Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Гардзіенка: “З найвышэйшай кропкі Аўстраліі — гары Касьцюшкі — добра відаць Беларусь”


Міхась Скобла, Менск (эфір 9 студзеня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

“Беларусы ў Аўстраліі” — гэткі назоў мае кніга гісторыка Натальлі Гардзіенкі, якая стала трэцяй у сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, што выдае аднайменнае грамадзкае аб’яднаньне. А запачаткавала сэрыю таксама сёлетняя кніга “Месца выданьня — Парыж”, хроніка жыцьця беларускіх эмігрантаў у Францыі. Разам з выдадзенай яшчэ ў 1993 годзе манаграфіяй Вітаўта Кіпеля “Беларусы ў ЗША” гэтыя выданьні даюць падставы гаварыць пра тое, што гісторыя беларускай эміграцыі хоць і марудна, але ствараецца. Дасьледніца “беларускай Аўстраліі” Натальля Гардзіенка — госьця “Вольнай студыі”.

(Міхась Скобла: ) “Натальля, Аўстралія з прычыны сваёй аддаленасьці заўсёды застанецца для нас краінай экзатычнай. Што сёньня ведае пра яе сярэднестатычны беларус? Кенгуру, эўкаліпты, рэкі, што ўлетку перасыхаюць, ды Сыднэй, дзе адбылася апошняя Алімпіяда. А чым запомніўся зялёны кантынэнт вам?”

(Натальля Гардзіенка: ) “Запрашэньне наведаць Аўстралію было для мяне вялікай неспадзеўкай. Калі я зацікавілася гісторыяй беларускай эміграцыі, то і ня думала нават, што патраплю ў гэтую краіну. Таму калі цягам дваццаці гадзінаў ляцела самалётам над Эўропай, Азіяй, Індыйскім акіянам, над Сынгапурам, крыху трывожылася, дзе я ў выніку апынуся. Але ў Аўстраліі ўсе мае трывогі разьвеяліся. Там усё іншае: і зорнае неба, і рух сонца, і гарадзкая архітэктура. З гарадоў найбольш уразілі Сыднэй ды Канбэра, якая зусім не адпавядае нашым уяўленьням пра сталіцу: у горадзе фактычна няма хмарачосаў, ён невялікі нават па аўстралійскіх стандартах (блізу 300 тысяч жыхароў), пераважна адна-двухпавярховы.

Але самае цікавае — гэта аўстралійскі парлямэнт, на які праводзяцца адмысловыя экскурсіі. На ягоным даху спэцыяльна насыпаная зямля і абсталяванае месца, куды падымаюцца наведнікі. Ім тлумачыцца, што, стоячы на даху, над заляй паседжаньняў, дзе прымаюцца важныя рашэньні, кожны аўстраліец разумее, што ў краіне галоўны ён, звычайны грамадзянін, а ня тыя, што засядаюць унізе, яны толькі слугі народу”.

(Скобла: ) “Вы адчулі сябе больш важнай пэрсонай за аўстралійскіх парлямэнтароў?”

(Гардзіенка: ) “Так, вы ведаеце, адчуваньне было нязвыклае, для нас проста незвычайнае”.

(Скобла: ) “А што, неблагая ідэя: зрабіць такую самую пляцоўку ў Менску, прыкладам, над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта, і вадзіць туды экскурсіі…”

(Гардзіенка: ) “Ну, гэта пэўнае дасягненьне свабоды й дэмакратыі ў краіне… Увогуле, вельмі ўражвае, што аўстралійцы маюць выразнае пачуцьцё ўласнай годнасьці, яны больш упэўненыя ў сабе. І гэта адчуваньне перадаецца табе, празь некалькі дзён побыту ў Аўстраліі чуесься больш упэўненым, свабодным, гаспадаром у краіне. Тое, чаго нам усім не хапае ў Беларусі. І зразумелым і прымальным робіцца традыцыйны аўстралійскі выраз “я маю час”, там нікуды ня хочацца сьпяшацца”.

(Скобла: ) “Беларусы — не сказаць, каб заўзятыя вандроўнікі. Нас з наседжанага месца сагнаць няпроста. І ўсё ж — зьвернемся да гісторыі — менавіта беларус прэзыдэнцтваваў на Гавайскіх выспах, засноўваў унівэрсытэт у Чылі, складаў слоўнік якуцкай мовы… А калі першы беларус ступіў на аўстралійскі мацярык?”

(Гардзіенка: ) “Дакладна невядома, вядома толькі, што выхадцы з Рэчы Паспалітай удзельнічалі ў галяндзкіх экспэдыцыях да “нязнанага кантынэнту”, гэта было яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця Аўстраліі Джэймсам Кукам. Першае імя, якое можна больш-менш дакладна назваць — Ксавэры Карніцкі, народжаны ў 1750 годзе ў Наваградзкім ваяводзтве. Ён прыплыў у Аўстралію з Чылі празь Ціхі акіян недзе ў 1785–1791 гадах і нават успаміны свае пакінуў, якія, праўда, не захаваліся. Траплялі нашыя землякі ў Аўстралію й пасьля паўстаньняў 1830–1831 ды 1863 гадоў. Самыя ведамыя зь іх — браты Плятэры (дарэчы, сваякі Тадэвуша Касьцюшкі) ды Канстанцін Друцкі-Любецкі — удзельнікі Лістападаўскага паўстаньня 1830–1831 гадоў.

Беларусы прыяжджалі ў Аўстралію і на пачатку ХХ стагодзьдзя, але запісвалі іх або як палякаў, або як выхадцаў з Расейскай імпэрыі. І толькі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, у ліку вялікай паваеннай эміграцыі ў Аўстралію прыехалі блізу 10 тысяч беларусаў, сярод якіх было нямала нацыянальна сьведамых”.

(Скобла: ) “Вы назвалі лічбу 10 тысяч чалавек, для маланаселенай Аўстраліі гэта істотна. А як прынялі нашых суайчыньнікаў на аўстралійскай зямлі, як мясцовае насельніцтва да іх адносілася?”

(Гардзіенка: ) “Да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя Аўстралія была даволі аднастайнай паводле нацыянальнага складу, у ёй пераважалі нашчадкі брытанцаў (у свой час быў спынены прыток неэўрапейцаў у краіну). І таму, калі ў выніку паваеннай эміграцыі ў краіне зьявіліся некалькі мільёнаў “неаўстралійцаў”, тамтэйшае грамадзтва перажыло шок. Аўстралійцы нічога ня ведалі ні пра беларусаў, ні пра палякаў, ні пра ўкраінцаў. Таму спачатку стаўленьне да эмігрантаў было насьцярожанае (мне тамтэйшыя беларусы пры сустрэчах пра гэта распавядалі). Але зь цягам часу ўзаемадачыненьні выходзілі на іншы ровень, зьявілася нават цікавасьць да розных культураў, у тым ліку й да беларускай.

Істотна й тое, што ў тагачаснай Аўстраліі існавала праблема працоўнай сілы, для імклівага эканамічнага разьвіцьця не хапала рабочых рук. І таму праблемы з працаўладкаваньнем папросту не было. Беларусы згадвалі, што пры жаданьні можна было працаваць сем дзён на тыдзень і дваццаць чатыры гадзіны на суткі”.

(Скобла: ) “Прадмову да “Беларусаў у Аўстраліі” напісала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Я папрасіў, каб яна параўнала кіпелеўскіх “Беларусаў у ЗША” з гардзіенкаўскімі “Беларусамі ў Аўстраліі”.

(Сурвілла: ) “Кніга Кіпеля — выдатная й зьмястоўная, але яна так не прамаўляе да сэрца чытача, як кніга спадарыні Гардзіенкі — паколькі жанр дыялёгу, інтэрвію заўсёды больш удзячны ў гэтым сэнсе. Істотна, што дасьледніца не жыла ў Аўстраліі, але змагла дасьледаваць тамтэйшае беларускае жыцьцё як бы знутры. Варта было б выдаць гэткія дасьледаваньні пра ўсе беларускія асяродкі ў сьвеце”.

(Скобла: ) “Аўстралія — велізарная краіна-мацярык, па тэрыторыі гэта прыкладна трыццаць восем Беларусяў. Каб ня згубіцца на такой прасторы, беларусы павінны былі трымацца разам. Дзе былі найбольш значныя беларускія асяродкі?”

(Гардзіенка: ) “Найбольш значных асяродкаў было пяць. Першы па часе, але найменш трывалы — Брысбэн (паўночны штат Квінслэнд), ён існаваў толькі ў 1950-я гады. Потым — у Сыднэі й Мэльбурне. У Адэляйдзе (Паўднёвая Аўстралія) беларускае жыцьцё трымалася найперш вакол царквы. У заходнеаўстраліскім Пэрце таксама існавала беларуская грамада, пра якую засталося надзвычай мала зьвестак. Але і тут, як і ў Мэльбурне ды Сыднэі, працавала беларускае радыё, прычым, даволі працяглы тэрмін, быў заснаваны Беларускі дом, парафія Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы”.

(Скобла: ) “Паміж згаданымі Брысбэнам і Пэртам — чатыры тысячы кілямэтраў. Увогуле, аўстралійскія адлегласьці несувымяральныя з нашымі. Як пры такіх маштабах нашым суайчыньнікам удавалася патрымліваць лучнасьць міжсобку, каардынаваць сваю дзейнасьць?”

(Гардзіенка: ) “За паўстагодзьдзя ў Аўстраліі ўзьніклі каля трох дзясяткаў беларускіх арганізацыяў. Гэта былі вельмі розныя па сваім характары суполкі: культурныя, моладзевыя, рэлігійныя, палітычныя. Безумоўна, з Эўропы быў перанесены на аўстралійскую зямлю палітычны падзел арганізацыяў на БЦРаўскія і БНРаўскія. Арганізацыі-апанэнты ладзілі асобныя мерапрыемствы цягам даволі доўгага часу. Толькі ў 1960-я гады ў Мэльбурне ды ў 1970-я ў Сыднэі яны здолелі пераадолець гэты падзел і ўтварыць агульныя арганізацыі. Самым жа вялікім арганізацыйным дасягненьнем беларусаў Аўстраліі стала створаная на мяжы 1976–1977 гадоў Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, якая дзейнічае да сёньня. Ейны старшыня традыцыйна абіраецца на рэгулярных Сустрэчах беларусаў Аўстраліі, што па чарзе адбываліся ў Мэльбурне, Сыднэі й Адэляйдзе спачатку праз год, потым праз два гады. На гэтыя сустрэчы прыяжджаюць сотні беларусаў з усіх беларускіх цэнтраў.

Сродкамі камунікацыі выступалі ўласныя пэрыядычныя выданьні: часопіс “Новае жыцьцё”, сатырычны часопіс “Ёрш”, часопіс “Лучнік”, які выходзіў у 1950-я гады ў Брысбэне. Існавалі і другія выданьні: “Вернік”, “Да перамогі”, “Праваслаўным шляхам”. Пераважна часопісы гэтыя выдаваліся рататарам, невялікімі накладамі й трымаліся высілкамі выдаўцоў. Актыўнай выдавецкай дзейнасьцю ў Аўстраліі займаліся Данат Яцкевіч, Мадэст Яцкевіч, Уладзімер Шнэк-Случанскі, Янка Ролсан. Акрамя таго, беларусы Аўстраліі традыцыйна зьяўляліся чытачамі і аўтарамі пэрыёдыкаў, што выходзілі ў Нямеччыне, ЗША ды Канадзе (газэты “Бацькаўшчына”, “Беларус”)”.

(Скобла: ) “Найважнейшым сродкам камунікацыі для нашых суачыньнікаў у Аўстраліі было радыё. Голас беларуса Міхася Лужынскага з Сыднэю 17 гадоў гучаў на аўстралійскіх радыёхвалях”.

(Лужынскі: ) “Нашая слухацкая аўдыторыя была вельмі шырокая, беларускае радыё слухалі ня толькі беларусы, але й палякі, украінцы, расейцы, хто разумеў па-беларуску. Спачатку ў нас не хапала музыкі й песьняў, але потым наладзілася. Перадачы былі даволі папулярныя”.

(Скобла: ) “Я спытаўся ў спадара Міхася, як ім жывецца пасьля таго, як аўстралійскія ўлады ў 2003 годзе спынілі беларускія радыёперадачы?”

(Лужынскі: ) “Як радыё закрылі, то ў нас бяда. Раней, калі рабілі якое сьвяткаваньне, то было дастаткова аб’явіць праз радыё, і ўсе ведалі, што беларусы сьвяткуюць 25 Сакавіка, або на Вялікдзень сабраліся ў біткі біцца. Цяпер паінфармаваць усіх проста немагчыма. Мы штогадова сустракаем Новы год разам, ладзім баль 1 студзеня ў Беларускім клюбе. І вось калі раней зьбіралася чалавек 80, то сёлета было толькі 22 асобы”.

(Скобла: ) “Традыцыйна беларускія эмігранты не цураліся палітыкі. Фактычна, паваенная хваля эміграцыі й была палітычнай — людзі пакідалі радзіму, каб ня трапіць у савецкі лягер за свае палітычныя перакананьні. Але ляншафт і асяродзьдзе ўплываюць на людзей. Ці ня сталі беларусы больш абыякава-апалітычнымі — пад мерны пошум чатырох мораў і двух акіянаў, якія атачаюць Аўстралію?”

(Гардзіенка: ) “Не, адназначна апалітычнымі аўстралійскія беларусы ня сталі. Ці ня самай галоўнай іхнай мэтай было паказаць адметнасьць Беларусі, беларускай культуры, беларускай нацыі. Паказаць Беларусь не саветызаваную, не русіфікаваную, дзе пераважнай большасьці зь іх проста не было месца. Таму нашы суайчыньнікі разам з прадстаўнікамі іншых народаў імкнуліся актыўна ўдзельнічаць у антыкамуністычным руху. Аўстралійскія арганізацыі накшталт Камітэту народаў з-за жалезнай заслоны, ці Сусьветная Антыкамуністычная ліга мелі ў сваіх шэрагах актыўных беларускіх удзельнікаў, прыкладам як Алеся Алехніка. Разнастайныя антыкамуністычныя мерапрыемствы, як, прыкладам, традыцыйныя Дэманстрацыі Свабоды, сталі, асабліва пачынаючы з 1960-х гадоў, папулярнымі й рэгулярнымі. І беларусы добра выкарыстоўвалі іх для таго, каб абвесьціць сьвету пра сваю паняволеную Масквой краіну”.

(Скобла: ) “А як аўстраліскія беларусы ставяцца да сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі? Ці відаць Беларусь з гары Касьцюшкі — самай высокай гары ў Аўстраліі?”

(Гардзіенка: ) “Гара Касьцюшкі знаходзіцца у Аўстралійскіх Альпах, недалёка ад Канбэры. Назву ёй даў дасьледнік-вандроўнік Павал Эдмунд Стралецкі, удзельнік паўстаньня 1830–1831 гадоў. Аўстралійскія беларусы змагаліся, каб назва гары на аўстралійскіх мапах пісалася ў беларускай транскрыпцыі, не на польскі ўзор. Але вынікі — не на карысьць беларусаў: палякі у Аўстраліі куды больш актыўныя, іх значна больш колькасна.

Але Беларусь з тае гары, безумоўна, відаць. Нашыя суайчыньнікі ўважліва сачылі й сочаць за падзеямі на радзіме. На пачатку 1990-х гадоў яны захоплена віталі абвяшчэньне незалежнай Рэспублікі Беларусь, вяртаньне нацыянальнай сымболікі. Сталі наладжвацца трывалыя кантакты зь беларускімі арганізацыямі ў мэтраполіі. Але ад сярэдзіны 1990-х сытуацыя зьмянілася, аўстралійскія беларусы не прынялі ўвядзеньня расейскай мовы як другой дзяржаўнай, зьмены сымболікі, дыктатарскіх паводзінаў улады. У часе Алімпіяды ў Сыднэі беларускія арганізацыі зьвярнуліся да аўстралійскіх уладаў з патрабаваньнем забараніць уезд на тэрыторыю Аўстраліі Аляксандру Лукашэнку. І — атрымалі адказ, што ў выпадку прыезду ён ня будзе прыняты як кіраўнік дзяржавы, а толькі як прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Лукашэнка не прыехаў, і гэта беларусы лічылі сваёй перамогай. Сёньня для іх барацьба за сапраўды незалежную і самастойную Беларусь зноў стала актуальнай”.

(Скобла: ) “Беларусы грунтоўна абжываюць Аўстралію ўжо амаль паўстагодзьдзя. Чым за гэты час нашы суайчыньнікі зьдзівілі аўстралійцаў?”

(Гардзіенка: ) “Ну, найперш, гэта беларуская нацыянальная кухня, яна надзвычай адметная. Потым — наша традыцыйная народная культура: пасьля адной з выставаў Аўстралійская гільдыя вышываньня зьвярнулася да беларусак Сыднэю з просьбай прачытаць адмысловыя лекцыі пра тое, што такое беларускія вышыванкі.

У Беларусі ніхто ня ведае мастака Аляксандра Раманоўскага, а ён пасьля публікацыі ў Сыднэі альбому “За жалезнай заслонай” увайшоў у лік трыццаці найбольш выдатных мастакоў Аўстраліі. На жаль, мастак гэты трагічна загінуў у 1955 годзе. Можна з пэўнасьцю сказаць, што беларусы паўплывалі на сучасны стан аўстралійскага грамадзтва, нават на выгляд гарадоў, дзе зьявіліся беларускія хаты зь бела-чырвона-белымі сьцяжкамі й шасьціканцовымі крыжамі сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на франтонах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG