Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявонавічы на Меншчыне


Ягор Маёрчык, Лявонавічы, Нясьвіскі раён, Меншчына (эфір 20 сьнежня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Я на малой радзіме беларускага пісьменьніка Сяргея Новіка-Пеюна, у вёсцы Лявонавічы Нясьвіскага раёну Меншчыны. Для свайго паселішча гэты чалавек зрабіў болей, чым хто іншы. Ён заснаваў хор, тэатар, бібліятэку і гурток Таварыства беларускай школы. Унёсак належным чынам ацанілі ўсе ўлады: яго высылалі за палякамі, спрабавалі расстраляць немцы і кідалі ў турму саветы.

Адрас першай сустрэчы — вясковая бібліятэка. Маладая загадчыца Марына Чайко ўсяго некалькі гадоў як вярнулася з дэкрэтнага адпачынку.

(Чайко: ) “Вельмі многа чытаюць раманаў, дэтэктываў, некаторыя дарослыя людзі любяць чытаць казкі. Хтосьці такім чынам хоча вярнуцца ў сваё дзяцінства”.

(Карэспандэнт: ) “Ці карыстаецца попытам беларуская літаратура? Якіх аўтараў людзі болей чытаюць, якіх меней?”

(Чайко: ) “Збольшага прыходзяць школьнікі й просяць тое, што патрэбна па праграме — Быкаў, Колас, Купала, Караткевіч. Некаторыя бацькі стараюцца прывучваць сваіх дзяцей да беларускай літаратуры, камусьці падабаецца гэты язык”.

(Карэспандэнт: ) “Якраз хацеў запытацца пра працоўную мову бібліятэкі”.

(Чайко: ) “У нашай вёсцы людзі гавораць на двух языках. Чыста беларускі — язык красівы, але ён нямножка слажнаваты. Дапусьцім, паедзеш у Менск — есьлі ты начынаеш разгаварываць на чыста беларускам, людзі абарачываюцца і глядзяць на цябе, як ты ўсё раўно разгаварываеш на нямецкам”.

(Карэспандэнт: ) “Ну а вы прапагандуеце беларускую мову? Якім чынам гэта адбываецца?”

(Чайко: ) “Ёсьць у нас мерапрыяція, каторыя пасьвяшчоныя іменна беларускай мове. На гэтых мерапрыяціях мы таксама стараемся разгаварываць па-беларуску. Да нас часта людзі прыяжджаюць, якія на беларускам языке гавораць. І мы тады стараемся на беларускам размаўляць”.

(Карэспандэнт: ) “А цяжкасьці вы адчуваеце, альбо ў вас ўсё добра?”

(Чайко: ) “В аснаўном у нас нармальна, дзе-та ёсьць ячшэ хужа. Канечне, хацелася б, каб нашая бібліятэка імела более-менее від. У нас саўрэменнасьць. Людзі набываюць сабе кампутар, а тут абыкнавеннага рамонта няльзя зьдзелаць”.

Для шырокай публікі творчасьць Новіка-Пеюна — гэта найперш знакамітыя песьні “Над Шчарай” і “Зорачкі”. Апошняя стала гітом другі раз пасьля таго, як трапіла ў супольны музычны праект “Я нарадзіўся тут”.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў распытаць пра вашага знакамітага сваяка. Што вы пра яго ведаеце?”

(Матус: ) “Усе. Хор тут рабіў. І мы ў хор да яго хадзілі. Але ўжо не хаджу. Мужык адзін памёр, другі мужык памёр, а пасьля і сын. Ужо мне не да песьняў”.

(Карэспандэнт: ) “А Пеюна песьні ведаеце?”

(Матус: ) “А хто іх ужо ведае?“

(Карэспандэнт: ) “Зорачку” прасьпяваеце?”

(Матус: ) “Не ужо, забылася словы”.

Яўгенія Матус — пляменніца Новіка-Пеюна. Выбіраючы паміж творчасьцю сваяка і народнымі песьнямі, перавагу аддае апошнім.

(Карэспандэнт: ) “Лявонавічы — малая радзіма Пеюна. Вашая вёска выбіваецца з шэрагу астатніх? Ці езьдзяць да вас турысты? Улады, можа, болей клапоцяцца? Я маю на ўвазе раённыя”.

(Матус: ) “Раённыя едуць да старшыні ў кантору, у сельсавет, а да нас ніхто нічога ня мае. А ад сельсавету мы нічога ня бачым. Яшчэ і падганяюць нас, каб мы самі абкашвалі дарогі. Да мяне сам старшыня сельсавету прыходзіў. Скажа: “Скасі!” Я яму кажу: “А вашая маці косіць?” “Гэта — вашая справа!” Але кашу — куды падзецца? У вёсках усё бывае: і добрае, і кепскае. Як ёсьць мужчына і баба — жыць добра. А як адна засталася — дык што рабіць?”

(Карэспандэнт: ) “А прымака якога ўзяць?”

(Матус: ) “Ужо не гады”.

(Карэспандэнт: ) “А каб толькі гаспадарку трымаць?”

(Матус: ) “Гэта хіба толькі й застаецца”.

(Карэспандэнт: ) “У Беларусі была цэлая кампанія газыфікацыі вясковай мясцовасьці. Вам гэта зрабілі задарма альбо патрабавалі нейкія грошы?”

(Матус: ) “Усё сама: і трубы набывала сама, і батарэі набывала сама, і прывозіла сама — парабілі ўсё самі. Нам толькі падключылі”.

(Карэспандэнт: ) “У якую капейчыну вам гэта абышлося?”

(Матус: ) “Калі двух мільёнаў!”

Ля мэханічнага двара тутэйшай калектыўнай гаспадаркі стаіць мікрааўтобус з адметнай каляровай гамай — белы з чырвонай паласой. На патрыятычным транспарце гаспадар возіць бульбу на продаж у Менск. З гэтага і корміцца, бо асноўны заробак пакідае жадаць лепшага.

(Карэспандэнт: ) “Прыгожы ў вас мікрааўтобус: белы з чырвонаю паласою. Гэта нейкая адмыловая расфарбоўка?”

(Спадар: ) “Такі мне прыгналі. Я яго і набыў”.

(Карэспандэнт: ) “Жыцьцё ў Лявонавіча, якім словамі яго можна апісаць”.

(Спадар: ) “Гэтае жыцьцё зьвязанае з працай у сельскай гаспадарцы. Што да калгасу, ёсьць таксама цяжкасьці, фінансавыя асабліва. Бо новая тэхніка цяпер дарагая, прадаецца яна па лізінгу, а сельскагаспадарчая прадукцыя таньнее з кожным годам”.

(Карэспандэнт: ) “У вас цяпер СПК? Ці як называецца гаспадарка?”

(Спадар: ) “У нас закрытае акцыянэрнае таварыства. “1 траўня”. Назваў цяпер шмат, а сэнс не мяняецца: як кіравалі з раёну ды вобласьці, так і кіруюць. Мы павінны атрымліваць дывідэнды і акцыі, але фактычна нічога няма”.

(Карэспандэнт: ) “Знакамтая “Дырэктыва №1” пра падвышэньне працоўнай дысцыпліны некім чынам паўплывала на працу тых, хто жыве ў Лявонавічах?”

(Спадар: ) “Нейкіх карэнных зрухаў ня ўнесла. Прыжалі трохі — людзі падпарадкаваліся. Многія з п’янкамі пастаянна трапляюцца. Выганяць, а пасьля зноў возьмуць. Што да жыцьця на тэрыторыі сельскага савету, добрае ў тым, што заасфальтавалі дарогу і дагледзелі могілкі — вонкавы выгляд зьмяніўся. Мінусы — шмат праблемаў у людзей старэйшага ўзросту. Пэнсіі на ўсё патрэбнае не хапае — і прыходзіцца працаваць”.

Пэнсіянэрцы Ніны Касарэвіч больш даспадобы прыйшлася б звычайная грунтоўка, а ня цьвёрды асфальт. Тлумчэньне, на першы погляд, вельмі нават дзіўнае: падаць на пясок ня так балюча.

(Касарэвіч: ) “Баліць… Паляжаў, халодным чым прылажыў… Нібыта адышло. Далей пасунуўся. Упаў — пасьпяхова падняўся. Значыць, нагі не зламаў, мяккая пасадка. Упаў — галаву разьбіў, кроў палілася. Суседку паклікала, каб дапамагла ўтаймаваць. На вёску мала ўвагі зьвяртаюць. Прышлюць сюды такога доктара, зь якім няма пра што гаварыць. Месяц-два пабудзе і забіраюць. Мабыць, пайшоў на падвышэньне. Цяперашнія дактары гэтак робяць: “Дзе баліць?” — “У грудзях баліць”. Узяў трубку, паслухаў і ўжо нешта выпісвае. Ён ня ціску, не тэмпэратуры не памерае — нічога! Выпісаў ён мне таблеткі, я іх набыла, а яны мне не дапамаглі. І не найду таблетак, якія б супынілі боль”.

(Карэспандэнт: ) “А калі зьвярнуцца ў Нясьвіж у раённы шпіталь?”

(Касарэвіч: ) “А які сэнс туды ехаць? Заедзеш, пабудзеш у таго доктара дзесяць хвілінаў, а тады пяць гадзінаў чакай аўтобуса назад”.

(Карэспандэнт: ) “Калі не карыстацца таблеткамі, можна паспрабаваць даўнейшыя рэцэпты зь зёлак. Можа, вы такім чынам спрабуеце ўтаймаваць боль?”

(Касарэвіч: ) “Я да Любы зьвяртаюся. Яна мне лекаў надае”.

(Карэспандэнт: ) “Знахарка яна?”

(Касарэвіч: ) “Ага. Добра травы ведае. Ля платоў пазьбірае, дасьць. У яе ля склепу ёсьць нейкі палігончык. Я там паходзіць — і нешта найдзе”.

Народная лекарка баба Люба, яна ж Любоў Шынгель.З выгляду цалкам адпавядае занятку: невялічкага росту ды яшчэ сагнутая кручком, худая. Адна толькі нестыкоўка — настрой у яе заўсёды вясёлы, нехмурная і немаўклівая. Праўда, пра знахарства размаўляць адмовілася. Спадарыня Шынгель цікавая яшчэ і тым, што ейная хата стаіць на тым месцы, дзе некалі быў дом бацькоў Новіка-Пеюна.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што вашая хата стаіць на тым месцы, дзе некалі была хата Новіка-Пеюна?”

(Шынгель: ) “Так. Зайка, я ўжо сама забылася. Колькі я на гэтым месцы жыву… Яшчэ два ягоныя ясені сядзяць ля маёй хаты”.

(Карэспандэнт: ) “А што стала з папярэдняй хатай?”

(Шынгель: ) “Яны выбраліся ў Слонім, і яе разабралі на дровы. Мы на гэтым месцы пабудаваліся і сталі жыць. Ой! Ён да нас зусім малы бегаў. Пайшла аднаго разу да іх у хату, а ён услонам мне па пальцах стукнуў. І ён ня ведаў, што рабіць — так бегаў вакол, ня ведаў, як мне пальцы палячыць. Гэты Пяюн быў такі драпятун!”

(Карэспандэнт: ) “Пальцы палячыў?”

(Шынгель: ) “Так. Пашаптаў — і боль пакінуў пальцы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы даўно на пэнсіі?”

(Шынгель: ) “Даўно. Мне ўжо 79 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Гаспадарку яшчэ некую трымаеце?”

(Шынгель: ) “Сьвіньні, куры, сабаку”.

(Карэспандэнт: ) “А сілаў хапае, каб усё гэта трымаць і даглядаць?”

(Шынгель: ) “Была большая сіла, як маці насіла. А цяпер што рабіць? Сілы паменшала — і рукі ўжо кароткія”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўсё жартуеце, а я вас сур’ёзна пытаюся”.

(Шынгель: ) “Я ж вам і гавару, што мне рабіць хочацца. Вось сёньня павезла малоць. Змалола і прыехала назад”.

(Карэспандэнт: ) “Самі павезьлі?”

(Шынгель: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “На ровары пакацілі?”

(Шынгель: ) “У мяне ёсьць “КАМАЗ”.

(Карэспандэнт: ) “Я ж вас сур’ёзна пытаюся…”

(Шынгель: ) “Каляска ў мяне ёсьць. Я на яе — і павезла”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы яе “КАМАЗам” называеце?”

(Шынгель: ) “Бо гэта мой “КАМАЗ”, ён мяне выручае”.

Са старшынём сельсавету Ўладзімерам Мірончыкам я наўмысна гутару ў самую апошнюю чаргу. Гэта як у судзе: абараняюцца пасьля таго, як прагучалі абвінавачаньні. На закіды пра празьмерную актыўнасьць у справе добраўпарадкаваньня спадар Мірончык адказвае, што гэта дзяржаўная палітыка. Пра канкрэтную дапамогу састарэлым вяскоўцам кажа так: робім тое, што можам — і што дазваляюць фінансы.

(Карэспандэнт: ) “Нам казалі, што ёсьць такая ідэя — зрабіць музэй. У якой стадыі вырашэньне гэтай праблемы?”

(Мірончык: ) “Патрэбны будынак. Будынак мусіць быць добрым. Яго трэба ўмацаваць, каб яго ніхто не абакраў. Самі разумееце, людзі розныя ходзяць і на гэтых гістарычных дакумэнтах робяць вялікія грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Праблема ў памяшканьні ці праблема ў грошах?”

(Мірончык: ) “У грошах. Іх няма. Тут у нас была старая школа. Мы яе паглядзелі. Разумееце, няма ахвоты такую добрую ідэю з музэем уваткнуць ў гэтую развалюху. Пасьля вырашылі зрабіць музэй у школе. І зрухі ўжо ёсьць. Дзяцей у школе стала мала. Там адвядзем клясу. Лічу, што гэта быў бы такі аптымальны варыянт. І гэта быў бы музэй ня толькі Новіка-Пеюна, таксама пра ўдзельнікаў вайны, пра партызанскі рух, наагул пра знакамітых людзей, якія вырасьлі на нашай зямлі”.

Жыхары Лявонавічаў лічаць, што музэй Сяргея Новіка-Пеюна стварыць яны папросту абавязаныя хаця б з удзячнасьці. Праўда, калі ў адну залю зьмесьцяць інфармацыю пра яго, а таксама пра савецкіх дзеячоў, можа стацца так, што пісьменьнік зноў апынецца побач са сваімі катамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG