Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Драздовіч


Уладзімер Арлоў, Менск 13.10.1888, засьценак Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён) — 15.8.1954, м. Падсьвільле, Глыбоцкі раён. Пахаваны ў в. Ліпляны, Глыбоцкі раён.

Калі я думаю пра яго, уваччу заўсёды паўстае адно і тое ж відовішча: па вечаровай палявой дарозе ўсьлед за нізкім, чырвоным, як ягадзіна шыпшыны, сонцам ідзе высокі барадаты чалавек з падарожнай кайстраю і мальбэртам. У той самы момант ў памяці ажываюць і нягучна поўняць гэтую народжаную ўяўленьнем прастору радкі Ўладзіміра Караткевіча:

Дарогі... Карчмы... Ліра за сьпіною... Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром... Засьпее ноч, засьпее дзень слатою — Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом...

Язэп Драздовіч прыйшоў на сьвет у адным дзесяцігодзьдзі з братамі Луцкевічамі, Ластоўскім, Купалам і Коласам, і сам быў з гэтага шэрагу “будзіцеляў” нацыі, якія сваім маштабам і размаітымі талентамі нагадвалі асобаў эпохі Рэнэсансу. Яны не належалі да нейкіх школаў, плыняў або партыяў. Яны былі іх стваральнікамі.

Драздовіч стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу і плённа прычыніўся да вытокаў мастацкай Скарыніяны.

Паўтараючы творчы подзьвіг свайго папярэдніка Напалеона Орды, ён стварыў вялікія графічныя сэрыі “Мір”, “Крэва”, “Наваградак і наваградцы”, “Меднікі”, “Трокі”, “Гальшаны”...

Ён стаў пачынальнікам касьмічнай тэмы ў нашым выяўленчым мастацтве. Ягоныя сэрыі “Жыцьцё на Марсе”, “Жыцьцё на Сатурне” і “Жыцьцё на Месяцы” і сёньня хвалююць мяне, колішняга фаната Рэя Брэдбэры і Робэрта Шэклі, сваёй сьцішнаватай таемнасьцю. Пагартаўшы гэтыя рэпрадукцыі, я зазвычай здымаю з паліцы “Марсіянскія хронікі”.

Ён быў шанцоўным археолягам: адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, знайшоў некалькі дзясяткаў старажытных каменных крыжоў.

У 1933-м ён пісаў у сваім дзёньніку: “Ад ліпеня аж да канца верасьня аддаўся дзеля разьвіцьця ў народзе мастацкага эстэтычнага пачуцьця і размалёўваў для запрашаючых на простым вясковым, саматканым афарбаваным на чорнае палатне рознаўзорыстыя дываны зь месячнымі начнымі пэйзажамі...”

Сталася так, што пасьля Другой сусьветнай вайны якраз гэтыя дываны, потым рупліва зьбіраныя Аляксеем Марачкіным, далі Драздовічу магчымасьць не памерці ад голаду, зрабіўшыся ягоным асноўным заробкам. Тагачасныя чыноўнікі ад культуры ў лепшым разе лічылі ягонае мастацтва другарадным, а ў горшым — падазроным і шкодніцкім. Старыя жыхары мястэчка Лужкі дагэтуль памятаюць маляўнічую размалёўку, зробленую дзядзькам Язэпам у мясцовай сталоўцы. Асартымэнт страваў быў, далікатна кажучы, небагатым, але ў сталоўку хацелася зайсьці, каб трапіць у дзівосны сьвет, утвораны карагодам рэальных і фантастычных зьвяроў і птушак. Урэшце гэтае месца грамадзкага харчаваньня наведаў абласны чыноўнік, пасьля чаго размалёўку зьнішчылі, а на яе месцы павесілі зразумелую народу копію карціны Шышкіна.

Часы ў нашай краіне мяняюцца павольна, але хочацца верыць, што той чыноўнік, які лічыў Драздовіча убогім бажаволкам, пасьпеў дажыць ня толькі да выхаду ў 1984-м прысьвечанай Драздовічу бліскучай кнігі Арсеня Ліса “Вечны вандроўнік”, але і да адкрыцьця ў Менску помніка дзядзьку Язэпу (скульптар Ігар Голубеў), да выхаду фундамэнтальнага альбому-манаграфіі (2002), да зьяўленьня вуліцаў імя Драздовіча ў Менску, Воршы, Маладэчне, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашковічах, Германавічах, да стварэньня Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, узначаленага закаханай у творчасьць земляка Адай Райчонак, пад кіраўніцтвам якой ужо дзесяць гадоў ладзяцца мастацкія плэнэры — у тых мясьцінах, над якімі лунае душа “вечнага вандроўніка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG