Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмная праца і заробкі ЗК. У Беларусі, Эўразьвязе, ЗША


Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Беларусі кожны асуджаны абавязаны працаваць. Тым ня менш, за выключэньнем калёніяў строгага рэжыму, дзе, як у Навасадах, працай, паводле дадзеных мінулага году, былі забясьпечаныя недзе да 80%, у большасьці папраўчых устаноў працавала ад 20% да 40% вязьняў.

Прычыны такой нізкай занятасьці — галоўным чынам адсутнасьць месцаў, а таксама прынцыповая адмова некаторай часткі ЗК. Звычайна на такі крок ідуць як правіла «прафэсійныя крымінальнікі» або «блатныя». яны паўсюль пазыцыянуюць сваё катэгарычнае нежаданьне хоць як працаваць на дзяржаву. Рэдка ў адмову ідуць так званыя «мужыкі», у тым ліку асобныя палітвязьні», якія бачаць у пэўных працоўных умовах прыніжэньне людзкой годнасьці. У любым выпадку адмова ад працы трактуецца заканадаўствам як злоснае парушэньне і караецца ўтрыманьнем у штрафным ізалятары.

Паводле сыгналаў, якія апошнім часам паступаюць да нас з калёніяў, «цяпер у мэтах барацьбы з масавым лайдацтвам на працу гоняць усіх. Незалежна ад таго, ёсьць тая праца ці няма». Пра гэта сьведчыць мянчук Вадзім, які пасьля шасьці гадоў адседкі ў Магілёўскай калёніі (арт.206 — рабунак), нядаўна быў вызвалены па амністыі. Былы асуджаны сьцьвярджае, што ў беларускай турме нічога не мяняецца гадамі. Каб выплачваць прызначаны судом пазоў, ён мусіў працаваць. Гэта была зборка мэблі. У ведамасьцях, як кажа Вадзім, ён расьпісваўся за нармальныя грошы, на справе ж атрымліваў капейкі «Тлумачылі, што грошы вылічваюцца на турэмнае ўтрыманьне — ваду, электрычнасьць, адзеньне, ежу, бялізну і г.д. Хоць на волі ўсе лічаць, што турмы ўтрымліваюцца за кошт падаткаплатнікаў... Каб не пераводы ад сваякоў, я б выйшаў адтуль безнадзейна хворым і наўрад ці б пагасіў бы даўгі», — кажа Вадзім.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:28 0:00
Наўпроставы лінк

Асуджаны на чатыры гады за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў жыхар Магілёва Генадзь адседзеў у Бабруйску палову тэрміну. Ён як і Вадзім атрымаў амністыю. Пры разглядзе пытаньня камісія ўлічыла і ягоную «ўдарную» працу. Генадзь кажа, што спачатку працаваў у майстэрні калёніі, дзе некалькі асуджаных займаліся мастацкімі вырабамі. Прабыў Генадзь там нядоўга — некалькі дзён:

«Там была разьба па дрэве, нехта карціны маляваў. Майстэрня была малая. Чалавек дзесяць-пятнаццаць, выбраных з усёй зоны. Потым мяне, нічога ня кажучы, перакінулі паддоны зьбіваць. Далі малаток. Умоваў для працы там не было ніякіх. Стаялі дзьве піларамы 1818 году (сьмяецца). Гэта быў не станок, а жах. Пяць чалавек было на бярвёнах. Яны скочвалі, падавалі. Трое чалавек абслугоўвалі той стары станок.

Укладаньняў ніякіх, а аддачы ад нашай працы — па тры-чатыры фуры ад’яжджалі, нагружаныя нашымі паддонамі. Заробак асуджанага за месяц — 20 тысяч рублёў, паўблёка цыгарэт».

«Для таго каб зарабіць на тыя ж цыгарэты, людзі падпрацоўвалі. Выконвалі працу за кагосьці яшчэ. Замест пятнаццаці паддонаў рабілі трыццаць. Гэта дазвалялася. Як яшчэ можна было зарабіць? Пайшоў нехта на спатканьне, а яго чакае хтосьці зь іншых ЗК, каб торбу трыццаць кіляграмаў дапамагчы паднесьці . Вось і падзаробак. Пакуль нехта на спатканьні, за яго паддоны зьбіў ці скрыні — таксама зарабіў».

Генадзь зазначае, што пасьля цяжкой фізычнай працы дужа хацелася есьці, але кармілі ў зоне кепска. Цяжэй за ўсё ў калёніі было тым, хто ня меў падтрымкі з волі. Ім даводзілася працаваць удвая болей...»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:28 0:00
Наўпроставы лінк


Пры Саветах палітзэкі зараблялі істотна болей

Паводле Генадзя, у Бабруйску ён некаторы час сядзеў разам з Алесем Бяляцкім. Ня так даўно недзе ў СМІ бачыў апублікаваную даведку аб працоўных даходах гэтага палітвязьня ў 2013 годзе. За восем месяцаў (пры сямігадзіннай шасьцідзёнцы) яны склалі 146 тысяч 413 рублёў. Даходы самога Генадзя, нават пазьнейшыя, паводле ягоных словаў, мала чым розьніліся ад даходаў Бяляцкага.

Адрозна ад большасьці палітвязьняў Зьміцер Дашкевіч (гэтак жа як і Мікалай Аўтуховіч) працаваць за кратамі адмаўляўся. А ўвогуле цяперашнія ўмовы працы ёсьць з чым параўноўваць, кажа ён. Зэкі расказвалі амаль як пра камуністычны рай — пра тое, як працавалі зьняволеныя ў канцы існаваньня Савецкага Саюзу:

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Я часта сустракаў людзей, якія тады сядзелі. Была такая практыка, што асуджаных у Беларусі, этапавалі на калымскія, а таксама калясыбірскія тэрыторыі. Там былі пасяленьні, якія нагадваюць „хімію“, для тых, хто меў тэрмін пяць, дзесяць, дваццаць пяць год...Зэкі выяжджалі ў лес на працу, самі сабе там зьвера лавілі, заразалі, суп варылі. Маглі сябе многім забясьпечыць, бо даволі добрыя заробкі атрымлівалі як для ЗК. Гэта недзе 50–100 рублёў. Ва ўсякім разе, як распавядалі, так было на Далёкім Усходзе».

«На сёньняшні дзень праца за кратамі — гэта нейкая пародыя на само слова „праца“, — працягвае былы палітвязень. — Я памятаю, у Шклове працаваў на пілараме. На працу выводзілі шэсьць дзён на тыдзень, асуджанаму застаецца толькі нядзелька, якая разьбітая на шыхтаваньні, шмоны і гэтак далей. Выходзіш у восем на працу, прыходзіш у шэсьць. І заробак быў эквівалентны там шасьці пачкам „Прымы“, у межах аднаго-двух, максымум трох даляраў. Ты прыйшоў у крамку, узяў сабе пяць пачкаў „Прымы“ ці бляшанку згушчонкі, і вось гэта тое, што зарабіў за месяц з шасьцідзённай у тыдзень працай. Многія сьведчаць, што існуе там падвойная, таемная бухгальтэрыя».

Калі начальнік больш спагадлівы, то прынясе зэкам катлет з бульбай, што жонка нагатуе

Пры гэтым дрэваапрацоўка — галіна прыбытковая, і жабрацкіх заробкаў у прынцыпе быць ня можа, мяркуе Дашкевіч:

«Ну, і пры мне такое было, што начальства дровамі за бесцань затарвалася. Прыходзіць у шклоўскую калёнію на прамзону і насыпаюць па нейкім кошце гэтых дроваў абы-як. Няхай там улазіць два кубы. Не, кажа начальнік, мне паскладвайце. А складзеных там будзе ўжо пяць кубоў. Замаўляе начальнік сабе дом — зэкі сядзяць пілуюць зрубы. Калі начальнік больш спагадлівы, то прынясе зэкам катлет з бульбай, што жонка нагатуе».

Пра што можа сьведчыць такая сыстэма працы, якая існуе ў калёніях і турмах?

Дашкевіч: «Як я разумею, Працоўны кодэкс ня мае ніякай сілы ў месцах пазбаўленьня волі. Бо згодна з Працоўным кодэксам, я выбіраю: жадаю працаваць на гэтай працы ці не жадаю, жадаю за тры даляры ці не? У зонах такога выбару няма. Ва ўсіх калёніях, дзе я быў, ледзь ня першае патрабаваньне — павінен выходзіць на „промку“ і нешта там рабіць. Лічыцца, што зэк, які працуе, ён перавыхоўваецца. Задача зоны — перавыхаваць. Вось пасадзілі злодзея, яго трэба працай перавыхаваць і вярнуць у грамадзтва».

«Калі звычайны зэк яшчэ можа дамовіцца, у працы ня ўдзельнічаць, — кажа Зьміцер Дашкевіч, — то да палітвязьняў падвышаная ўвага. Ім імкнуцца даць найцяжэйшую працу, працу, якая забірае больш часу. Таму што, натуральна, усе „справаздачацца“ чэкістам: што робіць — ня піша лісты ці кнігу, не агітуе нікога, а абдзірае дрот алюмініевы або цягае бярвеньне. Ну, я калі са сваім тэрмінам „катаўся“ гады тры па розных зонах, я адмаўляўся. А нехта прымае для сябе рашэньне працаваць».

Зроблена ў калёніі: дзіцячы ложак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:46 0:00

Калі Статкевіч тэлефануе, значыць мае працу...

— Ці даходзяць да вас зьвесткі пра тое, ці працуе ў турме Мікалай Статкевіч?

Дашкевіч: «Наколькі я ведаю — але гэта з адкрытых крыніцаў — Статкевіч працуе. У „крытых“ турмах, я так разумею, троху аблегчаныя ў гэтым сэнсе ўмовы. А калі чалавек працуе, хутчэй ляціць час. Звычайнаму зэку, калі яму даюць гадоў дваццаць, то проста калі сядзець, то можна звар’яцець. І некаторыя з гэтай прычыны выходзяць на працу.

Мне таксама ў Горадні ў турме прапаноўвалі працу і казалі, што аблегчаны будзе рэжым, што дазволяць перадачы, званкі на свабоду. У іх такі падыход да асуджаных: калі працуюць, то зьмякчаюць умовы. Ну вось, я ведаю: Статкевіч тэлефануе, то, значыць, у нейкай працы задзейнічаны».

Але праца можа і прыніжаць, калі ўмовы нялюдзкія. А менавіта такія апісаў Зьміцер Дашкевіч у сваёй кнізе пра турэмны досьвед «Чарвяк»:

«Я меў такі досьвед у Горацкай калёніі, у „Чарвяку“ напісана пара абзацаў — у якіх там умовах, у якім гнаі ў прамым значэньні гэтага слова там людзі працуюць. Заводзяць цябе ў цэх, дзе 100–150 чалавек. Пачынаецца дождж, дзіравая столь, усё ліецца на падлогу, усе сядзяць у мазуце, у гразі, гэта такія першабытныя ўмовы, што ў кіно не заўсёды такое ўбачыш. Прыбіральня з умывальнікам: там проста піраміды эгіпецкія наваленыя выпаражненьняў чалавечых. Дзікунская абстаноўка, я нідзе больш такога ня бачыў, наколькі ў Горацкай калёніі ўсё жахліва. Сядзяць там у лужах пад дажджом, дах цячэ. Абавязаны здабываць медзь краіне. А для чаго рамантаваць? Усе рабы. Навошта грошы на шыфэр? Калі можна сьпісаць, набыць новы кампутар начальніку, крэсла мякчэйшае. А рабы хай сядзяць там у гнаі і пад дажджом, у мазуце».

За працай у харкаўскай турме
За працай у харкаўскай турме

За Бугам

Як выглядае сытуацыя з турэмнымі заробкамі ды працаўладкаваньнем на Захадзе?

У вязьніцах ЗША працуюць прыкладна 17% турэмных сядзельцаў. Удзел у вытворчасьці тут добраахвотны, а за працу плацяць ад 23 цэнтаў у гадзіну да 1 даляра 25 цэнтаў. Прычым у фэдэральных турмах плата налічаецца вышэйшая, яна дазваляе зьняволеным нават адпраўляць дадому па 200–300 даляраў у месяц. У асноўным арыштанты вырабляюць розныя прадметы абмундзіраваньня для войска, у тым ліку форменныя рамяні, партупэі, кашулі, штаны, палаткі, заплечнікі, фляжкі.

У турмах Швэцыі ды іншых краін паўночнай Эўропы, паводле тамтэйшых законаў, павінна быць забясьпечаная стоадсоткавая занятасьць сядзельцаў. Калі ня праца, то вучоба, у тым ліку і ва ўнівэрсытэце (дыстанцыйна), або ўдзел у праграме, з дапамогай якой можна пазбавіцца ад наркатычнай ці алькагольнай залежнасьці.

У старой кантынэнтальнай Эўропе, у прыватнасьці ў Нямеччыне, асуджаныя згодна з заканадаўствам таксама мусяць працаваць. Турэмныя майстэрні разьмешчаныя непасрэдна за кратамі. Сярэднія месячныя заробкі ЗК дасягаюць звычайна 150–200 эўра. На заробленыя грошы вязьні могуць набываць усё неабходнае ў турэмнай краме. Асуджаны нічога ня плаціць за ежу, вопратку, утрыманьне ў асобнай камэры зь неабходнымі выгодамі — прыбіральняй, душам, а таксама мэбляй — сталом, крэслам, шафай. Пры жаданьні за дадатковую плату можна паставіць у камэры тэлевізар ці радыё.

Цэх у чэскай турме
Цэх у чэскай турме

У «маладых» краінах ЭЗ зьняволеныя таксама абавязаныя працаваць. Аднак рэальна працай забясьпечаныя толькі палова ці крыху болей за палову асуджаных. Так, у Чэхіі, напрыклад, летась працоўная занятасьць асуджаных у сярэднім дасягала 61%. Сёлета гэтая лічба зьнізілася і складае толькі 55% ад 18 тысячаў зьняволеных. Як тлумачаць у чэскім Міністэрстве юстыцыі, якому падпарадкоўваецца мясцовая пэнітэнцыярная сыстэма, многія ЗК працаваць адмаўляюцца. Некаторыя ня могуць працаваць з прычыны стану здароўя. У шэрагу выпадкаў працы для зьняволеных проста няма, бо кіраўніцтва некаторых турмаў ня надта актыўна яе шукае.

У гэтым сэнсе турма ў Арачаве належыць да больш прасунутых. У 2008 годзе тут за 70 мільёнаў кронаў абсталявалі ахоўную тэрыторыю, каб забясьпечыць занятасьць, і падпісалі кантракт зь фірмай, якая рэгулярна працаўладкоўвае асуджаных. Цяпер у Арачаве працуе 64% з прыкладна 500 зьняволеных. Некаторыя зь іх у спэцыяльна адведзеным для гэтага цэху пры турме робяць канвэрты, укладваюць у іх рэклямныя ўлёткі або пакуюць фірмовыя бандэролі, як, да прыкладу, 36-гадовы Гонза. Ці падабаецца яму праца і якія пляны ён мае ў сувязі з выхадам неўзабаве на волю?

Гонза: «Вядома ж, лепш працаваць, чым цалюткі дзень сядзець у камэры. Мне ўжо хочацца нармальнага жыцьця, я ж асвоіў некалькі прафэсій. Аднак мне наагул было б цікава заняцца стварэньнем вэб-старонак, я гэтым зацікавіўся яшчэ на волі».

Асуджаныя працуюць таксама на кухні і ў майстэрнях, у адным з цэхаў камплектуюць кававыя наборы, дапамагаюць прыбіраць аб’ект, некаторыя зь іх працаўладкаваныя ў сфэры сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. Сярэдні заробак — каля 4 тысяч крон (прыкладна 145 эўра). Сума невялікая, калі ўлічыць, што ўтрыманьне аднаго асуджанага абыходзіцца дзяржаве прыкладна ў адну тысячу кронаў, а да таго ж за многімі зьняволенымі значацца буйныя сумы доўгу і нявыплачаных алімэнтаў.

«У падлогу ўбудаваныя камэры назіраньня, а ў іншых месцах, зьвязаных з магчымымі спробамі ўцёкаў, — датчыкі для вымярэньня частаты пульсу. У тым выпадку, калі ў гэтых месцах чалавек затрымліваецца даўжэй, датчык вымярае яго частату пульсу», — раскрывае некаторыя зь мясцовых сакрэтаў бясьпекі начальнік турмы Богуш Веселы.

Самая вялікая матывацыя ў працы зьняволеных — пэрспэктыва ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, — патлумачыў супрацоўнік арачаўскай турмы Томаш Птак.

«50% асуджаных, можна сказаць, маюць нейкія працоўныя навыкі, набытыя яшчэ да адбыцьця пакараньня. А людзі з другой групы, гэтак жа шматлікай, ніколі нідзе не працавалі, і адзіная кваліфікацыя, якая ў іх ёсьць, была набыта імі падчас папярэдняй адседкі ў іншай турме».

Яшчэ большай працоўнай занятасьці (на ўзроўні 75 працэнтаў) удалося дасягнуць у турме Знойма, дзе адбываюць пакараньне каля 200 чалавек. Прэс-сакратар чэскага Мін’юсту Катарына Грохава паведаміла, што гэтае ведамства аналізуе, як матываваць начальнікаў турмаў да большай занятасьці зьняволеных, бо падпісваць дамовы з канкрэтнымі фірмамі, якія могуць забясьпечыць гэты кантынгент працай, — у кампэтэнцыі якраз турэмных уладаў. Неабходна выпрацаваць мэханізмы ўдасканаленьня працы зь людзьмі, якія ў турмах, а таксама якія вызваліліся зь месцаў пазбаўленьня волі. Нямала надзеяў зьвязана з будучым увядзеньнем электронных бранзалетаў для асуджаных; сыстэма «электроннага зьняволеньня» дапамагла б працаўладкаваць значна большую колькасьць парушальнікаў закону.

«Пэнітэнцыярныя ўстановы павінны быць візытоўкай краіны»

Як лічыць нямецкі экспэрт-крыміноляг Крыстаф фон Гарсдорф, які ў мінулым працаваў судзьдзём ды начальнікам турмы, пэнітэнцыярныя ўстановы павінны быць візытоўкай краіны. «Гэта тое ж самае, што і прыбіральні ў рэстаране. Калі вы бачыце, што прыбіральні брудныя, як вы можаце быць упэўненыя, што кухня не такая ж?», — кажа крыміноляг.

Крыстаф фон Гарсдорф
Крыстаф фон Гарсдорф

Апошнім часам Крыстаф Гарсдорф прадстаўляў розныя праекты, зьвязаныя з рэфармаваньнем турмаў на тэрыторыі былога СССР. Ён перакананы, што з заходняй практыкі ў былых савецкіх турмах можна было б ужыць наступныя моманты:

«Так, у некаторых заходнеэўрапейскіх краінах уся мэбля для міністэрстваў вырабляецца зэкамі ў турмах. Я ведаю адну эўрапейскую краіну, дзе зьняволеныя самі шыюць сабе форму. Нягледзячы на тое, што гэта спэцвопратка, яна модная, і моладзь гэтай краіны хоча набываць гэтую вопратку, бо яна стыльна выглядае. Важна, каб зьняволеныя, седзячы ў турме, прызвычаіліся, што павінны працаваць. Але працаваць яны павінны такім чынам, каб гэта прыносіла ім прыбытак. Хай гэта будзе невялікая праца, але яна павінна прыносіць пэўныя грошы, на якія зьняволеныя маглі б купіць нейкія прадукты, напрыклад, сьвежую садавіну ці цыгарэты».

— З вашага досьведу начальніка турмы, якой працай могуць забясьпечвацца тыя, хто мае найвялікшыя тэрміны?

Гарсдорф: «На Захадзе тыя зьняволеныя, якія асуджаныя на доўгі тэрмін, у тым ліку і пажыцьцёвікі, вучацца адыгрываць у турме канструктыўную ролю. Яны пачынаюць разумець, што турма — неад’емная частка іх жыцьця. Таму асаблівую ўвагу адміністрацыя аддае навучаньню гэтых людзей, інвэстуе ў іх. Калі хто са зьняволеных да пасадкі займаўся малакваліфікаванай працай, у яго інвэстуюць, каб ён стаў адмыслоўцам. Такім чынам гэтыя людзі пачынаюць адчуваць сваю адказнасьць перад грамадзтвам.

У заходніх турмах вялікая ўвага аддаецца мэтаду сацыялізацыі. Прыкладам, асуджаныя на тэрміны да пятнаццаці гадоў на працягу першых васьмі гадоў павінны працаваць унутры турмы. З кожным годам іх праца становіцца больш прыбытковай. Пачынаючы зь дзявятага году пазбаўленьня волі ім дазваляецца выходзіць за турэмны плот штомесяц на адзін дзень у суправаджэньні ахоўніка. Зь дзясятага году дазваляецца гэтаксама раз на месяц на адзін дзень, але без ахоўніка. На адзінаццаты год зьяўляецца магчымасьць працаваць за межамі турмы, але пры ахове. На дванаццаты год — працаваць без нагляду і штогод мець дазвол на трохтыднёвы адпачынак. Калі ўсё ідзе паводле пляну, то на трынаццаты год асуджаны можа жыць па-за турмой, але ўсё роўна быць зьняволеным. На чатырнаццаты год чалавек праходзіць тэставаньне, і калі яно станоўчае, то яго могуць вызваліць датэрмінова. На момант вызваленьня гэты чалавек будзе мець працу ды жыльлё».

«Варта адзначыць, — дадае нямецкі экспэрт, — што пасьля дзесяці — адзінаццаці год адседкі ніхто не ўцякае, бо калі ўцекача зловіць паліцыя, ён павінен будзе прайсьці ўсе тыя самыя этапы сацыялізацыі нанава. Пры такой сыстэме зьняволены навучаецца і рыхтуецца да свабоды. Гэтая сыстэма працуе вельмі добра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG