Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе вайна, а ў Менску абмяркоўваюць, як аднаўляць яго эканоміку


Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Ёсьць дзьве рэальнасьці: вайна на ўсходзе Ўкраіны і перамоўны працэс у Менску. Чым далей, тым мацней яны аддаляюцца адна ад аднае», — украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка камэнтуе вынікі паседжаньня першай працоўнай падгрупы па Ўкраіне ў Менску.

У Менску 14 траўня прайшло паседжаньне працоўнай падгрупы па эканамічных пытаньнях у межах Трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне.

Падгрупа разгледзела тры блёкі пытаньняў — банкаўскую сфэру, аднаўленьне інфраструктуры на тэрыторыі Данбасу, у прыватнасьці мастоў, а таксама шэраг захадаў дзеля ўзнаўленьня працы прадпрыемстваў Данбасу — паведамляе Інтэрфакс. Сустрэча прайшла ў закрытым для прэсы рэжыме.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка кажа, што пакуль на Данбасе працягваюцца вайсковыя дзеяньні, ня будзе ані палітычнага вырашэньня канфлікту, ані тым больш эканамічнага аднаўленьня

«Галоўная праблема — гэта рэалізацыя нават дасягнутых дамоўленасьцяў. Пакуль ня выкананыя нават першыя пункты: няма спыненьня агню і адводу цяжкіх узбраеньняў, — сьцьвярджае Фясенка. — Усё астатняе будзе напаўвіртуальным працэсам. Дамовіцца можна, але наўрад ці гэта будзе выканана. Да таго ж я моцна сумняюся, што па некаторых пытаньнях удасца дасягнуць хуткіх і надзейных дамоўленасьцяў. У пытаньні пра будучы статус тэрыторыяў, якія цяпер зьяўляюцца сэпаратысцкімі рэспублікамі, у пытаньні правядзеньня мясцовых выбараў на гэтых тэрыторыях пазыцыі бакоў кардынальна адрозьніваюцца, і кампраміс будзе знайсьці цяжка».

«Ідзе дыпляматычная барацьба ў рамках перамоўнага працэсу, — кажа палітоляг. — Эўрапейцы спадзяюцца, што гэта хай не адразу, але прывядзе да нейкага выніку. Амаль усе разумеюць, што імавернасьць дасягненьня практычнага выніку ня вельмі добрая, але ніхто ня хоча спыняць перамоўны працэс».

Паводле Ўладзімера Фясенкі, такая «гульня ў перамовы» будзе працягвацца, пакуль самі перамовы ня зойдуць у тупік альбо не пачнецца новы віток эскаляцыі канфлікту ў Данбасе.

Дамоўленасьць пра пачатак працы падгрупаў была дасягнутая ў Менску 6 траўня. Раней паведамлялася, што Ўкраіну ў падгрупе па эканоміцы прадстаўляе намесьнік кіраўніка Галоўнага дэпартамэнту па пытаньнях укараненьня рэформаў адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Верамій, Расею — намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Сяргей Назараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG