Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклікі часу: грамадзтву, уладзе, апазыцыі


Выклікі часу: грамадзтву, уладзе, апазыцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:30:11 0:00
Наўпроставы лінк

Выклікі часу: грамадзтву, уладзе, апазыцыі

Мадэрнізацыя, Авіябаза, Эўропа, Апазыцыя, Народ. Што гэтыя словы азначалі ў мінулым палітычным сэзоне і што могуць значыць заўтра?

Пяць выбраных словаў на заўтра:
Мадэрнізацыя
Авіябаза
Эўропа
Апазыцыя
Народ


Што гэтыя словы азначалі ў мінулым палітычным сэзоне і што могуць значыць заўтра?

У перадачы, якую вядзе Аляксандар Лукашук, удзельнічаюць Франак Вячорка, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Прапануем кароткі зьмест дыскусіі:


МАДЭРНІЗАЦЫЯ


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
Лукашук: Што слова мадэрнізацыя азначала ў мінулым палітычным сэзоне і што можа значыць заўтра?

Дракахруст: Вузкае месца беларускай эканомікі ўлады намацалі правільна. Апошні год гэтае слова ня сыходзіць з вуснаў Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў. Але робіцца гэта неяк па-сталінску. Яскравы прыклад таго — часовы «прыгон», уведзены дзеля мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўчай галіне. Але ёсьць два адрозьненьні ад сталінскай індустрыялізацыі. Сталін рабіў яе за кошт рабаваньня вёскі. У Беларусі няма каго рабаваць. Адзіная крыніца фінансаваньня мадэрнізацыі — крэдыты. Вось Лукашэнка ў Расеі крэдыты пад гэта прасіў, у іншых месцах. Аднак ня надта даюць і аддаваць трэба. Другі момант. У 20-х гадах СССР быў у прынцыпе аграрнай краінай. Экстэнсіўны шлях даваў пэўны эфэкт, што ні збудуеш, усё на карысьць. Але сучасную Беларусь ня трэба індустрыялізаваць, яна і так пераіндустрыялізаваная. Была паказальная гісторыя з "Керамінам". Пра яе казаў Лукашэнка. Мадэрнізавалі, павялічылі выпуск, а збыту няма. Тут патрэбная тонкая настройка, а яна ня робіцца сталінскімі мэтадамі. І ў выніку імклівы, у 1,5 разу ў параўнаньні з пачаткам году, рост складзкіх запасаў. Яны зараз на тым узроўні, на якім былі ў крызісны 2009 год.

Цыганкоў: Мадэрнізацыі па вялікім рахунку няма, няма ў тым сэнсе, як гэта разумеюць ня толькі на Захадзе, але і ў азіяцкіх краінах, якія гэта прайшлі — ў Сынгапуры, Паўднёвай Карэі і г. д. Для Лукашэнкі гэта проста замена станкоў. Мяняць іх сапраўды трэба. Было шмат рэпартажаў пра гэтыя складзкія запасы на МАЗе, на МТЗ, і адтуль праточвалася інфармацыя, што там у некаторых месцах стаіць тэхніка 60-70-х гадоў. Дзе-нідзе закупка новай тэхнікі ідзе, але не настолькі шырока, каб казаць пра сапраўдную мадэрнізацыю ў краіне. Лукашэнка заявіў, што мадэрнізацыя ў нас насамрэч ідзе даўно і яе трэба скончыць да 7 лістапада. Уявіце сабе, каб у Сынгапуры заявілі, што мадэрнізацыю трэба скончыць да нейкага сьвята.

Вячорка: Кожны разумее мадэрнізацыю па-рознаму. Для Лукашэнкі — гэта замена станкоў. Калі стала ясна, што і на такое тэхнічнае падфарбаваньне рэсурсаў бракуе, прызначыў адказным за яе правал незаменнага Пракаповіча (каб яму толькі здароўе дазволіла перанесьці чарговае рытуальнае звальненьне). Расейцы. у якіх просяцца грошы на мадэрнізацыю, пад ёй разумеюць толькі прыватызацыю ліквідных беларускіх прадпрыемстваў з наступным іх паглынаньнем расейскімі алігархамі. Мадэрнізацыя як пераход да адкрытай мадэлі прадукаваньня ідэяў — такая мадэрнізацыя Лукашэнку не патрэбная, ён яе баіцца, бо яна немагчымая без разьняволеных людзей.

АВІЯБАЗА

Лукашук: Яшчэ адно папаулярнае слова мінулага палітычнага сэзону. База. Дакладней — авіябаза. Яшчэ дакладаней, расейская авіябаза ў Беларусі. Што яно можа значыць сёньня і можа значыць заўтра?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: Тут атрымалася паводле быкаўскай формулы — "а бомба чакала свайго часу". Яшчэ ў эканамічных пагадненьнях 1995 году было запісана, што Расея дае Беларусі ўсялякія даброты, але ў пэўных абставінах атрымлівае права зрабіць пэўныя захады ў вайсковай сфэры, якім Беларусь павінна пайсьці насустрач. І вось Расея чакала, давала грошы і палёгкі. А зараз палічыла, што надышоў час. Чаму? Ёсьць варыянты. Можа, з прычыны пераводу самалётаў ЗША з базы ў Італіі ў Польшчу, магчыма, таму, што ў Беларусі зьнялі зь дзяжурстваў шмат самалётаў, магчыма, паўплываў плюшавы дэсант і ў Маскве палічылі, што беларускае неба неабароненае. І вось яны прад’явілі рахунак. Лукашэнка адчуў моцную нэгатыўную рэакцыю і пачаў адкручваць назад, тлумачыць, што гэта, маўляў, будуць расейскія самалёты, але ў беларускім войску. А з Масквы сказалі — не, гэта будзе наша база і пра гэта мы з вамі размаўлялі і дамаўляліся.

Цыганкоў: Я гляджу пэсымістычна ці, дакладней, рэалістычна. Я лічу, што база зьявіцца. Беларускаму войску сапраўды былі патрэбныя самалёты. Шмат зь іх выйшлі са строю, перажылі свой тэрмін. Даць, а дакладней падараваць, замену можа толькі Расея. І яна кажа: ну калі вы хочаце, каб мы вам іх падаравалі, то давайце мы ўсталюем тут сваю базу. Лукашэнка адчуў, якая была рэакцыя грамадзтва, што гэта ня будзе базай. На дадзены момант базы няма, але я не ўяўляю, як афіцыйны Менск можа адбіцца ад гэтага намеру афіцыйнай Масквы. У Беларусі няма рэсурсаў, каб забясьпечыць баяздольнасьць свайго войска. Расея будзе дапамагаць, але за гэта патрабаваць тое, што ёй трэба. Тым больш, што ўсе патрэбныя дакумэнты даўно падпісаныя — і пра супольную супрацьпаветраную абарону, і пра супольную вайсковую групоўку. Усе юрыдычныя падставы для стварэньня базы ў Расеі ёсьць.

Вячорка: Мала хто ў нас чакаў такога, бо апошнія гады назольна прапагандавалася, што Лукашэнка апрыёры ёсьць абаронцам незалежнасьці Беларусі ды для яго пры ўсёй прарасейскай рыторыцы ёсьць чырвоная лінія, за якую няможна заходзіць. Дык вось, чырвонай лініі няма. Ясна, што Лукашэнка чарговы раз спадзяецца прабалянсаваць па лязе нажа, і рыбку зьеўшы ў выглядзе расейскіх і падкантрольных Расеі крэдытаў і танных энэрганосьбітаў, і ног не замачыўшы, г. зн. спусьціўшы на тармазах абяцанкі пусьціць чужую баявую адзінку. Але расейцы, і гэта ўжо відавочна, будуць Лукашэнку дадушваць. Калі ён пусьціць той полк, унутрыбеларуская прапаганда расьпіша гэта як клопат пра бясьпеку (ад каго?) і абарону незалежнасьці.

ЭЎРОПА

Лукашук: Вечнае слова беларускай палітыкі — Эўропа. Для адных яно азначае свабоду, для іншых — пагрозу. Узаемаадносіны афіцыйнага Менску і Брусэлю ў мінулым палітычным сэзоне можна было апісаць формулай "бег зь перашкодамі" на месцы. Што азначала Эўропа ў мінулым палітычным сэзоне і што можа значыць заўтра?

Францішак Вячорка
Францішак Вячорка
Вячорка: У стасунках Эўропа-Лукашэнка застаецца status quo. У Эўразьвязе чарговы раз ратацыйна зьмяніліся прымальнікі палітычных рашэньняў, а значыць, ім трэба паказаць, што дадуць рады з даўнімі болькамі лепш за папярэднікаў. І наступаюць на тыя ж граблі. Плюс крызіс, які штурхае асабліва меншыя эўразьвязаўскія краіны — суседкі Беларусі з постсавецкай гісторыяй — да так званага прагматызму. Юстас Палецкіс зь ягоным паходжаньнем і біяграфіяй вельмі натуральна прыдаўся да рэвізіі эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні Беларусі. Лукашэнка працягвае гандлявацца, і за кулісамі эўрапейскай палітыкі вядуцца актыўныя перамовы.

Цыганкоў: Мне гэтая дыпляматычная валтузьня апошніх 6 месяцаў паказала даволі відавочную рэч — што без вызваленьня палітвязьняў не адбудзецца ніякага зруху ў аднаўленьні дыялёгу, як гэта называюць абодва бакі. Бакі прамацалі розныя аспэкты гэтага пытаньня: афіцыйны Менск прамацаў, ці можна бяз гэтага нешта прасунуць, і высьветліў, што кардынальна нічога не палепшыцца, Эўропа ўбачыла рэакцыю апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці на гэтую рэч і ўбачыла, што рэакцыя вельмі нэгатыўная. Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць яшчэ раз заявілі, што без вызваленьня палітвязьняў любыя крокі насустрач будуць амаральнымі і бессэнсоўнымі. Аляксандар Лукашэнка даў загад кіраўніку МЗС Уладзімеру Макею наладзіць стасункі з Захадам. Але пры гэтым «забыўся» сказаць, што вызваляць палітвязьняў не зьбіраецца. Калі казаць пра прагноз, то я ня стану прагназаваць, ці выпусьціць Лукашэнка палітвязьняў. Але калі гэта не адбудзецца, то нягледзячы на тыя размовы, якія былі ў публічнай прасторы, нягледзячы на нават пэўныя крокі кшталту вяртаньня швэдзкай амбасады, гэтыя размовы трошкі прыцішацца. Бо бакі прыйшлі да нейкага пату.

Дракахруст: За гэтым патам ідзе даволі актыўная дзейнасьць. Франак сказаў, што Лукашэнка спрабуе гандлявацца. На мой погляд, абодва бакі спрабуюць гандлявацца. Умова вызваленьня палітвязьняў стаяла з самага пачатку, фактычна са сьнежня 2010 году. Але зараз відавочна, што і Эўропа хоча дамовіцца. Умова вызваленьня палітвязьняў зараз матываваная ў тым ліку і прэстыжнымі меркаваньнямі.

Лукашук: І маральнымі.

Дракахруст: Так. Але і прэстыжнымі. Віталь мае рацыю, што зараз ідзе гандаль не за тое, ці будзе Менск вызваляць вязьняў. Гэта не пытаньне. Пытаньне ў тым, што Менск за гэта атрымае. Беларускі кіраўнік — чалавек просты, яго ад Захаду цікавяць грошы, тэхналёгіі і магчымасьць геапалітычнага контрабалянсу з Масквой. Больш яго нічога не цікавіць. Тая дыпляматычная актыўнасьць, якая назіралася сёлета, проста непараўнальная з тым, што было яшчэ летась. Увесь час адбываюцца кантакты, сустрэчы, як ў Беларусі, гэтак і за яе межамі. Макей не паехаў у Кракаў, але яму сказалі, што прынамсі на адну паездку зь яго санкцыі здымаюць.

Вячорка: Цікава, чаму ён туды не паехаў? Эўропа запрашае, а Макей ня едзе.

Дракахруст: Беларускі бок адчувае і свае козыры. І калі прапануюць зьняцьцё санкцый ad hoc, на адзін выпадак, маўляў, мы робім вам такую ласку, то адказ — а мы не прымаем такую ласку.

АПАЗЫЦЫЯ

Лукашук: Чарговае слова — апазыцыя. Што яно значыла ў мінулым палітычным сэзоне і можа значыць заўтра?

Дракахруст: Можна адзначыць некалькі момантаў. Першае, гэта пратэсты супраць расейскай авіябазы. Яны былі гучныя, значныя, і нават ўлада на гэта па-свойму, але рэагавала. Другое. Гэта розная рэакцыя розных плыняў апазыцыі на магчымую зьмену стратэгіі Эўропы. Напружаньне паміж рознымі групамі апазыцыі было вельмі моцным. Таксама можна прыгадаць прапанову трох арганізацый — партыі БНФ, руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду» правесьці «народны рэфэрэндум». Невядома, што з гэтага атрымаецца, можа і нічога не атрымаецца, але гэта адна з нешматлікіх ініцыятываў, якая скіраваная не на Брусэль і не на Лукашэнку, а на народ. Бойкі за тую ці іншую палітыку Эўропы скіраваныя на Брусэль. А рэфэрэндум скіраваны на народ.

Вячорка: А вы верыце ў тое, што магчыма правесьці такі рэфэрэндум? Зрэшты, самі арганізатары прызнаюць, ды і ўсе разумеюць, што гэтая кампанія «народнага рэфэрэндуму» не адбудзецца, рэфэрэндум ніхто ня дасьць правесьці. Напрыканцы палітычнага сэзону зьявілася патрэба абвясьціць нешта супольнае. І арганізацыі, якія ня маюць паміж сабой нічога супольнага ідэалягічна, пачынаюць хаатычна заяўляць пра супольныя праекты. Гэта робіцца ў піку іншай частцы апазыцыі.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Дракахруст: Я не кажу, што гэтая ідэя ўдалая. Я кажу, што яе кірунак удалы. Яе адрасат — гэта беларускі народ. Адрасат змаганьня за санкцыі і супраць санкцыяў — гэта Брусэль. Паварот тварам да народу — гэта добра. Яшчэ адна асаблівасьць апазыцыйнай дзейнасьці, пра што і Віталь пісаў у сваім блогу — гэта вельмі моцныя канфлікты.

Цыганкоў: Зараз для апазыцыі самае складанае — гэта праблема 2015 году. Ён не так далёкі, як здаецца. А сярод апазыцыі такія «разброд и шатание», якога не было раней. Мне сапраўды здаецца, што такога ўзроўню узаемнай непрымальнасьці, канфліктнасьці не было ўсе тыя 20 гадоў, што я сачу за палітыкай і беларускай апазыцыяй. Бо што б ні прапанавала тая тройка — БНФ, «За Свабоду», «Гавары праўду», хоць перайсьці ўсім на беларускую мову, хоць дапамагчы дзіцячым дамам, на любую іх прапанову іншая частка апазыцыі адрэагавала б нэгатыўна і не таму, што сутнасьць прапановы недарэчная. На мой погляд, корань праблемы ў тым, што людзі ня вераць у перамогу ў 2015 годзе — і апазыцыйныя лідэры, і актывісты. Яны ня могуць сказаць гэта публічна, але яны так думаюць. Калі частка апазыцыі паверыць, што можна перамагчы ў 2015 годзе, тады і пойдзе аб’яднаньне. А пакуль няма веры ў агульную перамогу, можна сварыцца і працаваць на сябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG