Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі Мікалаеўкі пакутуюць без вады


Другое вядро вады ўжо зь пяском
Другое вядро вады ўжо зь пяском

Ад мінулага лета пакутуюць без вады жыхары вёскі Мікалаеўкі Добрускага раёну. Вадавод на асноўных вуліцах адключаны, а два састарэлыя калодзежы ня ў стане напаіць вёску.

Калодзежаў у Мікалаеўцы хапае: на адной толькі Вакзальнай вуліцы — цэлых пяць. Але толку зь іх мала.

Апавядае вяскоўка Тамара з Вакзальнай вуліцы:

«Няма вады — і ўсё тут. Хаджу вунь туды, на скрыжаваньне. Калёнкі ў нас наагул не працуюць. Зіму прахадзіла ў чужыя калодзежы па ваду. А гэты калодзеж — ён пусты. Першае вядро чарпану, адстаіцца — сьвятлее вада. А другое ўжо сівае, зь пяском — толькі анучы памыць. Піць нельга, піць я ўжо баюся».

Жыхары вёскі Мікалаеўкі пакутуюць без вады
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:49 0:00
Наўпроставы лінк

Кабета апавяла, што калісьці побач быў неблагі калодзеж, але яго зарылі. Новы зрабілі для адчэпу, усяго на пяць бэтонных кадаўбаў:

«Во тут быў калодзеж, дык яго зарылі, бо ў ім баба ўтапілася. А гэта новы зрабілі на пяць кольцаў — якая тут вада будзе? Зрабілі для адчэпу. Усё хутка пазакопваюць. Ня дай Бог пажар, усё прапала — тушыць няма чым».

Бяз чысткі калодзеж не ажыве
Бяз чысткі калодзеж не ажыве

Спадар Міхаіл, які зламаў нагу і ходзіць на мыліцах, пералічвае занядбаныя калодзежы:

«Тут у нас адзін, там другі, трэці. І яшчэ каля Надзі — яго там ніколі ня чысьцілі. Там адны толькі трубныя колы стаяць. Ходзім туды-сюды. Тут жа піць нельга — вада чорная. Так і жывём, ходзім ад аднаго калодзежа да іншага».

У калодзежы на разьвілцы вуліц вады яшчэ можна набраць
У калодзежы на разьвілцы вуліц вады яшчэ можна набраць

Пытаюся, а ці нельга самім вясковым мужчынам пачысьціць калодзежы? Так заўсёды рабілі ў беларускіх вёсках.

Міхаіл: «Якія тут тыя мужчыны? Няма тут здаровых мужыкоў. Дый плаціць трэба. А хто яшчэ пачысьціць? Калгас? Сельсавет? Прыедуць, ваду адпампуюць — і ўсё».

Хоць бярозавікам смагу наталіць
Хоць бярозавікам смагу наталіць

Цэнтралізаваны вадавод у вёсцы таксама не працуе, прынамсі на дзьвюх цэнтральных вуліцах — Вакзальнай і Каапэратыўнай.

«Трубы там парвала. Робяць, а толку няма. Нядаўна былі ваду пусьцілі, пабыла з паўдня — і зноў перакрылі. І зноў недзе парвала — вунь экскаватар пайшоў, можа, будуць рабіць. Трэба, каб калгас аддаў вадзяныя калёнкі камунальнікам, то лепшы толк быў бы. А то водаправод на калгасе, а ён і сваё ня можа добра зрабіць».

Занядбаны калодзеж на Вакзальнай вуліцы
Занядбаны калодзеж на Вакзальнай вуліцы

У Мікалаеўцы водаправод сапраўды на балянсе мясцовага КСУПа «Чырвоная Буда». Акурат сёньня на Каапэратыўную вуліцу гаспадарка прыгнала трактар з каўшом. Вадавод адкапалі, каб адрамантаваць праржавелыя трубы. Над вырытай ямай стаіць каля дзясятка пэнсіянэраў і калгасьнікаў. Двое спрабуюць утаймаваць разрыў вадавода.

Трэці разрыў вадавода
Трэці разрыў вадавода

Спэцыяліст: «Гэта трэцяе месца разрыву. Рабілі два дні таму — дык два разрывы заладзілі. Адзін застаўся. Але заўчора экскаватар зламаўся. Учора рамантавалі, і сёньня вось далі».

Цікавімся ў спэцыяліста, чаму гаспадарка не перадае вадавод на абслугоўваньне камунальнікам? У іх і тэхніка адпаведная ёсьць, і сантэхнікі.

Спэцыяліст: «Чаму? У нас тут сьвідравіна, мы поім фэрмы. Калі браць толькі Мікалаеўку, то тут стаіць 400 кароў і 300 галоў маладняку. Калі водаправод мы перададзім камунальнікам, то за ваду мы ня будзем пасьпяваць плаціць».

Жыхары Каапэратыўнай вуліцы рамонтам незадаволеныя. Калгасныя рамонтнікі перад раскопамі прыбралі калёнку, а новую на яе месцы стаўляць не зьбіраюцца. Гэта й абурае вяскоўцаў:

Кабета: «Адна калёнка вунь дзе, іншая — вунь. А я тут жыву, і мушу туды хадзіць па ваду. Як тут цякло, дык прапілі хлопцы калёнку. Кажуць, прадалі камусьці».

Калёнкі сухія з восені
Калёнкі сухія з восені

Пра свае пакуты жыхары Мікалаеўкі куды толькі не зьвярталіся — у мясцовыя органы ўлады, абласную санітарную службу. Кажуць, што дастукаліся да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка. Той нібыта прыяжджаў сам у вёску, пасьля чаго мясцовы КСУП і пачаў раскопкі вадавода.

Вяскоўцы кажуць, што бясьсьнежная зіма і засушлівая вясна значна панізілі грунтовыя воды. Таму і абмялелі неглыбокія калодзежы.

Копанка ўлетку таксама перасыхае
Копанка ўлетку таксама перасыхае

Пэнсіянэрка Ганна скрушна заўважае:

«Зь верасьня вады нямашака. Няма вады — хоць памірай. Ні бялізну памыць, ні самім памыцца. Украіна хоць і ваюе, а ім ваду возяць. Украіна ж побач — тут памежная зона блізка. Дык няхай бы і нам ваду вазілі, ці чорт яго ведае што рабіць».

Мікалаеўка
Мікалаеўка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG