быў атрыманы дзякуючы вялізарным намаганьням і дэпутатскаму статусу Зянона Пазьняка (у ВярхоўнымСавеце) і Галіны Вашчанкі (Пазьняк) (у Менгарсавеце). У 1999 годзе па-бандытску, у начы, зламіўшы замкі яго захапілі людзі, якімі сёння кіруе сп. В.Вячорка. Непасрэдна кіраваў захопам офісу Вячаслаў Сіўчык. Глыбінны сэнс апэрацыі, пэўна, быў у тым каб распачаць бойку з наступным пракручваньнем адснятых кадраў на БТ. Такі сцэнар быў рэалізаваны ва Ўкраіне ў дачыненьні Руха і меў для яго катастрафічныя наступствы. У Беларусі гэты сцэнар праваліўся. З ўсяго што атрымалі спэцслужбы, дык гэта толькі магчымасьць перахопліваць нашую паштовую карэспандэнцыю ды браць пад кантроль людзей якія прыходзяць «у фронт»…

Калі хочаце сустрэцца, то прапаную зноў-такі праз Е-мэйл ды тэлефон.

Камэнтары 1-20 (з 55)