Слухаць

Цяпер у эфіры

Наступная праграма

АНКЕТА СВАБОДЫ

Валянцін Голубеў

БЫКАЎ

Доўгая дарога дадому


  ДЗЕНЬ БЛОГЕРА

Форум

Алег Трусаў

01.02.2010 02:00

Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у Мсьціславе Магілёўскай вобласьці. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук. Тэма дысэртацыі – “Манумэнтальнае дойлідства Беларусі 11-18 стагодздзяў. Гісторыка-архітэктурны аналіз”.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, намесьнікам старшыні парлямэнцкай Камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, старшынём Камісіі па забесьпячэньню адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь пры Прэзыдыюме ВС Рэспублікі Беларусь.

Аўтар шэрагу навуковых прац, кніг альбомаў і брашур па гісторыі і архітэктуры Беларусі

Член грамадзка-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта.

У інтэрвію Свабодзе Алег Трусаў сказаў:

“26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прыняў Закон аб мовах, які павінен быў спыніць татальную русыфікацыю Беларусі, што пачалася ў 1959 годзе ( з 1959 да 1990 татальнае вынішчэньне ўсяго беларускага прывяло да нацыянальнай катастрофы). І вось гэты закон стаў юрыдычнай базай для пашырэньня беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны.

Якраз у тым жа 90-ым, праз некалькі месяцаў, адбыліся найбольш дэмакратычныя за ўсю гісторыю выбары ў Вярхоўны Савет, калі ТБМ здолела правесьці 13 дэпутатаў у Вярхоўны Савет і некалькі сотняў -- у мясцовыя саветы. Зь іх дапамогай пачалося выкананьне розных артыкулаў гэтага закона, і да 1995 году па-беларуску ўжо навучаліся 75 адсоткаў вучняў першых клясаў. Ну і адпаведна, 15 сакавіка 1994 г. першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі абвясьціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай.

Потым быў славуты "рэфэрэндум" 1995 года, і замест таго, каб сапраўды раўняць статус беларускай мовы з рускай, як абяцалі на рэфэрэндуме, у 1998 годзе ўлада ўнесла ў Закон аб мовах такія праўкі, якія фактычна скасавалі і закон, і нават вынікі гэтага "рэфэрэндуму, і дазволілі пачаць ізноў татальную русыфікацыю, асабліва ў сфэры адукацыі і дзяржаўнага кіраваньня.

Тым ня менш, сытуацыя пасьля перапісу 1999 года, калі большасьць насельніцтва абвясьціла сваёй роднай мовай беларускую. у тым ліку паўмільёна – не беларусаў, сытуацыя пачала крыху папраўляцца. І вось зараз, па выніках сацыялягічнага апытаньня, мы ўпершыню маем за 20 год, што большасьць насельніцтва станоўча ставяцца да тых, хто гаворыць па беларуску, лічаць сваю мову прыкметай гонару, а тых , хто ставіцца да беларускай мовы адмоўна -- ня больш за 8 адсоткаў. Таму зьмены ў грамадзтве вельмі станоўчыя.

Нядаўна Рада ТБМ прыняла зварот, у якім мы прапануем скасаваць ганебныя папраўкі 1998 г., а таксама прадугледзіць наступныя захады - павялічыць колькасьць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах, аднавіць у ВНУ курс беларусазнаўства, вярнуць ва ўсе школы краіны выкладаньне курсаў гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску, адкрыць да 1 верасьня у кожным абласным і раённым цэнтры як мінімум па адной беларускамоўнай школе і гімназіі, зрабіць даплаты ў памеры 20 адсоткаў заробку выкладчыкам ВНУ і іншых устаноў, якія выкладаюць прадметы па-беларуску, зрабіць ізноў абавязковым школьны экзамэн па беларускай літаратуры. Неўзабаве гэтыя прапановы мы накіруем ва ўрад краіны”.

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
    Наступная старонка 
Камэнтары. Старонка з 2
Імя:: Boss Горад:: Europe
01.02.2010 21:38
Spadar Алег Трусаў!
Chamy vy nikoli ne karystaecesia kanferencyiami OSCE, ale , u kastrychniku 2009 ia chuv velmi mocny vystup u abarony belaruskai movy.
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 13:02
Каб карыстацца, трэба мець запрашэньні на гэтыя канфэрэнцыі. Мяне ОБСЕ не запрашала, а я без запрашэньняў не хаджу.

Імя:: Вячак Горад:: Берасьце
01.02.2010 23:29
1Шаноўны сп.Трусаў,як вы адносіцеся да заходнепалескай мовы і ці павінна яна набыць статус другой мовы ў нашай дзяржаве?2 Якія намаганьні патрэбны дзеля таго каб выйсьці на ўзровень93-94ггпа беларускай мове?
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 13:02
Па першым пытаньні хачу сказаць, што ніякай заходнебеларускай мовы няма. Ёсьць вельмі цікавы дыялект, я лічу, адзін з самых унікальных, але ці стане гэты дыялект мовай -- залежыць ад яго носьбітаў. Я добра ведаю гэты дыялект, ён даволі цікавы, але да ўзроўню мовы ён ніяк не дацягвае.

Намаганьні вельмі простыя – трэба, каб да ўлады прыйшлі тыя людзі, якія б зрабілі гэта заканадаўчым шляхам, як было ў тыя гады. Гэта пытаньне чыста палітычнае.

Імя:: Зміцер Горад:: Менск
01.02.2010 23:30
Вітаю спадар Трусаў!

Я неяк бачыў вас каля выхада з метро,каля ружаў.Вы там ладзілі нейкую экскурсію па-польску.Вы гэты зарабляеце?
Ці робіце вы нешта ў накірунку пашырэння ўжытку беларускай мовы рэкламадаўцамі?Чаму ў нас адстунічае рэклама па-беларуску(хіба што Адыдас ды Самсунг робяць такую рэкламу).
Ці збіраецеся вы рабіць расылку пра вашыя мерапрыемствы праз e-mail?Не кожны можа едзіць на ваш офіс.
З павагай,Зміцер(гіст.фак БДУ).
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 13:03
Так, я ладзіў экскурсію для тых людзей, якія дапамагалі нам у Польшчы з нашым гуманітарным ліцэем, гэта быў Клюб каталіцкай інтэлігенцыі. Зарабляю я іншым шляхам, ня коштам экскурсіяў. Экскурсіі заўжды праводжу бясплатна.

Гледзячы, якімі рэклямадаўцамі. Усё залежыць ад фірмы, ад ўзроўню. Калі раней беларускамоўнай рэклямы зусім не было, дык зараз, дзякуючы ТБМ, шмат якія славутыя фірмы, як "Галіна Бланка", "Рэно", "Самсунг", "Панасонік" і безьліч іншых робяць беларускамоўную рэкляму. Больш таго. Іх назіраньні паказваюць, што ад беларускамоўнай рэклямы прыбытак павялічваецца на 10-11 адсоткаў. Ёсьць і беларускія прадпрыемствы. Напрыклад, хлебзавод нумар адзін, ён усе свае хлебныя вырабы называе па беларуску. Я добра ведаю іх дырэктара, і магу сотні прыкладаў такіх прывесьці. Проста трэба пільней зьвяртаць увагу, а ня быць летуценьнікам.

У нас ёсьць сайт, інфармацыя там абнаўляецца. І выпісвайце газэту "Наша слова". Часам і рассылкай займаемся.

Імя:: Ананім
02.02.2010 00:46
Як Вы ставіцеся да цяперашніх выбараў у мясцовыя саветы? Ці варта ўдзельнічаць у гэтым фарсе (а тое, што яны фарс, бачна ўжо зараз).
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 14:52
Удзельнічаць, я лічу, проста неабходна, з мэтай беларусізацыі мясцовых саветаў. Усё залежыць ад мэты. Калі мы паставім на мэце ўзяць актыўны ўдзел у выбарах, каб ўсю наглядную агітацыю зрабіць беларускамоўнай. Чаму б Вам ня вылучыцца ў акрузе, дзе Вы жывяце, з адной мэтай -- абяцаць выбаршчыкам зрабіць беларускамоўную школу ці гімназію? Ці тую ж рэкляму зрабіць на тэрыторыі раёну па-беларуску? Вось Вам і сьцяг у рукі, наперад?

Імя:: Алекс Горад:: Мінск
02.02.2010 01:01
Алег, ці не падаецца Вам, што вы засядзеліся на пасадзе старшыні ТБМ?
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 14:54
Ну калі Вы хочаце мяне зьмяніць, дык калі ласка -- я магу саступіць.

Імя:: Не рускі Горад:: Пінск
02.02.2010 08:00
Якія адносіны ў Вас са спадаром З.Пазьняком?
Дзякуй...
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 14:56
Вельмі нармальныя адносіны, сяброўскія. Больш таго -- Пазьняк стаў дэпутатам дзякуючы ТБМ, бо менавіта ад ТБМ ён быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты.

Імя:: Алесь Сьнег (ТБМ) Горад:: Бабруйск
02.02.2010 09:22
Добры дзень. Я хачу выразiць вам падзяку за тое што вы робiце.
У мяне такое пытанне.
Якiм цвёрдым фактам (адзiн раз i назаужды) можна даказаць, што наша мова не пайшла ад рускай?
Дзякую.
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 14:57
Наш народ як мінімум на 200 гадоў больш старажытны, чым расейскі, і гэтым усё сказана.

Імя:: Кастусь Горад:: Узда
02.02.2010 12:21
Як вы лiчыце, цi можа Беларусь пайсьцi па шляху Iрляндыi, што тычыцца моўнай сiтуацыi? То бок, сама кранiна будзе нармальна дэмакратычна разьвiвацца, галоўная мова будзе руская, а беларускую будуць ведаць толькi спецыялiсты (як кельцкую ў Iрляндыi).
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 15:01
Дзякаваць Богу, у нас сытуацыя значна лепшая, чым у Ірляндыі, бо ірляндзкую сытуацыю я ведаю (я быў у Валіі, напрыклад). У параўнаньні зь імі ў нас проста Рэнэсанс, бо беларускую мову ў нас ведае амаль кожны чалавек, які жыве. Таму такой сытуацыі ня будзе, сытуацыя ў нас чыста палітычная. Дастаткова, каб прэзыдэнт і прэм'ер-міністар гаварылі па-беларуску, і праз пяць год вы не пазнаеце нашу краіну. Беларус размаўляе на мове начальства.

Імя:: Анатоль.
02.02.2010 13:03
Вы сказалі, што закон аб мовах быў зьменены ў 1998 годзе. Акурат тады дэпутаткай палаткі прадстаўнікоў была такая Вольга Абрамава, якая, калі Вы разам з Пазьняком былі дэпутатамі, апантана выступала супраць беларусізацыі і агітавала за двумоў'е, гаворачы пра неабходнасьць "роўнасьці моў". Ці вядома Вам, каб Абрамава ў час свайго дэпутацтва выступіла за роўныя правы беларускай мовы разам з расейскай? Дзякуй і посьпехаў Вам!
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 15:07

Вы маеце рацыю. Я добра памятаю, як спадарыня Абрамава выступала ў тым ліку і ў "Народнай газэце", мы ня раз зь ёй на гэтую тэму спрачаліся. Стаўшы дэпутаткай, яна ніводнага разу не сказала слова на карысьць беларускай мовы, на карысьць беларушчыны. Ды й зараз, калі яна ізноў як бы апазыцыянэрка, вы ў яе артыкулах пра мову карэннага народа вы нічога ня знойдзеце.

Імя:: Антось Горад:: Менск
02.02.2010 14:22
Шаноўны Спадар Алег!
Ад 1990-х да 2000-х г.г. мэты і лозунгі апазіцыі істотна змяніліся. Калі раней яна змагалася за незалежнасць і нацыянальна-культурнае адраджэнне бацькаўшчыны, то цяпер гэтыя пытанні адышлі выразна на другасны план. Цяпер мы змагаемся за "свабоду" (хто бы што ні разумеў пад гэтым паняццем), "еўрапейскасць" і г.д., а многія партыі пра мову і культуру (адным словам, беларускасць) ужо нават і не згадваюць. Як вы ставіцеся да такой сітуацыі, ці не адчуваеце, што многія апазіцыйныя колы адышлі ад ідэі беларускасці?
З павагаю,
Антось
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 15:20
Спадар Антось, Вы маеце рацыю. Прычым, некаторыя партыі да гэтай беларушчыны ніколі і не падыходзілі. Напрыклад, мяне вельмі абурае пазыцыя АГП. Спадар Лябедзька цудоўна ведае мову, ведаюць мову і яго намесьнікі, і тым ня менш, на выбары ідуць толькі з расейскамоўнымі ўлёткамі. Нядаўна, калі былі прэзыдэнцкія выбары, яны выпускалі дадаткі да "Народнай волі" цалкам рускамоўныя. Колькі я да іх не зьвяртаўся, колькі ім не пісаў -- водгуку ніякага няма. Так што маеце Вы рацыю. На жаль, гэта праўда.

Імя:: Павал
02.02.2010 16:03
Вы займаліся археалагічным раскопкамі на месцы магілёўскай ратушы, рабілі навуковую рэканструкцыю, выдалі ў суаўтарстве кнігу “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне”.

Ці задаволеныя якасцю адноўленай ратушы ў Магілёве? Якія канкрэтныя рэчы вам падабаюцца і не падабаюцца ў адноўленым будынку?
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 15:38
Магілёўская ратуша -- гэта макет, копія. Калі яе параўнаць зь менскай ратушай, дык тут зроблена лепей. Тым больш, што магілёўскія ўлады не пашкадавалі грошай і купілі лепшыя будаўнічыя матэрыялы, чым у Менску. Хаця, канешне, па інтэр’ерах і некаторых дэталях можна паспрачацца. Але самае галоўнае зроблена -- мы маем сымбаль Магілёва. Я думаю, што гадоў праз 20 некаторыя элемэнты можна замяніць, тым больш што любы будынак патрабуе рамонту.

Імя:: Павал
02.02.2010 16:09
Як вы ацэньваеце працу адзінага беларускамоўнага міністра ва ўрадзе - міністра культуры Паўла Латушкі? Ці спрыяе яго праца пашырэнню ўжытку беларускай мовы, замацаванню ейных пазіцый у грамадстве?
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 15:50

Пакуль што, наколькі я ведаю, тым больш што я сам працую ў сыстэме міністэрства культуры, -- міністэрства культуры з прыходам новага міністра загаварыла па-беларуску. Міністар даў вельмі добры прыклад. Больш таго -- ён выпусьціў спэцыяльную беларускамоўную паштоўку, ён распрацаваў аднаўленьне Наваградзкага замку і гэтак далей. Ініцыятывы, якія ён робіць, вельмі станоўчыя, Іншая справа, што грошай на культуру ў нашай дзяржавы няшмат. І, маючы невялікія грошы, шмат ня зробіш. Але каб мы атрымалі такога ж міністра адукацыі -- колькасьць беларускамоўных школ і клясаў не зьмяншалася б.

Імя:: Кацярына Горад:: Гародня
02.02.2010 16:35
Дзень добры, спадар Трусаў!
скажыце, калі ласка, на Ваш погляд, колькі гадоў патрэбна Беларусі і беларускаму грамадзтву каб поўнасьцю абеларусізіравацца? і якімі метадамі варта гэта зьдзяйсьняць?
дзякуй за адказ
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:05
Усё залежыць ад мэтодыкі беларусізацыі. У сучасным сьвеце зрабіцца цалкам беларускамоўнай краінай немагчыма, ды й ня варта. Мы бачым, што ў Эўразьвязе ў кожнай краіне ёсьць немалы адсотак англамоўных людзей, і так далей. Нашая мэта -- каб беларуская мова стала асноўнай. Але ў нас ёсьць нацыянальныя меншасьці, напрыклад. Ёсьць людзі, якія прыяжджаюць на працу. Так што чыстых аднамоўных краінаў у Эўропе няма. А колькі нам трэба - усё залежыць ад палітычнага вырашэньня пытаньня. Калі б да ўлады прыйшлі беларускамоўныя прэзыдэнт, міністры -- думаю. адно пакаленьне, 15-20 год, адзін выпуск школы, і ўсё было б у парадку. Дарэчы, Закон аб мовах і прадугледжваў гэта зрабіць за 10 гадоў. Хай ня 10, хай 20. Гадоў 20 хапіла б.

Імя:: Ваня Горад:: Гародня
03.02.2010 01:32
Паважаны спадар Трусаў!
Як Вы лічыце, наколькі далёкім павінна быць супрацоўніцтва Беларусі з ЕЗ, ці трэба ў будучыні думаць аб уступленні ў гэтую арганізацыю? Як беларуская мова будзе развівацца ў ЕЗ - есць шмат скептыкаў, якія даводзяць згубны ўплыў глабалізацыі на нацыянальнае адраджэнне? Што для ВАС важнейшае: змаганне за беларушчыну ці змаганне за дэмакратыю? Дзякую
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:11
Я лічу, што супрацоўніцтва павінна быць вельмі шчыльным і, канешне, туды трэба ўступаць, няма ніякіх сумненьняў. Бяз Эўразьвязу нам існаваць у Эўропе будзе вельмі цяжка.

Што да разьвіцьця беларускай мовы ў Эўразьвязе, яна будзе разьвівацца там гэтак, як і эстонская, напрыклад. Таму што Эўразьвяз -- унікальная структура, якая цэніць усе мовы. І там кожны дэпутат Эўрапарлямэнту выступае на роднай мове, і яго перакладаюць на мовы іншых краінаў. Вялікія праблемы былі з эстонскай мовы, але іх вырашылі.

Змаганьне за беларушчыну і за дэмакратыю -- пытаньні зьвязаныя. І беларушчына, і дэмакратыя заўсёды ішлі, як кажуць, побач, і гэта змаганьне павінна адбывацца адначасна.

Імя:: Яўген Горад:: Гомель
03.02.2010 02:37
Спадар Трусаў, скажыце, калі ласка, чаму ТБМ зараз вядзе такі ціхі вобраз жыцця?!?
Гэта спроба выратавацца за часамі прыгнёту чакаючы лепшых часоў або проста жаданне застацца лідэрам (бо гэта заўсёды пасуе мужчыне вашага узросту - быць лідэрам арганізацыі..)?!?

Проста ТБМ фактычна нябачна! Нейкая дзейнасць ёсць, але новых кадраў ды суполак ніхто амаль не стварае ды праграмы развіцця ня бачна. Большасць акцый нагадвае саміх сябе - калі гэта канцэрты ды імпрэзы, так гэта амаль заўсёды адныя і тыя ж твары.. Да таго ж часцей за ўсё немагчыма зразумець, дзе скончваюцца межы дзейнасці ў гэтым ТБМ, а дзе гэта ўжо акцыі грамадскай кампаніі "Будзьма"..

Ці збіраецеся Вы выйсці з ценю?!? Нават у абмежаваных рамках можна ладзіць лепшае інфармацыйнае суправаджэнне вашых акцый ды арганізаваць іх лепей.
Чаму не ідзе АКТЫЎНАЕ стварэнне новых суполак ТБМ?!?
Чаму ТБМ не супрацоўнічае з іншымі беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі, што таксама змагаюцца на фоне адраджэння роднага краю і беларушчыны?!?
Дзе месца МГА "Гісторыка", мультымедыа часопісу "34" ды іншым арганізацыям (тым жа краязнаўчым напрыклад) з якімі можна было б выдатна супрацоўнічаць ды яднаць шыхты?!?..
Што ўрэшце рэшт будзе з праектам "моладзевы рух ТБМ"?!? Вы насамрэч не баіцеся, што Вас зачыняць за "кшталту маладафронтаўскую дзейнасць"?!?
Калі усё ж такі "не" - якія планы?!?

Дзякуй за увагу, чакаем адказу
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:33
Калі ў Гомелі жыцьцё ТБМ ціхае, дык гэта залежыць найперш ад таго, хто гэтае пытаньне задаваў. Сытуацыя ў Гомелі адрозьніваецца ад сытуацыі ў іншых гарадах, бо там сябры ТБМ пасіўныя. Тым ня менш, зусім нядаўна мы здолелі аднавіць дзейнасьць гарадзкой арганізацыі ТБМ, афіцыйна яе зарэгістраваць, гэта каштавала некалькі гадоў -- і калі ласка, сьцяг у рукі, рабіце жыцьцё ў Гомелі актыўным. Вучыцеся ў Ліды, Горадні, Наваполацку, Берасьці, Сьветлагорску, у іншых гарадоў, дзе сябры ТБМ актыўна працуюць.

Зноў жа, калі ў Гомелі не ствараюцца новыя суполкі, гэта не азначае, што яны не ствараюцца нідзе. У нас арганізацыя самая масавая ў Беларусі з усіх незалежных. Мы маем 5 з паловай тысяч толькі актыўных сяброў. І тысяч 10-15 прыхільнікаў. Дай Бог кожнай іншай арганізацыі мець такія структуры. Таму мы працуем так, як працуе грамадзтва.

А вазьміце тую ж кампанію "Будзьма", у якой працуе дзесяткі арганізацыяў, у тым ліку і нашая. Працуем мы актыўна ўжо трэці год. З нашых партнэраў можна назваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай школы, БАЖ, пералік можа быць доўгі. Што датычна дробных арганізацый, пра якія піша спадар, ну дык прабачце, ня той узровень. Мы супрацоўнічаем з вялікімі арганізацыямі. А калі прыходзіць нейкая маленькая дык у межах іх маленькіх спраў мы таксама робім працу. Дарэчы, ТБМ выдае адзіны краязнаўчы часопіс "Лідзкі летапісец", а нядаўна заснавалі часопіс "Верасень" для моладзі, цалкам легальны. Дай Бог кожнай іншай арганізацыі мець дзьве газэты, як мы маем, два часопісы, выдавецкі дом.

Нядаўна адбылося такое мерапрыемства, калі моладзь ТБМ з'ехалася ў Менск, яны абралі каардынатара, гэта хлопец зь Ліды, завуць яго Кірыл, так што далучайцеся, нічога мы не баімся. Мы працуем 20 гадоў і ня гонімся за зьнешнім эфэктам, як некаторыя маладзёны. Вы ж паглядзіце, на колькі кавалкаў разваліўся адзіны некалі "Малады фронт". У нас гэтага няма і ніколі ня будзе.

Імя:: Васіль Горад:: Менск
03.02.2010 11:38
Добры дзень, спадар Трусаў.
Як Вы ставіцеся да беларускай лацінкі!?
Дзякуй.
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:37
Вельмі станоўча стаўлюся, і дзе можам, мы прасоўваем беларускую лацінку. Нядаўна добры матэрыял надрукавала газэта "Звязда", за што мы ёй удзячны. Беларуская лацінка мае вытокі ў 17-ым стагодзьдзі, і я за тое, каб увесьці вывучэньне лацінкі і ў школьную праграму. Думаю, мы дажывем да таго часу, калі кожны вучань нашай школы будзе валодаць беларускай лацінкі.

Імя:: Яўген Мурашка
03.02.2010 12:18
Сп.Трусаў!
Ці лічыце Вы правілам добрага тону не адказваць на лісты накірованныя Вам?.
Толькі не кажыце, што Вы іх ад імя Зьвязу Беларусаў Нямеччыны, не атрымоўвалі
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:39
Вельмі станоўча стаўлюся, і дзе можам, мы прасоўваем беларускую лацінку. Нядаўна добры матэрыял надрукавала газэта "Звязда", за што мы ёй удзячны. Беларуская лацінка мае вытокі ў 17-ым стагодзьдзі, і я за тое, каб увесьці вывучэньне лацінкі і ў школьную праграму. Думаю, мы дажывем да таго часу, калі кожны вучань нашай школы будзе валодаць беларускай лацінкі.

Ка мне прыходзяць сотні лістоў, і я, як і кожны чалавек, адказваю толькі на тыя, на якія лічу патрэбным. Каб я адказваў на ўсё, што прыходзіць, мне не было б калі жыць.

Імя:: Ананім
03.02.2010 13:26
Вашы адносіны да прэзыдэнцкага указу аб абмежаваньні Інтэрнэту?
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:42
Было б вельмі добра, каб беларуская мова пашыралася ў Інтэрнэце такімі тэмпамі, як зараз, бо ў Інтэрнэце беларуская мова прысутнічае ва ўсіх варыянтах. Што датычна Указу, дык яго баяцца асабліва ня варта, бо Інтэрнэт немагчыма зачыніць. Гэта ўсё роўна, што вушамі асьлінымі сонца зачыняць. Гэта вельмі цяжка рабіць нават Кітаю з яго мільённымі ўліваньнямі ў гэтую справу, ня ўдасца і ў невялікай Беларусі.

Імя:: Ганна Горад:: Менск
03.02.2010 13:52
Паважаны спадар Алег! Пытанняу у мяне да вас няма. Есць тольки падзяка за тую несупынную, пленную, прыгожую и такую важную для усих нас працу, якую вы вядзеце. У першую чаргу дзякуй ад имя нашых дзяцей.

Імя:: вэб-рэдактар Горад:: Прага
03.02.2010 14:04
Важае пажаданьне слухачам Свабоды і наведнікам нашага вэб-сайту.
Адказаць

Імя:: Госьць
03.02.2010 16:49
Маё пажаданьне -- заўжды чытаць, прамаўляць і думаць па беларуску, у любой сытуацыі. Толькі такім чынам мы можам вярнуць нашу мову ў наша жыцьцё.
    Наступная старонка 
Камэнтары. Старонка з 2

Прадукты і паслугі:

ПадкастRSSMobile