Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч і ўсе жанчыны беларускай палітыкі


Гэтыя выбары ўнікальныя тым, што ўпершыню кандыдатам зарэгістраваная жанчына. Сабраўшы сто тысяч подпісаў, Караткевіч можа лічыцца самым пасьпяховым палітыкам-жанчынай у найноўшай гісторыі Беларусі.

Наогул, гендэрная роўнасьць зьяўляецца слабым месцам беларускай палітыкі. Усіх жанчынаў-палітыкаў можна сабраць у адным артыкуле. У гэтым.

Галіна Сямдзянава

Яе называлі «дэпуткай Незалежнасьці», а спачувальную тэлеграму родным даслаў сам Лукашэнка. Сямдзянавай ня стала 18 верасьня 2011-га.

Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава

Яна была сярод тых, хто змагаўся за незалежнасьць Беларусі ў Вярхоўным савеце, адной зь лідэраў Апазыцыі БНФ. Сямдзянава нарадзілася ў Польшчы і напрыканцы 80-х вярнулася ў Беларусь. У 1990 была абраная дэпутатам, але не ад БНФ. Ужо атрымаўшы мандат, яна далучылася да Народнага фронту. Менавіта Сямдзянава першай унесла бел-чырвона-белы сьцяг у Авальную залю 24 жніўня 1991-га году. Яна прымала ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі пераходу БССР да рынкавай эканомікі і пакету дакумэнтаў аб Незалежнасьці.

Галіна Сямдзянава ўносіць у залю бел-чырвона-белы сьцяг
Галіна Сямдзянава ўносіць у залю бел-чырвона-белы сьцяг

Да апошніх гадоў Галіна Сямдзянава брала ўдзел у дзейнасьці партыі БНФ, уваходзіла ў розныя камісіі і была намесьніцай старшыні (2002-2006), накіроўвалася ў ЦВК як прадстаўнік дэмакратычных сілаў.

Натальля Машэрава

Натальля Машэрава
Натальля Машэрава

Дачка таго самага Машэрава шмат каму падавалася моцнай альтэрнатывай Лукашэнку ў 2001. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў зарэгістравала ініцыятыўную групу, у яе падтрымку зьбіралі подпісы, але яны так і не былі перададзеныя ў ЦВК. Машэрава зрабіла агульную заяву пра недасканаласьць выбарчага заканадаўства і зьнялася з выбараў, паабяцаўшы застацца ў палітыцы. Абяцаньне не стрымала і яе ўдзел у публічным жыцьці краіны зьвёўся да лічаных інтэрвію. У ніводным зь іх яна наўпрост не патлумачыла сваю адмову ўдзельнічаць у выбарах, хоць у 2001-м аналітыкі ўсур’ёз абмяркоўвалі магчымасьць перамогі жанчыны-палітыка, яе называлі «прамаскоўскім», але і «народным» кандыдатам, а сацыёлягі казалі пра рэйтынг у 30%.

Вольга Абрамава

У палітыцы Абрамава з канца 80-х. Выступала супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, была сустаршынёй Руху дэмакратычных рэформаў Беларусі, дэпутат з 1996 году, абіралася тройчы.

Вольга Абрамава
Вольга Абрамава

Вікіпэдыя вызначае Абарамаву як прадстаўніка «канструктыўнай апазыцыі», у практыцы гэта азначала амаль адзінкавае пратэстнае галасаваньне ў гісторыі лукашэнкаўскага парлямэнтарызму — Вольга не падтрымала скасаваньне льготаў для пэнсіянэраў і студэнтаў. Цікава, што падчас крызісу 1996 году яна не падтрымала Аляксандра Лукашэнку, але пасьля абіралася ў Палату прадстаўнікоў.

Абрамава балятавалася і ў 2008-м годзе, але паводле яе словаў, улады сфальсыфікавалі вынікі і не дапусьцілі яе абраньня на чарговы тэрмін. Цяпер піша аналітыку для замежных СМІ, даглядае хворую маці. Сярод апошніх рэзанансных заяваў — прагноз на тое, што гэты тэрмін апошні для Аляксандра Лукашэнкі, а Караткевіч і Дзьмітрыеў увойдуць у наступны склад Палаты прадстаўнікоў.

Валянціна Палевікова

У Беларусі існавала жаночая партыя, называлася яна «Надзея», а Палевікова была яе першай кіраўніцай. Пасьля партыю ўзначальвалі Валянціна Матусевіч і Алена Яськова. Апошняя зьяўляецца старшынёй і цяпер, партыя згубіла рэгістрацыю ў 2007-м і не вызначаецца актыўнай дзейнасьцю.

Валянціна Палевікова
Валянціна Палевікова

Палевікова кіравала кампаніяй адзінага дэмакратычнага кандыдата Ўладзіміра Ганчарыка ў 2001-м, зьяўляецца сябрам палітычнай рады АГП. Яна была апошнім сьпікерам намётавага мястэчка — Палевікова прамаўляла менавіта падчас штурму Плошчы ў 2006-м, была арыштаваная і змешчная ў турму на Акрэсьціна разам з сотнямі іншых удзельнікаў паслявыбарчага пратэсту. Апошнія гады канцэнтруецца на дзейнасьці Усходне-Эўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў пры Радзе Эўропы, дзе працуе намесьнікам дырэктара.

Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК — пасада дзяржслужбоўцы, якая не дазваляе казаць пра Ярмошыну як пра палітычную фігуру. Але і тэрмін яе знаходжаньня ва ўладзе (ад 1996) і сталыя палітычныя заявы (пра жанчынаў і боршч, пра кандыдатаў і дзейнага кіраўніка Беларусі) робяць яе палітыкам у краіне, дзе палітыка набыла нетыповую форму. Ярмошыну можна лічыць несамастойнай, тэхнічным выканаўцам волі кіраўніка краіны, але можна сказаць, што гэта сёньня адзіная жанчына, якая мае дачыненьне да палітыкі ў Беларусі на такім высокім узроўні.

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Ярмошына часта дае інтэрвію, дзе апавядае ня толькі пра працу дзяржслужбоўцы, але і асабістае жыцьцё, моду, дзеліцца сваімі поглядамі (лічыць двух сваіх былых мужоў слабакамі), марыць патрапіць у Парыж (супраць яе ўведзеныя санкцыі ЭЗ, хоць на канфэрэнцыі АБСЭ старшыня ЦВК у Эўропу езьдзіць) і ходзіць на ток-шоў — не заўжды ўдала — 19 сьнежня 2010 вядучы праграмы на АНТ так назадаваў пытаньняў Ярмошынай, што яна ў прамым эфіры пакінула студыю.

Сяргей Дарафееў зь дзяржаўнага тэлеканалу быў пасьля звольнены.

Ірына Вештард

Ірына Вештард
Ірына Вештард

Ірына Зянонаўна адзіная жанчына, якая сёньня ўзначальвае палітычную партыю і адзіная жанчына, якая ўзначальвала нежаночую апазыцыйную партыю ў Беларусі.

У БСДП зь 1991-га году, займала розныя адказныя пасады, з 2011-га кіруе партыяй. Мае ганаровую грамату Міністэрства адукацыі.

На выбарах 2015-га сацыял-дэмакраты падтрымоўваюць Тацяну Караткевіч, але сама Вештард не бярэ актыўнага ўдзелу ў агітацыйнай кампаніі. Дарэчы, сярод кіраўнікоў Партыі адносна шмат жанчынаў — Ганна Канюс, магчыма, увойдзе ў наступныя такія агляды, яна лічыцца пэрспэктыўным палітыкам у Берасьцейскай вобласьці.

Вольга Карач

Вольга Карач
Вольга Карач

Размовы пра тое, што на гэтых выбарах супраць Лукашэнкі выступіць палітык-жанчына, вяліся некалькі год. І часта на гэтую ролю вылучалі віцяблянку Карач. Вольга — старшыня кампаніі «Наш дом», адна з каардынатарак «ЗУБР», актыўна ўдзельнічала ў грамадзка-палітычным жыцьці Віцебска з 1996-га, з канца 2010-х кампанія выйшла на рэспубліканскі ўзровень.

Пасьля выбараў 2010-га праводзіць шмат часу ў Вільні, дзе і базуецца галоўны офіс кампаніі. Выразна пра свой удзел у выбарах так і не заявіла. Да апошняга хадзілі чуткі і пра іншую жанчыну, якая мелася ўзяць удзел у выбарах, намесьніцу старшыні ТБМ Алену Анісім. Але напярэдадні самой кампаніі яна ад удзелу адмовілася.

Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч
Наста Дашкевіч

Адзіная прадстаўніца маладога пакаленьня ў палітыцы, адна зь лідэраў «Маладога Фронту», ляўрэат прэміі Дзярждэпартамэнту ЗША. Была арыштаваная пасьля Плошчы 2010-га году, сядзела ў турме КДБ і пасьля была прысуджаная да ўмоўнага тэрміну. Яе муж, Зьміцер Дашкевіч, двойчы быў палітычным вязьнем, у 2006-м яго арыштавалі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у 2010 ён быў прэвэнтыўна затрыманы перад Плошчай. Насту, дарэчы, у 2006 судзілі па тым жа 193-м артыкуле, але тады яна, яшчэ школьніца, атрымала штраф.

Іх гісторыя каханьня — адна з самых кранальных у найноўшай гісторыі. Пасьля вызваленьня Зьмітра пара абвянчалася ў царкве (афіцыйна шлюб быў узятамі за мурамі гарадзенскай калёніі строгага рэжыму), у іх нарадзілася дачка, і цяпер Наста больш часу прысьвячае ёй, хоць на апошнім зьездзе была абрана ў Сойм арганізацыі.

Сваячкі палітвязьняў

Бяляцкая, Статкевіч, Вінаградава, Клімава, Бандарэнка, Міхалевіч, Лябедзька, Халіп, маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Людміла — яны і яшчэ дзясяткі жанчынаў сталіся палітыкамі і баранілі сваіх мужоў на сустрэчах з палітыкамі, на мітынгах і пікетах у Беларусі і па ўсім сьвеце, каля сьценаў калёній і за сталом, падпісваючы лісты і пэтыцыі. Усе гэтыя жанчыны, жонкі, сёстры і маці, займаліся палітыкай, вымушана і ў такіх умовах, у якіх гэта сёньня ня робіцца ў цывілізаваным сьвеце.

Кожная зь іх выявіла мужнасьць і прынцыповасьць ва ўмовах, калі жыцьцё і здароўе блізкіх былі пад пагрозай. Такой мужнасьці і прынцыповасьці сёньня часта не стае палітыкам-мужчынам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG