Форум

Станіслаў Шушкевіч


12.09.2007 13:00

У сераду 12 верасьня а 13-ай гадзіне па менскім часе на вэб-сайце Свабоды адбылася онлайн-канфэрэнцыя са Станіславам Шушкевічам.

Станіслаў Шушкевіч (нарадзіўся ў 1934 годзе), доктар фізыка-матэматычных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі.

У 1989-1991 народны дэпутат СССР, член Міжрэгіянальнай групы. У 1990-1996 – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, першы намесьнік Старшыні, з верасьня 1991 па студзень 1994 –Старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. У сьнежні 1991 разам з Б. Ельцыным і Л. Краўчуком падпісаў у Віскулях пагадненьне ад скасаваньні СССР і стварэньні СНД. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Вылучаны Лехам Валенсам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру за 2007 год.

Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-15 (з 15)
 
Імя:: Ананім
10.09.2007 22:14

Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Ці лічаце ВЫ Лукашэнку самастойным палітыкам, ці ўсё ж ён абсалютна падпарадкаваны Маскве! Ці можа зараз адбываецца яго нейкая трансфармацыя (хаця асабіста я ў гэта ня веру). Дзякуй.

12.09.2007

Я не выключаю, што Лукашэнка Думае, што ён самастойны палітык. Але ое, што ён на 100% падпарадкаваны, і ня можа быць не падпарадкаваны - гэта адназначна. Таму што ён з таго пачаў: ён прыкідваўся. што ён адзіны тут сябра Расеі, а ўсе астатнія -- ворагі. І дзякуючы гэтаму атрымаў падтрымку Расеі. І цяпер ён павінен адпрацоўваць гэта. Крэмль яму нешта дыктуе --і ён гэта абавязаны выконваць.


Імя:: Ананім
10.09.2007 22:31

Shanouny Stanislau Stanislavavich! Ujavim sabe sytuacyju: jios'c' magchymas'c' adkrucic' chas nazad...pachatak 90-h, Vy - s'piker Viarhounaga Savetu. Ci zrabili b Vy shtos'ci pa-inshamu? I kali tak - shto kankretna? Z pavagaju Dzianis

12.09.2007

Відавочна, я б нічога не зрабіў інакш. Таму што калі ўлічыць тыя абставіны, якія былі тады, мы зрабілі шмат. Адзінае, што трэба было б зрабіць не зусім так - гэта мець меньшы давер да тых, хто быў вакол мяне. Але я думаю, што гэта было б яшчэ горш. І таму, прабачце за такую пастаноўку адказу на пытаньне -- я б рабіў усё, як разумеў. І сёньня так раблю -- як разумею, так і раблю.


Імя:: Ананім
10.09.2007 23:10

Павааны спадар Шушкевіч, наколькі верагодна аб'яднанне сацыял-дэмакратаў, у якім фармаце яно можа адбыцца, ці зможаце вы альбо Статкевіч ці Казулін абмежаваць свае амбіцыі? І яшчэ пытанне: ці есць увогуле падставы дзеля аб'днання, якія? З павагай Юрась Высоцкі г. Смаргонь.

12.09.2007

Падставы для аб'яднаньня ёсьць, і што да маіх уласных амбіцый, дык іх утаймаваць вельмі проста. Я ўжо нават запрашаў пэўных паважаных людзей узначаліць Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Я бачу вельмі пэрспэктыўнага маладога палітыка, якому б з задавальненьнем аддаў бы гэтыя лейцы і, думаю. што пераканаў бы зьезд так зрабіць. Але пэўныя прапановы зьезд не прыняў. Справа ў тым, што аб'ядноўвайце, не аб'ядноўвайце -- няма тых дзеяньняў, якія супярэчаць адно другім. Мы ўсе супрацьстаім гэтай уладзе, бо яна цемрашальская, яна нас зьневажае, яна не прававая. Яна не паважае правы чалавека. І тут мы ўсе разам. А што да фармальных аб'яднаньняў і груповак -- дык, можа. яно і ня так дрэнна, што ёсьць некалькі структур, якія сёньня адна другую не ганьбяць. Вось гэтага мы дасягнулі. Мы сёньня робім адну справу. І калі нехта хоча нешта рабіць крышку інакш, як напрыклад, БСДГ, яна ня так падыходзіць да выбараў -- гэта не перашкаджае нам працаваць разам.


Імя:: Ананім
10.09.2007 23:54

Таму "калосу на гліняных нагах" - Савецкаму Саюзу - Вы, разам з Ельцыным і Краўчуком, далі сваімі подпісамі тры кропкі апоры, таму ён не прыдушыў, падаючы, блізкіх і далёкіх суседзяў - толькі за гэта Вы варты Прэміі міру. Тым болей, што ніколі Вы не пашкдавалі аб сваім учынку і не пайшлі на службу рэжыму, як гэта зрабілі некаторыя. А вывад атамнай зброі?! Калі б гэтая справа зацягнулася, дык мы б сёння былі замініраванай краінай. Падтымліваю тых, хто вылучыў Вас на Нобелеўскую прэмію міру і зычу Вам перамогі. Кнехт

12.09.2007

Вельмі ўдзячны за такі адказ, фактычна, на пытаньні іншых. Я ня вельмі высока ацэньваю шанцы на атрыманьне прэміі, таму што там так шмат дастойных асобаў, якія зрабілі шмат для чалавецтва. Але я перажыву вельмі лёгка, калі некаму зь іх прысудзяць, таму што ёсьць вельмі дастойныя. Але за гэтае пытаньня я вельмі Вам удзячны.


Імя:: Ананім
11.09.2007 00:33

Dzien dobry Pan Stanislaw Szuszkiewicz.Pytania do Pana.1.Tut w Polsze oczien mnogo cziczienskich prawokatorow,urze wtoroj raz ja poluczaju ot nich ugrozy i abrazliwyje slowa.Jak w takoj situacyji dolrzen wiesci Bielaruski emigrant u katoraga rzena i 3 dietiej za spinoj i kto eti czicziency sowki,kadyrowcy,albo supracowniki kriemlia.? 2.Jak Wy dumajecie razumiejet li lukaszenko kogda zaigrywajet z islamskim radikalnym rierzymam w Iranie szto Bielaruskij Narod jak i wsie Chryscjanskije narody nachoditsia pod jadiernym pricelom etogo islamskogo tierroristiczieskogo rierzyma.Srazu choczu skazac szto k normalnym Musulmanam otnoszus z pawagaj i cierpienijem. Dziakuj. Pospiechau Wam.Ideju Pana L.Walensy padtrymliwaju.Warszawa,Polska,Mikolaj Saskiewicz,10.09.2007r.Ja z Bielarusi.

12.09.2007

На першае пытаньне. Я таксама часта бываю ў Польшчы. сустракаўся там і з чачэнцамі, і ніколі ніякай нянавісьці не было ў іх. Падумайце, ці правільна Вы самі сабе паводзіце. А што да другога пытаньня, дык можна заігрываць з рознымі рэжымамі, калі яны прававыя і законныя. А заіграваньне з тэрарыстамі -- ісламскімі, хрысьціянскімі (таксама такія існуюць), нацысцкімі -- гэта недапушчальна. У мяне ўражаньне, што наш не зусім законны прэзыдэнт заігрывае ня з тым, кім трэба.


Імя:: Ананім
11.09.2007 04:56

kak vy sami dumaete.vy dostoiny nobelevskoi premii.i nazovite svoi dostizheniya esli vy dostoiny.

12.09.2007

Ці дастойны я -- вырашаць іншыя. І калі мне прэмію не дадуць, гэта ня значыць, што я яе недастойны, бо там шмат вельмі дастойных. І я ўжо тым ганаруся, што мяне намінавалі на гэтую прэмію.


Імя:: Ананім
11.09.2007 09:34

Вот дождётесь: появится простой, как 5 копеек дядька, который будет говорить то же самое, что бацька в 94-м: власть зажралась, у министров дачи, коттеджи и мерседесы, а простые люди в трёшках пятью смьями ютятся, а вот при мне всё будет для народа: м2 700 долларов, зарлата - 1000. Оглянуться не успеете и толпы недовольных тёток и дядек абсолютно абыяковых до "погони" и БКБ флага будут гаманить на Октябрьской площади. Мне хотелось бы, чтобы этим человеком был кто-нибудь вменяемый: Вы, Вечёрко, Калякин - кто угодно, только не второй Лукашенко. Народ хочет знать: сколько при Милинкевиче будет стоить квадратный метр в квартире, палка колбасы и талончик на проезд, а оппозиция их всё свободой кормит. Почти все люди, которым нужна свобода, вышли 19 марта 2006 года, оказалось, что их не так уж и много. Не кажется ли вам, что нуно смещать акцент на более популярные и понятные вещи? Популизм - это не плохо, если потом сдерживать обещания или хотя бы честно пытаться их сдержать. По-моему это ясно как божий день. Такой слепой оппозиция быть не может, значит она действует осознанно. Впечатление, будто их устраивает их статус вечных оппонентов, и власть им совсем не нужна.

12.09.2007

Тут пераблытана шмат рэчаў. Даць абяцаньне, што будзе танная каўбаса альбо танны кв.мэтар жылой плошчы -- гэта несур’ёзна. Ёсьць адзін надзейны крытэр: калі людзі жывуць ва ўмовах свабоды, яны жывуць лепей, яны працуюць больш эфэктыўна, у іх лепшы настрой. Яны будуюць свабоднае грамадзтва. Вашы папрокі ў адрас людзей, што яны не папулісты -- яны няправільныя. Нельга падманваць людзей. Іншая справа, што трэба быць памяркоўным чалавекам, ня трэба называць рэчы заўсёды сваімі імёнамі. Калі лечаць хворага -- яму не заўсёды гавораць праўду пра яго хваробу. І тут Вы, відавочна, маеце рацыю, што, можа, акцэнты нашы палітыкі выбіраюць ня тыя. Гэта добры папрок у іх адрас, і я таксама магу задумацца, і ў гэтым сэнсе Вашае пытаньне мне падабаецца.


Імя:: Ананім
11.09.2007 11:39

Як Вам падаецца, на чым перад усім павінен засяроджвацца першы незалежны тэлеканал БелСат, які неўзабаве пачне сваю дзейнасьць у Польшчы? Ці ёсьць нешта, чаго на Вашую думку ён рабіць не павінен?

12.09.2007

Мне вельмі імпануе правіла, якое існуе ў ЗША: Кангрэс (г.зн, палітыкі высокага ўзроўню) ня ўмешваюцца ў справы СМІ. І я б таксама не хацеў даваць парады прафэсіяналам. Я хацеў бы, каб там, на канале, былі прафэсіяналы, гэта значыць людзі, людзі, якія хочуць данесьці не сваю думку, а думку іншых. І калі будуць падаваць меркаваньні ў нескажоным выглядзе, і каб да каналу мелі ўсе палітыкі Беларусі, і з апазыцыі, і не з апазыцыі, каб там была вольная думка. Спадзяюся, так яно і будзе.


Імя:: Ананім
11.09.2007 16:29

Добрый день! С позволения «Радио Свабода» объединю несколько вопросов в одном: Станислав Станиславович, на Ваш взгляд, «национальная гордость» - это здоровое чувство? Может быть, самоирония, самокритика, чем, на мой взгляд, в последнее время занимаетесь Вы, более конструктивны? Что вызывает у Вас чувство гордости сегодня? Вообще – нам есть чем гордиться? Спасибо за ответ. Ирина.

12.09.2007

Ня ведаю, што Вы называеце самаіроніяй. Канешне, без пачуцьця іроніі мы будзем вельмі змрочнымі. Але што да нацыянальнай годнасьці -- я вельмі ганаруся тым, што я беларус, што ніхто з маіх родных і блізкіх не адрокся ад беларускасьці, ганаруся, што мы людзі талерантныя і ў нас няма нянавісьці да іншых.


Імя:: Ананім
11.09.2007 16:33

Здравствуйте! Господин Шушкевич, как Вы относитесь к нарождающемуся поколению молодых людей без корневой системы, не привязанных к Родине, к её истории, традициям? Как бы Вы сформулировали национальную идею Беларуси?

12.09.2007

Я вельмі добра стаўлюся да моладзі. Наша бяда і наша, у пэўнай ступені, віна, што яны ня могуць атрымаць належную адукацыю. Яны зьяўляюцца ахвярамі той прапаганды, якая штодзень гучыць па радыё і тэлебачаньні. Але на сёньняшні дзень немагчыма цалкам ізаляваць людзей ад праўды, бо ёсьць сучасныя сродкі сувязі. Тыя, хто шукае праўду -- і сёньня гэтую праўду здольны знайсьці. Я думаю, што маладое пакаленьне абавязкова зьменіць сытуацыю. А нацыянальная ідэя, на мой погляд -- гэта жыць па праўдзе, жыць, не баючыся, што цябе нехта зьняважыць, што ня будзе працаваць закон. Жыць па праўдзе ў нашай краіне з нашым народам. Мы на гэта маем права.


Імя:: Ананім
11.09.2007 20:15

Паважаны спадар Станіслаў! Ці магчыма ў прынцыпу згода Лукашэнкі на кампраміс: Еўропа две яму абарону і пакідае частку грошай, а ён пакідае ўладу і дазваляе правесці вольныя выбары? Дзякуй. ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК

12.09.2007

Я абсалютна перакананы, што ніякі кампраміс з сёньняшнім нашым прэзыдэнтам немагчымы. Яго прыход да ўлады і яго знаходжаньне пры ўладзе паказалі, што ён можа вырашаць пытаньні толькі так, як ён хоча. Ён няздольны слухаць, няздольны разважаць і няздольны прымаць узважаныя рашэньні.


Імя:: Ананім
11.09.2007 23:44

Shchyra zychu Vam atryman'nia Nobeleuskaj uznagarody! z pavagaju Dzianis

12.09.2007

Дзякуй за добрыя пажаданьні. Мне прыемна гэта чуць. Але намінантаў так шмат, і яны такія паважаныя, што імавернасьць такой падзеі дастаткова малая.


Імя:: Ананім
12.09.2007 08:42

Spadar Stanislau, ja lichu vas vinavatym u stracie nashaj niezaliezhnasci, prychodu dyktatury. mienavita vasha miakkasc i uliubionaje slova "zgoda" u viarchounym saviecie dushyla apazycyju. vy mozacie mnie u adkaz pryviesci sotni arhumientau. ale pamiatajecie, jak vy razam z sp.Shareckim spasavali pierad starshym bratam u vobrazie Charnamyrdzina? A vas sumliennie nie cisnie? Branislava, Vilnia

12.09.2007

Пані Браніслава, ніколі ў жыцьці, ні пры якіх абставінах, я не спасаваў перад Чарнамырдзіным. У перамовах у лістападзе 1996 году з Чарнамырдзіным і з той хэўрай, зь якою ён прыехаў, (а менавіта з Селязнёвым і Строевым) я ўдзелу ня браў. У той момант я быў шэраговым дэпутатам Вярхоўнага Савету. А былі на перамовах – Калякін, Шарэцкі.і Ціхіня (апошні ўвогуле як старшыня Канстытуцыйнага Суду ня меў права браць удзелу ў палітычных перамовах). І на наступны дзень на паседжаньні ВС 13 скліканьня я першым выступіў і сказаў спікеру Шарэцкаму – “Як Вы маглі падпісаць такую агіднасьць?” На што ён адказаў: “Я падпісаў, ведаючы, што ВС гэта адкіне”. Гэта такі нягеглы палітычны крок, які не вытрымлівае ніякай крытыкі. І гэтая памылка мела вельмі цяжкія наступствы. Вы маеце рацыю. А калі Вы мяне абвінавачваеце ў страце Незалежнасьці, дык, калі ласка, пахваліце за яе набыцьцё. Гэта – факт. А маё дачыненьне да “страты” – гэта Ваш домысел.


Імя:: Ананім
12.09.2007 09:01

вы были в речице? там сейчас власть хочет сделать свои грабительские "дажынки".город изуродован. ваше отношение к дажынкам белорусским,и"дажынкам" лукашенковским.

12.09.2007

Я быў у Рэчыцы шмат разоў, але з Дажынкамі ня быў. І калі горад зьнявечваюць, каб зрабіць радасьць нашаму “усенародна абранаму” – гэта мне не да спадобы. Але калі казаць пра сапраўднае беларускае сьвята Дажынкі – я быў на іх пасьля вайны, у вёсцы. Мне вельмі падабалася такое сьвята. Тады людзі цешыліся, што ёсьць хлеб, і ёсьць кулі, якімі можна было паправіць страху.


Імя:: Ананім
12.09.2007 09:19

Спадар Шушкевіч, якія пазытыўныя моманты Вы бачыце ва ўладзе прэзідэнта Лукашэнка? Пытаюся таму, што для мяне асабіста зусім ня проста знайсьці адказ. Калі ласка, адкажыце яшчэ на адно пытаньне: дзе і калі магчыма пачуць вашыя лекцыі на эканамічныя тэмы? Дай Вам Божа здароўя! Ляксей, Менск

12.09.2007

Я думаю, што з пункту гледжаньня старой, савецкай, адміністрацына-каманднай сыстэмы, дык Лукашэнка гэтую сыстэму ўдасканаліў, замяніўшы сабой Бюро ЦК кампартыі Беларусі. І гэта “калектыўна орган” рабіў шмат памылак, ён вымушаны быў іх рабіць, бо быў падпарадкаваны Маскве. Цяпер, здавалася б, можна рабіць менш памылак – але мне здаецца, што яны робяцца і што мы ідзем у тупік. Гэтыя так званыя “посьпехі” будуць аплочваць нашыя дзеці і ўнукі. Мы жывем у доўг.

На чыста эканамічныя тэмы я лекцыі нідзе ніколі не чытаў. Што да размоў на гэтыя тэмы, іх можна пачуць паўсюль у Беларусі, куды мяне запрашаюць. І на шчасьце, такіх моладзевых груп шмат. Больш за ўсё мне спадабалася сустрэча ў Магілёве. Калі вы запросіце – з задавальненьнем сустрэнуся з вамі і вашымі сябрамі. На жаль , лекцыі я чытаю толькі ў замежжы. У Беларусі я ня маю такой магчымасьці.

Камэнтары 1-15 (з 15)