Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Марыя Лукашук

абноўлена

Марыя Лукашук
Марыя Лукашук

22 красавіка ў вёсцы Ставы Камянецкага раёну пахавалі Марыю Лукашук.

Марыя Лукашук нарадзілася ў 1927 годзе на Берасьцейшчыне. У часы Другой усясьветнай вайны 15-гадовая Марыя стала настаўніцай, а потым дырэктаркай пачатковай школы. Шмат гадоў загадвала катэдрай беларускай мовы Берасьцейскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Кандыдат філялягічных навук. Была актывісткай БНФ, аўтаркай «Народнай Волі», «Нашага слова».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў доўгія гады сябруе зь сям’ёй Марыі Лукашук. Лічыў яе старэйшай сваёй сяброўкай, аднёс да яе паэтычныя радкі Сержука Сокалава: «Вы здолелі між іншых беларусак застацца беларускай назаўжды»:

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

«Сыход у іншы сьвет заўсёды высьвечвае сапраўдную значнасьць, сапраўдны маштаб асобы. Марыя Пракопаўна Лукашук была цудоўнай Маці, Мовазнаўцай, Пэдагогам зь вялікай літары. Яна была настаўніцай для вельмі многіх і многіх у нашай краіне, настаўніцай беларускай вернасьці, беларускай ахвярнасьці, аптымізму ў самыя неспрыяльныя часы. І яна была змагаркай. Яна змагалася за свае погляды, за беларускую мову, за нацыянальную ідэю, урэшце, за будучыню Беларусі. Яна пісала лісты, яна пасылала пасылкі тым, хто пакутаваў за свае погляды ў зьняволеньні.

Калі казаць пра тое, якой асабіста для мяне была Марыя Пракопаўна, я скажу так: яна была старэйшай сяброўкай. Яна чытала ўсе мае кніжкі і адгукалася на іх у лістах да мяне і ў водгуках у прэсе. Яна летась цэлы год, напэўна, ваявала з аўтарам адной беларусафобскай рэцэнзіі на маю кніжку „Краіна Беларусь“, якая зьявілася праз 10 гадоў пасьля выхаду кнігі. І мы мелі такую звычку з Марыяй Пракопаўнай — віншаваць адно аднаго з днём нараджэньня. І сёлета, зусім нядаўна, у дзень яе нараджэньня адбылася якраз апошняя размова, якая таксама вельмі добра сьведчыць пра характар Марыі Лукашук. Яна мне сказала: „Ведаеш, Уладзя, я вырашыла адзначыць свой дзень нараджэньня ў Вэнэцыі“. А рэч у тым, што мы за пару тыдняў да той размовы былі ў вельмі добрай кампаніі ў Вэнэцыі, і там была Марыя Пракопаўна. Я падумаў, што ёй так спадабалася, што яна зноў вяртаецца ў Вэнэцыю, каб паглядзець на гэты цудоўны горад не ў часы паводкі. І потым толькі я даведаўся, што яна зьбіралася ў берасьцейскую кавярню „Вэнэцыя“. На жаль, гэта была апошняя размова...

25 сакавіка, у Дзень Волі, калі Марыя Пракопаўна трапіла ў шпіталь, якраз выйшла трэцяе выданьне маёй кнігі „Імёны Свабоды“, у якой расказваецца пра людзей, якія змагаліся за свабоду ў розных яе іпастасях і ўрэшце за будучыню, за незалежнасьць Беларусі. Я не пасьпеў гэтую кнігу падараваць Марыі Пракопаўне, але калі ў кнізе будзе працяг, сярод герояў абавязкова будзе Марыя Лукашук.

І яшчэ мне сёньня вельмі ярка ўзгадалася пахаваньне незабыўнай Ларысы Геніюш, якая ў 1970–80-я гады была для нас маральным аўтарытэтам № 1. І мне ўзгадаліся вершы, якія гучалі над труной Ларысы Геніюш. Там былі такія радкі: „Вы здолелі між іншых беларусак застацца беларускай назаўжды“».

Уладзімер Арлоў і Марыя Лукашук, 2012 год
Уладзімер Арлоў і Марыя Лукашук, 2012 год

Філёляг, рэдактарка, блізкая сяброўка Марыі Лукашук Аляўціна Вячорка кажа, што да Марыі Пракопаўны Лукашук ніяк не стасуецца слова «была»:

Аляўціна Вячорка
Аляўціна Вячорка

«Чую яе сьмех, заўсёды бадзёры голас. Яна — аптымістка ва ўсіх сэнсах гэтага слова. У любой падзеі яна знаходзіла нешта сьветлае, што абяцала выйсьце са, здавалася б, безвыходнага становішча.

З Марыяй Пракопаўнай, зь яе сям’ёй наагул мяне зьвязвае пачатак нашага дарослага жыцьця. А гэта з гадамі набывае такую каштоўнасьць! Апошнім часам мы сустракаліся часьцей. І я не пераставала зьдзіўляцца яе ўлюбёнасьці ў жыцьцё. І вось тут хачу прывесьці словы Ўладзімера Някляева, якія яна ня раз паўтарала і якія сталі ў нейкім сэнсе малітвай і для мяне:

«Ува ўсім, што ёсьць, было і будзе —
Ані ў чым цябе магло ня быць.
Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе:
У неверагодным цудзе
Жыць».

І вось яна брала з гэтай невычэрпнай крыніцы жыцьця напоўніцу: у пэдунівэрсытэце, дзе яна працавала загадчыцай катэдры, аднадумцы — выкладчыкі, гісторыя Берасьцейшчыны, гісторыя свайго роду, тэатар, прэса, ліставаньне, сустрэчы са знакавымі асобамі, пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі. Гэта ў нейкай ступені ўсё праходзіла і празь мяне таксама. Водгукі і артыкулы ў «Народнай Волі», «Нашым слове», у якіх яна выказвала сваё стаўленьне да праблем мовы і гісторыі краіны. Узгадваю яе апошні прыезд у Менск. Яна вельмі хацела сустрэцца зь Нілам Сымонавічам Гілевічам, зь якім мела даўняе знаёмства. Яна прынесла Нілу Сымонавічу са сваёй радзімы слоік адмысловага мёду. Якая гэта была цёплая сустрэча! Колькі невядомага, прынамсі для мяне, расказаў Ніл Сымонавіч!

А якая яна гаспадыня, які парадак заўсёды ў яе доме, нібыта яна кожную хвіліну чакала гасьцей! Ды так на самой справе і было: дзьверы яе кватэры заўсёды былі шырока адчыненыя для яе сяброў, сяброў яе сына, дачкі, якія былі яе найлепшымі, самымі надзейнымі сябрамі.

Марыя Лукашук з Васілём Быкавым
Марыя Лукашук з Васілём Быкавым

І ўсё ж самае галоўнае ў любой жанчыны — гэта сям’я. Марыя Пракопаўна была падмуркам яе, яе мудры клопат пра ўсіх сямейнікаў проста фантастычна бязьмежны. А пра сябе яна ніколі ня ўзгадвала. І сямейнікі адказвалі ёй такой жа ўвагай. Я была нявольнай сьведкай, як пяшчотна, паважліва, папярэджваючы кожнае жаданьне мамы ставіўся да яе Алесь Міхайлавіч. Пра гэта ведалі ўсе, хто быў знаёмы з гэтай сям’ёй. Няхай усё тое добрае, што пасеяла сваім жыцьцём Марыя Пракопаўна, захаваецца ў гэтай сям’і і перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне».

Журналіст, намесьнік галоўнага рэдактара тыднёвіка «Свободные новости плюс» Аляксандар Уліцёнак назваў Марыю Лукашук «жывым мурам Беларушчыны, які абараняе нас і які нас вучыць любіць Бацькаўшчыну, быць беларусамі»:

Аляксандар Уліцёнак
Аляксандар Уліцёнак

«Марыя Пракопаўна адносіцца да таго пакаленьня, якое, у прынцыпе, многія называюць „жывым шчытом рэжыму“. Ёсьць у гэтым горкая праўда, але яна з тых людзей, якія зусім не зьяўляюцца „жывым шчытом“. Яна адносіцца да іншых людзей — да падмурку тых заснавальнікаў беларускай нацыянальнай дэмакратычнай ідэі, на якіх вырасла сёньняшняя маладая Беларусь, незалежная Беларусь. Просты звычайны прыклад: 88-гадовы чалавек да апошняга дня выпісваў газэту, у якой я працую — „Свободные новости плюс“. І зусім нядаўна мы ўзялі ў яе інтэрвію, ня ведаючы, што гэта яе апошнія дні, апошнія публічныя словы. І там яна распавядае, што ў яе на бальконе заўсёды вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Маленькі прыклад, але бачна: не жывы гэта шчыт — гэтае пакаленьне. Гэта жывы мур, мур Беларушчыны, які абараняе нас і які нас вучыць любіць Бацькаўшчыну, быць беларусамі. Вялікі дзякуй, пані Марыя».

Сваімі пачуцьцямі з нагоды сумнай навіны падзяліўся супрацоўнік Радыё Свабода, журналіст, сьпявак Багдан Андрусышын (Данчык):

«На самым відным месцы на маім рабочым стале, заўсёды перад маімі вачыма - надзвычай прыгожая маленькая беларуская скрыначка з дрэва і саломы. Сьціплая, зграбная - як і тая мілая жанчына, якая мне яе падаравала. Буду цаніць гэты падарунак і зь пяшчотай згадваць паважаную спадарыню Лукашук заўсёды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG