Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загартоўка праз прэсінг: чвэрць стагодзьдзя «Свободных новостей»


«Шапка» карпаратыўнага спэцвыпуску
«Шапка» карпаратыўнага спэцвыпуску

25-гадовы юбілей адзначае адна зь першых незалежных газэт сувэрэннай Беларусі — «Свободные новости». Некалькі разоў тыднёвік апынаўся на мяжы закрыцьця, але калектыў не здаваўся і аднаўляў выхад пад крыху відазьмененай «шапкай». Сёньня выданьне застаецца ці ня самым тыражным сярод мэдыяў грамадзка-палітычнай скіраванасьці.

У гонар круглай даты былыя і цяперашнія супрацоўнікі надрукавалі «спэцвыпуск» — поўнафарматны асобнік карпаратыўнага накладу з падборкай успамінаў пра лепшыя гады сумеснай творчасьці.

У лютаўскія дні 1991 году на беларускім газэтным рынку, галодным на неадцэнзураваную інфармацыю, зьявіўся новы гулец з амбітнай назвай «Свободные новости». Адметна, што ідэя распаўсюджваць мэдыйны прадукт, альтэрнатыўны «генэральнай лініі партыі», нарадзілася ў нетрах газэты «Звязда», галоўным друкаваным органе ЦК КПБ. Першыя камяні ў падмурак газэты, якая дазваляла сабе рызыкоўныя па тым часе вольнасьці, закладалі «зьвяздоўцы» Сьвятаслаў Булацкі і Ўладзімер Андрыевіч. А неўзабаве рэдактарскую пасаду на сталай аснове заняў Аляксандар Уліцёнак, таксама «выпускнік» старэйшай дзяржаўнай газэты.

Пэўны час «Свободные новости» абмяжоўваліся фарматам альманаху (раз на два тыдні), а ў 1994-м, са зьменай формы ўласнасьці, атрымалі статус тыднёвіка. Паколькі перарэгістрацыя патрабавала зьмяніць і назву, да звыклага чытачам словазлучэньня ненавязьліва дадаўся «плюс». Рэдакцыя ўзмацнілася прафэсійнымі кадрамі, быў праведзены маштабны рэдызайн, істотна пашырылася аўдыторыя — досыць хутка наклад перавысіў 100 тысяч асобнікаў.

Дызайн газэты першых гадоў
Дызайн газэты першых гадоў

Зрэшты, крытыка палітыкі ўладаў не засталася незаўважанай, і газэту пачалі «ставіць на месца». Ад пачатку 2000-х «Свободные новости» выкрасьленыя з каталёгу «Белпошты» — добра хоць пакінулі магчымасьць прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку». А на пачатку новага стагодзьдзя супярэчнасьці з заснавальнікам спрычыніліся да таго, што зноў давялося карэктаваць назву — апошнія паўтара дзясятка гадоў яна хоць і грувасткая, але прынамсі пазнавальная: «СНплюс. Свободные новости плюс».

1992 год: наклад — 100 тысяч асобнікаў
1992 год: наклад — 100 тысяч асобнікаў

Шматгадовы галоўны рэдактар Аляксандар Уліцёнак акурат і згадвае пра адзін з найбольш складаных пэрыядаў у гісторыі рэдакцыі. На падставе заявы аднаго з заснавальнікаў — Сергея Атрошчанкі — Міністэрства інфармацыі прыпыніла выпуск газэты. У сваю чаргу, бізнэсовец абвясьціў пра спыненьне выхаду «Свободных новостей», скасаваньне дамовы паміж заснавальнікамі і рэдакцыяй газэты і вызваленьне ад пасады галоўнага рэдактара Аляксандра Ўліцёнка:

Лякаматыў «СН»: Аляксандар Уліцёнак
Лякаматыў «СН»: Аляксандар Уліцёнак

«Эпізод з 2002-га. Мне выставілі ўльтыматум: альбо газэта разварочваецца ў сваёй палітыцы на 180 градусаў, альбо „самаліквідацыя“. Выбраў апошняе, але верыў: хрэн задушыце! І тут не самаўпэўненасьць, зусім іншае — самапавага. Таму што на справе самаліквідацыяй стала б згода. Зрэшты, наіўна было прымаць нас за слабакоў, бо мы ўжо навучыліся трымаць удар, ведалі, што такое накдаўны не па правілах. За першы дзясятак гадоў тузін разоў вымушана мянялі офісы, друкарні, нас не аднойчы банкрутавалі датла. У выніку наклад падаў ад рэкордных 103 тысяч да антырэкордных 10 тысяч і нават меней. Але мы ўздымаліся, таму што былі моцныя: а) унутраным сяброўствам; б) падтрымкай чытачоў. Я разумеў гэта інтуітыўна тады, на ўзроўні эмоцыяў. А цяпер, праз 25 гадоў, падключылася і галава».

Ідэя-фікс Аляксандра Уліцёнка: сабраць «да кучы» былых і цяперашніх
Ідэя-фікс Аляксандра Уліцёнка: сабраць «да кучы» былых і цяперашніх

Аляксандар Уліцёнак усьцешаны, што і з трэцяй абноўленай назвай тыднёвік застаецца самым тыражным незалежным выданьнем Беларусі. Гэта значыць, нягледзячы на магутны зьнешні прэсінг, і праз чвэрць стагодзьдзя «Свободные новости» маюць сталую «кліенцкую базу». З нумара ў нумар руку на пульсе часу трымае палітычны аналітык Валер Карбалевіч, сацыяльна-культурны пласт «кантралюе» літаратар Сяргей Законьнікаў, прававую дзялянку «акучвае» прафэсар Міхаіл Пастухоў, дасьціпны дыягназ рэаліям ставіць «праўдаруб» Алесь Няўвесь.

Анэкдоты пра ўладу і апазыцыю: карціна не для ХХІ стагодзьдзя
Анэкдоты пра ўладу і апазыцыю: карціна не для ХХІ стагодзьдзя

У 2003-м Аляксандра Ўліцёнка ў рэдактарскім крэсьле зьмяніў ягоны намесьнік, былы ваенны карэспандэнт Васіль Зданюк. Наступнік не хавае задавальненьня: справа, запачаткаваная ў пераломных 1990-х, ня толькі працягваецца, а нават мае віды на пэрспэктыву:

Васіль Зданюк (першы зьлева): 20 гадоў таму
Васіль Зданюк (першы зьлева): 20 гадоў таму

«Чвэрць стагодзьдзя выстаяла, засталася жывой і нават з надзеяй глядзіць у будучыню газэта, якая ўсе гэтыя гады бязьлітасна перасьледавалася ўладай. Зьмяняліся назвы не для прыгажосьці і не па прыхамаці рэдакцыі. Двойчы наглуха, як здавалася чыноўнікам, нас зачынялі і яшчэ безьліч разоў „прычынялі“ ў спадзяваньні, што нарэшце загнемся. Не загнуліся — да радасьці чытачоў і на расчараваньне ўладзе. 25 гадоў, срэбнае вясельле газэты і яе прыхільнікаў. Каб гэта быў шлюб па разьліку, наш саюз даўно б распаўся, як разваліўся ён у бальшыні калегаў, што разам з намі пачыналі свае выданьні на пачатку 1990-х. Але ў нас з чытачамі ўсё па любові... Над намі няма абкамаў, няма адміністрацыяў. Нам ніхто не ўказвае, як і пра што пісаць. Ёсьць толькі надзея, чаканьне і вернасьць чытачоў. У гэтым наша моц, у гэтым карані нашай 25-гадовай гісторыі. І ў гэтым наша будучыня».

Адзін зь вядучых журналістаў тыднёвіка Аляксандар Коктыш не сумняецца, што «Свободные новости» ад самага першага нумара сталі яскравай мэдыйнай падзеяй для ўсёй Беларусі. Яшчэ рэдактарам інфармацыйнага аддзелу газэты «Звязда» ён загарэўся жаданьнем там працаваць. Але дзеля сталай «прапіскі» патрабаваўся тэкст высокага парадку. Прызнаецца, што скарыць вышыню ўдалося ня зь першай спробы:

Аляксандар Коктыш (другі справа): ня працай адзінай
Аляксандар Коктыш (другі справа): ня працай адзінай

«Галоўны рэдактар Аляксандар Уліцёнак даў мне заданьне напісаць пра праблему наркаманіі ў Беларусі. Як чалавек сучасных поглядаў і наватарскіх падыходаў я творча перапрацаваў дзёньнік знаёмай наркаманкі, напісаны ў стылі „плыні сьвядомасьці“ і, шчыра кажучы, вынікам працы нават заганарыўся. Аддаў матэрыял Уліцёнку і праз пару дзён выслухаў палымяны адлуп... Спачатку было жаданьне паслаць ня менш красамоўнай лексыкай і яго, але самалюбства зрабіла сваю справу, і ў выніку перапісаў матэрыял паводле традыцыйных канонаў журналістыкі: агульная статыстыка, расцэнкі на наркотыкі, камэнтар нарколяга і, вядома ж, гісторыя наркаманкі. Аляксандар Леанідавіч, прачытаўшы перароблены тэкст, разрадзіўся практычна той жа тырадай, толькі ў прынцыпова новай эмацыйнай афарбоўцы. Так я трапіў у „Свободные новости“».

Яшчэ адзін былы намесьнік рэдактара «Свободных новостей» Аляксандар Тамковіч згадвае ня толькі творчыя перамогі, але і ляпы, якія паспрыялі новым кантактам. У прыватнасьці, дзякуючы адной прыкрай памылцы пазнаёміўся... з Васілём Быкавым:

Васіль Быкаў і Валеры Панамароў у рэдакцыі «СН»
Васіль Быкаў і Валеры Панамароў у рэдакцыі «СН»

«Нас пазнаёміла звычайная газэтная памылка: я пераблытаў і напісаў, што фільм па аповесьці Васіля Быкава „На чорных лядах“ зьняў рэжысэр Віктар Тураў, а насамрэч гэта праца Валерыя Панамарова. Апошні патэлефанаваў з прэтэнзіяй, і, каб нівэляваць яўны пракол, я прапанаваў напісаць вялікі артыкул пра стужку. Неўзабаве Валеры Панамароў разам з Васілём Быкавым прыйшлі ў рэдакцыю. Шчыра кажучы, у мяне і раней была задума зрабіць інтэрвію з жывым клясыкам, але Васіль Уладзімеравіч стараўся меней кантактаваць з журналістамі, якраз яго моцна падставілі расейскія калегі. На доўгую гутарку не пагадзіўся, абмежаваўся толькі аповедам пра канкрэтны матэрыял. І тады я пайшоў на маленькую хітрасьць: знайшоў хатні адрас і 19 чэрвеня 1996 году — акурат на ягоны дзень нараджэньня — прыйшоў з букетам ружаў яго павіншаваць».

Аляксандар Тамковіч кажа, што ўжо праз пару месяцаў адбылася трохгадзінная гутарка, якую потым у некалькіх нумарах друкавалі «Свободные новости». Ад таго часу кантакты сталі рэгулярнымі, журналіст віншаваў літаратара, тэлефануючы ў Нямеччыну, Фінляндыю, Чэхію. Як падсумоўвае суразмоўца, без памылак газэт не бывае. Але ў любой памылцы трэба спрабаваць знайсьці пазытыў.

Журналіст, рэкляміст, выдавец Іван Кобзік
Журналіст, рэкляміст, выдавец Іван Кобзік

Знакавыя для сябе падзеі пад дахам газэты прыгадваюць і іншыя тагачасныя супрацоўнікі. Пра свой шлях у «Свободные новости» расказвае адзін з кіраўнікоў друкарні «Мэдысонт» Іван Кобзік, які два дзясяткі гадоў таму шчыраваў у рэдакцыі на рэклямнай ніве:

«У газэце я пачынаў не як рэклямшчык, а як журналіст — тады яшчэ дзяржаўнага радыё... Ішла першая зіма прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Некалькі рэпартэраў радыё і тэлебачаньня мабілізавалі на важнае заданьне — паказаць электарату, як усенародна абраны выконвае абяцаньне спыніць будаўніцтва дарагіх катэджаў пад Менскам. Расьселіся па „Волгах“ і паехалі з інспэкцыяй. Праўда, арганізатары не ўлічылі, што пры 20-градусным марозе ўзводзіць катэджы складана, як вынік — матэрыял для радыё не атрымаўся. Затое мой фэльетон пра той камічны рэйс надрукавалі „Свободные новости“. І заплацілі неблагі ганарар. Так прапісаўся ў „СН“. Неўзабаве пачаў займацца рэклямай і нават атрымаў службовы пэйджэр. Гэта было крута: новы ўзровень свабоды, магчымасьць быць на сувязі... На жаль, 20-гадовы сын не разумее тагачаснага 22-гадовага тату».

Іван Кобзік усьцешаны, што дзякуючы працы ў рэдакцыі пазнаёміўся з журналістам энцыкляпэдычных ведаў Сяргеем Аляхновічам. Ягоную кнігу пра аднаго з найлепшых беларускіх хакеістаў Руслана Салея, які з камандай яраслаўскага «Лякаматыва» загінуў у авіякатастрофе ўвосень 2011 году, рыхтаваў да выхаду ў друкарні. На жаль, пасьля сьмерці аўтара: Сяргей раптоўна памёр у ліпені 2012-га, у 44 гады.

Сяргей Аляхновіч гутарыць з сатырыкам Генадзем Хазанавым
Сяргей Аляхновіч гутарыць з сатырыкам Генадзем Хазанавым

Яшчэ адной непапраўнай стратай для калектыву стаў сыход з жыцьця пасьля цяжкай хваробы тагачаснага першага намесьніка рэдактара газэты Барыса Доўгаля — бясспрэчнага маральнага аўтарытэта, прыроджанага арганізатара і надзвычай дасьціпнага суразмоўцы.

Бальшыня першых аўтараў, творчых і тэхнічных супрацоўнікаў даўно пакінулі рэдакцыю, а некаторыя і краіну Беларусь. Некалі маладыя пачаткоўцы цяпер складаюць касьцяк іншых мэдыяў, але з прыемнасьцю згадваюць загартоўку пэрыяду «Свободных новостей».

У той жа час пляцоўка «СН» стала неацэнным вопытам для замежных калегаў, якія акунуліся ў далёка не цяплічныя ўмовы мясцовай інфармацыйнай вытворчасьці. Прыкладам, нямецкі журналіст Ёрг Фролінг, які пэрыядычна наведваўся ў Беларусь з гуманітарнымі чарнобыльскімі канвоямі, трапіў у рэдакцыю, калі тая месьцілася ў цёмным і сырым падвале ДТСААФ:

Jörg Frohling
Jörg Frohling

«Увосень 1997-га я два месяцы стажыраваўся ў „Свободных новостях“. Пра нюансы працы ў Беларусі я, на той час малады журналіст, нічога ня ведаў, але, забягаючы наперад, той досьвед пакінуў вельмі глыбокі сьлед — як у прафэсійным, так і ў чалавечым вымярэньні. Шчыра кажучы, я наагул не разумеў: як у такіх умовах можна было рабіць клясную газэту? Але адказ відавочны: сабраўся калектыў аднадумцаў, які жадаў займацца сваёй справай. Гэта быў калясальны ўрок для чалавека з краіны, дзе свабоду слова ўспрымаюць як нешта натуральнае. Пішы што хочаш, што лічыш правільным — на тваім баку закон, і табе нічога не пагражае. А ў дадзеным выпадку трэба ня толькі стварыць, але і быць здольным адстойваць напісанае. Свабода — ня дадзенасьць, а стан, у якім трэба працаваць і адказваць. Дзякуй, дарагія калегі і сябры, што мог працаваць, вучыцца і бавіць час разам з вамі!».

Школа правакацыйных загалоўкаў
Школа правакацыйных загалоўкаў

Застаецца дадаць, што і ў маёй асабістай біяграфіі — больш за 5 гадоў прафэсійнага сталеньня пад дахам рэдакцыі газэты «Свободные новости». Магчыма, ня так шмат з гледзішча гістарычнага хронамэтражу, але цалкам дастаткова, каб авалодаць падставовымі азамі справы і быць удзячным за гэта сваім настаўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG